У паўзмроку пакоя

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

Злоўленыя моманты Валерыя Лабко

/i/content/pi/mast/45/775/57.jpg

Валерый Лабко. Партрэт балерыны Таццяны Шаметавец. 1985.

Далікатная, таемнай прыгажосці жанчына задумліва ўзіраецца ў гледача. Прыглушанае святло, мяккія таніроўкі — усё стварае вобраз надзвычай прыцягальны і пры гэтым — нібы напаўпрыхаваны ад нас.

У партрэт балерыны Таццяны Шаметавец фатограф Валерый Лабко ўклаў многае: і сваё пачуццё да мадэлі, і прыцягальнасць асобы, і асаблівую атмасферу, і вострае адчуванне моманту — адзінства часу і месца.

Безумоўна, выява незнаёмага нам чалавека выдае сваю эпоху толькі нейкімі дэталямі адзення. Калі прыбраць побытавыя элементы, застаецца агульначалавечае. Партрэты Валерыя Лабко маюць каштоўнасць гэтага погляду ў глыбіню. Яны пазачасавыя, і толькі прафесіянал можа больш-менш дакладна вызначыць перыяд, калі быў зроблены здымак, бо менавіта ў 1980-я гады ў фатаграфіі сталі моднымі таніроўкі, зярністая паверхня здымкаў, і ніхто ўжо не займаўся фотаграфікай, характэрнай для знакамітых выстаў клуба «Мінск».

Пасля 1990-х гадоў усе тэхнікі змяшаліся, і цяжка разабрацца, калі што было зроблена.

У «Студыі-3», якую вёў Лабко і дзе ён ужо напрацаваў сваю методыку выкладання, праходзіла шмат дыскусій на тэму: «У які момант адбываецца акт творчасці — калі націскаеш на затвор ці калі друкуеш здымак, карэктуючы пры гэтым выяву?» Паводле Валерыя Лабко — тады, калі ты ўбачыў свой кадр.

Мяркую, што ўсе партрэты гэтага фатографа — не пастановачныя, ён вельмі дакладна адчуваў момант здымкі і лавіў яго. У гэтым магія плёначнай фатаграфіі, яе сакральнасць: аўтар не адразу назірае вынік сваёй працы, і менавіта па гэтай прычыне нараджаецца пачуццё адзінства з рэальнасцю...

У мяне асабіста было няшмат такіх выпадкаў, калі націскаеш на затвор фотаапарата з цвёрдым перакананнем: кадр атрымаўся. Праяўляеш плёнку і бачыш фіксацыю таго адчування, якое наведала цябе пры здымцы. У гэтым цуд фатаграфіі, і згадваючы ўрокі Валерыя Лабко ў студыі, я разумею, што менавіта такія моманты ён і вучыў нас шукаць.

Выхаванцамі «Студыі-3» былі вельмі розныя асобы, і напэўна каля паловы з іх у рэшце рэшт змянялі прафесію, пачалі адмыслова займацца фатаграфіяй. Дарослыя людзі, якія дзесьці вучыліся, працавалі і ў сваім жыцці ўжо нечага дасягнулі, кардынальна мяняюць род дзейнасці. А што гэта значыла: у савецкі час змяніць прафесію інжынера на лёс вольнага мастака? Гэта было няпроста.

Лабко мог захапіць сваёй справай чалавека цалкам, і ў гэтым феномен нашага выкладчыка.

У чым жа сакрэт Валерыя Лабко? Безумоўна, ён вучыў разнастайным тэхнічным прыёмам.

Чаго варты вынайдзеныя ім знакамітыя праявіцелі, кропкавы друк, з дапамогай якога атрымлівалася зярністая, багатая фактура здымка...

Мы змаглі дасягаць глыбіні чорнага, бо карысталіся фотапаперай, тэрмін прыгоднасці якой скончыўся: справа ў тым, што ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х у паперу клалі больш срэбра. Мы куплялі старую, нікому не патрэбную плёнку, бо яна была лепшай якасці.

Але вырашальную ролю адыграла асаблівая атмасфера, што панавала ў студыі. Як вялікі педагог, наш кіраўнік прымушаў разгледзець нешта незвычайнае — у сабе... Яго цікавіла, якія фільмы мы глядзім, якую музыку слухаем. Такія людзі дапамагаюць сваім вучням раскрыцца і заняцца тым, да чаго ў іх ёсць прызванне. Для мяне асабіста Валерый Лабко стаў настаўнікам фатаграфіі і жыцця.

Напрыканцы 1980-х выйшаў альбом, прысвечаны савецкай фатаграфіі. Значную частку выдання заняла мінская школа — творы выпускнікоў Валерыя Лабко. Гэта стала яскравым пацвярджэннем таго факта, што менавіта дзякуючы яму ў беларускай фатаграфіі канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў акрэслілася асобная плынь, якая гучна заявіла пра сябе ў свеце.

Ірына Сухій