Вакол сакральнага інструмента

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

Тры кіты «Дударскага фэсту»

/i/content/pi/mast/46/778/6.jpg 
 Аксана Касцян, гурт «Бона Сфорца»
«Табе трэба напісаць гісторыю пра фестываль?» — запытаўся ў мяне Роман Шольц, музыка нямецкага гурта Fidеlius, падчас заключнага канцэрта, які ладзіўся ў сталічным клубе «Рэактар». «Так, трэба...» — адказваю я з унутраным страхам перад тым, што ўражанні ад чатырох дзён канцэртаў, ад канферэнцыі, ад гутарак з беларускімі і замежнымі выканаўцамі могуць рассыпацца на аскепкі, што не складзецца ў маёй свядомасці цэласная карціна падзеі... «Я ведаю, з чаго ты пачнеш свой расповед, — загадкава ўсміхаецца Роман і дорыць мне барабанную палачку, якой адыграў тры канцэрты ў Беларусі. — Думаю, гэта будзе добры пачатак». Пачатак сапраўды добры, але і страхі мае, на шчасце, не спраўдзіліся. Фэст, расцягнуты ў часе (на некалькі дзён) і прасторы (канцэрты праходзілі на розных пляцоўках — у Палацы культуры ветэранаў, музеі старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», сталічным клубе «Рэактар», на хутары Шаўловічы, што ў Валожынскім раёне), застаўся ў памяці як падзея цэласная і непадзельная. І трымаюцца ўспаміны не толькі на нямецкай барабаннай палачцы з аўтографам (рэчы, цяпер безумоўна дарагой для мяне), але, як і ўсё на свеце, на трох кітах — аднак, у выпадку з фэстам, спецыфічных.

Кіт першы, музычны

/i/content/pi/mast/46/778/7.jpg

Піерс Роджэр Форд, музыка гурта Fidelius.

Натуральна, што ў цэнтры ўвагі фестывалю знаходзіцца музыка, прычым адметных стыляў — ад ваяўнічых сярэднявечных спеваў, выкшталцоных мелодый перыяду барока да нястрыманага сучаснага псіхадэлічнага фольк-рока — у выкананні гуртоў з розных краін свету. Але аматараў на першы погляд несумяшчальных кірункаў аб’ядноўвае адзін інструмент — дуда. Сёлетні «Дударскі фэст» ладзіўся дзясяты раз, таму і склад гасцей аказаўся асабліва зорным — упершыню Мінск наведалі карыфеі скандынаўскага фольк-рока гурт Hedningarna (Швецыя), гурт старадаўняй музыкі Fidelius (Германія), а таксама гурт сярэднявечнай і фолькавай музыкі Open Folk (Польшча). Поруч з замежнымі гасцямі выступілі і беларусы — «Стары Ольса», «Кашлаты Вох», «Бона Сфорца», ESSA, Litvintroll, «Яварына».

Сапраўднай радасцю стаўся прыезд у Беларусь славутых шведаў з Hedningarna («Язычнікі») — ужо амаль чвэрць стагоддзя яны застаюцца зоркамі фольк-рока ва ўсёй Еўропе, хоць цяпер выступаюць не так актыўна. Нямецкія музыкі з Fidelius нават жартавалі: «Мы трапілі на канцэрт Hedningarna толькі ў Беларусі, бо ў Берліне яны не выступалі ўжо амаль дзесяць год».

— Можна сказаць, што Hedningarna — сёння забытае імя ў Швецыі, ды і фольк-рок у нашай краіне ўжо не такі папулярны, як у 1990-х. Нам на змену прыходзіць шмат добрых выканаўцаў, але яны граюць акустычную музыку ў народнай традыцыі, мы ж смела эксперыментуем з электронікай — так можна атрымаць мноства захапляльных гукаў, — распавёў Халбус Тотэ Матсан, музыка гурта Hedningarna.

У Беларусі ж сёння, наадварот, назіраецца «дудовы Рэнесанс», уздым папулярнасці ўсіх фольк-стыляў. Ды і моцныя, нардычныя шведскія мелодыі, якія зачароўваюць і гіпнатызуюць, нам асабліва блізкія і зразумелыя, нават на генетычным узроўні.

— Традыцыйная беларуская інструментальная музыка яшчэ да канца не вывучаная і найбліжэйшым аналагам мае шведскую, — разважае спецыяліст у гэтай галіне Тодар Кашкурэвіч. — Hedningarna ў Мінску ведаюць ужо гадоў дваццаць, ён паўплываў на мысленне нашых музыкаў.

Гурт са Швецыі не толькі зачараваў публіку мелодыямі, але і заінтрыгаваў беларускіх майстроў і выканаўцаў сваімі незвычайнымі інструментамі.

— Наш гурт выкарыстоўвае старыя інструменты, але і спалучае іх з новымі ў розных варыяцыях, — тлумачыць Халбус Тотэ Матсан. — І калі мы маем вобраз нейкага гуку, спрабуем яго атрымаць рознымі шляхамі. Некаторыя інструменты вядомыя ўжо з ХІІІ стагоддзя, ці, як клавішная арфа (па англійску keyharp), — з XVI-га. Часам здараецца, што мы маем інструмент, але не маем струн да яго ці не ведаем яго арыгінальнага гучання. Таму вымушаны вынаходзіць новы спосаб яго выкарыстання. Гэтыя інструменты натхняюць Андэжа, майстра і музыку нашага гурта, на стварэнне незвычайных скрыпак і гітар. Я граю на вялікай лютні, якая называецца мандора, яна вядомая з часоў барока. Ёсць у Hedningarna і ўнікальны па сваёй сутнасці струнна-ўдарны інструмент (іх у свеце ўсяго два), яго ідэю мы перанялі ў аднаго з французскіх гуртоў.

Кіт другі, нацыянальны

— Правядзенне музычных фэстаў, прысвечаных аднаму інструменту, падаецца задумай цалкам лагічнай. Такі крок дапамагае вылучыць інструмент, паказаць адметнасць яго гучання, падказвае, як удасканаліць будову і, вядома, дэманструе майстэрства ігры на ім. Мы ўдзельнічалі ў фестывалі лютні, а паколькі ў сваёй выканаўчай практыцы выкарыстоўваем скандынаўскую дуду — хоць грае яна не так гучна, як беларуская, — з задавальненнем прыехалі на фэст, — разважае Халбус Тотэ Матсан.

Думкі шведскага музыкі сапраўды слушныя, але для Беларусі дуда — інструмент сакральны. Таму ў выпадку з «Дударскім фэстам» да задач фестывалю дадаецца яшчэ адна — самая значная: вяртанне беларусам мінулага, аднаўленне дударскай традыцыі. І фэст сваю місію выконвае паспяхова.

— На пачатку 1990-х мы зрабілі першыя дуды, вывучылі некалькі мелодый, — распавядае заснавальнік «Дударскага фэсту» Тодар Кашкурэвіч. — Гэта быў час, калі ў краіне распрацоўвалася новая культурная мадэль. Мы адразу ж вырашылі ладзіць міжнародны фестываль, на які запрашалі музыкаў з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Швецыі, Галандыі, Вялікабрытаніі. Фэст, які тады трымаўся на юнацкім імпэце, стаўся сапраўднай з’явай. Быў у гісторыі фестывалю і складаны час. Але ў 2006 годзе музыка і даследчык Зміцер Сасноўскі адрадзіў фэст, змяніў яго фармат. Фестываль пачаў праводзіцца штогод, ён атрымаў шырокую папулярнасць, дзякуючы гэтаму і дуда набыла значна больш прыхільнікаў сярод моладзі. За час існавання фэсту Беларусь ператварылася ў краіну-лідара ў справе адраджэння дударскай традыцыі ва Усходняй Еўропе. З’явіўся шэраг майстроў, якія робяць дуды для Літвы, Расіі, больш таго, мы можам нават пахваліцца, што беларускія майстры валынкі адрадзілі дударскую традыцыю ў Літве (у беларусаў і літоўцаў аднолькавы тып інструментаў, які адрозніваецца ад латышскага, польскага, украінскага і эстонскага).

За апошняе дзесяцігоддзе з’явілася і вялікая колькасць аматараў дуды — гэта ўжо сотні людзей. Прадстаўнікі розных моладзевых субкультур, яны кожны год збіраюцца на фэсты і, што важна, танчаць народныя танцы пад дуду. Ужо колькі сезонаў функцыянуе «Дударскі клуб», сустрэчы якога ў зімовым фармаце праводзяцца ў клубах, у летнім — на адкрытым паветры. З’яўляецца і шмат гуртоў сярэднявечнай і фольк-музыкі.

Кіт трэці, навуковы

Традыцыйным складнікам «Дударскага фэсту» стала канферэнцыя, на якую збіраюцца майстры і даследчыкі гісторыі валынкі. Сёлета сустрэча была прысвечана захаванню дударскай традыцыі на ўсходзе Еўропы. Так, даследчык і сябар «Дударскага клуба» Яўген Барышнікаў падзяліўся вынікамі сваіх вышукаў. Ён прадэманстраваў першыя каляровыя выявы двухбурдоннай беларускай дуды (сярэдзіна ХІХ стагоддзя), выкананыя Рудольфам Жукоўскім, падзяліўся і ўнікальнымі звесткамі пра тое, як пасля смерці Лжэдзмітрыя І раз’юшаныя баяры паклалі на яго цела дуду са словамі: «Мы цябе пацешылі, цяпер ты нас пацеш». У гэтым выпадку дуда выступае сімвалам улады Лжэдзмітрыя І, якая трымался на літоўскіх палках. Асабліва цікавай і забаўляльнай падалася слухачам надзвычай папулярная ў ХІХ стагоддзі гісторыя, расказаная Яўгенам, — пра дудара, які па неасцярожнасці ўначы трапіў у яму-пастку, дзе ў гэты час ужо сядзеў воўк. Зранку музыка, не адразу скеміўшы, дзе знаходзіцца і што адбылося, пачаў граць на дудзе. Гучная музыка спалохала звера, ён спрабаваў выскачыць з ямы і скакаў да таго часу, пакуль на дапамогу дудару не прыйшлі людзі з вёскі.

Падчас «Дударскага фэсту» ваўкі не палохалі беларускіх і замежных выканаўцаў (наадварот, іх, па старажытнай традыцыі, дзяўчаты заахвочвалі абаранкамі), але гралі музыкі гэтак жа гучна, энергічна і ўтрапёна. І, натуральна, слухачы адгукаліся — пакідалі ўтульныя крэслы ў зале і пускаліся ў скокі; актыўна танчылі і на адкрытым паветры — у «Дудутках» і на хутары, каля вогнішча. Асабліва ж яркім і запамінальным стаўся фінальны канцэрт фэсту, што праходзіў у «Рэактары» (дарэчы, гэта ўвогуле была апошняя вечарына ў клубе перад рамонтам і зменай агульнай канцэпцыі). Беларускія, нямецкія, польскія выканаўцы змянялі адзін аднаго на сцэне, «запальваючы» публіку на танцполе. Нават флегматычна выкананыя і дэталёва прапрацаваныя мелодыі польскага гурта Open Folk былі дарэчы ў гэтай шматстайнай карціне. «Калі надарыцца магчымасць, мы ахвотна яшчэ раз прыедзем на фестываль», — сказаў пасля канцэрта Роман Шольц з гурта Fidelius. Нам жа, беларусам, пра магчымасці казаць не выпадае — яны абавязкова будуць. Застаецца толькі дачакацца наступнага фэсту.

Марына ВЕСЯЛУХА