Вячаслаў Кузняцоў

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

Стварыць гукавую матэрыю

/i/content/pi/mast/45/766/23.jpg

«Нататкі вар’ята» Вячаслава Кузняцова. Уладзімір Громаў(Папрышчын),АляксандрЖукаў (Папрышчынá la сабачкаМэджы). Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Зразумець і асэнсаваць тое, што нараджаецца ў свеце гукаў, складана, калі не зазірнуць ва ўнутраны свет творцы. Праблемы сучаснай музыкі, тэма «мастак і час», пытанні «хто мы?» і «куды ідзем?» аб’ядноўваюць сёння ўсіх неабыякавых. Кампазітар па-асабліваму чуе час і ўспрымае рэальнасць, адлюстроўваючы ў нотных знаках рытмы, інтанацыі, саму энергію жыцця.

Трапіць у адну танальнасць з творцам, пачуць з першых вуснаў пра сачыненні, ужо ўвасобленыя ці толькі задуманыя, пафіласофстваваць на тэмы, далёкія ад штодзённай мітуслівасці, дакрануцца да таямніцы творчасці — задача не з лёгкіх. Але калі ваш суразмоўца валодае харызматычным дарам — гэта неацэнны досвед. І такія пачуцці добра знаёмыя ўсім, хто ўжо адчуў на сабе энергетычныя флюіды прафесара Вячаслава Кузняцова. Ён — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, ганараваны медалём Францыска Скарыны, член праўлення Беларускага саюза кампазітараў, загадчык кафедры інструментоўкі Акадэміі музыкі.

Таямнічасць — здзіўленне — адкрыццё

— Чаму я пішу музыку? Гэты працэс заўсёды звязаны для мяне з адкрыццём нечага новага і пачуццём здзіўлення. Безумоўна, ён не бывае простым ва ўсіх адносінах. У маім разуменні прафесія кампазітара мае шмат агульнага з прафесіяй вынаходніка, што з нічога стварае матэрыю, якая гучыць. Але маё перакананне: гэта матэрыя павінна быць аплоднена пачуццём, эмоцыяй, натхненнем, інакш вы будзеце мець мёртвую канструкцыю. Талент кампазітара — у здольнасці ажывіць знакі-ноты. А гэта ёсць вялікая таямніца...

Простыя, выразныя геаметрычныя формы атачаюць ваш побыт і, напэўна, з’яўляюцца зарукай гармоніі ўнутранага свету. А ў якім кірунку разгортваецца сёння «нітка Арыядны», што вядзе за сабой творчы імпульс кампазітара Вячаслава Кузняцова?

— Уласна творчы працэс — пошук энергетычнага вузла. Спачатку нараджаецца чарнавы накід, іншым разам ён нават не мае выразных контураў, але ты разумееш, што ў гэтым матэрыяле ёсць згустак энергіі. Ідэя патрабуе развіцця, якое і дакажа яе жыццяздольнасць. Мне сапраўды блізкія формы без празмернасцей, парадак у размяшчэнні і месцазнаходжанні рэчаў — гэта карціны на сценах ці лінейкі на нотным аркушы. Але думаю, што ў выбары кірунку рэалізацыі ідэі нельга абмяжоўвацца.

А як адбываецца ўвасабленне віртуальнай задумы?

— Усё павінна быць падрыхтавана для нараджэння новай ідэі. Важна, чым ты пішаш, на чым, гэта ўсё неад’емныя складнікі творчага працэсу. Быў перыяд, калі я спецыяльна купляў чарцёжныя аркушы, разлінейваў іх у адпаведнасці з задуманым геаметрычным малюнкам партытуры. Матэрыялізацыі папярэднічае назапашванне энергіі, а затым ачышчэнне ад усяго лішняга.

Чым вы запісваеце свае сачыненні?

— Зусім адмовіўся ад гумкі, якая знішчае сам працэс стварэння, і імкнуся захаваць усе этапы чарнавой працы. Мне важны графічны візуальны кантакт з партытурай, наогул люблю пісаць чорнай гелевай ручкай. Нават у педагагічнай практыцы не дазваляю сваім студэнтам на першых этапах карыстацца камп’ютарам, які пазбаўляе тактыльнага адчування творчасці. За гады апрабаваў шмат варыянтаў, адзін час нават працаваў стоячы. Дарэчы, так пісаў і Набокаў, маючы пад рукой усе неабходныя карткі са свайго знакамітага каталога. А вось, напрыклад, Густаў Малер у працэсе сачынення павінен быў абавязкова «выхадзіць ідэю», у прамым сэнсе. Мне гэта таксама блізка, падчас сачынення я літаральна кінетычна адчуваю развіццё музычнага імпульсу.

Дастаеўскі, Пікасо, Хармс, культура Афрыкі, востраў Пасхі і беларускі фальклор Палесся... Што можа стаць крыніцай вашага кампазітарскага натхнення?

— Абсалютна ўсё... Паслядоўнасць лічбаў, колеравая гама, паэтычны радок, незвычайная фактурная паверхня ў пэўнае імгненне набываюць сімвалічны сэнс, пачынаюць гучаць, прымушаюць здзівіцца — гэта значыць, час пачынаць... Аднойчы я перачытваў Шэкспіра і, зірнуўшы на каляндар, зразумеў, што сёлета — 444-годдзе драматурга. Так нарадзіўся містычны хор па чытанні жыццяпісу Шэкспіра «Four hundred forty four». Таксама падалася музычна асэнсаванай дата 555-годдзя Леанарда ды Вінчы, а ён, дарэчы, вельмі любіў знакі, сіметрыю і быў геніяльным выдумшчыкам! Музычны шэраг цыкла «Бестыярый» вылічаны з літар, з якіх пачынаюцца імёны яго насельнікаў.

Наколькі прывабныя для вас нееўрапейскія культуры?

— Магічным крышталём з’яўляецца Афрыка, яе незвычайная спрадвечнасць. Яна асэнсоўваецца як калыска і дзяцінства сусветных культур, мае адметны пульс, рытм, эмоцыю, індывідуальнасць і непасрэднасць.

Ваша кватэра напоўненая вынікамі творчых вопытаў і эксперыментаў — карціны, вырабы з дрэва, каменя; для рэалізацыі сваіх ідэй вы выкарыстоўвалі нават мікрасхемы і керамічную плітку. Жывапісам, літаратурай, музыкай прасякнута ваша жыццё. Як адбываецца кантакт паміж славесным, візуальным і слыхавым?

— Заўсёды займаўся рукатворчасцю і адчуваў у сабе вынаходніцкую жылку. Кожны від мастацтва дазваляе па-свойму рэалізаваць народжаную ідэю. Мне падабаецца сам працэс стварэння ў любым фармаце, а адкрыццё новых светаў, прастораў, фактурных плоскасцей, інтанацыйных слоўнікаў прыцягвала мяне з часоў юнацтва.

Але наступіў момант, калі вы абралі менавіта музычны шлях…

— Пікасо сказаў: «Мастак — гэта калекцыянер чужых карцін, які ўрэшце разумее, што галерэю трэба працягваць». Я таксама пачынаў з пошуку ідэй і потым прыйшоў да высновы — усё гэта не проста «выпадковасці», а ўсвядомленая неабходнасць. У гэтым выявілася мудрасць хатняга выхавання — і жаданне мамы далучыць мяне да свету музыкі, і тое, што вакол нас з братам было «вінілавае багацце». Маленькі штрых: аднойчы бацька на дзень нараджэння падарыў мне ўсе канцэрты Бетховена для фартэпіяна з аркестрам у выкананні Эміля Гілельса!

Кузня творчасці

— Месца рэалізацыі ідэі ўплывае на абраны вобраз. І часта нечакана. Летняй ноччу 1990 года ў Астрашыцкім Гарадку з’явілася канцэпцыя опуса «Медытацыі “Цень шкла”». Было вельмі ціха, толькі час ад часу чуўся незразумелы шолах, і сама цішыня, што літаральна звінела, была прасякнута музыкай. У Бельгіі падчас музычнага фэсту я жыў у замку, і ў гэтых варунках з’явілася серыйная Музыка для чэлесты ў 4 рукі, а «Успаміны пра Штакерау» нарадзіліся па дарозе з Вены ў Зальцбург. А вось цяпер мяне вабіць наш Мірскі замак, люблю яго дыханне. Быццам бы і няшмат там засталося ад сапраўдных старажытных муроў, але і сярод гэтых руін да цябе прыходзіць адчуванне гісторыі. Блізкая мне ідэя ажыццяўлення ў сценах нашых замкаў творчых праектаў, фэстаў, канцэртаў, там узрушальная акустыка і атмасфера. У мяне ёсць велізарнае жаданне пачуць там уласны твор «Спевы даўнейшых ліцвінаў».

Ведаю, што вы сачыняеце пераважна за сталом. А ці часта імправізуеце за інструментам?

— Імправізацыя — яшчэ адзін спосаб пошуку выразных музычных элементаў для рэалізацыі ідэі. Імгненнае стварэнне гукавой прасторы — працэс, безумоўна, захапляльны.

Ці павінен кампазітар у творчасці імкнуцца да крайнасцей?

— Праз гэта праходзіць кожны, хто шукае. Калі я напісаў «Цэзій-137», многія казалі мне з раздражненнем: «Ну хіба гэта музыка?» А потым стала зразумела, што сама ідэя адлюстравання рэалій чарнобыльскай катастрофы не магла ўвасобіцца інакш і запатрабавала менавіта такога санорнага гукавога рашэння і сімвалізацыі ўсіх элементаў музычнай фактуры.

Мастацтва дае нам магчымасць пражываць мноства сітуацый і жыццяў: тое, што ў рэальнасці аказваецца недасягальным, праз сілу слова, мазка, музычнай інтанацыі ажывае і дазваляе паглыбіцца ў сапраўдныя страсці. Таму мне такі блізкі музычны тэатр з яго неўтаймаванасцю пачуццяў і напалам эмоцый, блізкія ідэі Шэкспіра і Вердзі, якія імкнуліся ўвасобіць на сцэнічных падмостках чалавечую сутнасць і багаты ўнутраны свет сваіх герояў, прыгажосць і пачварнасць, жыццё, смерць і бессмяротнасць.

Мне падабаецца інтрыгаваць слухача, прымушаць яго зірнуць на сябе збоку, надаваць сваім задумам адценне іроніі, якое ўзмацняе глыбіню падтэксту. Напрыклад, для свайго сачынення «Лісты маркіза дэ Сада» я абраў фрагмент маналога галоўнага героя на роднай яму французскай мове. Назва сачынення ў пэўнай ступені эпатажная, але па змесце гэта філасофскія разважанні пра сілу кахання і пачуццяў. Адметнай мовы ўвасаблення запатрабавалі тэксты Сарокіна і Хлебнікава, Ніцшэ і Кафкі. Я спрабаваў сябе ў самых розных жанрах, пісаў музыку для розных складаў аркестра, для тэатральных пастановак, мультыплікацыйных фільмаў, цыркавых праграм, і гэтыя эксперыменты працягваюцца. У самой задуме часта пуцяводнай ніткай для мяне аказваецца наяўнасць эмацыйных крайнасцей — буфанада, страсці, філасофія, іронія, памежныя станы чалавечай псіхікі і быцця.

У спробе трапіць у вашу творчую лабараторыю хацелася б даведацца, у якой ступені прынцыповае для вас індывідуальнае жанравае прачытанне новага опуса. Відавочныя глыбіня і сэнсавая нагрузка такіх нехрэстаматыйных вызначэнняў: «самотны верш», «павучанні», «пампезная музыка», «містычны хор», «акустычныя пульсаванні» і г.д.

— Жанр — неад’емны атрыбут новага сачынення, праз які ўвасабляецца індывідуальнасць задумы. Я імкнуся не паўтарацца ў жанравых вызначэннях, і ў гэтым мне вельмі блізкая паэтыка Стравінскага і Дастаеўскага. Аднак праграмнасць не павінна быць выяўленчай, яна нараджае асацыяцыі, знакі, яна будуе паралельны шэраг да матэрыі, якая гучыць, яна падказвае, але не сцвярджае. Вось услухайцеся ў сімволіку словазлучэння «віно з дзьмухаўцоў» — у кожнага з нас яно будзе выклікаць самыя процілеглыя думкі і адчуванні.

Ці існуюць законы для творчага працэсу?

— Адназначна адкажу, што час забівае творчасць. Згодзен з сентэнцыяй, што мастак павінен быць галодным і працаваць у аскетызме і замкнёнасці. Творчасць — гэта заўсёды выклік, найперш самому сабе: ці змагу я стварыць штосьці такое, каб самому ўбачыць у тым парадак і гармонію.

Знойдзены вамі ў зборніку паэтычных опусаў неверагодна далікатны, трагічны, звышвыразны вобраз — «крык матылька» — выклікае невытлумачальную гаму перажыванняў.

— Пяшчота, чысціня, прыгажосць не павінны быць вычварнымі ці «гламурненькімі», у гэтым іх каштоўнасць.

У святле тэатральных сафітаў

—Найбольш выразная для мяне музычная форма — опера. Тут магчыма ўсё: дзейснасць, актыўнасць, шматстайнасць унутраных структур. Калі я напісаў оперу, дык зразумеў, што гэта вышэйшая праява формы, гэта свайго кшталту хранатоп, які ахоплівае часам цэлае жыццё. Уся гісторыя музыкі сведчыць пра асаблівы падыход майстроў да опернага жанру.

Сёння існуе незлічонае мноства форм тэатральных увасабленняў кампазітарскіх ідэй, межы тэатральнага дзейства ўжо даўно выйшлі ў віртуальную мультымедыйную прастору. Што вы ўкладваеце ў паняцці сучасны тэатр, опера?

— У першую чаргу, опера (а гэта ўсе ўдзельнікі працэсу — і кампазітар, і рэжысёр, і выканаўцы) не павінна падладжвацца пад публіку і зніжаць узровень сваіх эстэтычных ідэалаў. На жаль, гэта не прывядзе ў залы большую колькасць гледачоў. Опера мусіць узвышаць, заставацца таямнічым «неразгаданым сфінксам», да якога хочацца вяртацца, каб спазнаць яго новыя сэнсы. Таму планка прафесіяналізму ва ўсіх, хто далучаны да опернага дзейства, павінна быць вельмі высокай. Уласна опера — гэта згустак энергіі слова, інтанацыі, тэмбру і г.д. Партытура можа ініцыяваць якія заўгодна формы інтэрпрэтацыі, але ўсё мусіць адпавядаць канцэпцыі цэлага...

Думаю, складана знайсці адметнага лібрэтыста, драматурга, здольнага разумець і прадчуваць музычнае гучанне свайго слова. Як вы працуеце з літаратурнай асновай оперы?

— Для сябе я вырашыў, што літаратурны тэкст павінен быць максімальна захаваны і дадаваць якія-небудзь эпізоды ці сцэны непрымальна. Напрыклад, у оперы дастаткова намёку на эмоцыю ці сітуацыю, а літаратура патрабуе падрабязнага выкладання таго, што адбылося. Слова ў оперы эмацыйна яднаецца з музычнай інтанацыяй, і логіка яго падачы абумоўлена законамі жанру. Мне самому прыносіць велізарнае задавальненне працаваць з літаратурным тэкстам, прабірацца скрозь сэнсы і адчуваць музычнасць слова. Так было з «Нататкамі вар’ята», «Запрашэннем на кару», «Гумбертам Гумбертам».

А як адбываўся працэс вашага спасціжэння жанру балета?

— Эмпірычна... Калі сачыняў «Макбета», быў у танцораў тапёрам, правяраў музыку «жыўцом». Канцэртмайстры былі вельмі задаволены, што іх вызвалілі ад чытання з ліста не зусім простай партытуры, а для мяне гэта быў узрушальны досвед. Я іграў на раялі, харэограф Наталля Фурман адначасова стварала партытуру рухаў і жэстаў. Тады я пачаў разумець, што значыць для танцора «больш павольна» або «хутка», якую ролю іграе дырыжор у стварэнні цэлага.

Калі вы ўбачылі, што артысты засвойваюць музыку?

— Працэс быў працяглым. Спачатку адчувалася вельмі моцнае супраціўленне, танцоры і аркестранты ўспрымалі партытуру літаральна ў штыкі. Але сітуацыя змянілася, і адчуванне ўлюбёнасці выканаўцаў у сачыненне выклікала пазітыўную рэакцыю гледача. Вядома, тут шмат залежыць ад асобы рэжысёра і дырыжора, якія працуюць з партытурай і сваёй энергетыкай могуць удыхнуць у музычны твор новыя імпульсы. Ці наадварот...

Ці моцна захоплівае вас працэс паглыблення ў стварэнне новага опуса?

— Вельмі моцна. Гэта пачуцці ўзрушэння і ачышчэння. Мне важна самому ў сабе пачуць вердыкт Станіслаўскага: «Веру!» Тады разумею: тое, што я напісаў, можа закрануць унутраны свет слухача.

Згадваецца Чайкоўскі, які плакаў, запісваючы сцэну смерці Германа ў «Пікавай даме»...

— Сачыненне, напісанае для тэатра, здольнае перадаць самую неверагодную палітру эмоцый. І ў гэтым сэнсе партытуры Чайкоўскага вучаць нас яшчэ і ўзаемадзеянню ўсіх партый і музычных ліній. У стварэнні цэлага кожны элемент аказваецца важным, другарадная роля, сола інструмента — усё апраўдана драматургічна і працуе на тое, каб узмацніць галоўную лінію. Твор павінен уяўляць сабою поліфанію сэнсавых пластоў, а яго «шчыльная» фактура — ахопліваць усе прасторавыя параметры.

Наколькі я зразумела, вам блізкая пазіцыя Пракоф’ева і Стравінскага, якія лічылі, што музычная партытура, асабліва тэатральная, мусіць цалкам адлюстроўваць аўтарскую задуму.

— Так. Таму імкнуся максімальна выпісаць усю партытуру, музычныя і сцэнічныя рэмаркі, фіксаваць сітуацыйныя паводзіны і эмацыйны стан героя.

Вы — кампазітар, які шмат увагі аддае ў сваёй творчасці ідэі сінтэзу розных відаў мастацтва, адсюль надзвычай багаты асацыятыўны шэраг, што ўзнікае на ўсіх этапах знаёмства з вашай музыкай. Вы апелюеце да слухача-інтэлектуала, які мае шырокі далягляд і здольны дэшыфраваць знакі-сімвалы.

— Не хацелася б раскрываць таямніцы творчага працэсу, але для мяне галоўнае — асэнсаваная цішыня, напружанасць аўдыторыі, момант, калі будуюцца сувязі паміж выканаўцам, кампазітарам і слухачом.

Мурашкі, тарантулы і іншая жыўнасць з «Кутка кузурак», іранічная «Musica militаre», пампезны «Паганскі баль», эфектная «Смешная музыка» для добра тэмпераваных бутэлек і струнных (дарэчы, я неаднаразова сама станавілася сведкай папулярнасці гэтага сачынення ў выкананні ансамбля цымбалістаў «Лілея») — у вашым творчым партфелі неверагодная колькасць яркіх, відовішчных музычных канцэпцый. Тэатралізацыя з’яўляецца неад’емным складнікам вашых шматлікіх інструментальных опусаў.

— Мне сапраўды блізкая ідэя інструментальнага тэатра, у якім выканаўца — акцёр і рэжысёр дзейства. Але важна знайсці такога выканаўцу.

Не хацелі б паспрабаваць сябе ў амплуа дырыжора?

— Мне пашанцавала перажыць гэтае пачуццё. Зусім нядаўна спецыяльна для праекта ў французскім горадзе Шэры напісаў п’есу «Pourquoi pas?» для камернага складу, якім і дырыжыраваў. Я літаральна паглыбіўся ў энергетыку аркестра. Гэта невыказнае адчуванне, калі ты знаходзішся на самым вастрыі працэсу.

Ці падобна гэта пачуццё на тыя, што вы перажываеце падчас прэм’еры свайго сачынення?

— Вядома. Ты не ведаеш, як успрымуць твой новы опус, гэта сапраўднае распрананне душы. Я заўсёды жудасна хвалююся.

Але можа тады варта давяраць толькі самому сабе і разумным нашчадкам і пакідаць напісанае ў стале?

— Ні ў якім разе. А як жа тады магія поўнай залы, асэнсаваная цішыня? Твор, агучаны на публіцы, знаходзіць зусім новую энергетыку, яе немагчыма перадаць падчас рэпетыцый ці закрытага запісу.

Распавядзіце, калі ласка, пра творы апошніх гадоў.

— Гэта тры псіхалагічныя партытуры. Опера-скетч «Гумберт Гумберт» (паводле «Лаліты» Уладзіміра Набокава) — пранікненне ў глыбіні падсвядомасці чалавека, які ўспамінае імгненні гісторыі свайго жыцця і даходзіць да «кропкі невяртання», па-філасофску афарыстычная Чацвёртая сімфонія і трагічна-буфанадная «Містэрыя».

OPUS MAGNUM

— Знакавым опусам лічу свой балет «Клеапатра». Дасюль вобразы і настроі гэтага сачынення напаўняюць мяне. А падчас працы над партытурай усё было прысвечана ёй: піў выключна гарбату «Ноч Клеапатры», зрабіў свой ванны пакой у егіпецкім стылі, зачытваўся літаратурай гэтага перыяду, маляваў карціны адпаведнай тэматыкі. Патраціў шмат энергіі і сіл. Многае было прыдумана ў сумесных творчых пошуках з харэографам Валянцінам Елізар’евым. І калі сачыненне не дайшло да сцэны, перажыў глыбокую дэпрэсію. Таму выкананне харэаграфічнай сімфоніі на сцэне філармоніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава мяне літаральна адрадзіла. Асабліва важным было высокапрафесійнае стаўленне дырыжора да партытуры. Я быў бы шчаслівы, калі б рэалізацыю спектакля на любой сцэне свету змагло ажыццявіць трыа Елізар’еў — Окунеў — Анісімаў. Гэта мая мара, якую я не лічу нездзяйсняльнай.

Опера «Запрашэнне на кару», на вялікі жаль, пакуль таксама не атрымала свайго сцэнічнага ўвасаблення. Але сама ідэя прыпавесці (трагічнасць быцця, створаная Набокавым мадэль «двухсветнасці», абсурднасць сітуацыі) сёння больш чым актуальная. Чаго не хапае для яе ўвасаблення?

— (З сумнай усмешкай.) Рытарычнае пытанне.

Што цяпер адбываецца на вашай творчай кухні?

— Цяпер цалкам паглыблены ў новы праект — гэта балет «Князь Вітаўт». Што магу сказаць? Складана. Цікава. Незвычайна...

У якіх краінах былі прадстаўлены вашы сачыненні за апошні год?

— На Міжнародным фестывалі «Растоўскія прэм’еры» прагучаў «Плач Іерэміі». У Кёльне на фэсце сучаснай музыкі ў бліскучым выкананні была прэзентавана «Гетэрафонія» — з удзелам грэчаскага альтыста, амерыканскага габаіста і нямецкай скрыпачкі. Там жа я іграў свой цыкл для фартэпіяна «Прысвячэнне». Акрамя таго, удзельнічаў у польскіх, французскіх, украінскіх праектах.

Што можаце назваць галоўнай тэмай творчасці?

    Само жыццё...

Наталля Ганул

Бліц-апытанне

Колер: залаты.
Геаметрычная форма: шар
Лічба: 15.
Эпоха: егіпецкіх фараонаў і пірамід.
Горад: Вена.
Стыль: аскетычны, без вычварнасці.
Расліна: палявыя кветкі і дзьмухаўцы.
Смак: грэйпфрут.
Літаратура:  Дастаеўскі, Гогаль, Набокаў.
Кампазітар: Бетховен, Стравінскі, Пракоф’еў.
Інтанацыя: секунда.
Рытмічная фігура: неквадратная.
Тэмбр: віяланчэль.
Фактура: шчыльная, шматпластовая, шматвектарная.
Музычная форма: перыяд.
Credo: Як шмат на свеце рэчаў, якія мне не патрэбныя!