Традыцыя з эпохі Эдо

№ 8 (341) 01.08.2011 - 31.08.2011 г

Парцаляна з Японіі

/i/content/pi/mast/47/795/16.jpg

Ваза. Сацума. Фаянс, роспіс, пазалота. 1870–1880.

У Музеі гісторыі горада Мінска працавала дабрачынная выстава «Японскі фарфор XVII — пачатку ХХ стагоддзя ў палацавым убранні». Экспазіцыя ладзілася ў падтрымку (таксама і грашовую — ад продажу квіткоў) горада-пабраціма Мінска — Сендая, які 11 сакавіка 2011 года пацярпеў ад землятрусу і цунамі.

У экспазіцыі было прадстаўлена больш за шэсцьдзясят прадметаў з прыватных збораў Мінска — прадукцыя асноўных вытворчых цэнтраў Японіі: майстэрняў Арыты, Кутані і Сацума.

У самой Японіі такіх фарфоравых вырабаў засталося няшмат: практычна да XIX стагоддзя яны выпускаліся з разлікам выключна на экспарт. У параўнанні з іншымі краінамі далёкаўсходняга рэгіёна — Кітаем, радзімай фарфору, ці Карэяй, дзе парцаляна з’яўляецца ўжо ў Х стагоддзі, — гэта адносна маладое мастацтва.

Цікавасць да фарфору сфармавалася ў Японіі ў перыяд Мурамаці (1333–1573), калі аднавіўся гандаль з Кітаем. Імпарт абслугоўваў феадальныя вярхі на чале з сегунамі Асікага. Сегунская стаўка і рэзідэнцыя размяшчалася ў Кіёта, а значыць — у непасрэднай блізкасці ад імператарскага двара, які ваенныя кіраўнікі імкнуліся перасягнуць па вытанчанасці, бляску і раскошы. На працягу ўсяго XIV стагоддзя ў Японіі стваралася тэхналагічная база для пачатку вытворчасці фарфору. Інтэнсіўны рост вытворчасці адбываўся дзякуючы карэйскім майстрам, якіх гвалтоўна прывозілі ў Краіну Узыходзячага Сонца падчас ваенных паходаў. Менавіта гэтым ганчарам наканавана было стаць стваральнікамі першых узораў фарфоравых вырабаў на тэрыторыі Японіі і настаўнікамі тамтэйшых керамістаў.

Варта адзначыць, што пачатак і развіццё вытворчасці, фармаванне мастацкіх асаблівасцей традыцыйнага фарфору Японіі цалкам укладваецца ў эпоху Эдо (1603–1868) — досыць кароткі перыяд позняга сярэднявечча.

Радзімай японскага фарфору лічыцца маленькае мястэчка Арыта. Сярод заходніх калекцыянераў экспартную прадукцыю Арыты прынята зваць Імары — паводле назвы порта, праз які яна трапляла на еўрапейскі рынак. Мастацкі эфект вырабаў Арыты-Імары дасягаўся галоўным чынам за кошт роспісаў: кампазіцыі з рознамаштабных картушоў і медальёнаў размяшчаліся па ўсёй паверхні вырабу і выконваліся ў чырвона-сіняй гаме з ужываннем пазалоты. Разнастайныя кветкі і расліны, матылькі і кажаны, чарапахі і міфалагічныя жывёлы адвольна чаргаваліся з элементамі геаметрычнага арнаменту, ствараючы напружаны дынамізм і своеасаблівую гармонію.

Яшчэ адным буйным і шырока вядомым цэнтрам па вытворчасці фарфору быў Кутані ў правінцыі Кага. Найболей распаўсюджанымі матывамі роспісаў з’яўляюцца пейзажы, кветкі, птушкі, а таксама дэкор у выглядзе ромбападобных узораў і медальёнаў. Каларыт будуецца на інтэнсіўных, але халодных тонах. У другой палове XIX стагоддзя ў Кутані зараджаецца і развіваецца новы стыль афармлення фарфоравых прадметаў, прынцыпова адрозны ад ранняга перыяду — вырабы з тонкім чарапком, у якім важнае месца адводзіцца дэкаратыўнай ролі белага колеру пры дамінаванні чырвонага колеру роспісаў.

У XIX стагоддзі атрымала развіццё кераміка правінцыі Сацума, якую некаторыя заходнія даследчыкі прылічаюць да протафарфору, а ў мастацтвазнаўстве звычайна называюць фаянсам. Тэрмінам «Сацума-які» ці «Сацума» звычайна называюць не столькі прадукцыю пэўнага керамічнага цэнтра, колькі тып рэчаў, вырабленых па вызначанай тэхналогіі, які ўвасобіў у сабе ўяўленні еўрапейцаў пра японцаў. Майстры гістарычнай правінцыі Сацума выкарыстоўвалі ўвесь арсенал мастацкіх сродкаў традыцыйнага фарфору і пашырылі яго спецыфікай свайго матэрыялу, стварыўшы адмысловы стыль. Фаянс Сацума стаў своеасаблівай візітнай карткай Японіі канца XIX — пачатку XX стагоддзя і набыў нябачаную папулярнасць сярод заходніх калекцыянераў і спецыялістаў па японскім мастацтве.

У лепшых вырабах майстэрняў Сацума пераважаюць тэматычныя роспісы. Пад уплывам гравюры укіё-э прайграюцца карцінкі з самурайскіх хронік, сцэны з жыцця гараджан і прыгажунь «вясёлых кварталаў». Данінай часу быў асаблівы гістарызм — зварот да ідэалізаванага жыцця і побыту арыстакратыі перыяду Хэян (780–1185). Часта роспісы ператвараліся ў ілюстрацыі да класічных кітайскіх сярэднявечных раманаў, зрэдку — у японскай трактоўцы.

Незвычайна прыгожыя сацумскія вазы выкананы ў перыяд Мэйдзі (1868–1912), калі японскія майстры стварылі адмысловы тып манументальных парадных ваз, прызначаных для палацавых еўрапейскіх інтэр’ераў.

Вырабы канца XIX стагоддзя вылучаюцца віртуозным выкананнем, выкарыстаннем вельмі складанай тэхналогіі, у прыватнасці — унікальнага спосабу капежнага і кропкавага нанясення эмаляў.

Майстры Сацумы старанна распрацоўвалі і тэхналогію пазалоты: ад распылення залатой пудры і прыклейвання тонкага ліста пэндзлем да папластовага нанясення (тэхніка морыкін) і накладання фігурных фрагментаў залатой фольгі (кірыганэ). Аднак асноўным метадам было кінрандэ — адмысловае перапляценне залатога і жывапіснага пластоў.

Японскія фарфоравыя вырабы XVII — пачатку XX стагоддзя вылучаюцца разнастайнасцю форм і стыляў дэкору, а таксама шырокім дыяпазонам тэхнічных прыёмаў арнаментацыі. У іх у роўнай ступені ўвасобіліся непасрэдныя ўплывы кітайскіх класічных узораў і іх творчая інтэрпрэтацыя, тыповыя для ўсяго далёкаўсходняга арэала матывы і спецыфічная вобразная сістэма, абумоўленая асаблівасцямі нацыянальнай эстэтыкі.

Алена СЯНКЕВІЧ