Новае адкрыццё старога жывапісу

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

Плён рэстаўрацыі

/i/content/pi/mast/46/791/46.jpg

Божая Маці Адзігітрыя. XVII стагоддзе. З вёскі Галынка Мінскай вобласці.

Збор старажытнабеларускага іканапісу і сакральнага жывапісу Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь налічвае больш за пяцьсот твораў XV — пачатку XIX стагоддзя. Калекцыя фармавалася ў паваенны час шляхам вяртання часткі даваенных фондаў музея, экспедыцый па зачыненых і паўразбураных храмах, паступленняў ад прыватных асоб і дзяржаўных устаноў. Пачынаючы з 1946 года музей арганізаваў 81 навуковую экспедыцыю, падчас якіх была выяўлена вялікая колькасць унікальных помнікаў старажытнабеларускага мастацтва. Гэтыя творы рэлігійнага жывапісу патрабуюць належнага захавання, рэстаўрацыі і вывучэння.

Выстава «Адкрыццё святой прыгажосці. Новае жыццё старажытных абразоў», што адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, увяла ў навуковы ўжытак творы старажытнабеларускага жывапісу ХVII—ХVІІІ стагоддзяў, якія даюць уяўленне пра своеасаблівасць мясцовай іканапіснай школы. Экспанаванне стала магчымым пасля правядзення комплексу рэстаўрацыйных прац, ажыццёўленых дзякуючы Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

Звычайна творы, што трапляюць у музей, патрабуюць тэрміновага ўмяшання спецыяліста. Іканапісныя помнікі, прадстаўленыя на выставе, прайшлі комплексныя кансервацыйна-рэстаўрацыйныя працэсы: ад умацавання асновы, жывапіснага пласта, ачысткі ад забруджванняў і старога лаку да раскрыцця аўтарскай выявы. Нягледзячы на агульнасць рэстаўрацыйных рашэнняў, да кожнага твора выпрацоўваецца індывідуальны падыход.

Адна з асноўных задач — раскрыццё аўтарскага жывапісу. Познія запісы, якія не маюць мастацкай каштоўнасці, выдаляюцца, і выява набывае першапачатковы выгляд. Замест карычнева-зялёных, цёмных тонаў з’яўляецца срэбны ці залаты фон, а фарбы набываюць яркасць. Твор становіцца даступным для вывучэння.

Самы ранні помнік, прадстаўлены на выставе, — ікона «Нараджэнне Хрыстова» XVII стагоддзя (паходзіць з Аляксандра-Неўскай царквы горада Пружаны Брэсцкай вобласці). Тэма Раства — адна з галоўных у сярэднявечным мастацтве, яна паўстала на аснове перапрацоўкі евангельскіх паданняў (Мф. 2: 1-11; Лк. 2: 6-16) і апокрыфаў (Протаевангелле Іакава, XVII-XXI; Паданне Афрадзіцыяна Персеяніна на Раство Хрыстова; Евангелле дзяцінства Збавіцеля). Паводле тэкстаў, Марыя і Іосіф адправіліся ў Віфлеем, падпарадкоўваючыся ўказу рымскага імператара Аўгуста пра ўсенародны перапіс. «Калі ж яны былі там, наступіў час нарадзіць Ёй; і нарадзіла Сына Свайго Першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслі» (Евангелле ад Лукі, 2: 6,7). Адбылася гэта падзея ў пячоры, што служыла хлявом для скаціны, і суправаджалася з’яўленнем на небе Віфлеемскай зоркі, якая прывяла анёлаў і вешчуноў з дарункамі з розных краін. Іканаграфія музейнага «Нараджэння Хрыстовага» мае кампазіцыйныя асаблівасці. Сцэна ўвасоблена на фоне пячоры, побач з ёй прадстаўлены падстрэшкі. Перад пячорай на ўзвышэнні, як на алтары, у зіхоткай мандорле ляжыць спавітае да каленяў белай заслонай і чырвоным паяском Дзіцятка (гэтак жа спавівалі на хрэсьбіны немаўлят у беларускіх вёсках). Цікавы характар размяшчэння чырвонага паяска на пялёнках. Ён перавіты такім чынам, што нагадвае салярны знак. Маленькая постаць Збавіцеля з’яўляецца сэнсавым і кампазіцыйным цэнтрам усяго твора, да яго сыходзяцца выявы персанажаў, скампанаваныя ў асобныя групы з левага і з правага бакоў. Постаць Марыі выдзелена памерамі. Яна не ляжыць, а сядзіць побач з Дзіцяткам. Верагодна, Божая Маці малявалася седзьма для пацвярджэння таго, што яна бязбольна нарадзіла Хрыста і таму, у адрозненне ад усіх жанчын, не мела патрэбы ў адпачынку. Побач з Найсвяцейшай Багародзіцай — Іосіф Абручнік і жанчына са складзенымі на грудзях рукамі. Магчыма, гэта Саламея, пра якую апавядае протаевангелле Іакава. Побач са Збавіцелем — жывёлы: вол і асёл, што сімвалізуюць іудзейскі і паганскі народы, якія асацыяваліся з прароцтвам Ісаі: «Вол ведае гаспадара свайго, і асёл яслі гаспадара свайго; а Ізраіль не знае Мяне, народ Мой не разумее» (Іс. 1:3). Справа прадстаўлены вешчуны, кіраваныя Віфлеемскай зоркай, — яны прыйшлі пакланіцца Дзіцятку. Як і ў ранніх помніках, найперш візантыйскіх, зорка выяўлена фактычна над Хрыстом, на яго сыходзіць сноп святла. Угары, на фоне неба, паказаны анёлы, якія славяць Бога. Гэтыя вобразы атрымалі шырокае распаўсюджанне з VIII—IX стагоддзяў, прычым з цягам часу іх колькасць няўхільна расла — чым пазнейшы помнік, тым больш постацей. Рознай бывала і колькасць пастухоў. На нашым абразе іх два: адзін сядзіць сярод статка, другі напаўляжыць на зямлі. Пастава паднесенай да твару рукі другога пастушка дазваляе выказаць здагадку, што ён трубіць у рог. Падобнае вырашэнне сустракаецца на абразах з XI стагоддзя і ўяўляе сабой вобраз радаснага чалавецтва: «Слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля» (Евангелле ад Лукі, 2: 14). У цэлым для твора характэрны вытанчанасць і гарманічнасць колеравай палітры, паэтычнасць і стрыманасць вобразаў. Ікона насычана мноствам побытавых дэталяў, узятых непасрэдна з натуры: плашч-дэлія і боцікі на вешчунах, капялюшыкі пастухоў. Аўтар імкнецца паказаць глыбіню, перспектыву, увасобіць элементы архітэктуры, пейзаж. Абраз паступіў у музей са шматлікімі асыпкамі і стратамі жывапіснага пласта і ляўкасу. Падчас аднаўленчых прац былі ўмацаваны грунт і жывапісны пласт, падведзены рэстаўрацыйны ляўкас, выкананы таніраванні, жывапіс пакрыты ахоўным слоем лаку.

Рэстаўрацыя наноў адкрыла для даследчыкаў унікальны помнік — абраз «Божая Маці Адзігітрыя» (паходзіць з вёскі Галынка Мінскай вобласці). Твор зведаў шматлікія ўмяшанні, запісы насілі суцэльны характар, на фон быў нанесены пласт грунту. Пасля выдалення позніх напластаванняў і раскрыцця аўтарскага жывапісу помнік быў атрыбутаваны як твор XVII стагоддзя. Малюнак Божай Маці і Дзіцятка Хрыста ўяўляе найболей распаўсюджаны ва ўсходнехрысціянскім мастацтве іканаграфічны тып, які атрымаў назву «Адзігітрыя» — у перакладзе з грэчаскай «тая, што паказвае шлях». Хрыстос у Евангеллі кажа пра Сябе: «Я ёсць шлях» (Ін. 14,6), а Божая Маці на абразе левай рукой падтрымлівае Сына, правай — паказвае на Яго, як на шлях да выратавання. Божая Маці і Дзіцятка выяўлены з лёгкім нахілам галавы. У левай руцэ Хрыстос трымае скрутак — знак дабравесця, правай бласлаўляе тых, хто моліцца. На Божай Маці — чырвоны мафорый на зялёнай падшэўцы, апраўлены тонкай аблямоўкай, і сіні хітон з залатым арнаментам па гарлавіне і рукавах. Дзіцятка Ісус выяўлены ў белай з блакітнымі прабеламі кашулі, перавязанай шырокім чырвоным паяском, і ў вохрыстым гімаціі са старанна нанесеным тонкім асістам. У прадстаўленым помніку спалучаны розныя тэхнікі напісання далічнага і лічнага, што было характэрна для іканапісу Беларусі другой паловы XVII—XVIII стагоддзя: пры напісанні адзення выкарыстоўваліся тэмперныя фарбы, а пры напісанні абліччаў і рук — алейныя фарбы па падмалёўцы на аснове тэмперных. Яны намаляваны аб’ёмна, з выкарыстаннем элементаў святлоценявой мадэліроўкі. Жывапісныя прыёмы ў напісанні твараў зрабілі іх канкрэтнымі, індывідуальнымі. Жывыя абліччы Божай Маці і Дзіцяткі, што нібы выпраменьваюць сваё духоўнае святло, увасабляюць народны ідэал прыгажосці. Колеравая гама твора яркая, насычаная. Майстар выкарыстоўваў сярод іншых жывапісных пігментаў натуральны ультрамарын і малахіт. Упрыгожванні на адзенні выкананы твораным золатам. Тонкае пісьмо з плаўнымі святлоценявымі пераходамі і ўмела прапрацаваны разьбяны пазалочаны фон складанага малюнка з раслінным арнаментам сведчаць пра высокае майстэрства іканапісца.

Абразы XVIII стагоддзя «Божая Маці Адзігітрыя» і «Спас Уседзяржыцель» (паходзяць з Сямёнаўскай царквы вёскі Барок Слуцкага раёна Мінскай вобласці) пры паступленні ў музей знаходзіліся пад познімі запісамі, мелі значныя страты жывапіснага пласта і ляўкасу. Пасля складанага выдалення ўсяго наноснага і раскрыцця аўтарскага жывапісу колерам вярнулі свежасць, праявіўся малюнак складак адзення, арнаментаў. Абразы «Адзігітрыя» і «Спас Уседзяржыцель» з’яўляюцца парнымі. Блізкія па памерах (136,8х99х2,2-10,2; 135,7х93,7х2,2-10,4), яны, хутчэй за ўсё, уваходзілі ў ніжні шэраг іканастаса і размяшчаліся злева і справа ад Царскай брамы. Розныя стылістычныя манеры пісьма не супярэчаць вышэйсказанаму, бо адна з ікон магла быць выканана ў пару да той, што ўжо існавала.

Вобраз «Божай Маці Адзігітрыі» ўяўляе паясную выяву Марыі з Дзіцяткам Хрыстом, які сядзіць на Яе левай руцэ. Галава Божай Маці злёгку павернута направа і ледзь нахілена да Сына. Яе правая рука ва ўказальным на Ісуса жэсце размешчана перад грудзьмі. Постаць Хрыста намалявана франтальна. Яго правая рука прыўзнята ў бласлаўленні, у левай Ісус трымае скрутак. Манументальная постаць Марыі амаль цалкам закрывае іконную паверхню. Яе вобраз велічны і адначасова лірычны, далікатны. Твар акруглы, з доўгімі дугападобнымі бровамі, вялікімі вачамі. Адзежы Божай Маці напісаны ў традыцыйнай колеравай гаме: сіні хітон, упрыгожаны залатым арнаментам па гарлавіне, рукавах, і бардовы мафорый на блакітнай падшэўцы, па краях якога чытаюцца фрагменты аблямоўкі. Дзіця — у белым хітоне, перавязаным вузкім чырвоным паяском, і ў вохрыстым гімаціі на зялёнай падкладцы. Серабрыстая асістная прапрацоўка адзення Хрыста адпавядае мяккай мадэліроўцы аблічча. Пазалочаны фон абраза ўпрыгожвае раслінны арнамент складанага малюнка. Аўтар аб’ёмна перадаў твары Божай Маці і Хрыста з індывідуальнымі «партрэтнымі» рысамі, дакладна адлюстраваў ідэальнае вонкавае аблічча і душэўную глыбіню вобразаў.

Выява Ісуса на абразе «Спас Уседзяржыцель» франтальная, па пояс, з раскрытым Евангеллем, тэкст якога абвяшчае: «Прыйдзіце, дабраславёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэння свету» (Мф. 25,34). Твар Хрыста з правільнымі рысамі, старанна прамаляванымі вушнымі ракавінамі; лоб — высокі; валасы — доўгія, хвалістыя, падаюць за плечы. Сіні гімацій ахутвае левае плячо, затуляе правае. Хітон чырвоны, прапісаны глыбокімі цёмна-чырвонымі і карычневымі фарбамі, якія ствараюць эфект складанага драпіравання тканіны па постаці і рукавах. Адзежы дэкараваны арнаментальнай аблямоўкай. Адметнай рысай выявы Хрыста стаў німб з упісаным у яго крыжам, знакам крыжовай ахвяры. Усярэдзіне німба — літары: ῳὀn, што па-грэчаску азначае «Існы». Фон абраза — пазалочаны, разьбяны, з развітым раслінным арнаментам. Манументальны абраз Спаса Уседзяржыцеля не быў, па ўсёй верагоднасці, мясцовым вобразам іканастаса. Строгае франтальнае размяшчэнне малюнка, прытрымліванне візантыйскіх узораў спалучана тут з новым рашэннем у трактоўцы аблічча Пантакратара . Яго мяккія рысы, высветлены жывапіс, чырвань на шчоках перадаюць аблічча не грознага Суддзі свету, а Настаўніка — Спаса Літасцівага, гатовага пачуць людскія малітвы і дараваць прабачэнне. Іканапісная традыцыя рахманага і прыгожага Хрыста з ласкавым поглядам была нязменнай на працягу XVII і XVIII стагоддзяў. Духоўная глыбіня выявы, пластыка формаў, дасканалы малюнак пазалочанага арнаментальнага фону ставяць абраз у адзін шэраг з лепшымі помнікамі беларускага іканапісу XVIII стагоддзя.

Прадстаўленая на выставе «Адкрыццё святой прыгажосці» ікона «Тройца Старазапаветная» XVIII стагоддзя паходзіць з вёскі Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Яе рэстаўрацыя была звязана з умацаваннем жывапіснага пласта і ляўкасу. Сюжэт іканапісных выяў Тройцы заснаваны на біблейскім аповедзе пра тое, як праайцец Аўраам і яго жонка Сара сустрэлі каля дубровы Мамврэ трох анёлаў (Быц.18). Аўраам і Сара гасцінна падрыхтавалі ім «праснакі», «цялятка ласкавае і добрае», «масла і малако». Адзін з анёлаў падчас трапезы прадракае Сары нараджэнне сына Ісаака. Ад яго, па волі Бога, пойдзе «народ вялікі і моцны», у якім «дабраславяцца... усе народы зямлі». Паводле традыцыйных праваслаўных тлумачэнняў, у выяве трох анёлаў Аўрааму было дадзена адкрыццё пра адзінасутнага і ў трох асобах існага Бога (паводле Св. Грыгорыя Паламы, «Аўраам жа фізічнымі вачамі бачыў анёлаў і гутарыў са Збавіцелем, але вачамі духоўнымі бачыў ён Тройцу Найсвяцейшую і Адзінасутную»). Падобныя тлумачэнні былі пакладзены ў аснову сімвалічнай іканаграфіі Святой Тройцы ў выглядзе «Гасціннасці Аўраама». Пры гэтым візантыйскія і рускія іканапісцы звычайна перадавалі з’яўленне анёлаў Аўрааму з усімі падрабязнасцямі. Увасабляліся Аўраам і Сара, а таксама дрэва, дом, скала. Мастакі паказвалі, як анёлы з’явіліся да патрыярха, як ён размясціў іх пад шатамі Мамврыйскага дуба, як загадаў закалоць цялё, і як ён і Сара частавалі затым анёлаў. Гэта часцей за ўсё менавіта аповед, кіраваны законам адзінства месца, часу і дзеяння. Менавіта такі варыянт «Старазапаветнай Тройцы» быў распаўсюджаны ў візантыйскім і рускім мастацтве да канца XIV стагоддзя. Пры гэтым рашэнні анёл у цэнтры вылучаўся шэрагам асаблівасцей, у першую чаргу крыжовым німбам, што сімвалізаваў Хрыста (постаць другога анёла адрознівалася памерам, распасцёртымі, накіраванымі ўгару крыламі, у яго рукі памяшчалі скрутак — знак настаўніцтва, ягоная правіца ўвасаблялася складзенай у жэсце блаславення). У «Тройцы Старазапаветнай» з Кажан-Гарадка прасочваецца кругавы характар кампазіцыі, дапоўнены злева постацямі праведнікаў на фоне архітэктурных куліс (Аўраама са скрыжаванымі на грудзях рукамі і Сары, якая выглядае з-за напаўзачыненых дзвярэй) і выявай Мамврыйскага дуба з правага боку. Постаць анёла ў цэнтры паказана ў развароце налева і ссунута ў бок правага анёла. Цэнтральны анёл сімвалізуе Другую Іпастась Святой Тройцы — Ісуса Хрыста, пра гэта сведчыць колер адзення — чырвоны хітон і сіні гімацій. Колеры адзення левага анёла — блакітны хітон і чырвоны плашч — належаць Богу-Айцу. Бог — Дух Святы звычайна малюецца ў зялёным плашчы і яго, як правіла, увасабляе правы анёл, аднак на іконе з Кажан-Гарадка трэці (правы) анёл прадстаўлены ў блакітным плашчы і вохрыстым хітоне. Майстар, які стварыў гэты абраз, быў выдатным каларыстам. Палітра яго твора святочная, пабудавана на насычаных чырвоных, сініх, вохрыстых тонах у спалучэнні з золатам фону.

У 2009 годзе калекцыя старажытнабеларускага жывапісу Нацыянальнага мастацкага музея папоўнілася сямю абразамі з іканастаса Свята-Успенскага сабора Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра, што стала магчыма пры падтрымцы і па блаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. На выставе прадстаўлены чатыры абразы: «Прарокі Ісая і Іерэмія», «Апосталы Павел і Іакаў Зевядзееў», «Апосталы Сімон Кананіт, Варфаламей, Іакаў Алфееў і Іаан», «Апосталы Андрэй і Пётр» (падчас рэстаўрацыі ікон былі ўмацаваны аснова, жывапісны пласт, зняты згнілы лак, расчышчаны ад позняй пазалоты фоны). Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва музея Аляксандр Ярашэвіч, які вывучаў гісторыю і стылістыку Жыровіцкага іканастаса, датуе гэтыя іконы другой чвэрцю XVIII стагоддзя.

Выявы прарокаў і апосталаў Жыровіцкага іканастаса характарызуюцца высокім узроўнем выканання. Постаці шчыльна запаўняюць іконную паверхню, пакідаючы па краях толькі тонкія палоскі фону і небасхіл, які нагадвае пра жывапіс ракако. Манументальныя абразы мясцовага, апостальскага і прароцкага шэрагаў складалі грандыёзную кампазіцыю. Майстар стварыў іканастас, арганічна звязаны з прасторай сабора, які падкрэслівае прыгажосць архітэктуры храма.

Дубляванне асновы, беражкоў палатна, умацаванне жывапіснага пласта і грунту, выдаленне позніх напластаванняў, пацямнелага лаку — гэтыя рэстаўрацыйныя працэсы былі ўжыты да палотнаў, якія дэманструюцца на выставе: «Святая ў вянку» XVIII стагоддзя, «Дабравешчанне» XVIII стагоддзя, фератрон «Божая Маці з прадстаячымі» XVIII стагоддзя. Поўная дэструкцыя лаку на палатне «Святая Марыя Магдаліна» (XVIII стагоддзе) скажала візуальнае ўражанне ад жывапісу, што цалкам страціў ахоўныя ўласцівасці і з’яўляўся правадніком негатыўных уздзеянняў да жывапіснага пласта. Пры ўмацаванні апошняга парашкападобны лак насычыўся рыбіным клеем, таму расчыстка была праведзена механічна (з дапамогай вадзяных кампрэсаў). Падчас расчысткі паверхневых забруджанняў і пацямнелага ахоўнага пласта на палатне «Укрыжаванне» была выяўлена дата стварэння твора (1806) і ініцыялы аўтара (А.Н.). У выніку праведзеных рэстаўрацыйных прац стала магчымым далейшае вывучэнне гэтых твораў.

Прадстаўленыя на выставе помнікі беларускага мастацтва — толькі невялікая частка захаванай да нашых дзён духоўнай творчай спадчыны народа. Усе яны дэманструюць разнастайнасць стыляў і кірункаў старажытнабеларускага жывапісу. Адрэстаўраваныя творы знойдуць сваё месца ў сталай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, на тэматычных выставах сакральнага мастацтва Беларусі, прадстаўляючы ўнікальную па складзе помнікаў калекцыю беларускага жывапісу XVI— XVIII стагоддзяў.

Выстава «Адкрыццё святой прыгажосці. Новае жыццё старажытных абразоў» — вынік комплекснай даследчай дзейнасці, праведзенай калектывам спецыялістаў пад кіраўніцтвам рэстаўратара вышэйшай катэгорыі Аркадзя Шпунта і супрацоўнікамі аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Любоў СЫСОЕВА