Там, дзе белае сонца

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

У гэтых нататках я выбірала тыя прыклады, якія, на мой погляд, даюць уяўленне пра нейкія агульныя тэндэнцыі. Можа, штосьці абмінула, чагосьці не заўважыла, аднак характэрны абрыс, напэўна, атрымаўся. Кінамастацтва колішніх савецкіх рэспублік -- сёння краін Цэнтральнай Азіі ідзе ў бок самавызначэння і самапазнання, што, на жаль, пакуль адсутнічае ў беларускім кіно. А час ужо і нам паглядзець унутр і вакол сябе.

Самаідэнтыфікацыя па-кыргызску
Калі перасячэш мяжу на ўсходзе ля Андыжанскага вадасховішча, трапіш да суседзяў узбекаў -- у Кыргызстан. Пасля распаду СССР, амаль да пачатку новага стагоддзя, тамтэйшы ўрад не фінансаваў кіно сваёй краіны. Найбольш актыўныя кінематаграфісты самі шукалі сродкі праз фонды і прыватных інвестараў. Прыкладна ў другой палове 1990-х на фестывальных арбітах Еўропы і Азіі зявіліся стужкі Актана Абдыкалыкава. Яго
 /i/content/pi/mast/3/79/Tam-dze-belaje-sonca1.jpg

Кадр з фільма «Арэлі». 1993.

«Бешкемпір» («Пяць бабуль»), у якім прасочаны
няпросты лёс хлопчыка, можна лічыць сучаснай кінакласікай. Фільм атрымаў тры дзесяткі прэстыжных узнагарод на многіх кінафестывалях. Вось водгук амерыканскага культуролага Віды Джонсан: «У «Бешкемпіры» кыргызу Актану Абдыкалыкаву не толькі ўдалося сцерці ўсе адзнакі савецкай прысутнасці. Дзякуючы выкарыстанню мовы і нацыянальных традыцый ён стварае пазачасавую і пры гэтым беспамылкова кыргызскую прастору. Фільм паспяховы, таму што ў сціплым, візуальна прыгожым стылі апавядае пра пазітыўныя агульначалавечыя перажыванні». Гэты фільм -- частка трылогіі А.Абдыкалыкава з аўтабіяграфічнымі матывамі: «Селькінчэк» («Арэлі», 1993), «Бешкемпір» (1998) і «Маймыл» («Малпа», 2001). У трылогіі іграе (і расце) ягоны сын Мірлан Абдыкалыкаў -- ад хлапчука да юнака дапрызыўнага ўзросту. Сродкі на гэтыя важныя культурныя праекты нацыянальнай самаідэнтыфікацыі выдаткоўвалі прыватныя айчынныя і замежныя інвестары.
Вымалёўваецца ў Кыргызстане і досыць густоўнае камерцыйнае кіно ў партнерстве з заходнімі кінакампаніямі. У прыватнасці, на «Кінашоку-2005» і «Лістападзе-2006» дэманстраваўся этнаграфічна-меладраматычны фільм Нурбека Эгена «Куфар продкаў» (у Анапе два прызы атрымала прадзюсер Яўгенія Тырдатава, а ў Мінску прызам Выканаўчага камітэта СНД «Кіно без межаў» узнагародзілі Нурбека Эгена).
У «Куфры...» адчуваецца разлік на глядацкую масавасць (у галоўных ролях закаханых -- французская кіназорка Наташа Рэнье і фактурны дэбютант-кыргыз Балот Ценцімышоў; асноўная фабульная лінія патыхае сентыменталізмам: у пачатку і ў шчаслівым фінале -- крыху Парыжа на фоне Эйфелевай вежы, а ў бальшыні -- мясцовы каларыт з прэтэнзіямі на эпічнасць). Карціна крыху спрошчаная, аднак нясе ў масы актуальную думку: хоць Усход ёсць Усход, а Захад ёсць Захад -- яны здольныя сысціся, калі сэрцы ў людзей адкрытыя.
У форме сучасных прыпавесцей працуе калега А.Абдыкалыкава Марат Сарулу. На адным з кінафорумаў былых саюзных рэспублік у Маскве (здаецца, у 2001 годзе) у поле зроку прафесіяналаў і кінакрытыкаў трапіла ягоная карціна «Брат мой, шаўковы шлях». Яна мела прыхільнікаў і апанентаў. Ганс Шлегель, адборшчык стужак для Берлінскага кінафестывалю, палемізуючы з непрыхільнікамі «Брата...», зазначыў: «Я быў узрушаны, калі пераканаўся, што сонца зноў узыходзіць на ўсходзе! Для мяне гэта не проста карціна, а падзея! І я вельмі спадзяюся, што рускія рэжысёры зразумеюць: сёння магчыма і
 /i/content/pi/mast/3/79/Tam-dze-belaje-sonca2.jpg
                                       Кадр з фільма А «Малпа». 2001.
патрэбна вучыцца ў Цэнтральнай Азіі
-- вучыцца таму, як вяртацца да самога сябе». Нямецкі культуролаг, на маю думку, быў залішне кампліментарным, бо крытыкаваць у фільме ёсць што: манатоннасць, драматургічная кволасць. Але падкупляла дзёрзкая мастакоўская спроба злучыць спрадвечнае з сённяшнімі праблемамі і паразважаць пра лёс сучаснага мастака. У наступных работах М.Сарулу ўсё больш набліжаецца да кіно філасофска-інтэлектуальнага, што вельмі цікава для кінагурманаў, але звужае яго глядацкую аўдыторыю. А вось Эрнэст Абдыжапараў, наадварот, працуе ў дэмакратычным жанры трагікамедыі. Ягоную «Сельскую ўправу” адзначылі на «Лістападзе-2005» спецыяльным прызам Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» -- «Мова кіно -- мова ўзаемаразумення». Рэжысёр па-мастацку моцна зафіксаваў сацыяльна-псіхалагічныя ўзаемадачыненні сваіх землякоў у перыяд, калі адыходзіць савецкі ўклад і нараджаюцца -- цяжка, са скрыпам -- новыя адносіны паміж жыхарамі кішлака. Дзеянне адбываецца ў кыргызскай глыбінцы, але відавочна, што гэта і ёсць мадэль сённяшняга народнага быцця. Менавіта вядомасць работ А.Абдыкалыкава, Э.Абдыжапарава, М.Сарулу па-за межамі краіны прымусіла ўрадавыя ўстановы звярнуць увагу на стан уласнага кінематографа. У выніку зявілася пастанова аб рэгулярным фінансаванні адной поўнаметражнай стужкі ў год.
 

«Туркменфільм» як складнік тэлерадыёкампаніі
Што тычыцца кінематографа Туркменістана і Таджыкістана, якія таксама ўваходзяць у Цэнтральнаазіяцкі рэгіён (у савецкую эпоху яго называлі Сярэдняй Азіяй і Казахстанам), дык у пасляперабудовачны час абставіны ў сферы кінематографа склаліся там больш драматычна.Пачатак 1990-х у Туркменіі, здаецца, абнадзейваў. Ва ўсіх на вуснах тады быў фільм Усмана Сапарава «Анёльчык, зрабі радасць». Назву яму дала немудрагелістая нямецкая песенька, якую мармыча шасцігадовы хлопчык з нямецкай сямі. Сам фільм -- «выбуховы», бо закранае адзін з самых балючых перыядаў савецкай гісторыі -- дэпартацыю народаў у ваенныя часы, у дадзеным выпадку -- нямецкіх каланістаў на туркменскай тэрыторыі. Фільм пра тое, як хлопчыка Георга, бацькоў якога арыштавалі людзі ў сініх фуражках, хавалі простыя сяляне, як дзейнічаў ва ўмовах несправядлівасці не афіцыйны, а чалавечы інтэрнацыяналізм. «Анёльчыку...» апладзіравалі ў Берліне (Гран-пры ў намінацыі «Фільмы для дзяцей і юнацтва»), Ісфахане (Іран), Чыкага (ЗША), Таліне (Эстонія), Тэль-Авіве (Ізраіль), Сочы (Расія) і на многіх іншых кінафестывалях, дзе ён перамагаў сваёй трагедыйнай узнёсласцю. Пасля трыумфу У.Сапараў, не маючы працы на радзіме, эмігрыраваў у Расію. Тое ж чакала і ягоных калег, у прыватнасці, рэжысёра Хаджакулі Нарліева, стужкі якога («Нявестка», «Дрэва Джамал» і іншыя) праславілі ў свеце савецкі кінематограф. Кожны год я сустракаю на «Кінашоку» Хаджакулі разам з жонкай Маягазель Аймедавай, пытаюся, ці зрушылася хоць штосьці ў сферы кіно ягонай краіны, але атрымліваю адзін і той жа сумны адказ: «Туркменфільм» далучылі да рэспубліканскай тэлерадыёкампаніі і робяць пераважна «дакументалкі» з іміджавым ухілам. Ігравое кіно здымаецца час ад часу (у асноўным, гэта легендарна-касцюмныя карціны). 

Як таджыкі становяцца эмігрантамі
Таджыкскае кіно таксама знікла на працяглы час з кінематаграфічнай мапы. Ваеннае супрацьстаянне розных груповак, (фактычна, грамадзянская вайна) не толькі разбурыла матэрыяльны падмурак кінавытворчасці, але і выціснула творцаў за межы краіны. Даўно жыве ў Германіі Бахціёр Худойназараў, вядомы ўжо не як таджыкскі, а хутчэй -- як расійскі і ў пэўным сэнсе еўрапейскі творца, бо атрымлівае сродкі ад замежных прадзюсераў (самы нашумелы фільм -- трагікамічная фантасмагорыя «Месяцавы тата» з Чулпан Хаматавай, Мікалаем Фаменкам і немцам Морысам Бляйбтроем, 1999).
З Парыжа ў родны аул Ашт прыязджае здымаць кіно на французскія (і інвестараў іншых краін) сродкі Джамшэд Усмонаў.У Расіі ўладкавалася Майрам Юсупава, якая стварыла ў Маскве сваю студыю, але пакуль яе творчасць абмяжоўваецца дакументалістыкай (вельмі цікавай, у тым ліку і пра падзеі на радзіме).
Летась у Маскве ў мяне адбыўся міні-дыялог з таджыкскім эмігрантам, рэжысёрам, палітычным і кінематаграфічным дзеячам Даўлатам Худаназаравым, якога напачатку 1990-х прыгаварылі да смерці толькі за тое, што ён жадаў прымірэння свайму народу:
-- Даўлат, вы і цяпер займаецеся палітычнай дзейнасцю?
-- Не, не займаюся.
-- Што ж робіце ў Маскве?
-- Дапамагаю супляменнікам. Цяжка ім тут, цяжка і там, на радзіме. Калі-нікалі даводзіцца дапамагаць у сумнай справе: адпраўляць цынкавыя дамавіны ў Таджыкістан...
На гэтым размова скончылася, бо Даўлат належыць да тых людзей, хто патрэбны ўсім і неадкладна.
Якая кінематаграфічная сітуацыя зараз у рэспубліцы? Слова вядомаму таджыкскаму кіназнаўцу Садуло Рахімаву: «З’яўленне кожнага новага фільма (няважна, у якім фармаце) для нас, хто жыве ў Таджыкістане, -- свята. А калі атрымліваецца больш-менш удалы фільм, дык свята двайное. А калі карціна зроблена на «Таджыкфільме», дык гэта проста ўцеха для душы! Таму што наша кінастудыя, створаная ажно ў 1930 годзе, цяпер перажывае вялікія цяжкасці: безнадзейна састарэлі тэхніка і тэхналогія вытворчасці фільмаў; прафесіяналаў засталося роўна столькі, колькі пальцаў на руцэ; часта мяняюцца кіраўнікі, і пры гэтым кожны з іх паспявае прыхапіць «на памяць» нешта з той раскошы, якой «Таджыкфільм» калісьці славіўся: прысвоіць, да прыкладу, столевыя дошкі вялікага павільёна ці спілаваць пасаджаныя класікамі дрэвы -- для індывідуальнага будаўніцта... І таму чарговая карціна «Таджыкфільма», зробленая насуперак мышынай ваўтузні, -- светлая падзея і пэўны знак адраджэння...».
 /i/content/pi/mast/3/79/Tam-dze-belaje-sonca6.jpg

Кадр з фільма  «Каляндар чакання». 2006.

Магу пацвердзіць: таджыкскі кінафенікс пакрысе паўстае з попелу. Сведчанне таму -- шэраг ігравых стужак, знятых у фармаце
DVD: «Статуя кахання» Умеда Мірзашырынава, «Бадзяга» Гуландом Мухабатавай і Далера Рахматава, «Каляндар чакання» Сафарбека Саліева... Усе гэтыя карціны, нягледзячы на крытычны погляд, уласцівы іх стваральнікам, можна пазначыць як «кінематограф надзеі». Добры гумар -- фарбы дзвюх першых стужак. У трэцяй -- жарты дзе-нідзе прысутнічаюць у якасці чорнага гумару. Агульная сацыяльная праблема -- беспрацоўе і безбацькоўства, бо таджыкскія мужчыны ад’язджаюць на працу ў замежжа, пераважна ў Расію. (Пра іх незайздросны лёс распавяла дакументальная стужка-назіранне М.Юсупавай «Мардзікор» -- «Наёмны рабочы». Гэты амаль бяспраўны чалавек часцей за ўсё атрымлівае самую непрэстыжную працу -- грузчыка, падносчыка тавару, прыбіральшчыка на кірмашы-гіганце. А многія трапляюць у крымінальныя групоўкі, звязаныя з наркатрафікам).
Цікава адзначыць: у стужках Цэнтральнаазіяцкага рэгіёна адной з галоўных дзейных асоб з’яўляецца настаўнік -- фігура паважная, асабліва ў горнай сельскай мясцовасці. Вось і ў карціне Сафарбека Саліева «Каляндар чакання» ўсё лепшае, што нясе старэйшае
 /i/content/pi/mast/3/79/Tam-dze-belaje-sonca7.jpg

Рэжысёр С.Саліеў  

пакаленне таджыкаў, увасоблена ў вобразе школьнага настаўніка Самад-ака з кішлака на Паміры. Мясцовыя жыхары лічаць яго кімсьці накшталт гуру, духоўнага асветніка, бо ён ведае амаль усё на свеце. Настаўніцкае разуменне чужога гора і чужой радасці дае людзям апірышча ў цяжкі перыяд. С.Саліеў назірае за суайчыннікамі ў час сацыяльнага катаклізму, калі жыццё яшчэ не ўладкавалася.
Вельмі цяжка родзічам Самад-ака пераходзіць у новы стан рэчаіснасці. Няма дастатку ў семях, некаторыя абыходзяцца толькі тым, што здабудуць паляваннем на курапатак. Адчувальныя вынікі ваеннага супрацьстаяння -- у кішлаку жыве інвалід, які натрапіў на міну. Кандыдатаў у парламент або іншыя кіруючыя структуры краіны цікавіць «электарат», а не рэальнае становішча суайчыннікаў. А да гэтай забытай Богам мясцовасці дайшоў хіба што толькі СНІД... Стаўленне людзей да савецкай мінуўшчыны набыло плюсавыя і мінусавыя адзнакі ў залежнасці ад пакручастасці або ўдачлівасці асабістага лёсу. Напрыклад, гаспадар млына, былы старшыня калгаснай арцелі, настолькі шануе ідэі марксізму-ленінізму, што ўтварае на рабочым месцы чырвоны куток па ўзоры былых партыйных устаноў. У душы Самад-ака, наадварот, балюча адгукаюцца гісторыі дзеда, што сканаў у засценках ГУЛАГа, і бацькі, што загінуў на вайне і невядома дзе пахаваны. Мясцовыя міліцыянты пачалі насаджаць тое, што ніколі не было ўласціва жыхарам: падазронасць да любога новага чалавека на вуліцы. Калі расіянін Віктар, былы жыхар кішлака, прыязджае адведаць магілу бацькі -- будаўніка мастоў, яго спыняе патруль і адпускае толькі пасля ўмяшальніцтва Самад-ака. «Тут я быў рускім, а ў Расіі мы -- таджыкі. На гістарычнай радзіме мы нікому не патрэбныя. Але зваротнай дарогі няма», -- з горыччу гаворыць Віктар пра свой новы сацыяльны статус. Але, адчуўшы шчырасць былых суседзяў і знаёмых, расчулена прызнаецца: «Быццам не адязджаў я адсюль»... Гэтая ігравая стужка знята «пад дакумент», быццам метадам назірання. Геаграфічную прастору (у фільме шмат ракурсаў, знятых аператарам знізу -- да неба і зверху -- да зямлі) рэжысёр і ягоныя творчыя паплечнікі трактуюць як жыццёвую прастору, як Богам дадзеную радзіму. Манны нябеснай чакаць не даводзіцца, аднак і ад нас, людзей, нямала залежыць. Ёсць такія вечныя і простыя каштоўнасці, як каханне, дабрыня, міласэрнасць. Яны і дапамогуць перачакаць благую часіну -- з такой думкай звяртаюцца да суайчыннікаў таджыкскія кінематаграфісты...
 

***
У гэтых нататках я выбірала тыя прыклады, якія, на мой погляд, даюць уяўленне пра нейкія агульныя тэндэнцыі. Можа, штосьці абмінула, чагосьці не заўважыла, аднак характэрны абрыс, напэўна, атрымаўся. Кінамастацтва колішніх савецкіх рэспублік -- сёння краін Цэнтральнай Азіі ідзе ў бок самавызначэння і самапазнання, што, на жаль, пакуль адсутнічае ў беларускім кіно. А час ужо і нам паглядзець унутр і вакол сябе.

Ала БАБКОВА