Калі сыходзяць сімвалы...

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

Партрэт дачкі ў эпоху перамен

/i/content/pi/mast/46/792/49.jpg

Сяргей Кажамякін. Дачка. 1988.

Гэтую фатаграфію Сяргея Кажамякіна варта раз убачыць — і яе ўжо не забудзеш. Здымак, змешчаны на вокладцы альбома «Photo Manifesto» (праўда, рарытэтнае выданне яшчэ трэба знайсці ў знаўцаў), выклікае заканамернае пытанне: «Як усё
супала?»

Немаўлятка на фоне савецкага сцяга з выявай сярпа і молата. Першы партрэт у жыцці дачкі і сцяг, што воляй лёсу апынуўся ў кватэры бацькі, ветэрана Вялікай Айчыннай. Любімае дзіця і агрэсіўны знак ідэалогіі...

Фотаздымак нарадзіўся як выкананне задання Валерыя Лабко ў «Студыі-3». Уласна заняткаў там было няшмат, адбываліся галоўным чынам нефармальныя сустрэчы. Пазней паводле іх вынікаў зрабілі невялікую выставу (у памяшканні фотаклуба «Мінск») з унутраным, для сябе, конкурсам. Дзве работы — Сяргея Кажамякіна і Зоі Мігуновай — падзялілі першае месца.

Цяпер ужо цяжка дакладна сказаць, якую задачу ставіў настаўнік перад студыйцамі, але фатаграфія, як гэта і павінна было здарыцца, увабрала ў сябе атмасферу часу. Канец 1980-х прынёс «перабудову», найперш інфармацыйную — фільмы і публікацыі, што адкрывалі невядомыя старонкі гісторыі, крывадушнасць прапагандысцкай рыторыкі. Жыццё было супярэчлівае: з аднаго боку — «Архіпелаг ГУЛАГ», апавяданні Шаламава і драматургія Петрушэўскай, фільмы «Пакаянне», «Мой сябар Іван Лапшын», «Палёты ў сне і наяве», з іншага — суцэльныя побытавыя праблемы: дэфіцыт, прадуктовыя талоны. І мастацкія выставы, падчас якіх упаўнаважаныя супрацоўнікі ўсё яшчэ здымалі са сцен нязручныя карціны.

Творчая фатаграфія тым і вылучаецца, што нейкім невядомым, утоеным ад рацыянальнага погляду спосабам пераўтварае ўбачанае, дакументальнае, у выяву. У дадзеным выпадку — яшчэ і ў знак, у сімвал будучыні, патэнцыял якой невядомы, і мінулага, якое палохае. Серп і молат усё ж колюча-ўдарныя прадметы. Мала таго, што небяспечныя для дзіцяці, дык яшчэ і з сакральнымі дасавецкімі канатацыямі.

Самая важная падзея ў сям’і, з’яўленне дачкі, на імгненне пазбаўлена інтымнасці — яна разбурана. Нараджэнне чалавека па сутнасці вынесена ў публічную сферу, таму што гэта чалавек будучыні, агульнай для цэлай фармацыі людзей (нагадаем, яе яшчэ звалі савецкім народам).

Увесь гэты кантэкст, падзеі, што адбываюцца побач і пераасэнсоўваюцца ў гісторыю, якая сыходзіць, выплюхваюцца, увасабляюцца ў кадры ледзь не спантанна — выпадкова, але з велізарнай унутранай падрыхтоўкай. Так нараджаецца множнасць сэнсаў, поліфанія, і зараз ужо цікава, як яе счытваюць і інтэрпрэтуюць новыя пакаленні гледачоў.

Тады ж, у канцы 1980-х гадоў, пачаліся кантакты з замежнымі куратарамі, галерэямі. Беларуская фатаграфія выклікала інтарэс: «Дачка» шмат разоў была прадстаўлена на выставах у Швецыі, Фінляндыі, Францыі, Даніі, Германіі, Расіі. Амерыканскія куратары цікавіліся нашым мастацтвам, яны адкрывалі для сябе новую краіну, а краіна адкрывалася свету. Рыхтаваўся да выдання альбом «Photo Manifesto» (New York, 1991), і па меркаванні складальнікаў, менавіта «Дачка» пазначала асноўны вектар руху нефармальнага мастацтва, у прыватнасці — фатаграфіі.

Аліна Кажамякіна, чый самы першы ў жыцці партрэт стаў такім вядомым, не лічыць яго знакавым, для яе кадр не выйшаў за рамкі прыватнага жыцця, хоць гэта далёка не самы характэрны здымак для сямейнага альбома. «Я даведалася пра яго гадоў у 7—10. З’явілася адчуванне няёмкасці: апынуцца на вокладцы кнігі голенькай і безабароннай... У нас у сям’і няма культу гэтай падзеі. Вядома, прыемна, што ўсе, хто да нас прыходзіць, глядзяць “Photo Manifesto” і заўважаюць татаў кадр. Але маёй заслугі ў тым няма».

Любоў ГАЎРЫЛЮК