Воўк з шакаладкамі супраць «ружовага самаварчыка»

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

Дзіцячыя кніжкі-карцінкі для самых... дарослых

/i/content/pi/mast/45/764/16.jpg
...Па дарозе са школы Хлопчык сустракае худзенькага засмучонага сабаку, які аказваецца ваўком па імені Бернар. Бернар сумуе, бо не можа нікога напужаць. Малы бярэ шэфства над бедаком, селіць яго ў шафе — там, дзе звычайна жывуць розныя начныя дзіцячыя страхоцці, — і з дапамогай двух шакаладных сыркоў пераймяноўвае ваўка ў Зора. Дзіця вучыць Зора-Бернара есці людзей і частуе яго кацінымі кансервамі, сам Воўк практыкуецца ў жудасным іклатым выскале перад ручным люстэркам. Атрымліваецца не адразу, але ў канцы кніжкі шматразовыя трэніроўкі і шакаладнае печыва робяць сваю справу. Воўк нават ледзь не з’ядае старэйшую сястру Хлопчыка — і нельга сказаць, каб малы быў незадаволены гэтай акалічнасцю.

...Пайсці на прэзентацыю кніжак французскай мастачкі Дэльфіны Перэ «Я, воўк і шакаладкі» і «Я, воўк і канікулы з дзядулем» мяне асабіста падбухторыла рэцэнзія ў блогу — у ёй работы Дэльфіны параўноўваліся з рускім культавым коміксам пра дэпрэсіўнага Зайца ПЦ і яго ўяўных сяброў Ф, Щ, грэлкі і свіной адбіўной з гарошкам (аўтар — Лінор Гаралік), а таксама з англійскім мультфільмам пра нахабнага ката Саймана, які рознымі спосабамі тэрарызуе свайго гаспадара (аўтар — Сайман Тофілд). У аснове гэтых твораў ляжыць «апавядаючы малюнак» — выразны, лаканічны, чорна-белы, — галоўнымі героямі якога з’яўляюцца звяркі (Хлопчык Перэ выбіваецца з зададзенай формулы, але самы абаяльны на свеце воўк-вегетарыянец Бернар усё расстаўляе па сваіх месцах). Вось толькі «Заяц ПЦ» з яго чорнай іроніяй і інтэлектуальнымі жартамі арыентаваны найперш на дарослую аўдыторыю. У творах Дэльфіны Перэ таксама не «памахвае куртатым хвастом мараль», што магла б адпудзіць старэйшых, — і ў той жа час яе апавядаючыя малюнкі адрасаваны дзеткам.

— Кніжка «Я, воўк і шакаладкі» нават аказвае тэрапеўтычнае ўздзеянне, — падкрэслівае Віталь Зюсько, прадстаўнік выдавецтва, якое выпускае працы Дэльфіны. — Псіхолагі рэкамендуюць яе для дзяцей з фобіямі: малыя баяцца Таго-хто-сядзіць-у-шафе, баяцца страшнага зубастага ваўка, і дзякуючы малюнкам Дэльфіны яны перажываюць сітуацыю наадварот — разам з галоўным героем вучаць ваўка пужаць і быць жудасным. Усе эмоцыі, якія адчувае Хлопчык: здзіўленне, ярасць, дэпрэсія, — апісаны выдатна і кранальна.

Малюнкі і кніжкі Дэльфіны спачатку падаюцца вельмі простымі і немудрагелістымі — няма буяння фарбаў, няма віньетак і іншых аздабленняў, няма саладжавасці. На першае месца тут выходзіць гульня выявы і тэксту, па меры ўключэння ў якую чытач-глядач пачынае пасміхацца — па-дзіцячы шчыра або іранічна.

...Прэзентацыя ў галерэі «Акадэмія» праходзіла ў камернай атмасферы: перад дзесяццю-пятнаццаццю прысутнымі (у асноўным, навучэнцамі БДАМ) Дэльфіна разважала на тэму «Што значыць быць маладым творцам у Францыі?». Пасля заканчэння факультэта графікі ў Ліёне яна зацікавілася кнігавыданнем:

— Я вельмі палюбіла кнігу. Ты можаш стварыць прыгожую рэч, твор мастацтва, які людзі зробяць сваім, будуць карыстацца ім. Вобразы, адлюстраваныя ў кнізе, размаўляюць толькі з чалавекам, што набыў яе, становяцца персаналізаванымі — у адрозненне ад афішы, якая звяртаецца да ўсіх і ні да каго.

    У Школе дэкаратыўнага мастацтва ў Страсбургу мастачка абрала спецыяльнасць, звязаную з ілюстрацыяй:

— Каб знайсці ўласную арыгінальнасць, я шмат што паспрабавала. Больш увагі ў той час надавалася форме, але асабісты стыль утрымлівае не толькі тэхніку выканання — гэта спосаб адлюстравання рэчаіснасці, спрашчэнне ці ўскладненне, рух да рэальнасці ці аддаленне ад яе.

«Я, воўк і шакаладкі» — гэта дыпломная праца Дэльфіны Перэ, якая ператварылася ў паспяховую кніжку:

— На апошнім — пятым — курсе мы абаранялі некалькі выдавецкіх праектаў, «Я, воўк і шакаладкі» — якраз адзін з іх. Мне было цікава не толькі рабіць ілюстрацыі, але і ўдзельнічаць у працэсе стварэння тэксту, расказваць з дапамогай малюнкаў, вытрымліваць лінію апавядання. Я намагалася распрацаваць самы ўніверсальны спосаб канцэнтрацыі сэнсу ў простых лаканічных рэчах. За выпускны год давялося спасцігнуць і засвоіць шмат, каб мая тэхніка стала такой лёгкай. Тады я адзначыла, што праз герояў кнігі мне ўдаецца зрабіць сэнс больш наглядным.

Спачатку «Я, воўк і шакаладкі» задумвалася з невялікай колькасцю карцінак, але з багаццем колеру. Па меры таго як пісалася гісторыя, узнікла шмат дыялогаў, таму ў канчатковым варыянце кніжка стала чорна-белым коміксам. Рыхтуючы кнігу, мастачка прыбірала, адсейвала ўсё другаснае — а для «...ваўка і шакаладак» самым галоўным былі дыялогі і экспрэсіўнасць. Таксама для Дэльфіны істотныя пачатак і канец гісторыі, якую яна хоча распавесці: сюжэты павінны разгортвацца ад канкрэтнай сітуацыі, потым будуць неверагодныя прыгоды, і зноў — вяртанне да рэальнасці.

Апавядаючыя малюнкі Дэльфіны Перэ сваёй лаканічнасцю і мінімалізмам ідэальна ўпісваюцца ў сусветныя тэндэнцыі сучаснай дзіцячай кніжнай ілюстрацыі. Зрух у разуменні таго, якімі павінны быць творы для малых, адбыўся ў Францыі ў 1970-я гады, але чым ён быў выкліканы?

— Месца дзіцяці стала асэнсоўвацца па-іншаму — яго пачалі разглядаць як незалежную асобу, самастойнага члена грамадства і сям’і, — патлумачыла Дэльфіна. — Малым трэба было прапанаваць ужо нешта больш сур’ёзнае, не такое «дзіцячае».

У 1990-я ў сферы кніжнай ілюстрацыі сталі папулярнымі калаж, фотакалаж, аб’ёмная выява. Гэта ўзбагаціла выдавецкую галіну — як на ўзроўні афармлення, так і на ўзроўні зместу — і дало прастору для мастацкага эксперымента. Памеры і фарматы вар’іраваліся ад самых маленькіх да вялізных, у выданнях спалучалася матавая і глянцавая папера, сталі выпускаць кніжкі «ў фармаце 3D» (з аб’ёмнымі малюнкамі) і нават без тэксту — каб дзеці самі маглі прыдумаць гісторыю па выявах.

На пытанне аўдыторыі «Што галоўнае ў дзіцячай кніжцы — ілюстрацыя або слова?» Дэльфіна адказала так:

— Многія людзі набываюць кніжкі з-за карцінак, бо гэта першае, на што падае позірк. Але выдавецтвы заўсёды ў пошуку добрых тэкстаў, таму што ў Францыі цікавых ілюстратараў шмат, але няма пісьменнікаў.

— У Расіі праблема і з аўтарамі, і з ілюстратарамі, — дадаў Віталь Зюсько. — У Балонні на кніжным кірмашы мастакі прапануюць выдаўцам паглядзець свае работы: стаіць такая невялікая чарга студэнтаў, якія паказваюць творы арт-дырэктарам, каб атрымаць параду. Нашы кніжныя выставы накіраваны на продаж. У супрацоўнікаў выдавецтваў няма магчымасці атрымаць інфармацыю пра новых аўтараў-ілюстратараў.

На жаль, беларускія студэнты не скарысталіся магчымасцю прарэкламаваць сябе, затое актыўна скардзіліся Дэльфіне і Віталю на асаблівасці працы з айчыннымі выдавецтвамі (не хочацца нікога крыўдзіць, але ў эпоху царавання сацыяльных сетак і сайтаў кшталту deviantart такія скаргі выглядаюць недарэчнымі).

Віталь прапанаваў маладым графікам паспрабаваць самім стварыць кніжку — без тэксту, пабудаваную толькі на малюнках, бо сучасныя дзеці — візуалы, і фармат кніжкі-карцінкі сёння вельмі папулярны. Але тут ёсць і свае «падводныя камяні»: па-першае — рэдактары, якія яшчэ з савецкіх часоў працуюць у выдавецтвах і, па выразе Віталя Зюсько, «прызвычаіліся да таго, што дзіцячая ілюстрацыя — гэта ружовы слонік ці прыгожы самаварчык»; па-другое — сямейнікі, што не жадаюць набыць дзіцяці кніжку-карцінку, маўляў, «тут жа амаль нічога не напісана!» Але ілюстрацыя — гэта тое, што гаворыць разам з тэкстам (ці нават замест), а не паўтарае яго, яна павінна ўзмацняць і развіваць эфект ад прачытанага. Перашкаджае ранейшы досвед бабуль і дзядуляў — яны выхоўваліся ў іншай традыцыі, умоўна кажучы, на «Дзяніскавых расказах», і толькі такія творы лічаць прыдатнымі для сваіх унукаў. Самы важны аргумент бацькоў — дзеці перастануць чытаць, развучацца думаць. Але гэта толькі праблема дыялога, а дакладней — яго адсутнасці. Прасцей за ўсё пакінуць дзіця сам-насам з кніжкай, значна больш складана — падказваць і тлумачыць, абмяркоўваць намаляванае, разважаць разам. Задача сакавітых, яркіх ілюстрацый, якія суправаджаюцца мінімальным, але добрым тэкстам, — прыцягнуць увагу да папяровай кнігі і прывучыць да яе, у рэшце рэшт.

Кніжкі-карцінкі, коміксы для дзетак робяцца артэфактамі сучаснага мастацтва. У выніку іх набывае спакушаная сталічная публіка — «аўдыторыя часопіса “Афіша”» (для беларускай прасторы больш прыдатным будзе вызначэнне «заўсёднікі кавярні “Малако”») — размова ідзе пра хіпстараў, новых чуллівых дзяцей-кветак 20—25—30-ці гадоў, што глядзяць на свет праз сонцаахоўныя акуляры Ray-Ban (атрымліваецца ружовенька). З аднаго боку, гэта прыклад нежадання сталець, а з другога — іх выбар накіраваны на пошук сапраўднага, існага, чыстага, на пошук Твора, у якім складаныя філасофскія паняцці тлумачацца апавядаючым малюнкам, дзе выява зліваецца са словам і ператвараецца ў знак.

 Алена Каваленка