Харавыя спевы як умова шчасця

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

Творчая вечарына дырыжора Альбіны Пякуцька

 /i/content/pi/mast/47/799/21.jpg
 Дырыжыруе Альбіна Пякуцька.
Час ад часу ў малой і вялікай залах Беларускай дзяржаўнай філармоніі прэзентуюцца музычныя праекты, на якія трэба абавязкова трапіць — ці з-за самабытнасці асобы ў цэнтры праекта, ці таму, што праграма надзвычай адметная, відовішча эксклюзіўнае і наўрад ці будзе паўтарацца. На вечарыне харавой музыкі «Беларусь — імя святое», што адбылася ў межах фестывалю мастацтваў «Арт-мажор» (а яго традыцыйна ладзіць БДУ культуры і мастацтваў) і прысвячалася творчаму юбілею прафесара Альбіны Пякуцька, сышліся адразу ўсе прычыны.

Спачатку колькі слоў пра галоўную гераіню свята. Існуе на свеце не надта вялікая катэгорыя сапраўды «карункавых» жанчын — надзвычай далікатных і вытанчаных асоб. Яны не гавораць, а спяваюць (тады можна ўслухоўвацца нават не ў сэнс, а толькі ў пералівы тэмбру), яны не ідуць, а «плывуць». Але калі кранальная чуласць і безабароннасць такой творчай жанчыны спалучаюцца з прафесійнасцю і апантанасцю любімай справай (у дадзеным выпадку — харавой), папраўдзе атрымліваюцца цуды.

Таму можна і не дзівіцца шматлікім дасягненням і сведчанням грамадскага прызнання Альбіны Васільеўны Пякуцька, педагога і харавога дырыжора. Тры з паловай дзесяцігоддзі яна працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, з 1987 года кіруе кафедрай харавога і вакальнага мастацтва. Ёю створана ўласная школа харавога выканання. Сярод яе вучняў — больш як 1500 спецыялістаў у галіне беларускага харавога і вакальнага выканальніцтва. Сярод знакамітых выпускнікоў Пякуцька — Тадэвуш Стружэцкі, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь, Ларыса Густава, дырэктар фестываляў духоўнай музыкі, Генадзь Маркевіч, кампазітар і аранжыроўшчык, Васіль Мінгалёў, оперны спявак, Таццяна Панова, кіраўнік тэатра песні «Хвілінка».

Талент заўжды зграбна, артыстычна і, так бы мовіць, паміж іншым руйнуе трафарэты і штампы. Па-першае, калі чалавек адзначае 50-годдзе творчай дзейнасці, дык уяўленне адразу малюе ложу, літаральна заваленую кветкамі, у якой сядзіць віноўнік урачыстасці. Альбіна Пякуцька святкавала на сцэне, бо пад яе кіраўніцтвам выступалі адразу два немаленькія па складзе калектывы — камерны хор «Дабравест» (БДУ культуры і мастацтваў) і мужчынскі хор «Віват!» (Палац культуры МАЗа).

Па-другое, у свядомасці слухача ёсць дакладная іерархія — калектывы могуць быць прафесійнымі, аматарскімі ці вучэбнымі. Але я неаднойчы заўважала: часам аматарскія і студэнцкія хары пяюць так, што могуць даць «фору» любым прафесіяналам. «Дабравест» — нібыта камерны хор, але па колькасці ўдзельнікаў успрымаецца як акадэмічная харавая капэла. З такой захопленасцю, суладдзем галасоў і тонкасцю харавых ліній маладыя артысты ўзнаўлялі гучанне і сэнс твораў Дзмітрыя Бартнянскага, Сяргея Рахманінава, Булата Акуджавы, Андрэя Мдывані, Уладзіміра Дамарацкага, што можна толькі дзіву давацца! Адной з эмацыйных кульмінацый свята ўспрымаліся ў інтэрпрэтацыі «Дабравеста» два фрагменты з Рэквіема Моцарта. Хормайстрам калектыву з’яўляецца прафесар Яўген Рэутовіч, вядомы ў краіне харавы дырыжор, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, аднадумца, калега і муж галоўнай гераіні.

Мужчынскі ансамбль «Віват!» уразіў віртуознасцю салістаў Паўла Жураўленкі і Фёдара Коцяша, а таксама складаным, сапраўды прафесійным рэпертуарам (тут былі суровы марш салдат з «Фаўста» Гуно, таямнічы хор прыдворных з «Рыгалета» Вердзі, дынамічная «Неапалітанская тарантэла» Расіні, камедыйная беларуская народная песня «Ой, прадай, бабушка, бычка»). Моцнымі і яркімі галасамі, выразным інтанаваннем запомніліся Кацярына Працівенская і Алеся Бутэнка, салісткі «Дабравеста».

У сваёй праграме Альбіна Пякуцька паўстала як тонкі і ўдумлівы інтэрпрэтатар акадэмічных форм музыкі, знаўца класічнага і нацыянальнага рэпертуару. У адным праекце натуральна спалучыліся разнастайнасць духоўных сачыненняў, хары з опер, рускія народныя і італьянскія песні. Упрыгожылі вечарыну апрацоўкі беларускіх народных песень, зробленыя кампазітарамі Эмілем Наско і Аленай Атрашкевіч. Прадстаўніча выглядала нацыянальная музыка ў арыгінальных сачыненнях Уладзіміра Дамарацкага, Кірылы Насаева, Валерыя Галаўко, Ганны Казловай (менавіта гімнічны твор апошняй даў назву вечарыне). У праграме выступленні калектываў, якімі кіруе гераіня вечарыны, чаргаваліся з нумарамі, падрыхтаванымі яе вучнямі — дырыжорамі або салістамі.

У аўдыяпрасторы горада гукавая агрэсія з кожным годам становіцца ўсё больш прыкметнай. Няма куды схавацца ад крыклівай, навязлівай і пошлай «папсы». «Ратуйце вушы, душу і тонкі, далікатны свет чалавека!» — так і хочацца звярнуцца да суайчыннікаў. Таму, калі слухаеш харавыя спевы, немагчымыя без натуральнага, жывога, аўтэнтычнага гуку, зробленую з густам канцэртную праграму, якая спалучае разнастайныя жанры, стылі, манеры, усведамляеш, што прысутнічаеш не проста на творчай вечарыне. Сапраўдная духоўнасць, шчырыя, глыбокія пачуцці і ёмісты сэнс, закладзеныя ў творы кампазітарам і ўвасобленыя дырыжорам разам з калектывам, пераконваюць, што безгустоўшчына не ўсюдыісная і не вечная, што ёсць тэрыторыя, для яе недасяжная. Што класіка здатная гарманізаваць узаемаадносіны сучаснага, досыць нервовага, чалавека і навакольнай рэальнасці, таксама нервовай і дысгарманічнай. А ўспрыманне харавых спеваў — незалежна ад таго, выканаўца ты ці слухач, — адна з бясспрэчных магчымасцей адчуць сябе напоўніцу шчаслівым.

 Таццяна МУШЫНСКАЯ