Каралі жабракоў

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Без малога тры стагоддзі таму Джон Гэй напісаў «Оперу жабракоў» -- злую і дасціпную сатыру на сучасную яму Англію. Праз дзвесце гадоў, у 1928-м, у Лондане адзначалі юбілей «Оперы жабракоў», і тады малады драматург Бертольд Брэхт стварыў сваю «Трохграшовую оперу» і сам паставіў яе. А яшчэ амаль праз паўстагоддзя -- Барыс Луцэнка ўвасобіў «Трохграшовую оперу» на сцэне Рускага тэатра Беларусі ў дэкарацыях Юрыя Тура і з выдатнай музыкай Курта Вайля -- музыкай арыгінала.

«Трохграшовая опера» Бертольда Брэхта
Рэжысёр Барыс Луцэнка.
Мастак Юрый Тур.
1976.

Брэхт, «вышываючы па гатовай канве», напісаў шакіруючую для свайго часу п’есу, дзе героі -- прастытуткі, жабракі, рабаўнікі, забойцы, прадажныя паліцэйскія -- займаюцца сваім рамяством як бізнесам. Мінула яшчэ чвэрць стагоддзя -- і сюжэт гэты здаецца амаль звычайным, прынамсі больш нікога не шакіруе. А рэмарку Брэхта, што пачынала «Трохграшовую оперу»: «Жабракі жабруюць, зладзеі крадуць, гуляшчыя гуляюць», -- можна паставіць эпіграфам да якой-небудзь «оперы» з тых, што занялі сёння сцэны, кіна- і тэлеэкраны і зрабіліся нядобрым знакам рэалій нашага часу. Апошняя чвэрць ХХ стагоддзя змяніла маральныя ацэнкі грамадства -- ці мог змяніцца тэатр?...
 /i/content/pi/mast/3/76/Karali-zhabrakou1.jpg
...Праз некалькі гадоў пасля прэм’еры Б.Луцэнка абмовіўся: «Я б цяпер паставіў па-іншаму...» Ведаючы ягоную страсць да перапастановак, засмуцілася: настолькі невычэрпна багатым быў той спектакль. Нам, гледачам, здавалася, што фантазія Луцэнкі і Тура бурліла гэтак, быццам ім ужо больш ніколі нічога не давядзецца паставіць і трэба скарыстаць момант. Мабыць, так яно і было: неабходнасць выказацца тут і цяпер. Луцэнка прапанаваў нам угледзецца ў свет, дзе парадны бок неаддзельны ад будзённага. Ці мог ён прадбачыць час, які прадэманструе нам гэта так відавочна?
...А падчас прэм’еры нас пасвячалі ў вайну, якую вядзе Джонатан Пічэм, «кароль жабракоў», супраць верхавода гангстэраў Мэкхіта Мэкі-Нажа. Аляксандр Ткачонак (Пічэм) шукае сэнс існавання дзялка, што натрапіў на залатую жылу і выцясняецца іншымі -- небяспечнымі! -- дзялкамі. Сумна ўтаропіўшы вочы ў прастору, Пічэм прамаўляе вядомыя ісціны разам з цынічнымі парадоксамі: ён недатыкальны; што б ні здарылася, ён падымецца, ён будзе гандляваць і ў выніку возьме сваё і чужое. У прасторы «Трохграшовай оперы» ўсё будзённае, дзелавітае, а гандаль -- пажаданы. Тут гангстэры зусім як паважныя буржуа; жабрацтва пастаўлена на камерцыйную аснову; грознаму шэфу паліцыі Брауну -- «пантэры Брауну» (В.Філатаў) -- адлічваюцца дывідэнды ад рабавання і забойстваў у касе Мэкі-Нажа; прастытутка Джэні-Маліна (Л.Былінская), сяброўка сутэнёрскай маладосці Мэкі, не без лёгкага вагання выдае яго паліцыі: «...спачатку хлеб, ... а мараль -- потым»... Зрэшты, «зладзеі крадуць і гуляшчыя гуляюць», а ў Скотланд-Ярдзе на Мэкі-Нажа матэрыялу няма.
Уваходзячы ў залу, гледачы заклапочана разглядвалі збудаванне з кратаў, тросаў, вяровачных лесвіц -- балаган, цырк? Яны яшчэ расшыфроўвалі сэнс убачанага, імкнучыся разгадаць адну з задачак, прапанаваных спектаклем, а іх ужо захапілі: святло, музыка, скокі, хаос! Неўзабаве ў гэтым хаосе заўважаецца нейкая сістэма, у дысанансах -- гармонія, у мільгаценні -- сэнс. Яшчэ непрыкметныя сярод іншых мільгаючых у карагодзе галоўныя героі, але прыцягвае жорсткі погляд Мэкхіта, учэпісты -- Пічэма...
Асляпляльны пражэктар высвятляе арэну першай бойкі за «месца пад сонцам» -- бойкі «арганізаванага» жабрака і «прыватніка». І нас захапляе спектакль -- з’едлівы, пругка-рытмічны, дзе патэтычны эпізод змяняецца фарсавым, бурлескным, наперчаным з’едлівымі іншасказаннямі. У дзеянне ўступаюць зонгі, без якіх спектаклі па Брэхту немагчымыя: жанравы дыяпазон іх шырокі -- куплет, харал, танга, балада, марш... Яны саркастычна павучаюць, выкрываюць, фармулююць, здзекуюцца. Ніякіх выштукоўванняў бельканта -- спяваюць дэманстратыўна немузыкальна. Брэхт на сваіх рэпетыцыях вывешваў напамін: «Спяваць строга забараняецца», патрабуючы, каб зонгі «гаварылі насуперак музыцы». Мэта -- сэнс выкананага, дакладнасць выканання -- сродак. Сёння «Опера...» уяўляецца прадвеснікам жанру мюзікла на беларускай сцэне -- у самым лепшым сэнсе. Усе акцёры мелі поўную прафесійную гатоўнасць -- у спевах, танцы, масоўцы, не было другаснага, неістотнага, быў адпрацаваны кожны рух, кожны сказ... Многае залежыць ад выканаўцы ролі Мэкхіта: Валерый Бандарэнка адчуваў асаблівасці лексікі Брэхта, музыкі Вайля. Пластыка Мэкі-Нажа хвацка выразная: паводзіны -- драпежніка, імгненная рэакцыя, фатаўскія манеры, нахабства, абаяльнасць -- усё знойдзена і выкарыстоўваецца з тым пачуццём меры і зграбнасці, якіх патрабаваў ад акцёраў Брэхт. Мэкхіт займаецца справамі са стараннасцю клерка, без гневу і радасці, ён поўны энергіі і педантычны, не растаючыся з «арганайзерам», дзе падлічаны «дэбет» і «крэдыт» -- даты, колькасць ахвяр, заробак і ўзносы ў «справу». Як усялякі ініцыятыўны прадпрымальнік, ён раўнівы да свайго прэстыжу і патрабуе абавязковай субардынацыі. Дзелавы забойца, практычны начальнік бандыцкага клана, разважлівы рабаўнік... Мне здаецца, роля Мэкхіта засталася ў Бандарэнкі адной з любімых, як і ў Ларысы Зайцавай -- роля Полі Пічэм, у Вольгі Клебановіч -- Полі і Джэні-Маліны, у Людмілы Былінскай -- Джэні-Маліны, у Аляксандра Ткачонка і Эдуарда Гарачага -- Пічэма. Як і ў заўчасна памерлага Валерыя Філатава была любімай роля Патэра Брауна...
У фінале спектакль узносіць Мэкхіта пад самыя нябёсы. Адгучала балада, у якой Мэкі-Нож прасіў прабачэння, -- і вось ужо яму даравалі. Знікае пятля, што толькі што матлялася перад ім. Гучыць харал, узнёслы, прасветлены... І раптам усё руйнуецца, з трэскам, з лямантам -- землятрус? -- мкнецца некуды ў цемру. Пад руінамі змрочнага балагана апынуліся ўсе... Але спачатку нясмела, потым усё гучней чуецца музыка Мэкі-Нажа. З попелу, пылу і праху караскаюцца -- і вось ужо зноў віхураць у злавесных скоках жабракі, дзеўкі, паліцэйскія і бандыты.

Лілія БРАНДАБОЎСКАЯ