Золата на чорным

№ 7 (340) 01.07.2011 - 31.07.2011 г

EX LIBRIS ад Ганны Ціханавай

 /i/content/pi/mast/46/777/4.jpg
 Адам і Ева. Афорт. 2010.
У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва праходзіла выстава графічных твораў Ганны Ціханавай «33 EX LIBRIS plus...». Жанр экслібрыса стаў для мастачкі асноўнай формай выказвання, у ім яна дасягнула і поспеху, і прызнання.

Знак — самая галоўная адметнасць экслібрыса. Некаторыя творцы даводзяць яго да максімальнай яснасці, тым самым пераўтвараючы выяву амаль у лагатып. Творы Ганны Ціханавай характарызуюцца іншымі якасцямі: яна набліжае экслібрыс да фармату станковай гравюры, надзяляючы яго шматлікімі сэнсавымі і выяўленчымі пластамі.

Кніжны знак даўно страціў свае ўтылітарныя функцыі пазначэння аўтарства выдання, задача, якую ставяць перад сабой мастакі, — стварыць своеасаблівы партрэт замоўцы ці калекцыянера, знайшоўшы для яго адпаведныя сімвалы і вобразы. Адштурхнуўшыся ад словаў і ўяўленняў, праз гульню і парадоксы форм увасобіць сутнасць ці свет захапленняў асобнага чалавека.

Нагода для мастакоўскіх інтэрпрэтацый можа быць вельмі простай. У рабоце для Джэка ван Пэера (Бельгія) Ганна абыгрывае тэму калекцыі ўладальніка — гульню словаў, звязаную з яго прозвішчам («Peer» па-фламандску «груша»). Акцэнт зроблены на багатых фактурах і на грушах, якія дзяўчына трымае ў руках. Аднак візуальнае напаўненне эстампа нашмат багацейшае за слоўную пераклічку: твор хочацца кранаць, разглядаць яго зблізку, назіраць, як святло трапляе і хаваецца ў нюансах друку...

Часам крыніцай натхнення становіцца музыка. У аснову экслібрыса, створанага ў якасці памятнага знака «Нommage» з прысвячэннем аргенцінскаму кампазітару Астару П’яцола, пакладзена меланхалічная кампазіцыя «Adios Nonino», напісаная пасля смерці бацькі кампазітара. На першым плане танчыць аголеная маладая дзяўчына, яна прыціскае да грудзей вешалку з мужчынскім гальштукам, што падкрэслівае яе адзіноту. На заднім плане — ногі пары, якая выконвае танга. Гэта нібыта ўспамін гераіні графічнага аркуша, але адначасова і яе мара пра новае каханне.

Выстава «33 EX LIBRIS plus...» стала для Ганны Ціханавай пазначэннем адметнага этапу яе творчага сталення. А ўлічваючы, што гэта першая экспазіцыя, зробленая пасля нараджэння дачкі, яна зафіксавала і важны перыяд у жыцці жанчыны. Менавіта таму ў афортах уладна запанавала складанае і высакароднае спалучэнне золата з чорным. Як сведчанне глыбіні пачуццяў і адначасова — таемнай прыцягальнасці эрасу.

Менавіта праз прызму жаночага цела ўвасабляецца ў Ганны цэласны пантэістычны погляд на свет. Цела — нібы матрыца — замяшчае і ўтрымлівае вельмі многія рэчы: элементы архітэктуры, лініі краявідаў, хвалю ці гару. Яно само ўдзельнічае ў стварэнні невялікіх фрагментаў гэтага свету: аддзяляе святло ад цемры і нараджае абрысы новых формаў.

Афорт «Скала» належыць да экслібрысаў марскога цыкла мастачкі, інспіраванага раманам італьянскага пісьменніка Алесандра Барыка «Мора-акіян» і музыкай шведскага кампазітара Кейціла Б’ёрнстада. Скала ў гэтым творы — жаночае цела, да якога набліжаецца невялікі карабель. У наступным афорце цыкла жаночае цела інтэрпрэтуецца як хваля. Лінія рухаецца лёгка і вольна, пазбягаючы анатамічнай дакладнасці, партрэтнай канкрэтыкі. Яна пазначае жаночыя формы гэтак жа спакойна і мудра, як пры акрэсліванні абрысу зямлі, гары ці лесу.

У рабоце «Адам і Ева» цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца яблык. Прастора паміж дзвюмя постацямі вымалёўваецца ў разарваны сілуэт пясочнага гадзінніка. Фігуры, пададзеныя не цалкам, паўстаюць выразнымі фрагментамі вечнага станаўлення, закальцаванага ў час біблейскага сюжэта.

Для калекцыі Ёсефа Бурха (Швейцарыя) мастачка зрабіла графічны аркуш на тэму «Eros and Thanаtos» («Эротыка і Смерць»). Твор падзяляецца на светлы верх і цёмны ніз. «Ён» і «Яна» пададзены сімвалічна, глядач бачыць толькі ногі герояў, прычым «Яна» стала на дыбачкі, каб пацалаваць «Яго». Але гэта (тлумачыць Ганна) застаецца ўжо па-за кадрам. У ніжняй частцы кампазіцыі праз фактуры праступаюць косці чалавечых рук — гэта рукі продкаў, якія трымаюць постаці.

У іншым творы — «Еўропа і Бык» — жаночая фігура размясцілася на залатых рогах — як іх працяг ці пачатак нараджэння новай формы.

Акрамя складаных і глыбокіх фактур, надзвычай актыўным формастваральным сродкам у работах Ганны з’яўляецца лінія. Акрэсліваючы генезіс рэчаў, яна валодае жыццесцвярджальнай сілай, нейкай амаль барочнай выразнасцю і адначасова эмацыйнай вольнасцю.

Рыса — гэта нібы почырк мастачкі, след яе цялеснасці, які яна не хавае і не стылізуе, а наадварот — з вольным пачуццём акцэнтуе.

Найбольш ярка такое стаўленне праявілася ў чатырох афортах, названых «Паравіны года». Цыкл міні-прынтоў задумваўся як аўтабіяграфічны, ён уключае ў сябе сімвалічнае і вельмі асабістае апісанне перыяду цяжарнасці жанчыны.

Першы аркуш, «Восень», увасабляе жаночае цела, на якое апускаецца кляновае насенне — знак пачатку, апладнення. У другім аркушы, «Зіме», паўстае выява аголенай жаночай фігуры са спіны — сімвал спакою, чакання. У «Вясне» акцэнт зроблены на жаночае цела з цяжарным жыватом. «Лету», калі адбылося нараджэнне дзіцяці — «залатога плода», адпавядае выява грудзей з немаўляткам. Метамарфозы, што адбываюцца з целам, злучаюць жанчыну з сіламі прыроды — з яе унутранай мудрасцю і спакоем.

Панаванне залатога колеру ў творах Ганны Ціханавай эратычнай тэматыкі (адзін з калекцыянераў назваў яе эротыку інтэлектуальнай, яна патрабуе расшыфроўкі, прачытання) як нельга лепш кладзецца на лірыку перыяду барока.

Адметным акцэнтам экспазіцыі выставы ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва сталіся ілюстрацыі да кнігі Францішкі Уршулі Радзівіл «Нясвіжскі альбом» — зборніка любоўнай лірыкі ХVІІІ стагоддзя, выдадзенага ў Мінску невялікім тыражом. Вольная і гарэзлівая лінія Ганны даволі дакладна адпавядала вершам гаспадыні літаратурнага салона, што існаваў у знакамітым палацы.

Францішка Уршуля Радзівіл была натурай асветніцкага кшталту, з няпростым жаночым лёсам: з вялікай колькасці дзяцей, якіх яна нарадзіла свайму мужу, нясвіжскаму ардынату і вялікаму гетману літоўскаму Міхалу Казіміру Радзівілу Рыбаньку, выжылі толькі чацвёра. Стварыла аматарскі тэатр, што не меў аналагаў у тэатральнай культуры славянскіх народаў, была жанчынай з бліскучай хатняй адукацыяй, ведала тры мовы і арыентавалася ў літаратурных навінках.

Яе любоўная паэзія (найчасцей гэта лірычныя вершаваныя лісты да мужа, які нярэдка пакідаў па справах Нясвіж) прасякнута тонкай інтэлектуальнай гульнёй — гумарам, красамоўнымі метафарамі і параўнаннямі і адначасова непрыхаванай моцай яе пачуццяў.

Ганна Ціханава адгукнулася на метафарычную літаратурную мову гаспадыні нясвіжскага салона ўласнай візуальнай інтэрпрэтацыяй.

Увагу мастачкі не мог не прыцягнуць верш Францішкі Уршулі Радзівіл «Апісанне персяў жаночых» («Гэта цуд сэрца, што дзве цытадэлі / Высяцца поруч сярод чыстай белі, / Ззяюць рубінамі іх бастыёны, / Кшталтам зусім як абрысы Белоны. / Што ж трэба ведаць пра крэпасці тыя? / Іх не здабудзеш аблогамі злымі...»), бо такія параўнанні і асацыяцыя блізкія і яе выяўленчай стылістыцы.

Наша сучасніца разглядае лірычную паэзію ХVІІІ стагоддзя праз значную гістарычную адлегласць, і таму яе погляд рэфлексіўны: яна актыўна карыстаецца культурнымі і архетыпічнымі сімваламі — ці гэта выява ключа, ці культавыя вобразы знакамітых будынкаў. Напрыклад, выявы жаночага цела Ганна падае праз вядомыя сімвалы —муры Нясвіжскага і Мірскага замкаў. Постаць, узятая «ў гарсэт» замка, вежы Міра, што нібы схаваны пад жаночымі грудзьмі, — вытанчаная гульня спрабуе патрапіць у стыль паэзіі, акцэнтуючы пры гэтым падставовыя асновы мужчынскага і жаночага пачаткаў.

На вокладцы мастачка змясціла партрэт Уршулі Радзівіл, ураўнаважаны стылізаванымі літарамі «W» і «R», якія нясуць сэнсавую нагрузку ў якасці манаграмы аўтаркі кніжкі. «Я з Вішнявецкіх і Радзівілова», — прадстаўляецца сама княгіня ў адным з вершаў. Рыса, што пазначае цела, плаўна перацякае са старонкі на старонку, стылістычна аб’ядноўваючы кнігу ў адзіны і закончаны твор.

Улюбёная форма самавыражэння Ганны Ціханавай — экслібрыс, а значыць — складаныя дзеянні з сэнсамі, словамі, знакамі, вобразамі. На выставе панавалі творы, што патрабавалі засяроджанага сузірання і ўважлівага разглядвання, а найперш — разумення той тонкай інтэлектуальнай гульні, што Ганна вядзе са сваім дасведчаным гледачом, які пласт за пластом «раскрые» ўсе загадкі.

Алеся Белявец