Лекі ад абыякавасці

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

Уладзімір Мішчанчук у Акадэміі і на сцэне

/i/content/pi/mast/47/797/18.jpg

«Як выходзяць у людзі, альбо На ўсялякага мудраца хапае прастаты» Аляксандра Астроўскага. Круціцкі.

Ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці ёсць людзі, надзвычайна захопленыя абранай справай. У гэтым іх прызначэнне. Аддаваць большую частку жыцця рабоце дзеля ўласнага задавальнення — так шчасціць далёка не кожнаму. Сярод тых, каму пашчасціла, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Мішчанчук.

Уласна кажучы, род дзейнасці Уладзіміра Андрэевіча мае на ўвазе клопаты адміністрацыйныя. Ад іх нікуды не схаваешся. Ды толькі дзелавыя і арганізатарскія здольнасці — натуральная ўласцівасць ягонай прыроды. Невыпадкова напачатку кар’еры атрымаў пасаду дырэктара Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, ды яшчэ зрабіўся пры гэтым самым маладым кіраўніком сцэнічнага калектыву на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Творчае жыццё Уладзіміра Мішчанчука таксама распачалося ў Гродне, дзе на сцэне абласнога тэатра ён сыграў больш пяцідзесяці роляў. Пазней, у Мінску, працаваў у Дзяржаўным маладзёжным тэатры, супрацоўнічаў з Нікола-тэатрам. Ужо шмат гадоў выходзіць на падмосткі Тэатра-студыі кінаакцёра. Як ні парадаксальна гучыць, але неабходныя сілу і энергію (уявіць толькі: трэба знайсці час на штодзённыя заняткі ў Акадэміі, рэпетыцыі, спектаклі, кіназдымкі) чэрпае выключна ў працы. Дакладней, ён проста не можа жыць па-за сцэнічнымі падмосткамі. Прызванне — акцёр — не дае спакою. А талент і працаздольнасць — галоўныя складнікі ягонага поспеху і прызнання. Уладзімір Мішчанчук заўсёды дакладна схоплівае сутнасць ролі, характэрныя рысы персанажа, таму кожны створаны ім вобраз уражвае незвычайнай верагоднасцю. Існуе яшчэ адна індывідуальная рыса гэтага акцёра — унутраная патрэба існаваць у прапанаваных абставінах. Мабыць таму колькі б разоў глядач ні прыходзіў на спектакль, ён заўсёды захоплены тым, што адбываецца на сцэне.

Поспех не ўтоіш, асабліва калі ён відавочны. Як, напрыклад, у музычнай камедыі Тэатра-студыі кінаакцёра «Пігмаліён» па п’есе Бернарда Шоу: кожны выхад на сцэну Альфрэда Дулітла — Уладзіміра Мішчанчука суправаджаецца дружнай рэакцыяй публікі. Ягоны персанаж проста зачароўвае гледачоў. І гэта, дарэчы, ніколькі не супярэчыць драматургічнаму матэрыялу і рэжысёрскай трактоўцы вобраза. У героі Мішчанчука недарэчна і вельмі сакавіта спалучаюцца неахайнае аблічча смецяра і арыгінальнасць ягонага мыслення, дар пераконваць і прыроджаныя аратарскія здольнасці. У акцёра ўсё атрымліваецца па-майстэрску, свабодна, з шармам. Ён не толькі «прысвоіў» знакаміты тэкст Бернарда Шоу, але і зрабіў яго сваім, удыхнуў у вобраз душу і ажывіў персанаж, дафантазіраваў, надзяліў своеасаблівымі ўласцівасцямі. Атрымалася праўдзівая і нешараговая асоба. Умела і дакладна знойдзены выразныя дэталі: адмысловая гульня з палкай, якая ў руках Дулітла нагадвае більярдны кій; своеасаблівая паходка з неверагоднымі выкрутасамі, скачкамі, трукамі; выбітнае выкананне вакальна-танцавальнага нумара, якое толькі дадае характарнасці персанажу. А як спрытна Дулітл Мішчанчука, замест таго каб спусціцца па прыступках, з’язджае па парэнчах! Ну проста — брава, артыст!

Адметны ў Мішчанчука і вобраз Круціцкага са спектакля «Як выходзяць у людзі, альбо На ўсялякага мудраца хапае прастаты». Акцёр здолеў намаляваць сакавіты гратэскавы вобраз з дакладным разуменнем асаблівасцей рэжысёрскай інтэрпрэтацыі п’есы. Мы ўбачылі яшчэ больш недарэчнага, чым у п’есе Астроўскага, старога, але такі сэнсавы акцэнт толькі дадае камічнасці сцэнічным абставінам і ўзмацняе кантраснасць характараў герояў. Здаецца, акцёрская фантазія бязмежная, а майстэрства мае здатнасць яе апраўдваць. Мішчанчук штораз адмысловы аўтар сцэнічнага персанажа! Ягоны Круціцкі ледзь-ледзь рухаецца, а кожны крок — нібы заваяваная перамога. Знаёмства гледачоў з Круціцкім адбываецца, калі ён сустракаецца з Мамаевым. Абодва — старадумы, таму ім нескладана знайсці агульную тэму для размовы. Выхваляючыся адзін перад адным, з ханжаскай зацятасцю наракаюць на норавы «легкадумнага» часу, узносячы часы былыя. На сцэне нібыта насамрэч замаячыла пэўная эпоха, адпаведна Астроўскаму, у гратэскава-выкрывальным ракурсе.

Круціцкі ганарліва распавядае Мамаеву пра напісаны ім «сур’ёзны пражэкт». Ды паколькі ён «выкладзены стылем старым, блізкім да стылю вялікага Ламаносава», патрэбны кемлівы чалавек, здатны зрабіць ягонай рабоце «літаратурную апрацоўку», «выгладзіць стыль». Круціцкі — Мішчанчук нават гатовы паказаць свайму суразмоўцу гэты пражэкт, але... адпаведна сваім паважным гадкам ужо сябруе з забыўлівасцю. «А куды я яго паклаў? Не памятаю», — гэта адна са шматлікіх акцёрскіх прыдумак. Узгадаўшы, а дакладней, намацаўшы пражэкт у кішэні, Круціцкі нарэшце выцягвае «працу ўсяго свайго жыцця». Такіх «прац» на ягонай далоні магло б змясціцца некалькі… Ды толькі гэтая, крыху большая за пачак запалак, кніжачка ў залатым пераплёце ўрэшце вернецца да свайго гаспадара ад Глумава пад назвай «трактат» — і будзе нашмат пераўзыходзіць свае ранейшыя памеры. Каб прагледзець ды зверыць тэкст, Круціцкаму — Мішчанчуку давядзецца стаяць па-над кнігаю ў поўны рост, любуючыся ёю праз гэткае ж, як сам, старадаўняе пенснэ. Ды адначасова здзіўляцца і захапляцца велічнасцю сваіх думак. Бо, выкладзеныя ў сучасным стылі, яны, як ні дзіўна, зрабіліся нашмат больш зразумелымі і яркімі.

А як віртуозна Круціцкі — Мішчанчук перакульвае кілішак-другі! Мяркуйце самі. Ён здымае з галавы фуражку, ставіць на ейную роўную паверхню поўную чарку (ізноў імправізацыя), схіляецца, бярэ вуснамі, а потым разгінаецца, закідвае галаву і разам вылівае ўвесь напой у сябе. Пасля гэтага пусты кілішак без шкадавання выплёўваецца, і далейшы лёс «лятаючага прадмета» цалкам залежыць ад рэакцыі і спрытнасці партнёраў.

У спектаклі «...Забыць Герастрата!» па п’есе Рыгора Горына Уладзімір Мішчанчук выконвае ролю Цісаферна, сатрапа персідскага цара. Тут зусім іншы жанр драматургіі — трагікамедыя, адпаведна, і задача ў стваральніка вобраза іншая. У аснове п’есы трагічныя падзеі, але ўчынкі і рэакцыі персанажаў спачатку выклікаюць смех у гледачоў — і толькі потым шкадаванне, усведамленне жудасных незваротных наступстваў. Менавіта Цісаферн — самы камічны персанаж у п’есе, але ж менавіта ў яго самы глыбокі падтэкст. Складана ўхапіць грань паміж смешным і сур’ёзным. Перад намі надзелены ўладай чалавек і ў той жа час — ахвяра гэтай улады. Падзеі не назавеш вясёлымі, ды форма іх падачы акцёрам — камічная, спалучаная з сарказмам. Удала скарыстоўваючы парадаксальнасць тэксту, ён падкрэслівае віну свайго героя перад чалавецтвам, увогуле перад гісторыяй. Перафразаваная рэпліка Цісаферна: «Не закон камандуе мной, а я — законам!» — набывае асаблівае значэнне.

У творчай біяграфіі Уладзіміра Мішчанчука пераважаюць камедыйныя ролі, праўда, у іх інтэрпрэтацыю акцёр арганічна ўносіць драматычнае гучанне. Але ж ёсць у ягоным рэпертуары і спектакль, які, здаецца, проста сягае ў глыбіню сэрца і душы, — «Механічны чалавек» Міхаіла Варфаламеева. Галоўны герой — Мікалай Дзяругін, які ўмее і любіць працаваць. За ягонай яркай весялосцю адразу складана разгледзець чалавека са зламаным несправядлівасцю і няўдачамі лёсам. Бязвінна трапіў у турму, потым застаўся без нагі і цяпер вось ніяк не адважыцца вярнуцца да жонкі Ніны, баіцца стаць ёй абузай. Шкадаваць сябе ён няздатны. Урэшце, у свабодным і прыгожым свеце хіба можна перастаць радавацца і захапляцца?! Ды толькі ў спектаклі выразна адчуваецца ўся да канца не выказаная гэтым персанажам туга — і тады праз боль і спачуванне простаму чалавеку з назіральнікаў гледачы ператвараюцца ў саўдзельнікаў. Герой Мішчанчука, здаецца, і сам не ведае, які ён мудры, па-чалавечы кранальны.

Самай моцнай эмацыйнай кропкай спектакля зрабілася сцэна, у якой Мікалай Дзяругін чытае атрыманы ад Ніны ліст. Для яго ён — нібы голуб вызвалення ад патаемнага смутку, ад пакутлівага сумневу. Крок праз доўгія гады разлукі да той, адзінай, якой аддадзена сэрца; крок туды, дзе знаходзіцца шчасце. Паспешлівымі рухамі дрыжачых ад хвалявання рук Мікалай разгортвае вялікае, на два аркушы, пасланне. Чытае ліст, а ў інтанацыях акцёра выяўленае жыццё героя. І заўважна, што з кожным словам усё больш замірае сэрца, усё цяжэй разгледзець літары. Нарэшце ўвесь шматгадовы смутак прарываецца вонкі, выплёхваецца плынню нястрымных слёз. Ён — патрэбны, яго чакаюць. Агучанага Мішчанчуком тэксту паслання заўважна больш, чым у п’есе. Ён перапрацаваны акцёрам дзеля таго каб узняцца на патрэбную эмацыйную вышыню. Спектакль «Механічны чалавек» — нібы лякарства ад сучаснай хваробы абыякавасці. Ён выцягвае з багны адзіноты і згубных думак.

Галоўная асаблівасць Уладзіміра Мішчанчука палягае ў здатнасці зрабіць выразным і дакладным кожны сцэнічны вобраз, быццам выхаплены з гушчы рэчаіснасці. А яшчэ — у здольнасці спалучаць уласцівыя ягонай індывідуальнасці якасці: прыродную абаяльнасць, бязмежную фантазію, уменне заўважаць і аналізаваць шматстайныя жыццёвыя калізіі. Адрозная рыса — мастацтва імправізацыі.

І апошняе: вучням Уладзіміра Мішчанчука, студэнтам Акадэміі мастацтваў, вельмі пашанцавала, бо яны маюць магчымасць наўпрост пераймаць ягоны творчы вопыт.

 Вольга Сталярова