Выпрабаванне класікай

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

Знакамітая камедыя Сухаво-Кабыліна ў Нацыянальным тэатры імя М. Горкага

Вяселля не будзе!

/i/content/pi/mast/45/765/18.jpg

Аляксандр Ткачонак(Крачынскі).

У тэатральнай афішы мінскіх тэатраў, і гэта адразу кідаецца ў вочы, перавага аддаецца класіцы. Яно і зразумела, лепшыя творы мінулых стагоддзяў дагэтуль яркія і сучасныя. Іх аўтары вызначалі ў сваіх героях уласцівасці, што нават праз сотні гадоў не зніклі. З цягам часу змяняюцца палітычныя погляды, эканамічныя сістэмы, назвы краін, межы і нават клімат, а мы ўсё такія ж: пакутуем ад здрады, самааддана кахаем, зрэшты, здатныя і падмануць, разважаючы пра высакародства.

Аляксандр Сухаво-Кабылін напісаў толькі тры п’есы: «Вяселле Крачынскага», «Справа», «Смерць Тарэлкіна» — творы датуюцца ХІХ стагоддзем, але тэмы і характары актуальныя дагэтуль. Віруюць страсці вакол грошай, падрабляюцца подпісы, учыняюцца растраты, адбываюцца шлюбы па разліку. Прынамсі, зразумела, чаму рэжысёр Міхаіл Кавальчык прапанаваў Нацыянальнаму тэатру імя М.Горкага паставіць «Вяселле Крачынскага».

Вядома, касавы поспех спектакля залежыць ад публікі. Так было заўсёды. Сёння, у няпросты для тэатра час, рэжысёр імкнецца хоць неяк разварушыць, закрануць, абавязкова дастукацца да аўдыторыі, якую надзвычай цяжка ўразіць. Але, бывае, недаацэньвае тых, хто глядзіць ягоныя творы...

Вось і спектакль «Вяселле Крачынскага» ў Рускім будуецца выключна на фабуле, трымаецца на тэксце. Спрытнюга Крачынскі хоча ажаніцца з багатай Лідачкай Мурамскай, клянецца ёй у каханні і ўсімі праўдамі і няпраўдамі ідзе да сваёй мэты. Але вяселля не будзе, прайдзісвет выкрыты і зняважаны.

Ды толькі кахання і расчараванняў, пакут, жывых характараў пастаноўцы відавочна бракуе. Унутранага драматызму, ягонага нарастання, разгортвання, развіцця пачуццяў, неспакою, сумненняў — не стае. Здаецца, тут пераважае толькі вонкавае — не напоўнены сэнсам і пачуццямі сюжэт, акрэслены толькі знешнія прыкметы дзеяння, касцюмы, паставы, маскі, тыпажы і... нібыта ўсё.

Выбарам выканаўцы галоўнай ролі рэжысёр заўважна састарыў персанажа, бо ў п’есе Крачынскаму толькі сорак гадоў. Ужыцца ў вобраз Аляксандр Ткачонак так і не здолеў, ён недакладны і непераканальны нават падчас прызнання ў каханні, не кажучы пра ўсе астатнія сцэны. Напрыклад, калі Крачынскі выцягвае з шуфляды бюро брошку. Акцёру трэба было сыграць азарэнне: так, выйсце знойдзена, вось ягонае выратаванне — трэба закласці ў ліхвяра брошку з сапраўдным салітэрам, а потым незаўважна арыгінал абмяняць на падробку! Ды толькі Ткачонак наперад ведае, як рэагаваць, і для яго знаходка брошкі не становіцца адкрыццём.

Крачынскі — цэнтральная постаць, невыпадкова спектакль распачынаецца і заканчваецца ў ягонай кватэры. Ды толькі з-за рэжысёрскай няпэўнасці або акцёрскай нявызначанасці персанаж выглядае суцэльным злодзеем, які ўсё робіць дзеля таго, каб завалодаць маёмасцю Мурамскіх. У такім разе незразумелы і нелагічны фінал спектакля, дзе Крачынскі адчайна плача на сваім ложку, прыгаворчаючы: «Лідачка, я люблю вас!» Гэта падаецца дзіўным, не адпавядае герою, які паўстае перад гледачамі на сцэне Горкаўскага тэатра, бо той кожную хвіліну думае толькі аб тым, як падмануць Мурамскіх: ён ахоплены прагай гульні, і ні пра якое каханне гаворка не ідзе.

Як Крачынскаму адмоўлена ў палкім абажанні, так і Лідачцы забаронена палкае каханне. Нягледзячы на тое, што жанр спектакля пазначаны як сатырычная камедыя, смешнага ў ім мала, дый выкрываюць невядома каго. Адзінае ажыўленне — у эпізодзе, дзе бацька Лідачкі распытвае Расплюева — Шэлестава пра маёнткі Крачынскага, а субяседнік нічога не можа зразумець.

Ад спектакля чакалі яркага, эксцэнтрычнага, вострага, злабадзённага выказвання, а замест гэтага атрымалася няўцямнае балбатанне. Са сцэны павявае нудой. Заўважна, што публіка адкрыта сумуе, назіраючы, як героі паважна разглагольствуюць, вымаўляючы напісаны Сухаво-Кабыліным тэкст так, нібыта ён да іх не мае ніякага дачынення. Нішто не дадае дынамізму, нават казачна-гарэзлівая музыка яўна дысануе з манатонным дзеяннем. Мастак Веніямін Маршак выкарыстоўвае паваротнае кола ўсяго два-тры разы, хоць меў шанец дапамагчы дзеянню развівацца безупынна.

Выклікаюць пытанні і касцюмы Марыі Герасімовіч: можна пагадзіцца з іх яркасцю і неспалучальнасцю — камедыю ж іграем! — але дзіўны пакрой не дазваляе забыцца і мазоліць вочы. Адчуванне такое, нібыта паненкі перавярнулі спадніцы «дагары нагамі», і таму тканіна несіметрычна размеркаваная. Ды яшчэ палохае празрыстасць мужчынскіх сурдутаў і гэтых спадніц, скрозь якія бачны каркас. Празрыстасць відавочна прэтэндуе на сімвалічнасць, вось толькі сімвал гэты незразумелы, ён не «выстрэльвае» і не тлумачыць анічога. Хутчэй за ўсё, ён звязаны са звышзадачай спектакля, але яна таксама цьмяная.

Калі спектакль не надта спадабаўся, а пакрыўдзіць яго стваральнікаў не хочацца, звычайна кажуць: тое, што мы бачылі, безумоўна, толькі пачатак вялікага і плённага шляху, а патэнцыял у спектакля ёсць, гэта было адчувальна нават на прэм’еры. Вельмі хацелася б сказаць так і пра «Вяселле Крачынскага»...

Ганна Андрэева

 

Непрыдатны прадукт сцэнічнага мастацтва

/i/content/pi/mast/45/765/19.jpg

Вольга Клебановіч (Атуева).

Чытаць п’есу «Вяселле Крачынскага» — сапраўдная асалода: захапляльныя дыялогі, імклівае развіццё сюжэта... А вось у спектаклі Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага нічога гэтага няма. Як жа так?! Жанр спектакля вызначаны як сатырычная камедыя, ды атрымалася фальшыва, недарэчна і зусім не смешна (за выключэннем хіба што некалькіх невялікіх эпізодаў).

Здаецца, што акцёры не дастасоўваюцца да дзеяння. Невядома: разумеюць выканаўцы лінію паводзін сваіх персанажаў і ўвогуле прапанаваныя абставіны ці не? Апранутыя ў дзіўныя строі, яны быццам нічагусенькі не робяць, толькі павольна рухаюцца ў сцэнічнай прасторы.

Актрысе Вользе Клебановіч удалося наглядна паказаць нам усё, што ўзнікла ва ўяўленні з нагоды ўвасаблення ролі Атуевай: і паставы, і жэсты, і піскі... Характар тыповы, што тут скажаш... У Лідачкі Кацярыны Шатровай таксама: прычоскі, уборы, тэкст... Але ж у сцэне, дзе гераіня прызнаецца цётухне ў сваім каханні да Крачынскага, — ні няёмкасці, ні шчырай закаханасці. У гэтым эпізодзе актрыса падыходзіць бліжэй да краю сцэны і вымаўляе маналог-прызнанне, адрасуючы яго ў глядзельную залу наўпрост. І выклікае спачуванне. Ах, Лідачка, і ты закахалася ў сталыя гады Мішэля! Толькі навошта? Увогуле нейкія дзіўныя Лідачкіны охі-ахі! Незразумела, як яна захапілася падобным панам, калі Крачынскі Аляксандра Ткачонка нават і не спрабуе яе зацікавіць або спакусіць...

Часцяком уся ўвага акцёраў скіраваная на чаканне моманту, калі надыходзіць час для ўжывання таго або іншага загадзя прыдуманага эфекту. Напрыклад, трук Уладзіміра Шэлестава, калі падчас чаяпіцця яго персанаж (Расплюеў) ад здзіўлення мусіў абраніць пенснэ ў кубак з гарбатай. І мы бачым, як яно падае, але ж паперадзе назіраем, як акцёр рыхтуецца да эпізоду. Цікава, пра што ён у гэты момант думае і ці маюць ягоныя думкі дачыненне да сцэнічнага дзеяння? І да таго падобнае — цягам усяго спектакля…

Сумна! Становішча не могуць выправіць ні сцэнаграфія, ні святло, ні музычнае афармленне. Музыка даволі дакладна перадае тэмпарытм п’есы, але дысануе з тэмпарытмам пастаноўкі.

Калі пасля прагляду спектакля звярнуцца да п’есы, то немагчыма ўзнавіць у памяці, гучалі пэўныя рэплікі або не. За рампу з цяжкасцю прарываецца сам сюжэт, і нават у вострыя падзейныя моманты акцёры працягваюць існаваць млява, невыразна, цьмяна. Што ж казаць пра закладзены аўтарам у п’есу змест? Акцёры інтанацыйна найграюць характарнасць сваіх персанажаў, іграюць пачуцці, а не дзейнічаюць адпаведна канкрэтным абставінам, якія рухаюць сюжэт. Урэшце застаецца шэраг пытанняў, на якія складана знайсці адказы. Перш-наперш, чаму менавіта гэтую п’есу абраў для пастаноўкі Міхаіл Кавальчык? І што хацеў сказаць сваім спектаклем, а галоўнае — заўважным адступленнем ад аўтарскага варыянта фіналу? Якраз гэтая канцавая кропка відавочна супярэчыць усёй папярэдняй дзеі.

Апошнім часам, бадай што як ніколі раней, тэатры асаблівае значэнне надаюць меркаванням простых гледачоў. Аргументы «гледачам не падабаецца» або «публіка не пойдзе» становяцца нават вызначальнымі пры фарміраванні бягучай рэпертуарнай афішы. Бо за права штомесячнай прысутнасці ў ёй таго або іншага спектакля лепш за ўсё «прагаласаваць нагамі». Рэцэнзіі на спектакль Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага «Вяселле Крачынскага», якія часопіс прапануе чытачам, у пэўнай меры і ёсць гэтае самае меркаванне гледачоў. Бо напісаны яны пакуль яшчэ не прафесійнымі крытыкамі, а студэнтамі-тэатразнаўцамі трэцяга курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Вольга Cталярова