Дзве Кацярыны -- дзве перамогі

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Лета -- традыцыйны час мiжнародных конкурсаў артыстаў балета. Прыемна, што сярод iх удзельнiкаў усё часцей можна сустрэць i прадстаўнiкоў Беларусi. Больш за тое, усё часцей беларускiя артысты балета вяртаюцца з прэстыжных форумаў з узнагародамi i ганаровымi прызамi.

Удзельнiчаць цi не ўдзельнiчаць у конкурсах? Упэўнена, кожны таленавiты артыст балета задае сабе гэтае пытанне. Зрэшты, не толькi перамогамi на конкурсах вымяраюцца талент i поспех. У першай палове ХХ стагоддзя конкурсаў увогуле не было, i сёння некаторыя зоркi сусветнай сцэны не лiчаць конкурсы вартымi ўвагi, бо памiж здольнасцю па-майстэрску станцаваць варыяцыю цi па-дэ-дэ i ўменнем правесцi на высокiм узроўнi спектакль -- вялiкая рознiца. I ўсё ж штогод тысячы танцоўшчыкаў пераадольваюць тысячы кiламетраў у надзеi стаць лепшымi на чарговым балетным конкурсе.
 /i/content/pi/mast/3/78/Dzve-Kacyaryny1.jpg
 
Летась пасля перамогi на Мiжнародным конкурсе артыстаў балета ў Варне (Балгарыя) навучэнка выпускнога курса Беларускага харэаграфiчнага каледжа Кацярына Алейнiк (клас педагога Вольгi Лапо) прызналася, што поспех дадаў ёй упэўненасці i веры ў свае сiлы. Будучы стажоркай Нацыянальнага тэатра балета, К.Алейнiк за сезон выканала ў спектаклях тэатра шэраг складаных сольных партый, у тым лiку па-дэ-труа ў «Лебядзiным возеры», па-дэ-дэ ў «Эсмеральдзе», партыю дзяўчыны вагантаў у «Кармiна Бурана». Сёлета К.Алейнiк залiчана ў трупу тэатра балета -- адразу ў якасцi салiсткi. А падчас першага ў сваiм жыццi працоўнага адпачынку танцоўшчыца выправiлася ў далёкi Шанхай (Кiтай) -- на IV Мiжнародны балетны конкурс. Гэта паездка стала выпрабаваннем не толькi на прафесiйнасць, але i на псiхалагiчную трываласць. За дзесяць тысяч кiламетраў Кацярына выправiлася адна, без педагога альбо партнёра. Прытым, упершыню мусiла выступаць у старшай групе, а значыць, нанова сцвярджаць сваё iмя ў «дарослым» балетным свеце.
Балетны конкурс у Шанхаi праходзiць з 1995 года пры падтрымцы Мiнiстэрства культуры Кiтая i ЮНЕСКА. Гэта адзiны мiжнародны прафесiйны балетны конкурс у краіне. Урачыстая цырымонiя адкрыцця праходзiць на сцэне Шанхайскага Вялiкага тэатра (некалькi разоў на гэтай сцэне выступалi артысты Нацыянальнага балета Беларусi). Асаблiвасць шанхайскага конкурсу ў тым, што ён складаецца з двух этапаў. Папярэднi конкурс праходзiць у фармаце адбору DVD. Па яго вынiках сёлета ў паўфiнал прайшлi 180 канкурсантаў з 43 краiн свету. У фiнал удалося трапiць 11-цi, у тым лiку i К.Алейнiк. Конкурсная праграма ўключала як класiчныя варыяцыi, так i сучасныя нумары. У якасцi апошніх Кацярына выбрала дзве мiнiяцюры харэографа Наталлi Фурман -- «Марыя Сцюарт» i «Афелiя», з якiмi яна выступала летась у Варне. Умовы былi не самыя спрыяльныя: адну рэпетыцыю на сцэне Кацярыне далi за некалькi дзён да выступлення, другую -- непасрэдна ў дзень фіналу. Традыцыйны ўрок класiкi для ўсiх канкурсантаў давалi кiтайскiя педагогi.
Сярод членаў журы былi знакамiты танцоўшчык Андрыс Лiепа, дырэктар мiжнароднага
 /i/content/pi/mast/3/78/Dzve-Kacyaryny2.jpg
 
балетнага конкурсу ў Джэксане (ЗША) Брус Маркс, дэкан аддзялення харэаграфii Карэйскага унiверсiтэта мастацтваў, вядомая балерына Хэ-Шык Кiм, выдатная фiнская балерына, намеснiк старшынi Мiжнароднага камiтэта танца ЮНЕСКА Дорыс Лайнэ, знакамiтая кiтайская балерына, мастацкi кiраўнiк Шанхайскага балета Сiнь Лiлi. У выніку наша Кацярына Алейнік стала дыпламанткай конкурсу.

Прызнаная зорка беларускага балета Кацярына Борчанка для выступлення на конкурсе выправілася ў яшчэ далейшую краiну. Пасля леташняга поспеху ў Варне, дзе яна здабыла 2-е месца i сярэбраны медаль, танцоўшчыца выправiлася ў Нагою, на 17-ы Адкрыты ўсеяпонскi конкурс артыстаў балета. Там сабралiся больш чым 600 удзельнiкаў з Вялiкабрытанii, Канады, Японii, Паўднёвай Карэi, Тайваня, Ганконга i iншых краiн. У Нагоі трэба было выступiць усяго з адной класiчнай варыяцыяй. Корчанка ў двух турах танцавала варыяцыю Гамзацi з «Баядэркі» i стала лепшай у старшай групе. Яна заваявала 1-ю прэмiю, званне лаўрэата конкурсу і 5.000 долараў. Гэтак адзінагалосна вырашыла мiжнароднае журы пад старшынствам легендарнага Ю.Грыгаровiча. У склад журы таксама ўваходзiлi народная артыстка СССР Наталля Бяссмертнава, мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага тэатра балета Беларусi Валянцiн Елiзар’еў, мастацкi кiраўнiк Кiеўскага харэаграфiчнага вучылiшча Таццяна Таякiна, а таксама прэм’ер балетнай трупы Сан-Францыска Вадзiм Саламаха.«Гэта была вельмi цяжкая работа -- прагледзець такую вялiкую колькасць удзельнiкаў. Конкурсныя выступленнi пачыналiся ў восем ранiцы i заканчвалiся апоўначы. Уражвае iмклiвы рост тэхнiчнага майстэрства японскiх балерын. І, вядома, малайчына наша Каця», -- гаварыў пасля Валянцiн Елiзар’еў. Балерына прымала вiншаваннi i цiха ўсмiхалася. Толькi яна ведае, колькi ёй спатрэбiлася фiзiчных сіл i нервовага напружання, каб пасля некалькiх тыдняў рэпетыцый у маленькай студыi выйсцi на незнаёмую конкурсную пляцоўку без адзінай рэпетыцыі на сцэне. Станцаваць -- i перамагчы!

Таццяна АЛЯКСАНДРАВА