Знакі жыцця

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

Канцэптуальны рэалізм Ягора Батальёнка

/i/content/pi/mast/45/771/42.jpg

Абярэг. Алей. 1995.

З 2002-га па 2008 год у нашай краіне і па-за яе межамі прайшла серыя персанальных выставак Ягора Батальёнка «Абярэг». Праз мастацкія сродкі і выяўленчыя вобразы яна ў пэўным сэнсе падсумавала жыццёвыя назіранні жывапісца і іх асэнсаванне. Аўтар прадставіў гледачу своеасаблівы «ружанец» асацыятыўных твораў, у якіх адлюстраваў не толькі і не столькі прыроду і існаванне чалавека ў ёй, колькі выяўленыя і сцверджаныя на працягу ўсёй творчасці вобразныя архетыпы духоўных каштоўнасцей. Пры гэтым Батальёнак не адасабляецца ад гледача ў індывідуальным бачанні знакаў жыцця, а наадварот, выводзіць на першы план агульнае ў асабістым, выяўныя формулы, спрадвеку закладзеныя ў свядомасці кожнага беларуса.

Творам Ягора Батальёнка не ўласцівыя вонкавая мудрагелістасць і знакавая фантасмагарычнасць. Мастак выкарыстоўвае, здавалася б, простыя выяўленчыя вобразы, такія як дрэва, хата, конь, дарога, чалавек, рака... Але вытанчаная гама каларыстычных тонаў у карцінах, далікатныя судачыненні нібы застылых у прасторы вечнасці вобразаў з інтанацыйнымі вібрацыямі панарам і з’яў прыроды ўтвараюць унікальны эмацыйна-настраёвы дыялог, масток, што лучыць жывапісца з гледачом.

Пачатак творчасці быў імклівым, з высокай планкай пастаўленых задач. Удзел у рэспубліканскіх і ўсесаюзных маладзёжных выстаўках 1976, 1978 і 1980 гадоў — першы плён мастацкай дзейнасці Ягора Батальёнка быў заўважаны і ацэнены. Прыгадаем, што, апрача шэрагу станоўчых рэплік у бок творчасці мастака ў абагульняючых артыкулах пра гэтыя экспазіцыі, высокую адзнаку яго жывапісу даў мастацтвазнаўца Віктар Шматаў, які назваў карціну «Веснавая прэлюдыя» «жамчужынай Маладзёжнай 1978 года».

...Шырока расчыненае акно вясковай хаты, перад ім — веснавыя гоні. Дзесьці на гарызонце імкліва працінаюць тумановую прастору ашалелыя ад прагі жыцця жарабцы. Лёгкі ветрык разгойдвае празрыстыя фіранкі. На падаконніку — вечназялёныя хатнія расліны, манументальна важкія ў гліняных вазонах, — яны ўспрымаюцца як трывалая супрацьвага эйфарыі захаплення абуджэннем прыроды...

Твор кранае шчырасцю чалавечага пачуцця і далікатнай, адпаведнай цнатлівасці вясновай прыроды каларыстычнай гамай, напоўненай флюідамі паэзіі і музычнай гармоніі.

Поспех карціны забяспечылі непасрэдная натуральнасць абвостранага пачуцця надыходу вясны і шчымлівае сведчанне ўспамінаў пра родную хату, у якой мастак вырас, якая адчыніла для будучага творцы светлае і чыстае акно ў жыццё.

Не меншы поспех жывапіс Батальёнка меў на ўсесаюзных экспазіцыях. Праглядаю нататкі з абмеркавання VII Маладзёжнай акадэмічнай выстаўкі 1981 года ў Маскве, дзе паказваліся карціны 17 беларускіх аўтараў: мастацтвазнаўцы аднадушна вылучылі карціну Ягора Батальёнка «Ажыны» станоўчымі рэцэнзіямі і адзнакамі.

...Тое самае акно, тыя самыя фіранкі, тая самая хата дзяцінства. Шыба крыху прыадчыненая, а ў прасторы за шклом, пад хмарамі, набрынялымі дажджамі надыходзячай восені, поўніцца спеласцю жытнёвае поле. На падаконніку — збан з малаком. Побач, на талерцы, сакавітыя ажыны. На бялюткім ручнічку беражліва пакладзены васілёк. Чароўнасць сінечы яго кволых пялёсткаў пераважвае ўпэўненую матэрыяльнасць увасобленых побач збана і талеркі з ягадамі. Кветка на падаконніку прымушае заўважыць, што збан з малаком не такі ўжо і матэрыяльны — яго хвалістыя бакавіны нібы пульсуюць, і завяршаецца гарлачык вібрацыяй паверхні бялюткага сырадою. Здаецца, ажыны таксама свецяцца ў прасторы... А распавёў пра гэтыя таямніцы рэалій, звярнуў на іх наш погляд — прамень святла: выразным акцэнтам ён абазначыўся сярод рэчавага свету і спакваля стаў правадыром гледача ў распазнанні сутнаснага.

/i/content/pi/mast/45/771/43.jpg

Паланез. Алей. 2005.

Такім чынам, рэалістычны нацюрморт на фоне краявіду набывае рысы сюррэалістычнай выявы, у якой відавочныя ўнутраныя рухі энергіі адухоўленай матэрыяльнай прасторы. Рэчы становяцца гаваркімі і набываюць мнагапланавы кантэкст.

Прызнанню адметнасці мастака папярэднічаў важны этап яго творчых пошукаў пасля атрымання дыплома аб вышэйшай мастацкай адукацыі. На гэтым шляху была інтэнсіўная самаадданая праца, шмат выставак, у тым ліку персанальная (1975). Першае дзесяцігоддзе прафесійнай дзейнасці абазначылася дасягненнямі не толькі ў прасторы ўнутранага развіцця Ягора Батальёнка, але і ў кантэксце ўсяго айчыннага выяўленчага мастацтва. На фоне дамінуючага ў тыя часы суровага стылю з яго цяжкай агрэсіўнай каларыстычнай гамай, з інтанацыямі трагізму і апафеозу, вылучаліся прасветленыя, нават інтымнага характару вобразы карцін Батальёнка. На выстаўках на фоне вялізных палотнаў, блізкіх да плакатнага ўвасаблення ідэй, яго сціплыя па памерах работы заўсёды прыцягвалі да сябе ўвагу. «Сакавіцкая ноч», «Цвіце стары сад», што экспанаваліся на Рэспубліканскай выстаўцы 1976 года, «Маладосць краіны», ужо названыя намі «Веснавая прэлюдыя», «Ажыны» і шэраг іншых карцін успрымаліся падобна глытку свежага паветра. Гэта быў выразны паварот: ад прынятых на той час шырокіх гістарычных абагульненняў — да пошуку мовы, здатнай праз мастацкі вобраз выяўляць найважнейшыя аспекты асэнсавання жыцця чалавека як часцінкі прыроды, як нашчадка спрадвечных традыцый. Свет пачуццяў, пранікнёна ўвасоблены жывапісцам, узняўся да адметнага гучання, набыў рысы манументальнасці.

Мастак браў удзел у шэрагу адметных выстаў: «Мікола Гусоўскі і яго час», «Да 175-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Вінцука Дуніна-Марцінкевіча», «Давід Гарадзенскі», «Францыск Скарына»... Акрэсленыя прынцыпы сфакусіраваліся і пераканаўча, комплексна праявіліся ў карціне «Дзяцінства светлы дзень», прадстаўленай на выстаўцы да 100-гадовага юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа «Песняры зямлі беларускай». Палатно невыпадкова ўпершыню было паказана менавіта ў гэтай — шмат у чым знакавай — экспазіцыі мастацтва нацыянальнай тэматыкі: яно акумулявала ў сабе галоўныя праграмныя напрамкі канцэптуальнага мыслення Батальёнка. На тым этапе яго творчага шляху «Дзяцінства...» стала своеасаблівай «візітоўкай» індывідуальных якасцей яго жывапісу і крэда ў мастацтве.

...На беразе рэчкі стаіць маленькі хлопчык. На пагорку за ім невялікая, традыцыйная для вёскі драўляная хатка — дом і «калыска» асобы, чалавека будучыні. Навокал — звычайны беларускі краявід: узараныя палі, зіхаценне маладой зеляніны... На палі і лясы праліваюцца веснавыя дажджы, і толькі над хатай, нібыта нябесны карабель з белымі ветразямі, узвышаецца рамантычнае воблака. Хутарок аблямавалі вэлюмам квецені кусты бэзу і садовыя дрэўцы.

Вобразы хлапчука і хаткі вылучаны ў творы промнямі святла як штосьці адзінае і непарыўнае, вельмі важнае ва ўрачыстай і, можа быць, вызначальнай выяўленчай прамове мастака.

Сюжэт карціны гучыць рамантычнай рэплікай успамінаў — кожнаму з нас вядомы падобныя экскурсы ў гісторыю ўласных пачаткаў жыцця, якія з гадамі ўсё болей прасвятляюцца, ідэалізуюцца і часам становяцца спосабам рэлаксацыі ў поўным праблем і клопатаў побыце сталага чалавека. Для Ягора Батальёнка згадкі дзяцінства — яшчэ і сховішча прыярытэтаў свядомасці: перанятыя ад бацькоў менавіта там, у маленстве, жыццёвыя прынцыпы і ідэалы духоўнасці выйшлі на першы план як дамінанты творчасці.

Другая канцэптуальная адметнасць карціны «Дзяцінства светлы дзень» — выяўленне святлом галоўнай ідэі і зместу работы — у пэўным сэнсе падсумавала папярэднія вынаходніцтвы і стала любімым прыёмам жывапісца. Моц дадзенага падыходу яшчэ і ў тым, што ён акумулюе ў сабе як удала вынайдзены мастацка-вобразны прынцып, так і мажлівасць мадэляваць духоўную прастору твора. Ад выстаўкі да выстаўкі назіраючы такую ўнікальную асаблівасць і адметнасць жывапісу мастака, удалося аднойчы з падказкі славутага беларускага паэта-філосафа Алеся Разанава сфармуляваць яе як святласофію мастацтва Ягора Батальёнка. Надалей творца ўсё болей пашыраў і замацоўваў гэты прынцып. Распавядаючы пра асновы і задачы ўласнай творчасці, мастак падкрэсліваў, што пабудова сістэмы вобразаў святлом з’яўляецца ў ёй вызначальнай.

Заўважым: Батальёнак не піша канкрэтыку прыроды і рэчаіснасці. Жывапісец адлюстроўвае той ці іншы стан прыроды, а дакладней — уласнае пачуццё той ці іншай прыроднай з’явы, дзе пераплятаюцца ў адно цэлае ўспамін пра яе, замацаваны ў свядомасці яшчэ з дзяцінства, і адрасная падказка з рэалій цяперашняга жыцця. Творца толькі падглядвае ў натуры і задае гэтым тэматычны вектар яе мастацкага ўвасаблення, а потым цалкам самастойна мадэлюе «падгледжанае» ў жывапіснай карціне.

Галоўныя складнікі адметнасці твораў Ягора Батальёнка з’яўляюцца дзейснымі чыннікамі яго мастацтва на працягу ўсяго жыцця. Яны пераконваюць, што творчасць жывапісца — пры, здавалася б, вонкавай рэалістычнасці — вельмі канцэптуальная. Яго карціны, нібы шкляны слоік, напаўняюцца эмацыйным уражаннем творцы ад канкрэтыкі аб’екта адлюстравання, уяўленнямі пра вобраз, запазычанымі з прасторы вечнасці праз узор-архетып з часоў дзяцінства, і пастаўленай мастаком уласна канцэптуальнай задачай. Патэнцыял складнікаў у кожным творы іншы — таму і адрозніваюцца яны паміж сабой перавагамі то ў бок карцін — формул жыцця («Сакавіцкая ноч», «Цвіце стары сад», «Дзяцінства светлы дзень», «Адраджэнне», «Спыненае святло», «Смага», «Просты кут», «Навец» і іншыя); то ў сферу асацыятыўнай паэтыкі і музычнасці («Вясновая прэлюдыя», «Ранак», «Паланэз», «Райская яблыня», «Звон вечаровы»); то ў плоскасць публіцыстычных назіранняў («На Сцешыцкай вуліцы»). Але пры любой раскладцы прыярытэтаў працы Ягора Батальёнка напоўнены заўсёднай шчырасцю творцы ў прамоўленым і вызначаным праз мастацтва.

Яго жывапіс усё болей дэманструе канцэптуальныя якасці вобразнага мыслення. Але пры гэтым не страчвае жыццёвых прыкмет, што дазваляюць цікаўнаму гледачу пранікнуцца тэкстам, кантэкстам, падтэкстам высокай мовы духоўнасці твораў Ягора Батальёнка. Гэта становіцца зразумелым падчас шматлікіх абмеркаванняў персанальных выставак мастака, калі пры аналізе работ гледачы дэманструюць адэкватнае ўспрыманне думкі, ідэі, эмацыйнага ўражання, закладзеных жывапісцам.

Мастацтва Ягора Батальёнка адлюстроўвае свет інтарэсаў і прыярытэтаў асобы ў гэтым няпростым, поўным разнастайных праяў і вектараў жыцці. Значная частка побыту мастака звязана з вёсачкай Вайшкуны ў азёрным рэгіёне Беларусі — краі яшчэ захаваных архаічных куткоў старасветчыны і велічнай прыгажосці ландшафтаў, амаль не кранутых цывілізацыяй. На зіму творца перабіраецца ў Мінск, дзе рэалізоўвае назапашаныя задумы, удзельнічае ў шматлікіх выстаўках і чакае наступных вясны, лета і восені, калі зможа цалкам акунуцца ў існаванне на прыродзе і з прыродай.

 Таццяна Гаранская