«Пан міністар» Францішка Аляхновіча. Аляксандр Палазкоў (Філімон Пупкін).
Сёлета Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача адзначыў 55-годдзе. Узрост паважны, і гэта пры тым, што з гісторыі заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь фактычна выкраслена яго даваеннае мінулае (першы Тэатр юнага гледача БССР дзейнічаў у Мінску з 1931 года па 1941-ы). Так што насамрэч ТЮГ мусіў бы адзначаць ажно 80-я ўгодкі. Усё гэта — добрая нагода, каб падвесці пэўныя вынікі і паразважаць, што ўяўляе сабой сучасны Тэатр юнага гледача.
Нельга сказаць, што калектыў з лёгкай душой сустракае юбілей. З канца 2008 года будынак тэатра «падсеў» на доўгатэрміновую рэканструкцыю, працы па якой практычна не распачаты. Тэатралы ведаюць, што азначае рэканструкцыя для ўстановы мастацтва — гэта перыяд, які трэба перажыць. Галоўная задача на дадзены момант — захаваць калектыў, і мала хто клапоціцца пра якія-небудзь рэформы. Але, хочацца верыць, неўзабаве прыйдзе час вяртацца ў родныя сцены. І да гэтага варта быць добра падрыхтаваным.
Між тым, сёння Тэатр юнага гледача абцяжараны пэўнай нявызначанасцю творчага курса. Пасля працяглых унутраных канфліктаў у 2010 годзе мастацкім кіраўніком стаў Уладзімір Савіцкі. Ён (як, дарэчы, у свой час і Андрэй Андросік) прыйшоў у ТЮГ з пасады рэжысёра Купалаўскага тэатра, дзе займаўся пераважна дарослымі пастаноўкамі. Яшчэ рана казаць пра вынікі дзейнасці новага мастацкага кіраўніка, як і пра наяўнасць акрэсленай праграмы, але ўсё ж такі праглядаюцца пэўныя арыенціры.
Каб даць ацэнку сённяшняму становішчу ТЮГа, трэба азірнуцца ў недалёкае мінулае. Наогул, гэта вялікая праблема, што пры багатай 80-гадовай гісторыі ў калектыве адсутнічае пераемнасць традыцый і кожны новы кіраўнік пачынае будаваць уласную творчую піраміду наноў. Але нельга не пагадзіцца, што найбольш паслядоўнай пазіцыяй і найбольш трывалым ідэйным падмуркам валодаў Андрэй Андросік, які трымаў у сваіх руках лейцы творчага кіраўніцтва тэатрам з 1995-га па 2003 год, да самага свайго заўчаснага скону. Менавіта ён узняў лозунг «ТЮГ — наш сямейны тэатр», які па сённяшні дзень пазіцыянуецца як творчы дэвіз установы. На жаль, Андрэй Андросік стаўся ахвярай спрадвечнай барацьбы, што вядзецца з першых часоў заснавання калектыву, — барацьбы за павышэнне мастацкага ўзроўню дзіцячага тэатра, супраць засілля творчай пасрэднасці і стэрэатыпнага ўспрымання мастацтва для дзяцей. Дзейнасць гэтага рэжысёра была накіравана ў будучыню. Пастаўлены ім у далёкім 1998 годзе спектакль «Маленькі лорд Фаўнтлярой», нягледзячы на пастаянныя змены складу выканаўцаў, і сёння не сыходзіць з падмосткаў ТЮГа, а галоўную ролю іграе ўжо сёмы па ліку юны артыст. Мастацкая задума спектакля можа быць сфармулявана наступным чынам: дзіцячая душа (вобраз Седрыка Эрала) ратуе і прасвятляе жорсткі свет дарослых — нездарма ў Бібліі сказана: «Будзьце як дзеці». Праз гэтае ўзаемадзеянне дзяцінства і сталасці, выяўленай у вобразе графа Дарынкура — загартаванага жыццём чалавека, які страціў давер да людзей, — сцвярджаецца каштоўнасць сям’і як важнейшай ячэйкі грамадства, а ў тэатр прывабліваюцца дзеці разам з іх бацькамі. Менавіта педагагічны, у сукупнасці з рэжысёрскім, дар Андросіка спрыяў устанаўленню найбольш яркага перыяду ў існаванні постсавецкага ТЮГа.
Пра той час, калі тэатр узначальваў Андрэй Андросік, напісана шмат. А вось наступны перыяд жыцця калектыву зусім яшчэ не асэнсаваны. Наталля Башава, што змяніла Андросіка на пасадзе галоўнага рэжысёра, таксама мела сваю канцэпцыю развіцця Тэатра юнага гледача, якую, праўда, не паспела канчаткова сцвердзіць. Будучыню ТЮГа Башава звязвала з прыцягненнем увагі старэйшай — маладзёжнай і падлеткавай — аўдыторыі. Узрасла колькасць пастановак для моладзі: «Тарас на Парнасе» Сяргея Кавалёва, «Апошні двубой» Наталлі Башавай і Мікалая Лявончыка пра жыццё Аляксандра Пушкіна, «Матылёк» Пятра Гладзіліна, «Бліндаж» Алены Паповай і іншыя. Безумоўна, такая лінія развіцця ўступала ў пэўную супярэчнасць з папярэднім досведам калектыву, з ягоным амаль ідэалістычным светаадчуваннем, збочвала са шляху ўсталяванай традыцыі. Тым не менш, у практыцы Наталлі Башавай меліся безумоўна цікавыя рашэнні, што адпавядалі патрабаванням часу. Яна імкнулася размаўляць з падлеткамі на зразумелай ім мове, на тэмы, якія іх рэальна хвалююць. Найлепей гэта выявілася ў нечакана вострасюжэтным для дзіцячага тэатра спектаклі «Пацалунак ночы» Сяргея Кавалёва. Ягоныя героі — маленькія пацыенты шпіталя — надзвычай рана спазнаюць, што ёсць такія рэчы, як хвароба і смерць. У выніку юныя гледачы даведваюцца, што ў аснове гэтых страшных з’яў стаіць імклівы тэхнічны прагрэс, які няшчадна руйнуе прыроду. У гэтай пастаноўцы рэжысёр спрабуе актуалізаваць дзіцячы тэатр, прабіцца да свядомасці сучаснага гледача. І, што цікава, у «Пацалунку ночы» была працягнута традыцыя, запачаткаваная Андрэем Андросікам: нароўні з дарослымі выканаўцамі ў спектаклі іграюць дзеці. Нягледзячы на ўсе супярэчнасці, у пастаноўках Наталлі Башавай выявілася яркая індывідуальнасць стваральніка.
Апошнім часам у рэпертуары тэатра адбываюцца заўважныя змены. Ён паварочваецца тварам да айчыннай класікі. Паўнавартасным дэбютам Уладзіміра Савіцкага на пасадзе мастацкага кіраўніка стаў спектакль «Пан міністар» Францішка Аляхновіча. Востры, інтрыгуючы, заклікаючы да палемікі эксперымент з класічнай драматургіяй. Адметныя сцэнаграфія і касцюмы Віктара Цімафеева перадаюць задушлівую атмасферу трагіфарса, дзе асоба кіруецца самымі нізкімі праявамі чалавечай натуры. Выканаўцы малююць яркія сатырычныя, амаль коміксавыя тыпажы. Безумоўна, спектакль выклікае інтарэс, хоць і не надта ўпісваецца ў існуючую ТЮГаўскую парадыгму. Па словах рэжысёра, у ім практычна адсутнічаюць станоўчыя персанажы, што дае падставу казаць пра «брутальную сатыру». «Пан міністар» разлічаны — чалавека са сфармаванай свядомасцю, які здольны даваць самастойную ацэнку ўбачанаму.
На мой погляд, сёння галоўная праблема калектыву ў тым, што не запоўнена ніша сямейных пастановак, якія доўгі час вызначалі аблічча беларускага ТЮГа. У гэтым сэнсе дарэчы аказаўся спектакль «Брык і Шуся шукаюць лета» Таццяны Сівец, што летась з’явіўся ў рэпертуары. Ён увабраў у сябе шмат пазітыву. Столькі свежасці было прыўнесена маладой пастановачнай групай на чале з рэжысёрам Ягорам Лёгкіным, што міжволі згадалася мара Андрэя Андросіка пра той час, калі на месцы шараговага савецкага ТЮГа ў Мінску паўстане Нацыянальны дзіцячы тэатр са спектаклямі для ўсёй сям’і.
Алесь Сухадолаў