Аб’ектыўная рэальнасць Анатоля Дудкіна

№ 5 (338) 01.05.2011 - 30.05.2011 г

Памяць пра «тут і цяпер»

/i/content/pi/mast/44/755/56.jpg

Анатоль Дудкін. З серыі «Нарачанскія ўдовы». 1981.

Нягледзячы на ўсе тэхнічныя навацыі і сучасныя камп’ютарна-лічбавыя тэхналогіі, фатаграфія мае надзвычай складаныя ўзаемадачыненні з часам. Карцье-Брэсон пісаў: «...фатографы маюць справу з рэчамі, якія штохвіліны знікаюць, і калі яны зніклі, то ўжо ніводнае вынаходства на зямлі не прымусіць іх вярнуцца». Сапраўдная фатаграфія не трывае няпраўды. Як жа ў такім выпадку паказаць мінулыя падзеі — нашэсце Напалеона ці леташні крыгаход на Прыпяці?

Засталіся ўскосныя сведчанні напалеонаўскага паходу: пляц і балкон у Віцебску, дзе ён прыняў рашэнне ісці на Маскву, пераправа на Бярэзіне... Тое, што рэальна існуе і што можна сфатаграфаваць. Праўда, гэта ўжо будзе трохі іншы — па змесце і па форме — аповед. У другі час і без сапраўдных удзельнікаў. Адлюстраванне аб’ектыўнай рэальнасці падзеі, якая адбываецца тут і цяпер, і ёсць галоўная задача, што ўзнікае падчас мімалётнай творчасці аўтара.

Сваю серыю «Нарачанскія ўдовы» Анатоль Дудкін здымаў недалёка ад Лотвы, праз якую пракаціліся дзве страшныя вайны. Згадваю фатаграфіі Яна Булгака пра Першую сусветную, зробленыя ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя. Зямля ў акопах, нямецкі калючы дрот, жалезабетонныя ўмацаванні... Іх і сёння можна сустрэць, блукаючы па нарачанскіх узгорках.

Дудкін працаваў над тэмай Першай сусветнай у 1980-я. Ён знаходзіць сваю аб’ектыўную рэальнасць — гэта жыццё пажылых жанчын у мірны час. Сівыя, як дзьмухаўцы, галовы, згорбленыя постаці, стомленыя погляды, газавыя лямпы, беленыя печы... Адначасова — пафарбаваная ліштва вокнаў, кветкі, сціплае, але годнае ўбранне хат. Увесь выяўленчы шэраг змясціўся ў дванаццаці здымках серыі. Гэта нават не рэпартаж. Хутчэй — шэраг пачуццёвых спыненых імгненняў, выкананых на высокай эмацыйнай хвалі даверу, які ўсталяваўся паміж фатографам і аб’ектам. Нават калі на буйных планах позіркі скіраваны прама ў камеру, мы верым кадрам, як дакументальнаму кіно. Аўтар умела падводзіць гледача да такіх момантаў, дэманструючы сваю выдатную інтуіцыю. Само жыццё паўстае ў аб’ектыве яго фотаапарата.

Прадстаўлены здымак — апошні ў серыі. Анатолю Дудкіну ўдалося злучыць сям’ю з дапамогай двух партрэтаў. Выява мужчыны — даваенная. Такім гаспадар сышоў на фронт, і такім ён застаўся ў памяці. Жаночы партрэт у аконнай раме — сучасны. Паміж імі гады цяжкай адзіноты і безнадзейнага чакання. Мяркуючы па мужчынскім партрэце, сям’я жыла нядрэнна, пра што кажа і памер фатаграфіі (гэта было нятаннае задавальненне), і невясковая адзежа мужчыны.

Здымак нібы мае два цэнтры, але сэнсавы — адзін: жаночы твар у апраўленні інтэр’ера простай хаты з фатаграфіяй мужа на сцяне. Няма ніводнай дэталі, якая б не працавала на задуму аўтара. І святло, і кампазіцыя, і танальнае рашэнне злучыліся разам, стварыўшы сапраўдны шэдэўр. Такіх выяў вельмі мала. Напералік. Але ўдача тут на другім месцы. На першым — майстэрства аўтара, яго вельмі тонкае ўспрыманне жыцця.

Анатоль Дудкін — унікальнае імя ў беларускай культуры. У фатаграфію ён прыйшоў у сталым узросце, да гэтага быў артыстам арыгінальнага жанру. І за дваццаць апошніх гадоў (усё, што яму было адведзена) зрабіў шмат простых здымкаў, ад якіх немагчыма адарваць погляд. Умеў слухаць. Казаў мала, часта афарызмамі — яны і дагэтуль жывуць у нашым фотаклубным асяроддзі. Жывуць разам з яго незабыўнымі фатаграфіямі «Дзед Яўхім», «Мой сябар Харытон», «Бацька і сын», вялікай выставай «Зямля і людзі» і серыяй «Нарачанскія ўдовы»... Усё гэта — пра Беларусь.

Юрый Васільеў