Памяць месца

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

«Думка...» Ігара Пешахонава

/i/content/pi/mast/45/760/10.jpg
У мінскай гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва прэзентавалася фатаграфічная серыя Ігара Пешахонава «Думка беларуская».

Серыя ўзнікла з большага па памерах і працяглага па часе праекта — фотаэкспедыцый, асаблівага жанру, рэалізаванага ў нашай прасторы фатографамі Уладзімірам Парфянком, Дзмітрыем Каралём, Ігарам Саўчанкам і Ігарам Пешахонавым. Гэты своеасаблівы від дарожнай фатаграфіі нараджаецца наступным чынам: выбіраецца маршрут, мэта якога — у дадзеным выпадку — зусім не фіксацыя прыгожых ландшафтаў. Вось як гэта тлумачыць у адным з інтэрв’ю ўдзельнік вандровак Уладзімір Парфянок: «Мы проста закідваем свой невад і глядзім, што ў яго трапіла... Ты рухаешся і фіксуеш тое, на што падае твой зацікаўлены навізной погляд. Часта ў момант здымкі і не ўсведамляеш, што гэта і для чаго. І толькі потым у адзнятым матэрыяле можна ўбачыць нейкі новы і нечаканы сэнс».

Такая «неўсвядомленая» здымка прывяла Ігара Пешахонава да адметнага канцэпту — вылучэння асобнай серыі. Аналізуючы атрыманы матэрыял, фатограф разгледзеў за звычайнымі партрэтамі мясцовых жыхароў нешта большае. Паралельна адбылося асэнсаванне метаду: «Я фатаграфую скрозь гэтага чалавека. Фатаграфую сітуацыю, якая склалася праз яго прысутнасць у кадры на тым ландшафце, што я выбраў».

Пры гэтым тыпаж адлюстраванага не мяняецца. Гэта звычайны вясковец ці жыхар мястэчка, спынены на сваім будзённым маршруце. Асяроддзе — нібы толькі фон яго звыклага жыцця. Ці гэта руіны Крэўскага замка, ці вуліца правінцыйнага горада, засмечаная пустка.

Якую ж сітуацыю шукае, фіксуе і стварае сваімі кадрамі Ігар Пешахонаў? І што прачытвае глядач незалежна ад намераў фатографа? Гэта, безумоўна, не пастановачная здымка, хоць элемент выбудоўвання мізансцэн прысутнічае — фатограф кампазіцыйна дакладна змяшчае партрэтаваную асобу ў выбраны ландшафт. Карэктуе лінію гарызонту і граніцы краявіду. Змяшчае пэўныя дэталі на першы план і рэдуцыруе іншыя. Які погляд фатографа выяўляецца ў выбары складнікаў кампазіцыі і ў гэтай кропцы здымкі?

Увасобленыя людзі  належаць гэтаму краявіду, нібы ўпісаны ў яго. Тут важны момант выпадковасці: ніхто не зводзіў разам краявід і чалавека. Яны сустрэліся самі. Чаму ж фатограф спыняе гэтых людзей? Чаму фіксуе менавіта на гэтым фоне? Таму, што яны — тутэйшыя? Ці яны ўступаюць з гэтым краявідам у гармонію, кантраст? Яны вынік гэтага запусцення ці яго прычына? Там, дзе руіны старых замкаў і сядзіб, погляд фатографа чытаецца больш ясна: забыццё. Там, дзе ландшафт і сам непрыкметна шэры, шараговыя людзі толькі падкрэсліваюць яго пустату і бессэнсоўнасць. Відавочныя і спасылкі на нейкія візуальныя парадоксы: надпісы, брэнды ў дзіўных месцах. Стаўленне іранічнае, але не жорсткае. Нават там, дзе стары замак паўстае адрэстаўраваным, застаецца разрыў паміж чаканнямі і жыццём людзей і наноў прапісанай, узноўленай гісторыяй. Каму патрэбны гэтыя старыя муры? Каб праводзіць каля іх стандартныя святкаванні? Дыягназ непрыемны, аднак штосьці важнае з’яўляецца ў гэтай наяўнай рэальнасці правінцыйнага чалавека. На шэрагу здымкаў людзі ўваходзяць у гармонію са сваім акружэннем, у іх поглядах чытаецца ўважлівасць і самадастатковасць. І гэтая самадастатковасць — насамрэч унікальная. Яна на здымку афішы, у поглядзе, паставе, размяшчэнні чалавека — у рытм з калонамі брамы царкоўнай агароджы. Гэты чалавек арганічна адпавядае свайму месцу і памяці месца. Няхай тая памяць не налічвае стагоддзі, але яна ёсць — пра царкву, мястэчка, былых насельнікаў. Ёсць памяць у бабулькі на фоне крыжоў.

Фатограф прапануе нам сваю «Думку...», каб працягнуць пошук сувязі паміж чалавекам і памяццю месца, якое яго акаляе...

 Алеся Белявец