Валерый Гергіеў. Экстаз і крылцы матылька

№ 6 (339) 01.06.2011 - 31.07.2011 г

Аркестр Марыінкі ў Мінску

На працягу некалькіх гадоў даводзілася трапляць у Маскву вясной, у красавіку. І кожны раз кідаліся ў вочы яркія «расцяжкі» над вуліцамі і праспектамі горада — «Маскоўскі Велікодны фестываль пад кіраўніцтвам Валерыя Гергіева». Далей ішоў пералік 15-20 гарадоў Расіі, дзе ладзіліся канцэрты фэсту і куды меўся прыехаць аркестр пад кіраўніцтвам знакамітага дырыжора. «Якія шчаслівыя!» — уздыхнуўшы, думала я тады. Сёлета на пачатку мая шчасце завітала і да нас. У межах юбілейнага, Дзясятага фестывалю ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі ў Мінску прайшоў адзіны канцэрт аркестра Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга.

«Толькі майце на ўвазе, ён адбудзецца ў нядзелю ў 12 гадзін дня, а прэс-канферэнцыя ў 10 раніцы...» — папярэдзілі ў аддзеле рэкламы філармоніі. Здавалася, тры выхадныя, калі гараджане выпраўляюцца за горад, на лецішча, у вёску. Але ў зале — супераншлаг, у бельэтажы стаялі, на балконе былі занятыя ўсе прыступкі.

Гергіеў — імя для музыкантаў амаль свяшчэннае. У асяроддзі прафесіяналаў Валерый Абісалавіч мае высокі і неаспрэчны аўтарытэт — і таму, што ўваходзіць не ў дзясятку, а, думаю, нават у пяцёрку самых запатрабаваных і аўтарытэтных дырыжораў у свеце, і таму, што ён — мастацкі кіраўнік Ратэрдамскага і Лонданскага філарманічных аркестраў. (Некалькі гадоў таму наш Аляксандр Анісімаў расказваў: значная частка жыцця Гергіева праходзіць у самалётах, і нават там не спыняецца творчы працэс і вывучаюцца партытуры.) Любімае дзецішча Гергіева — Марыінскі тэатр, мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам якога ён з’яўляецца 23 гады. Маштаб тэатра і асобы дырыжора дазваляе Марыінцы спакойна адольваць вяршыні, шмат каму недаступныя (у тым ліку, прабачце, і нашаму Тэатру оперы і балета). Тут пастаўлены вагнераўскія оперы «Персіфаль» і тэтралогія «Кальцо нібелунга», «Траянцы» Гектора Берліёза, «Жанчына без ценю» Рыхарда Штрауса. («Якое музычнае гурманства!» — ціха заўважае оперны рэжысёр Галіна Галкоўская, калі Гергіеў згадвае на прэс-канферэнцыі назвы.)

Ідэя Велікоднага фестывалю да геніяльнасці простая. Ён нарадзіўся як маскоўскі, потым ператварыўся ў нацыянальны. Цяперашні, юбілейны, стаў міжнародным. Традыцыямі фэсту з самага пачатку былі дабрачыннасць, адукацыя і асветніцтва. А рэалізуюцца гэтыя напрамкі ў асобных праграмах — сімфанічнай, харавой, камернай, звонавай. За час існавання Велікоднага фестывалю ў ім прынялі ўдзел некалькі тысяч лепшых выканаўцаў з Еўропы, Амерыкі і Азіі. І кожны з грандыёзных праектаў меў адметнасць. Напрыклад, цэнтральнай падзеяй Другога фэсту зрабілася пастаноўка «Барыса Гадунова» на Саборнай плошчы Крамля. У Трэцім асаблівае месца займала музыка Сяргея Пракоф’ева. Чацвёрты прысвячаўся 60-годдзю Перамогі. Пяты і Шосты былі прымеркаваны да 100-гадовага юбілею Дзмітрыя Шастаковіча і 125-гадовага — Ігара Стравінскага. Сімфанічная праграма апошняга фэсту ахапіла 11 гарадоў Расіі і яшчэ 5 сталіц (Масква, Кіеў, Мінск, Вільнюс і Астана), харавая ладзілася ў 20 гарадах Расіі.

Праграмы і ўдзельнікі папярэдніх фестываляў адлюстраваны ў шыкоўным аб’ёмным буклеце ў 150 старонак. Так што на прэстыжы не эканомяць... Там згадваюцца маскоўскія мэры (былы, Юрый Лужкоў, і цяперашні, Сяргей Сабянін), кампазітар Радзівон Шчадрын, патрыярх Кірыл, шмат іншых вядомых асоб. Яшчэ адзін урок — стаўленне ўлады да акадэмічных жанраў: для выступленняў аркестра Марыінкі нядаўна пабудавана асобная канцэртная зала — па апошнім слове тэхнікі, з найлепшай акустыкай.

На прэс-канферэнцыі найбольшае ўражанне склалася ад асобы самога Гергіева. Надзвычай просты, раскаваны, абаяльны. Ніякіх танных прыёмаў і «пантоў», што магла б дазволіць сабе зорка такога ўзроўню. Нарадзіўся ў 1953 годзе ў Маскве. Асецін. Напярэдадні аркестр выступаў у Вільнюсе, прыехаў у Мінск ранкам, як і дырыжор. А за дзень да таго канцэртаваў у Кіеве. Значыць, пасля прыезду ў Беларусь музыканты адпачылі, самае большае, гадзіны тры. Пасля Мінска яны выпраўляюцца ў дарогу, бо вечарам таго ж дня выступленне ў Смаленску, назаўтра раніцой — дзённы (у адпаведнасці са шматгадовай традыцыяй) канцэрт на Паклоннай гары для вялікай колькасці слухачоў, што збіраюцца там у дзень Перамогі, 9 мая. Вечарам — выступленне ў адной з канцэртных залаў Масквы. Вось у такім немагчымым тэмпе жыве аркестр Марыінкі, адзін з найбольш запатрабаваных калектываў свету.

На прэс-канферэнцыі ў распараджэнні дырыжора мелася 20—25 хвілін. Гергіеў паспеў згадаць, што прыязджаў у Мінск 4 або 5 разоў, прычым першы раз яго запрасілі ў сярэдзіне 1970-х, пасля перамогі на конкурсе дырыжораў імя фон Караяна ў Берліне. Разгарнуў канцэпцыю Велікоднага фестывалю, калі пацікавіліся, як сімфонія Малера, што мелася прагучаць, стасуецца з ідэяй Вялікадня. «Можна разумець назву літаральна, тады трэба выконваць толькі “Святочную ўверцюру” Шастаковіча і шэраг іншых твораў. Гэта шлях у тупік. Да фарміравання праграмы трэба падыходзіць творча...»

Гергіеву вельмі хацелася б прывезці ў Мінск оперу «Зачараваны вандроўнік» (паводле Ляскова), адзін з апошніх твораў Радзівона Шчадрына, з якім дырыжор даўно сябруе. Дырыжор спадзяецца: прыедзе і сам кампазітар. Добра, каб з Маяй Плісецкай, яна па матчынай і бацькоўскай лініях мае беларускія карані. Маэстра расказваў, што аркестр Марыінкі часта выступае ў Нью-Ёрку, там прайшлі фестывалі, прысвечаныя Стравінскаму і Шастаковічу. Хацелася б, каб аналагічныя фэсты (у 3-4-5 дзён) адбыліся і ў сталіцы Беларусі. «Дык яны ж і нашы!» — хацелася гукнуць з месца. Рэчыцкі раён — радзіма бацькі кампазітара, Фёдара Стравінскага, баса Марыінкі. А бацька Шастаковіча нарадзіўся ў Вільні... Згадваў госць і пра дабрачынныя канцэрты ў межах апошняга Велікоднага фестывалю, прысвечаныя 25-годдзю Чарнобыльскай катастрофы і нядаўняй трагедыі ў Японіі.

...Але вось нарэшце канцэрт распачынаецца. Пераканана: калектывам зорнага кшталту патрэбна атмасфера аншлагу, ажыятажу, чакання, наэлектрызаванага паветра. Гергіеў, як і многія дырыжоры, хударлявы і субтыльны. Чорнае адзенне, ніякіх бліскавак, ззяння, упрыгожванняў. Ягоная звыклая няголенасць — амаль фірменны знак.

Пятая сімфонія вялікага аўстрыйца Густава Малера — аб’ёмны твор, у ім пяць частак, больш за гадзіну гучання. Дырыжор называе яе «самай светлай і мажорнай» у кампазітара. Увогуле 10 сімфоній Малера, напісаныя на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, як мяркуюць музыказнаўцы, адлюстравалі і заканчэнне эпохі рамантызму, развітанне з яе ілюзіямі, і прадчуванне жорсткага і трагічнага новага часу.

Музыку бессэнсоўна пераказваць. З усіх частак найбольшае ўражанне (як потым высветлілася, не толькі на мяне) зрабіла 4-я, тая, на якую некалькі дзесяцігоддзяў таму харэограф Валянцін Елізар’еў паставіў адметны і філасофскі аднаактовы балет «Адажыета». Яго танцавалі выдатныя майстры Людміла Бржазоўская і Юрый Траян. Дастаткова было толькі прымружыць вочы, як з глыбінь памяці ўзнікалі фрагменты экспрэсіўнай пластыкі балета. Віртуознасць і пачуццёвая пранікнёнасць, з якой музыканты ўзнаўлялі сімфонію Малера, здавалася, не мела мяжы. Густыя і сакавітыя тэмбры віяланчэлі, невыказная пяшчота і шапаценне струнных... («Ніякай гукавой кашы! Чуваць усё — кожную ноту ў кожнай партыі...» — скажа пазней у кулуарах музыказнаўца Алена Лісава).

Твар дырыжора бачаць аркестранты, а таксама фотакарэспандэнты і аператары, калі здымаюць з-за куліс. Глядач сочыць за постаццю, пластыкай і рухамі. Тое, што пластыка дырыжора часам нагадвае танец, — не навіна. Некалькі разоў бачыла на ўласныя вочы, як дырыжоры ў экспрэсіўныя моманты на імгненні літаральна «завісалі» ў прасторы. Гэтым разам было надзвычай цікава назіраць за тым, як музычная плынь разгортвалася адпаведна пластыцы дырыжора. Што нагадвала трапяткая пластыка Гергіева? Экстатычны танец з шаблямі з «Гаянэ»? Часам лавіла сябе на думцы, што яго рухі прымушаюць успомніць Адэту з «Лебядзінага возера», яе расхінутыя рукі-крылы, часам — прынца Зігфрыда, што імкне ёй насустрач. Здавалася, яшчэ імгненне — і дырыжор ператворыцца ў таямнічую і дзівосную Жар-птушку. Такія выразныя і нервовыя кісці, на якія чуйна адгукаўся аркестр, бачыла ўпершыню. Нервовасць — зрокавае адлюстраванне эмацыйнага стану? А мо, пёры крылаў? Ці трымценне маладой лістоты — майскай, зялёнай, што блішчыць і ззяе пад цёпла-ласкавым вясновым сонцам? А можа, крылцы матылька, празрыстыя і пяшчотныя? І перад намі той самы выпадак, калі ўзмах крылцаў здатны нарадзіць новы Сусвет? Толькі варта ўдакладніць: сусвет музычны — і ўсё стане на свае месцы...

Значная мастацкая падзея мае шмат адценняў. Яна бударажыць, электрызуе прастору, будуе іерархію каштоўнасцей. І тады разумееш, што маленькія і прыватныя радасці — усё-такі маленькія і прыватныя. А вялікія творы здатныя аб’яднаць гледачоў не толькі ў адной канцэртнай зале, але ў многіх краінах і ў свеце. І тады няважна, жывеш ты ў Мінску або ў Нью-Ёрку, Маскве ці Парыжы. Вялікае мастацтва звычайна не толькі ўзрушае, але і нараджае незразумелую тугу па той жыццёвай і творчай прасторы, куды ты, на жаль, ніколі не трапіш. Але ж зоркі — таму і зоркі, што яны недасяжныя...

Адзіны канцэрт аркестра пад кіраўніцтвам Гергіева адбыўся. Спадзяемся, гэта толькі пачатак супрацоўніцтва калектыву і дырыжора з Беларуссю. Будзем чакаць «Зачараванага вандроўніка», «Траянцаў» ці «Жанчыну без ценю», а ўслед за імі «Персіфаля» і «Кальцо нібелунга». Было б мяжой музычнага шчасця, калі б да нас прыехала ўся Марыінка са сваімі спектаклямі. І хто гэта зробіць лепш за Валерыя Гергіева?

 Таццяна Мушынская