Варта дакрануцца

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

Дотыкі ў класічным музеі

/i/content/pi/mast/47/798/20.jpg

Валянцін Борзды. Маленькая швейная машынка. Бронза. 2006.

У Нацыянальным мастацкім музеі працавала незвычайная выстава. Экспазіцыя прадставіла трыццаць чатыры скульптуры дванаццаці беларускіх мастакоў, яркiх i неардынарных творцаў: Генадзя Буралкiна, Алега Варвашэнi, Канстанцiна Селiханава, Андрэя Асташова, Iгара Засiмовiча, Аляксандра Шапо, Андрэя Вараб’ёва, Валянцiна Борздага, Сяргея Аганава, Вiктара Мiнко, Дзмiтрыя Аганава i Аляксандра Мiнькова.

Бронзавыя i мармуровыя, крамянёвыя i гранiтныя, рэалiстычныя i фармальныя, лаканiчныя i шматслоўныя творы адкрылi для наведвальнiкаў па-сапраўднаму ўнiкальную магчымасць вольна дакрануцца да экспанатаў, якая пацвярджалася i нават заахвочвалася ўжо ў назве выставы — «Кранальная». Канцэпцыя мела на мэце наступнае: па-першае, пашырыць уяўленне грамадскасцi пра сучасны мастацкi музей, што традыцыйна ўспрымаецца ўстановай кансерватыўнай, дзе пануюць абмежаванні (як зразумелыя і вымушаныя, так i надуманыя, кшталту «не дыхайце на шэдэўр») і дзе любы дотык да экспанатаў забаронены. Па-другое, «Кранальная» выстава павiнна была паказаць класiчны «храм муз» iншым, такiм, якi ён ёсць на самай справе, — арганiзмам, што iмклiва развiваецца, своеасаблiвай прасторай, дзе помнiкi мастацтва не толькi захоўваюцца, але i жывуць сваiм непаўторным жыццём, ствараючы вакол сябе адметную атмасферу.

Экспазiцыя выставы ператварылася ў месца без забаронаў — і прапанавала гасцям вытанчаную гульню ў пачуццi, пабудаваную на сiнтэзе зроку i дотыку.

Узгадваючы штосьцi, мы «дакранаемся» да яго думкамi, «кранаемся» поглядам, уласна і дотык — лагiчны працяг цi нават вынiк «недатыкальных» дакрананняў. Ён здольны абвастрыць зрокавы кантакт з творам, падштурхнуць нараджэнне новых эмоцый, даць поле для параўнанняў уражанняў да дакрананняў i пасля iх. Заклiкаючы да атрымання тактыльных эмоцый, выстава не толькi знiшчыла абмежаваннi наведвальнiка, але і дазволiла яму праз паверхню скульптуры, праз рух рукі па форме следам за рукой мастака перайсцi на якасна новы ўзровень стасункаў «глядач — твор — мастак», усвядоміўшы сябе саўдзельнікам акта творчасці. Асабліва паказальная ў гэтым плане скульптура Андрэя Вараб’ёва «Тысяча маіх дакрананняў» (2011), фактура якой вырашаецца праз максімальнае захаванне адбіткаў пальцаў творцы, што стварае эфект адчування інтэнсіўнасці і дынамізму працы скульптара ў момант лепкі.

Канцэпцыя выстаўкi абумовiла адбор экспанатаў, разнастайных паводле сваiх матэрыялаў, формаў, аб’ёмаў, фактур. З кампазіцыйнай будовай, што спрыяе спакойнаму сузіранню. З лёгкай сюжэтыкай, звернутай пераважна да тэм кахання і прыгажосці чалавечага цела («Сон» Алега Варвашэні, 2008; «Купальшчыца» Аляксандра Шапо, 2007; «Тысяча маіх дакрананняў» Андрэя Вараб’ёва, 2011), да міфалагічных («Парыс і Алена» Канстанціна Селіханава, 1998; «Ніка» Ігара Засімовіча, 2001; «Роздум пра Ікара» Дзмітрыя Аганава, 2010), біблейскіх («Адам і Ева» Генадзя Буралкіна, 2004), казачных і фантастычных персанажаў («Званочак гнома» Андрэя Асташова, 2010; «Арабская ноч» Сяргея Аганава, 2008).

Аднак ніводная з прадстаўленых у экспазіцыі скульптур не паддаецца адназначнаму тлумачэнню. Асэнсавана або не, але праз творчасць мастакі расказваюць пра свет вакол сябе і патаемнае ўнутранае жыццё. Таму іх работы, звяртаючыся адначасова да пачуццяў і інтэлекту, выклікаюць плынь нярэдка супярэчлівых асацыяцый, яны дапускаюць шырокі спектр інтэрпрэтацый, што могуць быць абмежаваны толькі ступенню ўспрымальнасці і жыццёвым досведам гледача.

Пластыка і нават назвы асобных твораў свядома падштурхоўваюць да разваг, ператвараючыся ў духу лепшых традыцый постмадэрнізму ў своеасаблівы, іранічны і сумны адначасова, мастацкі рэбус з мноствам варыянтаў адказаў. «Маленькая швейная машынка» Валянціна Борздага (2006) з міндалепадобнымі вочкамі на тварыку, пупком, кіпцюрастымі лапкамі і элегантным, крыху падкручаным хвосцікам — чым не ўвасабленне тыповага партрэта сучасніцы, у якім арганічна злучаюцца пазнавальныя прыкметы найноўшага эталона прыгажосці і «самыя карысныя» жаночыя душэўныя якасці, услаўленыя жорсткай рэчаіснасцю грамадства, запраграмаванага на дасягненне мэтаў любым коштам? «Філасофія падарунка» Андрэя Асташова (2010) увасабляе жанчыну-дзяўчынку са схіленай галавой, абяссіленую, вінаватую і бязвольна-пакорлівую адначасова, з ножкамі, разведзенымі ў бакі і перавязанымі-прывязанымі стужкамі-бантамі, — пры ўсёй сваёй нявіннасці і чароўнасці гэты вобраз цалкам можа прэтэндаваць на алегарычны паказ абагульненай карціны сучаснай цывілізацыі з яе безвыходным лабірынтным светаадчуваннем, з экзістэнцыяльнай адзінотай і безабароннасцю асобы. Бязмежны прастор для інтэрпрэтацый прапануе скульптура Канстанціна Селіханава «Без назвы» (1997), вытанчаныя і гнуткія, нібыта надломленыя формы якой нараджаюць пачуцце няўстойлівай, мімалётнай гармоніі, пабудаванай на прынцыпах дысанансу. Яны ўвасабляюць саму ідэю бясконцага і складанага працэсу пад назвай «жыццё».

Большасць прадстаўленых у экспазiцыi твораў датуецца 2000-мі, дэманструючы своеасаблівы зрэз у развiццi беларускай станковай скульптуры апошняга дзесяцігоддзя і яе асноўныя тэндэнцыі.

Ірына СКВАРЦОВА