Марына + Юра = балет

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

Пластычная і сэнсавая гармонія

/i/content/pi/mast/45/763/14.jpg

Дон Кіхот». Марына Вежнавец (Кітры), Юрый Кавалёў (Базіль).

У Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь з вялікім поспехам прайшоў творчы вечар надзвычай яркіх і харызматычных салістаў Марыны Вежнавец і Юрыя Кавалёва.

Творчыя вечары, на жаль, надзвычай рэдкая з’ява ў айчынным балетным тэатры. Дастаткова сказаць, што за апошняе дзесяцігоддзе балетаманы станавіліся сведкамі ўсяго дзвюх падзей такога кшталту: урачыстасцей, прысвечаных 60-годдзю з дня нараджэння харэографа Валянціна Елізар’ева, і вечара дуэта Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова. Заўважу, абодва праекты былі ажыццёўлены на сцэне Палаца Рэспублікі. Такім чынам, гледачы сталі сведкамі першага балетнага творчага вечара на сцэне тэатра пасля яго рэканструкцыі.

Дзейныя асобы і героі танцавальнага свята абраныя невыпадкова. Марына Вежнавец, вучаніца народнай артысткі Беларусі Ірыны Савельевай, была прынята ў трупу тэатра яшчэ ў 1997-м. Засвоіўшы школу кардэбалету, яна спярша танцавала інфернальных, ракавых, загадкавых гераінь (Зарэма ў «Бахчысарайскім фантане», лэдзі Макбет у аднайменным балеце, Ганна Багранародная ў «Рагнедзе»). У сярэдзіне 2000-х балерыне пачалі даручаць сур’ёзныя і рознабаковыя партыі. Літаральна за некалькі сезонаў яна выканала ролі Гамзаці і Нікіі («Баядэрка»), Адэты-Адыліі («Лебядзінае возера»), Кітры («Дон Кіхот»), Дзяўчыны («Балеро»), Рагнеды і Эсмеральды ў аднайменных пастаноўках, Дзяўчыны-абранніцы («Вясна свяшчэнная») і ператварылася ў адну з вядучых балерын трупы.

Юрый Кавалёў прыйшоў у тэатр пазней, у 2003-м, і ўспрымаўся найперш як абаяльны характарны артыст — Базіль і Эспада («Дон Кіхот»), Абат («Карміна Бурана»), Драсельмеер («Шчаўкунок»). Хапала ў яго рэпертуары і так званых «адмоўных» персанажаў: Тыбальд у «Рамэа і Джульеце», Ротбард у «Лебядзіным возеры», Філіп у «Легендзе аб Уленшпігелі», Ганс у «Жызэлі», Крас у «Спартаку». Але ўжо тады яго героі сваёй арыгінальнасцю і нестандартнасцю стваралі цудоўны кантраст «балетным прынцам». А сам Кавалёў паўставаў як танцоўшчык іранічна-інтэлектуальнага плана.

Сезон 2008—2009 гадоў Вежнавец і Кавалёў правялі ў трупе Пецярбургскага балета Канстанціна Тачкіна. Рэпертуар калектыву складаўся выключна з класікі, што абумовіла творчае развіццё дуэта менавіта ў гэтым накірунку. Плён працы стаў бачны пасля вяртання ў Мінск. Абое артысты хутка вярнулі сабе становішча ў трупе і раней засвоены рэпертуар. Да партый Вежнавец дадалася Аўрора ў «Спячай прыгажуні», выкананая ў лепшых класічных традыцыях. Цяпер Марына і Юрый танцуюць вядучыя партыі ў большасці спектакляў тэатра, прычым як класічнай, так і сучаснай харэаграфіі. Зоркі першай велічыні на айчынным харэаграфічным небасхіле, яны даўно маюць права на прызнанне, адэкватнае іх таленту. Думаецца, што іх сумесны творчы вечар стаў адной з належных праяў павагі тэатра да сваіх салістаў.

Праект меў тры часткі. У першай быў прадстаўлены шэдэўр рамантычнай харэаграфіі — 2-ая дзея з балета «Жызэль». Прызнацца, да пачатку вечара я сумняваўся: ці мэтазгодны такі ўступ? Бо фармат вечарыны прадугледжвае лаканічнасць нумароў і іх змену, гэта забяспечвае разнастайнасць і гарантуе ўвагу публікі. Праўда, выклікала цікавасць тое, што Вежнавец і Кавалёў упершыню выконвалі партыі галоўных герояў у «Жызэлі» (раней яны ўвасаблялі Мірту і Ганса, персанажаў другога плана).

У беларускай трупе менавіта Марына і Юрый найбольш ярка прадстаўляюць сучасную харэаграфію, бо яны не толькі танцоўшчыкі, але і артысты. А значыць валодаюць унікальнай здольнасцю «прапусціць» партыю праз сябе і прапанаваць арыгінальную трактоўку. Істотна, што праца над вобразам ідзе на рэпетыцыях, а не на сцэне. Таму падчас першага выканання гледачы ўбачылі мастацкі вынік — цэласныя вобразы, а не проста правільна ўзноўленую паслядоўнасць рухаў (як надараецца ў некаторых маладых танцоўшчыкаў). Складвалася ўражанне, што Вежнавец і Кавалёў танцуюць «Жызэль» шмат гадоў. Віліса ў выкананні Марыны паўставала паветранай незямной істотай — настолькі празрыстымі здаваліся рухі гераіні. Што датычыцца Кавалёва, дык у яго рэпертуары ўжо даўно прысутнічала партыя паэта Грэнгуара («Эсмеральда»). Але калі той кранаў сваёй наіўнасцю і чысцінёй, дык Альберт выглядаў сапраўдным рамантыкам, чые мары разбілі жыццёвыя абставіны і ўласны трагічны ўчынак. Пасля «Жызэлі» робіцца відавочным: танцоўшчык мае сур’ёзны патэнцыял і здольны ўвасабляць драматычныя вобразы, тым больш што партыі Салора («Баядэрка»), Прынца («Спячая прыгажуня») і Зігфрыда («Лебядзінае возера») ён ужо выконвае.

У другой, канцэртнай частцы праекта былі гарманічна прадстаўлены класічная і сучасная харэаграфія. Традыцыі знайшлі адлюстраванне ў фрагментах з «Лебядзінага возера», «Баядэркі», «Дон Кіхота» і «Шэхеразады». Першы выконваўся Алегам Яромкіным і Ірынай Калеснікавай, прыма-балерынай Пецярбургскага балета Канстанціна Тачкіна, другі — беларускімі салістамі, у апошніх двух саліравалі Вежнавец і Кавалёў. Дуэт Залатога раба і Забеіды з балета Рымскага-Корсакава можа ўспрымацца як паўнавартасная заяўка на выкананне партый, калі «Шэхеразада» будзе пастаўлена ў Мінску. Па-дэ-дэ з «Дон Кіхота» парадавала надзвычайнай тэхнічнай віртуознасцю і нястрымным эмацыйным мажорам. (Нагадаю, восенню 2009 года наш дуэт выконваў гэты фрагмент у фінале «Канцэрта зорак Пецярбурга». Пасля канцэрта артысты Марыінкі, стоячы за кулісамі, апладзіравалі Марыне і Юру.)

Новая харэаграфія на сцэне тэатра ў апошнія сезоны з’яўляецца нячаста, а глядацкая патрэба ў ёй адчуваецца заўсёды. Таму такую цікавасць выклікалі мініяцюры «Гісторыя кахання», «Мая вуліца» і «Леда і лебедзь» на музыку сучасных кампазітараў, пастаўленыя заслужанай артысткай Расіі Аленай Кузьміной, салісткай трупы Барыса Эйфмана. Мініяцюру «Liebeslied» (харэаграфія Дзітмара Зайферта) прадставілі Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў. Нягледзячы на тое, што артысты здолелі прапанаваць адметнае ўласнае прачытанне нумара, ён пакінуў уражанне дэжа вю, бо Раду Паклітару неаднойчы сачыняў для дуэта мініяцюры ў такой жа стылістыцы.

Каштоўнасцю нумароў «Гісторыя кахання» і «Мая вуліца» з’явілася хутчэй не харэаграфічная навізна, а тое, што яны адкрылі герояў праекта з нязвыклага боку. У адрозненне ад пакалення папярэднікаў, Вежнавец і Кавалёў не мелі новага, спецыяльна пастаўленага для іх рэпертуару, таму ўспрымаліся як інтэрпрэтатары або харэаграфіі Елізар’ева, або класічнай спадчыны. На вечары нечакана высветлілася, што дуэт здатны ўвасобіць харэаграфію ў іншай, сучаснай стылістыцы і выглядае там абсалютна натуральна.

Бадай, найбольш яркім фрагментам другой часткі праекта сталася мініяцюра «Леда і лебедзь» у выкананні беларуса Ігара Колба, цяперашняга прэм’ера Марыінскага тэатра, і самой Алены Кузьміной. «Леда і лебедзь» — вядомы іканаграфічны сюжэт, які адлюстроўвае эратычную сцэну паміж Ледай (дарэчы, маці той самай Алены, з-за якой усчалася Траянская вайна) і Юпітэрам, што прыняў аблічча лебедзя. Сюжэт карыстаўся надзвычайнай папулярнасцю ў мастацтве італьянскага Адраджэння. Да яго звярталіся Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Веранезе і Цінтарэта, пазней Поль Сезан і Сальвадор Далі. Вобразы Леды і лебедзя знайшлі сваё адлюстраванне ў творчасці Авідзія і Рансара. Алена Кузьміна прапанавала харэаграфію, эмацыйна і пачуццёва вельмі насычаную. Сачыць за яе разгортваннем было цікава і дзякуючы неверагодна экспрэсіўнай пластыцы Ігара Колба. Лепшага, больш адпаведнага інтэрпрэтатара цяжка ўявіць.

У заключнай частцы вечарыны быў паказаны балет «Балеро» (харэаграфія Валянціна Елізар’ева), дзе Вежнавец і Кавалёў выконвалі вядучыя партыі. Калісьці аднаактовы спектакль на музыку Марыса Равэля з’яўляўся адной з «разынак» рэпертуару. Цяпер ён ужо не ідзе на сцэне тэатра. Тым не менш вяртанне да яго ўспрымалася апраўданым, паколькі менавіта ў «Балеро» напоўніцу праяўляецца адчуванне партнёра, сінхроннасць у дуэце.

Цяжка пераацаніць ролю дуэта ў балетным мастацтве. У гісторыі сусветнай харэаграфіі назаўжды засталіся гарманічныя дуэты Кацярыны Максімавай і Уладзіміра Васільева, Рудольфа Нурыева і Марго Фантэйн, а ў айчынным балеце — Людмілы Бржазоўскай і Юрыя Траяна. Партыі, якія Вежнавец і Кавалёў выконвалі ў адных і тых жа спектаклях, сведчылі пра рэдкую пластычную і сэнсавую гармонію. Істотна, што Марына і Юрый — асобы з вялікім духоўным патэнцыялам, здольныя імкліва развівацца. Сёлетні вечар гэта яшчэ раз пацвердзіў.

Дзяніс Марціновіч