На плоскасці і па-за ёй

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

Сучасны жывапіс з Катавіцэ

/i/content/pi/mast/47/796/17.jpg

Збігнеў Блукач. Сонечныя вакацыі. Алей. 2010.

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася выстава пад назвай «Сучасны польскі жывапіс». Калі дакладней: экспанаваліся творы з Акадэміі мастацтваў з горада Катавіцэ (Сілезія). Паказ быў арганізаваны пры дапамозе Польскага інстытута ў Мінску. Трыццаць два аўтары розных пакаленняў, кірункаў і стылістычных прыхільнасцей — выпускнікі, выкладчыкі і прафесары навучальнай установы.

Гэта ўжо не першая выстава, на якой прадстаўляюцца працы педагогаў Катавіцкай акадэміі. Раней экспанаваліся работы факультэта графікі — спачатку ў Мінску, а пасля і ў іншых гарадах краіны. Паводле слоў дырэктара Польскага інстытута Пятра Казакевіча, многія выхаванцы Акадэміі дасягнулі поспехаў менавіта ў жывапісе, хоць сама ўстанова доўгі час асацыявалася з графікай.

Прафесар Яцэк Рыкала, акрэсліваючы ў адным са сваіх інтэрв’ю асаблівасці катавіцкай мастацкай школы, зазначае, што жывапіс, створаны паводле яе традыцый, быў крыху іншым, чым, напрыклад, у Кракаве, Варшаве ці Познані. Для яго характарыстыкі прыдатным будзе тэрмін графічнасць, што праяўляецца ў спосабах мыслення, у канкрэтнасці ўвасаблення выявы і ва ўвазе да якасці твора: «мы дзеці графічнага аддзялення».

Аднак разважаць пра лакальныя школы і іх межы ў сучасным свеце становіцца ўсё цяжэй. У творах прадстаўленых мастакоў выразней за сляды ўплыву іх уласных і непасрэдных настаўнікаў прачытваюцца культавыя імёны еўрапейскага і амерыканскага жывапісу ХХ стагоддзя.

На выставе былі прадстаўлены і нядаўнія выпускнікі. Напрыклад, Павел Шэйбэл паказаў работу «Шум-4», якая была часткай яго дыплома. Творца не абмяжоўвае сябе адным медыумам. Прыхільнік пастаяннага руху ў глыб эксперымента, ён выбірае сродкі, што найбольш падыходзяць для рашэння кожны раз новай задачы.

Для твораў Яцэка Рыкалы жывапіс — толькі ядро, вакол якога будуецца ўся астатняя канструкцыя, толькі пачатак, што ператварае жывапіснае палатно ў аб’ект, у той час як наша абстрагаванае сузіранне прагне знайсці падтрымку ў тактыльных адчуваннях. Размешчаныя на сцяне «дзверы» вабілі жывапіснай ілюзіяй і спынялі погляд сваёй канкрэтнай матэрыяльнасцю.

Збігнеў Блукач — майстар краявіду, які разумеецца найперш як увасабленне станаў: аб’екты пазбаўляюцца вонкавай абалонкі, выяўляючы ўнутраную крывятворную сістэму. Асаблівы акцэнт творца робіць на карціннай паверхні — яна становіцца такой жа раўнапраўнай сферай даследавання, як і тое, што гэты жывапіс прэзентуе.

Сэцэсійныя выявы Казімежа Цэсліка, прафесара Акадэміі і настаўніка многіх вучняў, яркія і дэкаратыўныя, аднак за прыгажосцю выявы падспудна хаваецца ірацыянальнае.

Сучасны мастак звычайна выяўляе свой творчы канцэпт у серыях прац, і дастаткова фармальнае прадстаўленне ўдзельнікаў толькі адной работай стала даволі істотным недахопам экспазіцыі. Напрыклад, немагчыма ацаніць адметны творчы набытак Мацея Літнера паводле твора, у якім ілюзорная выява ўбудавана ў плоскасць выразна падкрэсленай жывапіснай структуры.

Пётр Касакоўскі стварае свае выяўленчыя калажы з аскепкаў мас-культуры, пазбягаючы поп-артаўскага фармалізму пры дапамозе жывапіснай інтэрпрэтацыі палатна.

Чалавечая фігура, пададзеная са спіны, — характэрны матыў твораў Ірэніуша Вальчака. На палатне, экспанаваным у музеі, постаць размяшчаецца побач з кавалкам мяса. Жорсткі экспрэсіянізм у духу Фрэнсіса Бэкана спалучаўся з лабавой, амаль плакатнай падачай, што часткова здымала «жывёльную» экспрэсію.

Выпускніца аддзялення графікі Малгося Розэнаў займаецца і жывапісам, і графічным праектаваннем. След апошняга відавочна заўважны ў яе палотнах. Галоўная тэма разважанняў — грамадства спажывання. «I’m lovin’ it» — палатно Малгосі «злеплена» з самадастатковых калажных элементаў: рэкламнай выявы дзяўчыны, прамаўляючай згаданую фразу, і цэнніка са зніжкай на тавар. Сутыкаючы і прыводзячы да напружання розныя пласты твора, яна, аднак, толькі канстатуе, практычна не выяўляючы ўласнага стаўлення.

Выкладчыкам Акадэміі вельмі знаёмы разважанні пра тое, што карціна — прадукт мінулага. Сённяшні глядач усё больш прагне непасрэднага кантакту з творам, відовішчнасці і інтэрактыўнасці. Прафесары і выкладчыкі катавіцкай навучальнай установы памятаюць спрэчкі, якія ўзніклі пры вызначэнні профілю школы: гучалі меркаванні, што карціна мусіць быць зменена на новыя медыі, больш адаптаваныя да сучаснасці. «Мы бачым, — гаворыць Яцэк Рыкала, — што тая тэорыя была няправільнай. Вы можаце пераканацца ў гэтым на прыкладзе студэнтаў, якія пасля кароткай “вандроўкі” ў іншыя сферы вярнуліся да спосабаў выражэння, што з’яўляюцца вельмі асабістымі і незалежнымі ад новых тэхналогій».

Алеся Белявец