Творцы новай рэальнасці

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

Еўрапейская тэатральная прэмія

/i/content/pi/mast/45/772/47.jpg

«Метамарфоза» паводле Франца Кафкі. Тэатр «Вестурпорт» (Ісландыя).

Упершыню гэтая прэстыжная прэмія, падтрыманая Саюзам тэатраў Еўропы і Еўрапейскай асацыяцыяй фестываляў, Міжнароднай асацыяцыяй крытыкаў, Міжземнаморскім інстытутам тэатра і Міжнародным інстытутам тэатра (ЮНЕСКА), была ўручана ў 1987 годзе ў сіцылійскай Таарміне, і вельмі хутка цырымонія яе ўручэння ператварылася ў поўнамаштабнае свята з усімі адпаведнымі прыкметамі: вялікай колькасцю ўдзельнікаў, канферэнцыямі, «круглымі сталамі», паказам спектакляў новых і папярэдніх лаўрэатаў.

У розныя гады Прэмію атрымалі: Арыяна Мнушкіна, Пітэр Брук, Джорджа Стрэлер, Хайнер Мюлер, Роберт Уілсан, Піна Бауш, Мішэль Пікалі, Рабэр Лепаж, Петэр Цадэк, Лука Ранконі, Леў Додзін, Гаральд Пінтэр, Крысціян Люпа, Патрыс Шэро. Перадапошняя, 2009 года, цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Вроцлаве, у сувязі з гадавінай смерці Ежы Гратоўскага; у 2010-м крызіс не дазволіў гэтай падзеі адбыцца.

І нарэшце, у красавіку 2011-га, упершыню за час існавання, чарговае, чатырнаццатае ўручэнне Прэміі адбылося ў Расіі, у Санкт-Пецярбургу, пры падтрымцы Міністэрства культуры РФ і ўрада Санкт-Пецярбурга, сумесна з Фондам «Балтыйскі міжнародны фестывальны цэнтр» і Тэатрам-фестывалем «Балтыйскі дом».

Аналізуючы ўражанні ад убачанага, спрабую зразумець, ці паўплывала на іх месца правядзення.

Велічны горад з ягонай непаўторнай чароўнасцю, высокім паўночным небам і вялізнай колькасцю неспакойнай вады, з яго славутымі ценямі і гісторыяй...

Пецярбург аказаўся для Еўрапейскай тэатральнай прэміі не фонам, а бадай што галоўнай дзейнай асобай. Каб не згубіцца сярод мастацкага і эмацыйнага выпраменьвання такой моцы, творца сапраўды мусіць быць зоркай першай велічыні.

Геніяльная грунтоўнасць Петэра Штайна, лаўрэата сёлетняй Еўрапейскай тэатральнай прэміі, сталася ў чымсьці роднаснай самому духу Пецярбурга. Павольна і немітусліва разгортвае выдатны нямецкі рэжысёр класічныя палотны, напоўненыя святлом і дакладнымі дэталямі, як на карцінах старых майстроў. Чароўнасць сапраўднасці, аздобленая лёгкім сумам як неабходнай спецыяй, лунае над залай. Генрых фон Клейст, «Разбіты збан», тэатр «Берлінер ансамбль»... Вялікі Клаус Марыя Брандаўэр з моцартаўскай лёгкасцю пераўвасабляецца ў старога вясковага суддзю, сладастрасніка і шэльму. Вядома ж, мараль возьме верх. Канешне, юнай дзяўчыне даруе жаніх, а выкрытаму «суддзі няправеднаму» не застанецца нічога, апрача сораму і ўцёкаў. І тут расчыняцца класічныя дэкарацыі, і мы ўбачым постаць уцекача сярод бясконцай снежнай прасторы, і карагод праследавацеляў закруціцца вакол яго ці то ў танцы, ці то ў рытуальнай дзеі, і ўзнясецца стары суддзя да нябёс (а якое яшчэ выйсце з кола?) — там адплата, там аддача па заслугах.

«У рэпертуарным тэатры рэжысёр — дыктатар. Я ненавіджу закулісную рэжысуру», — сказаў падчас канферэнцыі Юрый Любімаў, узнагароджаны Спецыяльнай прэміяй 2011 года за ўклад у сучаснае мастацтва.

Спектакль маскоўскага Тэатра на Таганцы «Мёд» паводле Таніна Гуэры пацвярджае гэты пастулат майстра. Любімаўскі рэжысёрскі почырк дакладна акрэслены ў прыпавесці пра братоў, што дажываюць свой доўгі век у апусцелай вёсцы сярод нешматлікіх аднасяльчан. Таніна Гуэра звярнуўся да Любімава з прапановай паставіць гэтую паэму (назваўшы яе «выніковай») напярэдадні свайго 90-гадовага юбілею. Спектакль настолькі напоўнены светлым смуткам, што, здаецца, ён пераліваецца цераз край. Мёд жыцця заўсёды злізваеш з вастрыя нажа — слодыч ад гэтага не меней.

З 1990 года на цырымоніі пачалі ўручаць яшчэ адзін прыз: «Новая тэатральная рэальнасць». Сярод лаўрэатаў гэтай прэміі былі Эймунтас Някрошус, Анатоль Васільеў, Крыстаф Марталер, Алвіс Херманіс, Саша Вальц, Кшыштаф Варлікоўскі, Алан Платэль, Томас Астэрмаер...

«Новая тэатральная рэальнасць» — гэтая назва шмат да чаго абавязвае. Ці многа іх у Еўропе, стваральнікаў новай рэальнасці на тэатры, ды яшчэ з узроставымі абмежаваннямі (не старэй за 50 гадоў)? Як высветлілася (на думку журы) — нямала. Столькі, што прэмію 2011 года падзялілі між шасцю (!) лаўрэатамі. Пералічым іх: Віліям Дачаламанскі (Славакія—Чэхія), Кэці Мітчэл (Вялікабрытанія), Андрэй Магучы (Расія), Крысціян Смедс (Фінляндыя), тэатр «Вестурпорт» (Ісландыя) і тэатр «Мерыдыяналь» (Партугалія).

Віліям Дачаламанскі нарадзіўся ў 1975 годзе ў маленькім славацкім гарадку і рана захапіўся музыкай. У пяць гадоў пачаў іграць на фартэпіяна, а ў пятнаццаць арганізаваў уласны джаз-банд... Вывучаў у Брно рэжысуру музычнага тэатра. У 1991-м з групай акцёраў адправіўся ў Андалузію засвойваць вакальны і пластычны фальклор, у выніку чаго ўзнікла Міжнародная тэатральная студыя «Ферма ў пячоры». Пастаўленыя Дачаламанскім спектаклі гэтага тэатра і былі паказаны ў Пецярбургу. Адзін з іх — «Тэатр», бессюжэтная пластычная кампазіцыя, прасякнутая бразільскімі музычнымі і танцавальнымі матывамі; другі — «Падарожжа», дзіўная сумесь з кантэ хонда, рытмаў тарэра і песень эмігрантаў-русінаў. Добрасумленная, старанная работа маладых акцёраў і рэжысёрскі пошук, аднак, палягаюць у даследаваным рэчышчы, і мастацкі вынік наўрад ці можа быць названы наватарскім.

Англічанка Кэці Мітчэл (1964) вучылася ў Оксфардзе. Тэатральную кар’еру пачала ў Каралеўскім Шэкспіраўскім тэатры, дзе з поспехам ішлі яе пастаноўкі: «Фінікійкі», «Генрых VI», «Дзядзька Ваня», «Містэрыі». З 1989 года супрацоўнічае з многімі еўрапейскімі тэатрамі, у тым ліку опернымі. Працуючы рэжысёрам Каралеўскага тэатра, Кэці, актыўна выкарыстоўваючы мультымедыя, крыху адышла ад псіхалагічнага тэатра. Апошняя пастаноўка — «Прыгажуня і пачвара», добрая чароўная казка, адзначаная яркай тэатральнасцю.

Канешне, такая інфармацыя, ветліва прапанавая арганізатарамі, не можа замяніць асабістыя ўражанні. Але менавіта іх не аказалася, бо паказ спектакляў Кэці Мітчэл у праграме не быў прадугледжаны. Так што меркаваць пра з’яўленне «новай тэатральнай рэальнасці» ў работах Кэці мы не можам.

«Маё крэда — уцямная, змястоўная сістэма каардынат плюс інтуітывізм», — кажа Андрэй Магучы, рускі рэжысёр, першыя прафесійныя работы якога, заснаваныя на сістэме Гратоўскага, былі візуальным невербальным тэатрам. За дваццаць гадоў, што мінулі з таго часу як Магучы стварыў у Санкт-Пецярбургу свой «Фармальны тэатр», ён спрабаваў сябе ў розных сцэнічных жанрах. Сёння Магучы — рэжысёр старэйшага ў Расіі Александрынскага тэатра — застаецца эксперыментатарам, але ж выказвае цікавасць і да псіхалагізму.

Магучы кажа: «Мне не патрэбны акцёры, якія не ведаюць, пра што гавораць, і не валодаюць інструментарыем. Сёння я не вельмі ўпэўнены, што мне неабходны тэатр са сваімі акцёрамі. Працэс пастаноўкі мяне цікавіць болей, чым вынік. Хачу працаваць з маладымі, вучыцца ў іх. Чакаю арганізацыі маладзёжнага цэнтра пры Александрынцы.

Хочацца распавесці простую гісторыю, без метафар, але чамусьці не атрымліваецца. Сёння мяне цікавіць гісторыя, сюжэт. Не перапрацоўка старых сюжэтаў, “постмадэрнізм”, першакрыніца — як нагода для разваг і адказаў на пытанні. Хацеў бы выкладаць інтуітыўны тэатр, не падпарадкаваны сістэме ацэнак. Акцёры для мяне — сааўтары. Знакавая асоба — Крысціян Люпа. Мой метад — каманда, калектыўная праца. А вядомасць — што ж? Раней мы думалі пра незаплямленасць папулярнасцю, але сёння я хачу быць заплямленым».

У праграме Еўрапейскай прэміі быў паказаны спектакль Александрынскага тэатра «Шчасце» па п’есе Магучага і Філіпава ў пастаноўцы Магучага. Гэта — парафраз «Сіняй птушкі» Метэрлінка. Гісторыя, па сутнасці, самастойная: падарожжа дзяцей у царства мёртвых дзеля выратавання маці. Сам рэжысёр кажа так: «Гэта спектакль пра ўзаемаадносіны маленькага чалавека са смерцю». Атрымаўся часам іранічны, часам страшнаваты, часам забаўляльны, бясконца вынаходлівы, фантануючы нечаканымі эфектамі і пастановачнымі прыдумкамі, захапляльны спектакль. Новая тэатральная рэальнасць? Так, бадай што.

«“Шчасце” я ставіў для дзяцей, — кажа Магучы. — Але тое, што дзецям падабаецца, — для мяне не крытэрый, гэта нейкі лозунг наркадылера... Спектакль павінен аказваць тэрапеўтычнае ўздзеянне — гэткая “арттэрапія”. І самы важны для мяне вынік — тое, што маленькі хлопчык сказаў пасля спектакля: “Цяпер я не баюся заставацца ў цемры”».

Фін Крысціян Смедс (1970) — драматург і рэжысёр. Спектакль Нацыянальнага тэатра Фінляндыі (Хельсінкі) «Містар Вертыга» паводле Пола Астэра Смедс, здаецца, паставіў невыпадкова. Здаецца, ён шукаў і знайшоў нагоду пагаварыць з намі пра шляхі творчай асобы: заўсёды — праз пакуты, заўсёды — «праз церні да зорак». Гісторыя, выкладзеная ў рамане, сама па сабе дзіўная. Майстра абяцае хлопчыку, сіраце і жабраку, навучыць яго лятаць, пераадольваючы сілу зямнога прыцягнення. Калі Майстра не зможа гэта зрабіць, ён у літаральным сэнсе «дае галаву на адсячэнне». Падлетак пагаджаецца. І пачынаецца «кшталтаванне шчанюка пад капітана», сапраўднае хаджэнне па пакутах. Хлопчык навучыцца лятаць. Ён асуджаны на славу і пакуты.

Магутны тэхналагічны арсенал абрушваецца на гледачоў, пераносячы іх у іншыя сусветы. Рады крэслаў рухаюцца, адкрываючы ўсё новыя і новыя далягляды. Музыка і святло вар’ююцца. Тэатральны сусвет уяўляецца невычэрпным.

«Вось яна, “новая тэатральная рэальнасць”!» — усклікаеце вы. Але не спяшайцеся радавацца. Пачынаецца бясконцы рэалістычны маналог гераіні. Актрыса і сапраўды выдатная, ды ўсё гэта «з іншай оперы». Далей — болей. Адбываецца серыя прымітыўных скетчаў на фізіялагічную тэматыку, і гледачы разумеюць: цуды скончыліся... Цуды, але не спектакль.

Ісландскі тэатр «Вестурпорт» узнік выпадкова. У 2001 годзе чатыры выпускнікі тэатральнага інстытута ішлі па Рэйк’явіку і ўбачылі хлеў з таблічкай «Здаецца». Хлеў знаходзіўся на вуліцы Вестургата, якая вяла да порта. Так узнікла назва «Вестурпорт». З цягам часу колішні хлеў зрабіўся цесным для новых задум, але назва засталася, як і паспяховы калектыў аднадумцаў.

Спектакль «Метамарфоза» паводле Франца Кафкі, пастаўлены Гіслі Гардарсанам і Дэвідам Фарам, выконваецца на англійскай мове, бо ўпершыню быў паказаны ў тэатры «Лірык Хамерсміт» у Лондане. Скажам адразу: спектакль не стварае новую рэальнасць, ён распавядае пра тое, як успрымаюць новую рэальнасць людзі. У манеры псіхалагічнага тэатра стваральнікі спектакля мадэлююць сітуацыю, што ўзнікла ў звычайнай сям’і, адзін з членаў якой ператварыўся ў... таракана. Талерантнасці становіцца ўсё меней, агіды — усё болей, і, нарэшце, спрацоўвае стары стэрэатып: «ён не такі, як усе, значыць павінен памерці». Выразная сцэнаграфія спектакля: пакой, дзе жыве Херман (Інгвар Сігурдсан), мае іншае вымярэнне, і перасоўваецца акцёр, атлетычна выкарыстоўваючы вертыкальныя плоскасці. Бацькоў злашчаснага маладога чалавека і ягоную сястру Люсі іграюць выдатныя класічныя акцёры, і гуманістычную думку аўтара пра неабходнасць разумець і прымаць адно аднаго яны даносяць да гледачоў «ад адваротнага».

Партугальскі тэатр «Мерыдыяналь» — гастрольны калектыў, не абцяжараны сцэнаграфіяй і іншым сур’ёзным антуражам. Але ж да новай тэатральнай рэальнасці нават з істотнай нацяжкай адносін не мае. У спектаклі «Каба-Вердэ» (рэжысёр Мігель Сеабра) актрыса Карла Гальван і музыкант Фернанду Мота вельмі шчыра і цёпла агучваюць цудоўныя вершаваныя тэксты. Сама назва спектакля мае на ўвазе свайго кшталту «дарожныя нататкі». З нейкага вострава звяртаецца да нас крэолка, яна моліцца, спявае, чытае вершы. Лёс дзяўчынкі, першае каханне, жаночая доля, беднасць, праца, праца, праца... Любоў да малой радзімы... Настальгія... Кранальны монаспектакль у нацыянальным стылі...

Урачыстая цырымонія ўручэння Чатырнаццатай Еўрапейскай нацыянальнай прэміі адбылася ў Александрынскім тэатры. Няма слоў — яна сапраўды была ўрачыстай. Атмасфера свята адсунула на другі план крытычныя развагі. «Я падумаю пра гэта заўтра», — сказала я сабе.

«Так, Расія!» — з захапленнем вымавіў побач са мной замежны госць.

Ніна Мазур