Таццяна Траццяк

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

Пра экстрым, Мадрыд і Рым

Яна — надзвычай шматгранная творчая асоба. Найперш салістка Нацыянальнай оперы, адна з лепшых сапрана. Яркая і непаўторная выканаўца многіх вядучых партый — Леаноры ў «Трубадуры», Віялеты ў «Травіяце», Паміны ў «Чарадзейнай флейце», Мімі  і Мюзеты ў «Багеме», Марфы ў «Царскай
/i/content/pi/mast/46/785/20.jpg

 «Трубадур» Джузэпе Вердзі. У партыі Леаноры.

нявесце», Ліу ў «Турандот». Акрамя таго, выдатная камерная спявачка, якая ўвасобіла мноства адметных і разнастайных праграм. А яшчэ Таццяна Траццяк — мастацкі кіраўнік струннага квінтэта «Серэнада». Пагадзіцеся, усё гэта цудоўная падстава, каб падаць партрэт артысткі буйным планам.

Таццяна, размову хацелася б пачаць з гаворкі пра вашы творчыя паездкі. Ведаю, вы шмат гастралюеце, бо як спявачка надзвычай запатрабаваны — прычым не толькі ў Беларусі, але і ў еўрапейскіх краінах, дзе моцныя традыцыі оперных і камерных спеваў, а слухачы добра разбіраюцца ў вакальным майстэрстве. Але калі вы сказалі, што падарожнічалі па ўсёй Еўропе, пераляталі з поўначы на поўдзень кантынента і назад, спявалі з пяццю сімфанічнымі аркестрамі, захацелася вас распытаць больш падрабязна.

— Ужо не першы раз выпраўлялася ў такую гастрольную вандроўку. Праграма называлася «Штраус-гала» і аб’ядноўвала творы славутых кампазітараў, бацькі і сына. Звычайна ў такіх канцэртах прымаюць удзел аркестр і салістка, калі-нікалі яшчэ і балет. Апошнім разам склалася сапраўды незвычайная сітуацыя — давялося спяваць з пяццю аркестрамі. Графік атрымаўся напружаны, шмат даводзілася ездзіць, лятаць. Складана, але і карысна для вакалісткі выступаць з рознымі аркестрамі і дырыжорамі.

Для вас тое не экстрым?

— Цяпер не. Здараліся і больш экстрэмальныя сітуацыі. Цяжкасць адна — вытрымаць напружаны графік. Пачала выступленне ў Іспаніі. Але нават унутры краіны — значныя пераезды, напрыклад, ад Барселоны да Мадрыда прыстойная адлегласць. Упершыню ў жыцці ехала на хуткасным цягніку: 300 кіламетраў у гадзіну. Ён ідзе роўна, крыху пагойдвае, як у калысцы. Вельмі спадабалася! Думаю, няшмат існуе спевакоў, якія любяць самалёты, бо з імі звязаны кандыцыянеры, пераахалоджванне... Вялікая праблема гастроляў — захаваць здароўе і галасавы апарат, каб перад выступленнем ты быў у належнай форме.

Першы канцэрт адбыўся ў Барселоне, знакамітай Палау дэ ла Музіка, яна — помнік архітэктуры. Шыкоўная зала ўся аздоблена мазаікай, сцэна — каляровымі барэльефамі. Вядома ж, фантастычная акустыка! Публіка сядзіць нават на сцэне — ззаду ад саліста. Калі пасля аднаго з нумароў слухачы ўзарваліся апладысментамі, было адчуванне, што яны не слухалі Штрауса, як мінімум, гадоў дзесяць...

У Іспаніі вы раней гастралявалі?

— З 1998-га. Іспанскую публіку добра ведаю, вельмі люблю. Здаецца, яна адказвае мне такой жа любоўю. За мінулыя сезоны ў Палау дэ ла Музіка адбылося 7 маіх канцэртаў. Спявала з рознымі аркестрамі. Пасля выступленняў падыходзілі слухачы і казалі, што раней выпадкова траплялі на мае канцэрты, а цяпер прыйшлі спецыяльна мяне паслухаць. Надзвычай прыемна!

Далей — пасля Барселоны — канцэрт у Будапешце, наступны ў Кракаве, потым — Вена. Прычым не проста Вена, а Мюзікферайн, Залатая зала, з якой на пачатку года мы традыцыйна глядзім трансляцыю штраусаўскіх канцэртаў. Ужо не першы раз там выступала, таму ведала і акустыку, і іншыя асаблівасці. А наступным ранкам — у 5 гадзін — на самалёце вярнулася ў Барселону. «Недасып» адчуваўся ўвесь час, бо канцэрт заканчваецца позна, потым гатэль, а самалёты ўсюды раннія. Падчас вандроўкі трапляліся і залы, дзе раней выступала, і тыя, дзе апынулася ўпершыню. Другі раз у жыцці спявала ў знакамітым тэатры Лісэу ў Барселоне. Незабыўныя імгненні! Тым больш, на гэтым канцэрце сабралася багатая, «дарагая» публіка. Адчувала асаблівую адказнасць...

Дарэчы, а якія цэны на білеты ў прэстыжныя залы?

— Дакладна не ведаю. Але на канцэрты ў Лісэу, у венскі Мюзікферайн — вельмі высокія. Упершыню выступала ў Венгрыі, у Палацы мастацтваў, самай вялікай і знакамітай зале краіны. Таксама ўпершыню — у Кракаўскай філармоніі і ў Бервардхален, буйнейшай канцэртнай зале Стакгольма. Усюды выдатная акустыка! Не было ніводнай пляцоўкі, дзе б узнікалі хоць нейкія праблемы.

Згадваю гастролі 2004—2006 гадоў, калі даводзілася выступаць у Італіі. Узрушальнае ўражанне — ад залы Санта Чэчылія ў Парка дэ ла Музіка ў Рыме — напэўна, самай буйной у Еўропе, на 3 тысячы... Але калі выходзіш і спяваеш (вядома ж, без мікрафона), і твой голас чуваць усюды, усведамляеш, што гэта незвычайная, унікальная акустыка! Усё прадумана: сцены і крэслы зроблены з чарэшневага дрэва, падвесная столь над сцэнай рэгулюецца і мяняе канфігурацыю. Каб узмацніць адлюстраванне гуку...

Цікава, уласны імпрэсарыа ў вас ёсць?

— Асабістага агента, што займаўся б маімі пытаннямі, як гэта прынята ў Еўропе, няма. Ёсць некалькі імпрэсарыа, з якімі працую, яны і запрашаюць на канцэрты, праграмы або спектаклі.

Італьянскую мову вы ведаеце, без яе ў оперы не абысціся...

— Не магу сказаць, што валодаю ў тым аб’ёме, у якім хацелася б. Але дастаткова, дарогу знайду, не заблукаю... Усюды ў Еўропе разумеюць англійскую — няважна, у Аўстрыі ты або ў Венгрыі. З англійскай мела справу з дзяцінства. Працягвала займацца ёю ў музычнай вучэльні, кансерваторыі... Калі навучалася як піяністка, здавала экзамен, нават ёсць пасведчанне музыканта-перакладчыка.

А з дырыжорамі на рэпетыцыях на якой мове кантактавалі?

— Цягам гэтых гастроляў не ўзнікала ніякіх праблем, бо ўсе дырыжоры былі рускамоўныя. У тым ліку і балгарын... Калі даводзілася працаваць з замежнымі маэстра — Ральфам Вайкертам са Швейцарыі або італьянцам Эральда Сальм’еры, — дык з некім гутарыла па-англійску, з італьянцамі — на іх мове. Праграма «Штраус-гала» на кожны год робіцца новая, а падчас паездкі паўтараецца, незалежна ад горада і аркестра. Гучалі сачыненні, якія і ў нас досыць часта спяваюцца: «Казкі Венскага лесу», «Вясновыя галасы», арыя Сафі і вальс Арсены — фрагменты з аперэты «Цыганскі барон». Што датычыць «Казак...», дык яны выклікаюць шалёнае захапленне публікі. Увогуле я Штрауса ўспрымаю як сонечнага кампазітара.

Аркестры, з якімі вы працавалі, прадстаўлялі, напэўна, розныя гарады і краіны?

— Балгарыю прадстаўляў Сафійскі сімфанічны, на чале з дырыжорам Свелінам Сямёнавым. Украінскім аркестрам Днепрапятроўскай філармоніі кіраваў беларускі дырыжор Пётр Вандзілоўскі. Былі таксама тры калектывы з Расіі. Сярод іх — Валгаградскі сімфанічны. Я выступаю разам з ім ужо некалькі гадоў. Летась галоўным дырыжорам там стаў Уладзімір Сташынскі. Быў таксама аркестр оперы Растова-на-Доне — ягоным мастацкім кіраўніком з’яўляецца Аляксандр Шакура, ураджэнец Беларусі. Падчас сумеснай працы высветлілася, што завочна мы даўно ведаем адно аднаго. Калі Аляксандр яшчэ вучыўся ў Акадэміі музыкі, ён прыходзіў у наш тэатр і слухаў мяне ў «Травіяце». Так што музычны свет досыць цесны! З Ульянаўскім сімфанічным аркестрам я правяла большую частку гастроляў. У свой час калектыў часта выступаў са знакамітым Фуатам Мансуравым, у Англіі яны зрабілі шмат запісаў. А гэтым разам аркестрам кіраваў наш оперны дырыжор Мікалай Калядка.

Ведаю, сёлета ў вас адбылася яшчэ адна паездка ў Іспанію...

— Так, але яна крыху іншая. Таксама складалася з канцэртаў, але кантатна-аратарыяльнага жанру. У праграму былі ўключаны «Карміна Бурана» Карла Орфа, 9-я сімфонія Бетховена і «Рэквіем» Моцарта. У канцэртах прымалі ўдзел наша Акадэмічная капэла імя Шырмы і Днепрапятроўскі аркестр. Акрамя Іспаніі, трапілі яшчэ і ў Партугалію.

Актыўнае гастрольна-вандроўнае жыццё — сведчанне вашай «охоты к перемене мест», або справа ў няпоўнай і недастатковай занятасці ў тэатры?

— Пэўна, усё разам. Сапраўды, гастралявала ў многіх краінах, спявала ў лепшых канцэртных залах Еўропы і свету. Але, магчыма, калі б была больш запатрабаваная тут, дык падарожнічала б менш. Бо для мяне заўжды самай важнай з’яўлялася праца ў сваім калектыве. На пачатку 2000-х, калі спявала шмат партый, мой клопат быў выключна пра оперны рэпертуар. Потым неяк усё крута змянілася, і калі прыйшоў перыяд пустаты з рэдкімі выхадамі на сцэну, занялася камернай творчасцю.

А гастролі апошняга часу насамрэч узнікаюць яшчэ і таму, што не ў надта вялікай колькасці спектакляў я занята ў сваім калектыве. Таму магу ездзіць і спяваць у іншых краінах. З іншага боку, каб не было гастроляў, я ніколі б не змагла за такі адмежак часу столькі разоў выйсці на сцэну. Не хачу сказаць, што ў нас іншая публіка і яна не любіць музыку. Але такое трапяткое стаўленне да спевака, такое захапленне вакальным мастацтвам у нас радзей сустракаеш...

Оперны спектакль, як і асобны вобраз, здольныя стаць нагодай для розных эмоцый — недаверу, раздражнення, скепсісу, іроніі, калі ты не верыш рэжысёру ці артысту. А калі верыш, могуць выклікаць глыбокае захапленне і нават узрушанасць. Менавіта такія пачуцці звязаныя ў мяне з Леанорай у «Трубадуры», адной з лепшых партый у вашым рэпертуары паводле багацця вакальных фарбаў, экспрэсіўнасці эмоцый, маштабнасці вобраза. Калі бачыш і слухаеш вас у гэтай партыі, становіцца зразумелым, чаму двое такіх розных мужчын змагаюцца не на жыццё, а літаральна на смерць за каханне гераіні. Невыпадкова «Трубадурам» вы адзначалі 20-годдзе творчай дзейнасці ў тэатры. Хто Леанора для вас — ідэал, увасабленне анёльскага пачатку?

— Не ідэал і не анёл, а жывая жанчына, рамантычная гераіня. Яна мне вельмі блізкая. Для яе самае галоўнае — каханне. Дзеля яго і дзеля выратавання каханага чалавека Леанора гатовая аддаць жыццё. Каханне — жыццё — смерць... Гэтая тэма шмат разоў выкарыстоўвалася ў оперы. Многія мае гераіні ў фінале паміраюць ад кахання. Тое ж адбываецца з Ліу ў «Турандот», хоць партыя меншая па значнасці. Ліу адмаўляецца ад кахання, ідзе на ахвяру, каб прынц быў шчаслівы, але з іншай...

Унутрана вам такія жанчыны блізкія? Ці ўсё-такі ёсць дыстанцыя паміж імі і вамі?

— Думаю, Леанора мне блізкая, бо знаходжуся з ёй у адной прасторы. Яна прываблівае менавіта рамантычнасцю. Але гэткая ж блізкая Віялета з «Травіяты»... Леанора дарагая і таму, што прыйшла да мяне складана. Упершыню мяне ўбачыў у гэтай ролі італьянскі барытон Антоніа Сальвадоры, у мінулым саліст знакамітага тэатра Арэна дзі Верона. Дакладней, ён убачыў ува мне Леанору. І захацеў, каб менавіта я спявала з ім у «Трубадуры».

Што датычыць майго лёсу, дык у ім вялікую ролю іграе выпадак. Тэатр ехаў на гастролі ў Швейцарыю, адначасова з намі — і частка трупы, якая выступае ў Германіі. Давялося тэрмінова замяніць салістку, якая захварэла, і выйсці ў канцэрце. Выступленне не было запланаванае. І таму атрымаўся экстрым! Бо ранкам табе кажуць, што вечарам ты мусіш спяваць твор, які ніколі ў жыцці не выконвала. Сачыненне з аркестрам, занятыя чатыры салісты. Прычым спяваць давядзецца без рэпетыцый. Пасля канцэрта імпрэсарыа вырашыў, што ў наступным годзе я буду выконваць партыю Леаноры ў «Трубадуры». Некаторыя асобы да такой ідэі паставіліся крыху скептычна. Тады ж тэатр атрымаў прапанову паставіць гэтую оперу Вердзі для гастроляў і адначасова для рэпертуару. Думаю, што на мінскай сцэне я і не спявала б Леанору, калі б імпрэсарыа не настойваў на маёй кандыдатуры.

А далей усё пайшло, як у кіно. Вучыла партыю, у Мінску адбылося канцэртнае выкананне оперы. Перад Германіяй былі запланаваныя гастролі ў Швейцарыі, там павінен выконвацца «Трубадур», але гераіню збіралася спяваць знакамітая Мішэль Крайдэр — яе запрасіў дырыжор Ральф Вайкерт. Прымадонна нечакана захварэла. У тэатры тры салісткі, якія добра ведалі партыю. Толькі дырыжор вырашыў, што спяваць буду я. Можаце сабе ўявіць мой стан, калі напярэдадні сусветнай прэм’еры оперы Сяргея Картэса «Юбілей», дзе я занятая, тэлефануе наш дырэктар і кажа: «Сёння вечарам Вайкерт будзе слухаць вашу Леанору...»

Гэты дырыжор надзвычай скрупулёзна, дбайна ставіцца да рэпетыцый і працы з вакалістамі. Ён мяне ведаў, бо разам з ім я ўжо спявала Разіну, Мікаэлу, Цэрліну. Калі я выканала толькі каваціну Леаноры, яе першае з’яўленне ў спектаклі, дырыжор сказаў: «Не хвалюйся, веру — усё атрымаецца добра». Я: «І ўсё?!» Ён: «Усё... Заўтра ранкам аркестравая...» Не паверыла сваім вушам. Раніцай пасля знакамітай каваціны ён мне заапладзіраваў. Такія моманты ў жыцці не забываюцца! У нас не прынята хваліць, і добрыя словы ў адрас спевакоў гучаць зрэдку. Вельмі часта выканаўцу або ўзносяць да нябёсаў, або знішчаюць. Няма нічога лепшага для вакаліста, чым шчыра выказаныя эмоцыі і добрыя словы. Так можна дасягнуць непараўнальна лепшага выніку. Пасля рэпетыцыі спытала: а хто спявае заўтра? Дырыжор: «Як хто? Ты! Ужо пайшла рэклама ў газетах!»

Так атрымала сваю Леанору. Вечарам выступала ў «Юбілеі» Картэса, а назаўтра адбылася мая прэм’ера «Трубадура», якую планавала выконваць тыдні праз два, у Германіі, пасля хоць бы тыдня рэпетыцый. Атрымалася, выканала з адной аркестравай, з новым дырыжорам. Вось гэта — экстрэмальная сітуацыя, бо яна патрабавала канцэнтрацыі ўвагі, сабранасці.

Потым адбылася прэм’ера ў Германіі, калі я спявала ўжо з Антоніа Сальвадоры. Ён — выдатны вакаліст і артыст. Ад спектакля засталіся самыя лепшыя ўспаміны. Я надзвычай удзячная нямецкаму імпрэсарыа, што ён прапанаваў галоўную партыю ў «Трубадуры» і моцна паўплываў на мой артыстычны лёс. У Германіі наладзілі вялікую рэкламную кампанію, постары з маім партрэтам былі размешчаны ў горадзе Маншау, дзе мы выступалі. На генеральнай рэпетыцыі немцы здолелі зрабіць цудоўныя фатаграфіі і потым прадавалі іх на спектаклі. І толькі праз паўгода адбылася прэм’ера «Трубадура» ў Мінску...

Што з оперных уражанняў апошняга часу падалося самым запамінальным?

— У Іспаніі пабачыла сусветную прэм’еру фільма-оперы «Рыгалета», галоўную партыю выконваў Пласіда Дамінга. Атрымала каласальнае задавальненне! Захапляюся ім як спеваком. Ён быў выдатным Рыгалета! Дырыжор — Зубін Мэта. Опера была знятая ў натуральных дэкарацыях, так і называлася — «Рыгалета ў Мантуі»...

Ну, вядома, там жа дзейнічае Герцаг Мантуанскі...

— Памятаеце, некалькі гадоў таму паказвалі «Тоску» ў натуральных дэкарацыях, калі апошняя дзея адбывалася ў замку Сант Анджэла? Там Дамінга спяваў Каварадосі. З «Рыгалета» атрымаўся змрочны і трагічны оперны трылер. Досыць жудаснае ўражанне пакідае эпізод, калі герой цягне па траве мех, разразае яго і бачыць твар забітай дачкі. Вельмі ўдала былі падабраныя ўсе артысты-спевакі. І па галасах, і па тыпажах... Калі паказвалі фільм-оперу, дык трансляцыя ішла на 20 краін, у тым ліку на ўсю Еўропу і ў Расію.

Вельмі часта вы ўдзельнічаеце ў канцэртах «Музычнай гасцёўні», якую вядзе ў філармоніі вядомая піяністка Таццяна Старчанка. Прычым кожны раз прадстаўляеце новыя творы...

— Вельмі нечакана мы пазнаёміліся з Таццянай, маёй сяброўкай і саюзніцай у творчасці. У яе ёсць прыяцелька, якая жыве ў Іспаніі. Яна трапіла на канцэрт у Барселоне, дзе разам з маскоўскімі салістамі і дырыжорам Генадзем Праваторавым я выконвала кантату Гайдна «Стварэнне свету». Іспанская сяброўка патэлефанавала Таццяне Старчанка ў Мінск: «Ты ў курсе, што ў вашым горадзе ёсць вельмі цікавае сапрана Таццяна Траццяк? Табе трэба з ёй абавязкова пазнаёміцца!»

Інакш кажучы, Іспанія дапамагла вам знайсці адна адну ў Мінску...

— Мы сустрэліся ў 2003-м. Таццяна адразу ж прапанавала мне выканаць оперу Мікаэла Тарывердзіева «Чаканне» (на вершы Роберта Раждзественскага). Сачыненне дастаткова глыбокае, яго немагчыма спяваць спакойна, «з халодным носам». Да таго часу ў мяне надараліся выступленні ў філармоніі, у камерным рэпертуары, але пасля знаёмства са Старчанка яны зрабіліся больш актыўнымі. Разам мы падрыхтавалі ўжо некалькі праграм — з рамансаў Чайкоўскага, Рахманінава, заходнееўрапейскай музыкі.

Мне вельмі падабаюцца вашы камерныя канцэрты. Уражанне, што асобны раманс для вас — маленькі спектакль, зроблены сапраўды віртуозна. Калі праз гісторыю кахання паўстае гісторыя цэлага жыцця... Адзін з рамансаў, што вы часта спяваеце на творчых вечарах, «Огни заката», — наогул маленькі шэдэўр. Зала вельмі эмацыйна адгукаецца, яго патрабуюць выконваць на «біс». Як вы працавалі над творам?

— Усё пачалося тады, калі я прыйшла ў тэатр у якасці піяністкі-канцэртмайстра. Галоўным рэжысёрам быў Вячаслаў Цюпа. У яго і ў Аляксандра Анісімава, галоўнага дырыжора, узнікла ідэя рабіць праграмы старадаўніх рамансаў. Ішоў 1990 год. Знаёмства з жанрам у мяне адбылося найперш у якасці піяністкі. Калі сама пачала спяваць, усведамляла, што годнае выкананне раманса патрабуе адпаведнага вопыту. І жыццёвага, і вакальнага. Бо гэта досыць небяспечная прастора, дзе лёгка скаціцца ў пошласць і вульгарнасць. А хацелася б захаваць «высокий слог». Вельмі люблю Аляксандра Вярцінскага, старых майстроў. Шмат гадоў з задавальненнем слухала Алену Камбураву. Прывабліваюць «незацяганыя» творы, тыя, што мала спяваюцца. Раманс «Огни заката», які вы згадалі, некалі выконвала Наталля Руднева. Я адчула, што з яго можна зрабіць вельмі цікавую рэч, бо за радкамі ўгадваецца цэлае жыццё. Увогуле мяне прываблівае такая манера выконваць рамансы, калі яны паўстаюць у выглядзе невялікіх драматычных твораў.

Ці існуюць дыскі з вашымі запісамі — любімыя арыі, рамансы?

— Вядома, індывідуальныя запісы ёсць. Што датычыць прафесійных, тут усё больш складана: неабходна студыя. Яшчэ ў 1998 годзе на Беларускім радыё з дырыжорам Анатолем Лапуновым, аркестрам радыё і капэлай імя Шырмы запісвала кантату «Ганна Франк» Леапольда Гамберыні. Потым трэкі зрабіліся асновай ліцэнзійнага дыска, выпушчанага ў Мілане. Калі выступала ў тамтэйшай філармоніі, да мяне падыходзілі артысты хору: яны выконвалі сачыненне і слухалі дыск з маім выкананнем. Зноў-такі, вакальны свет надзвычай цесны! Вельмі патрабавальна стаўлюся да сваіх запісаў — тых, якія зроблены на радыё, з канцэртаў. Можа, нават занадта...

Якімі творчымі клопатамі вы цяпер заняты?

— Летам прайшоў чарговы фестываль у Нясвіжы. У ягонай праграме — канцэрт струннага квінтэта «Серэнада». Перыяд, калі я мала спявала ў тэатры, паспрыяў камернай творчасці. З’явілася ідэя ладзіць сумесныя праекты разам са струнным квінтэтам. Першы раз паспрабавала на сольным канцэрце ў філармоніі ў 2006-м. Высветлілася, што жанр запатрабаваны. Ансамбль пачаў жыць асобным жыццём, з ім часта выступаюць салісты нашай оперы.

Ведаю, вы часта пішаце для калектыву апрацоўкі, пералажэнні малавядомых або папулярных музычных сачыненняў — менавіта на такі выканальніцкі склад...

— Так, большасць іх мая. І інструментальныя, і для голасу з ансамблем. Так што я — аўтар і праграм, і апрацовак. Напэўна, у тым выяўляецца прага творчасці. Калі ў пэўны перыяд адчуваю, што недастаткова рэалізуюся як оперная спявачка, дык знаходжу сябе ў вакальна-камернай творчасці. Або раблю праграмы для «Серэнады». Высветлілася: яна больш чым запатрабавана. Але перш за ўсё я ўспрымаю сябе опернай спявачкай...

Таццяна мушынская