«Summertime» патрабуе працягу

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

Музычны тэатр — у мінулае або ў будучыню?

/i/content/pi/mast/46/782/13.jpg

Ілона Казакевіч, Дзмітрый Якубовіч.

У Беларускім акадэмічным музычным тэатры быў прэзентаваны надзвычай цікавы праект — мюзік-шоу «Summertime», пастаўленае нашым рэжысёрам Анастасіяй Грыненка.

Правядзенне творчых вечароў, паказ эксклюзіўных музычных праграм або шоу сталі трывалай практыкай з 2010 года, калі да кіраўніцтва прыйшла новая каманда на чале з дырэктарам Аляксандрам Пятровічам. Рэвю «Прывітанне, Брадвей!», што сталася «першай ластаўкай», было пабудавана на фрагментах з амерыканскіх мюзіклаў, пра якія мы часта маем вельмі прыблізнае ўяўленне. Услед за рэвю з’явілася праграма «Музычны калейдаскоп», што годна прадстаўляла здабыткі беларускіх кампазітараў (прычым як прызнаных класікаў, так і цяперашніх аўтараў) — песні, урыўкі з опер і сімфанічных твораў. Далей даросламу гледачу і дзецям было прапанавана «Энцін-шоу», складзенае з твораў, напісаных кампазітарам Юрыем Энціным. Сур’ёзным праектам падаліся «Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым»: аркестру тэатра карысна папрацаваць з дырыжорам такога ўзроўню, з’яўленне на сцэне Музычнага вядомых спявачак Ірыны Крыкуновай і Аксаны Волкавай устанавіла высокую планку для вакалістаў трупы.

Аматараў камернай вакальнай музыкі збіралі праграмы рамансаў «Споведзь жанчыны» і «Калядны альбом», з густам пастаўлены маладым рэжысёрам Ганнай Маторнай. Уважлівы слухач звярнуў увагу на тое, што кожны праект прадстаўляў пэўны музычны накірунак і быў адрасаваны мэтавай аўдыторыі. У адрозненне ад іх «Summertime» аб’яднаў уладальнікаў самых розных густаў.

Мюзік-шоу стала сапраўдным спектаклем, пабудаваным па ўсіх законах жанру. У яго аснове — якасная класічная музыка і пісьменная рэжысура, разумнае выкарыстанне прынцыпу кантрастаў. Апошні праявіўся пры чаргаванні англамоўных і рускамоўных кампазіцый, мінору і мажору, савецкіх шлягераў, аперэтачных куплетаў (напрыклад, з «Баядэры» Імрэ Кальмана) і ўрыўкаў з замежных мюзіклаў (з «Вестсайдскай гісторыі» Леанарда Бернстайна). Гэта надало дзеянню дынамізм і эфектнасць.

А завершанасць і цэласнасць шоу абумовіла прафесійная праца сцэнографа Любові Сідзельнікавай. Экран, прымацаваны на задніку сцэны, стаў дадатковай «дзейнай асобай» вечарыны. Беларускія лясныя краявіды змяняліся бязмежным акіянам, а той... кінакадрамі. Напрыклад, славуты дуэт Крысціны і Прывіда (Ілона Казакевіч і Дзмітрый Якубовіч) з мюзікла «Прывід оперы» суправаджаўся кадрамі з аднайменнага фільма.

Што да акцёрскіх работ, дык хацелася б адзначыць высакародную манеру выканання Алега Прохарава, лаўрэата конкурсу «Рамансіяда», і лірызм Лесі Лют (найперш у арыі Асоль з малавядомага, на жаль, мюзікла Валерыя Іванова «Пунсовыя ветразі»). Але асаблівага захаплення заслугоўвае Кацярына Дзегцярова, адна з вядучых салістак трупы, якая на працягу вечара здолела пераканаўча выступіць у чатырох разнастайных амплуа: камічным (Эліза Дулітл з мюзікла «Мая чароўная лэдзі»), лірычным (нумар «Аднойчы ў снежні»), брутальна-«крымінальным» (фрагмент з «Трохграшовай оперы» — разам з Дзянісам Нямцовым) і вострадраматычным (нумар «Калі ласка, не памірай» быў прысвечаны артыстам тэатра, якія пайшлі з жыцця). Прычым у кожным эпізодзе актрыса выглядала натуральна і шчыра.

З’яўленне такіх праграм, як «Summertime», адметнае шэрагам істотных момантаў. Па-першае, яны дазваляюць захаваць у рэпертуары нумары са спектакляў, што па розных прычынах не ідуць на сцэне (рок-оперы «Арфей і Эўрыдыка», «“Юнона” і “Авось”», мюзікл «Мая чароўная лэдзі»). Па-другое, дапамагаюць засвоіць музычны матэрыял, які, магчыма, калісьці стане часткай новага спектакля, у прыватнасці, заходняга мюзікла. Па-трэцяе, такія праграмы з’яўляюцца выразным кантрастам рэпертуарнай палітыцы Музычнага. Прыход у калектыў новай каманды азначаў адмову ад ранейшага курса на бязмежную забаўляльнасць. Неаднаразова на прэс-канферэнцыях гучалі заявы пра намер будаваць паўнавартасны Музычны тэатр, дзе на сцэне будуць існаваць не толькі класічная аперэта і музычная камедыя, але таксама мюзікл, балет, у перспектыве нават опера.

Аднак практычная рэалізацыя гэтых планаў пакуль сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі. З апошніх прэм’ер высокаму статусу акадэмічнага тэатра, на маю думку, адпавядаюць толькі «Аднойчы ў Чыкага», «Сільва» і балет «Мефіста» (шкада, што выканаўцы галоўных партый у апошнім спектаклі з’ехалі ў іншую краіну: пытанне, ці будзе балет прысутнічаць на афішы далей, застаецца адкрытым). Пастаноўкі «Мая жонка — ілгуння», «Аршын мал Алан» і «Блакітная камея», на жаль, вяртаюць трупу ў мінулае. Пры гэтым па-майстэрску зробленыя шоу і праграмы, якія адпавядаюць крытэрыям акадэмічнасці, часцей за ўсё паказваюцца адзін раз і здаюцца ў архіў. А глядач у рэшце рэшт вымушаны ацэньваць узровень тэатра па тым рэпертуары, што не заўсёды падкрэслівае яго лепшыя якасці. Ці не прыйшоў час даць перспектыўным праектам сталую прапіску на сцэне Музычнага?

Дзяніс Марціновіч