Нью-ар’ергард?

№ 5 (338) 01.05.2011 - 30.05.2011 г

Сны без абуджэння

/i/content/pi/mast/44/751/41.jpg

Аляксей Губараў. Маdonna save us. Алей. 2010.

Наша творчая моладзь час ад часу нагадвае пра сябе выставамі, якіх з нецярплівасцю чакаюць прыхільнікі новых пошукаў і імёнаў. Аднак цягам мінулага дзесяцігоддзя значных эксперыментаў у гэтым асяродку не назіралася, за выключэннем асобных радыкальна-анархічных праектаў, што ніяк не ўзбурылі звыклую плынь мастацкага жыцця.

Чаго не стае новаму пакаленню? Парадаксальна ўжо тое, што акрамя маладзёжнай секцыі БСМ, сяброўства ў якой носіць фармальны характар, ніякіх іншых творчых згуртаванняў моладзі няма — нібыта няма і такіх задач, якія трэба было б вырашаць агульнымі намаганнямі.

Але галоўная праблема ў тым, што, мабыць кіруючыся найгоршым досведам старэйшых калег, наша выдатна вышкаленая моладзь цалкам ігнаруе патрэбы той культурнай сітуацыі, у якой існуе. Большасць займаецца імітацыяй «шпалер» для ўяўных спальных пакойчыкаў ці офісаў фірм ды выдумляе «клёвыя хохмачкі» для хвілінных рэлаксацый.

Не стала выключэннем з гэтай банальнай завядзёнкі і чарговая маладзёжная экспазіцыя ў Палацы мастацтва. Яе нават і паўнацэннай выставай не назавеш з-за адсутнасці агульнай канцэпцыі. У выніку атрымаўся тыповы постакадэмічны прагляд, выбудаваны па прынцыпе «хто што прынясе, тое і экспануецца». Удзельнікамі «Маладзёжнай» стала толькі частка з той грамады патэнцыяльных аўтараў, для якой яшчэ не збудаваны Цэнтр сучаснага мастацтва (усе іх творы немагчыма было б змясціць у адной выставачнай зале). Але для крытычных разваг хопіць і прадстаўленых работ.

Сёння з’яўляецца шмат узораў так званага «сучаснага» жывапісу. Але пад гэтым мадэрновым камуфляжам-тэрмінам часта хаваецца знарочыстая падробка «пад дылетанцтва» ці імітацыя «пад тэкстыльнае пано». Зусім не жывапісныя задачы вырашаюць пад шыльдай «modern pаinting» Андрэй Пяткевіч, Аляксей Губараў, Ганна Сілівончык, Павел Кастусік, Вікторыя Крупская. Ніякая мастацкая мова не вытрымае гвалту ў выглядзе назойлівых чорных контураў, сухіх шэра-бура-малінавых расфарбовак. Дзе ж славуты жывапісны каларыт — самы ўніверсальны сродак вобразнага ўздзеяння? Калі так карціць займацца рознымі карыкатурамі ды пародыямі, то для гэтага існуе адпаведны камерны фармат: папера, туш, пяро, маркер ды іншае.

У квяцістых нефігуратыўных працах Станіслава Гурскага, Івана Семілетава, Анастасіі Хобатавай не адчуваецца жывапіснай першаснасці. Тое, што яны паказалі, — даволі арыгінальныя эскізы для батыкаў, дэкаратыўных дываноў ці шырмаў. Можна параіць аўтарам выканаць іх у тэкстыльных матэрыялах. Калі дызайнеры захапляюцца жывапісам, чаму ж жывапісцам дзеля авалодвання новымі сродкамі выразнасці не заняцца, напрыклад, габеленным ткацтвам ці надглазурным роспісам?..

/i/content/pi/mast/44/751/43.jpg

Вера Асядоўская. Шпацыр да мора. Алей. 2011.

Не пераконваюць і жывапісныя «эцюдызмы», якія практыкуюць маладыя прадстаўнікі выяўленчых відаў творчасці Кацярына Говен, Віталь Гуназа, Міхась Крот, Вольга Красоўская, Аляксандр Кудрашоў, Алена Швядкова. Эцюды з натуры — глыток чыстага адчування прыродных матываў, іх непасрэднае вывучэнне. А для таго, каб пейзаж стаў завершаным творам, трэба яго вобразна абагульніць. Гэтага маладым аўтарам яшчэ не хапае. Больш грунтоўна праявілі сябе Віктар Данільчык, Павел Масленікаў, Уладзімір Зленка, Сяргей Варкін. Але адарваўшыся ад эцюднасці, да сапраўднага сімвалізму яны не дайшлі, бо не акцэнтуюць у сваіх пейзажах галоўнай вобразнай ідэі праз неабходныя колеравыя і танальныя кантрасты. Зрэшты, адсутнасць кантраснага падкрэслівання кампазіцыйнага цэнтра — агульная недапрацоўка многіх сучасных беларускіх мастакоў. Можа хоць моладзь дасць рады ў пераадоленні гэтых жывапісных «млявасці» і «плакатнасці»?

Прадстаўленыя на выставе творы камерных жанраў перадаюць багацце кветкавых матываў, спеласць садавіны і гародніны (Дар’я Кавалько, Паліна Корзун, Васіль Пяшкун). Нават казачныя персанажы гномікаў «а ля Ханс Крысціян Андэрсен» можна размясціць у жывапісных нацюрмортах, як гэта спрабуе зрабіць Галіна Іванова. Аднак ігнаруючы спадчыну кубістаў, канструктывістаў і іншых «істаў» мінулага стагоддзя, можна лёгка заблытацца і хутка патрапіць у беспраблемны «салон».

Пытанні выклікалі і работы партрэтнага жанру. Шкада, што свае здольнасці дакладна ўвасабляць жаночыя вобразы Усевалад Швайба марнуе на выяўленне псеўдаміфалагічных зданяў. Рупліваму партрэтысту Аляксандру Сяліцкаму таксама варта задумацца над тым, ці здольны застылы камерны «фотаграфізм» стаць крытэрыем сучаснага ідэалу дзявочай красы. Мо ўсё-такі тут важней абагульненне нацыянальных рыс, багацце духоўных перажыванняў?..

Ініцыятыву ў жанравых кампазіцыях захапілі Глеб і Вераніка Герасімавы. Але яны неяк па-вучнёўску «спяшаюцца», не паглыбляюцца ў абраную тэматыку ўзаемаадносін прадстаўнікоў малодшага і старэйшага пакаленняў. Іван Русачак таксама не трапляе ў каардынаты вызначанага жанру, «завісае» паміж сюжэтнасцю і дэкаратывізмам. Таму па-сапраўднаму не атрымаліся ні яго жывапісна-манахромная «Меланхолія», ні «Бібліятэка». Вера Асядоўская прапануе ў жывапісным «Шпацыры да мора» празмерна ўмоўнае і спрошчанае вырашэнне, якое выключае ўсе непасрэдныя прыродныя ўражанні. Надзея Гадун не спрабуе, на жаль, больш мажорна ўявіць супастаўленне вобразаў жанчын і кветак у рабоце з серыі «Маладосць». А ў шэрых колерах усё задуманае не можа як след праявіцца.

Маладыя мастакі спакваля вучацца аперыраваць сродкамі жывапіснага мінімалізму. Напрыклад, Алена Паплыка скарыстоўвае іх для музычна-пейзажных матываў. Няблага, але ў мінімалізме ёсць свая містычная неакрэсленая прасторавасць, адкрывальнікам якой у жывапісе быў наш вялікі зямляк Марк Ротка. Без ведання ўзораў яго творчасці пачаткоўцы-мінімалісты хутка заходзяць у тупік і ствараюць аднастайныя «тынкаваныя» паверхні, якія ніяк не з’яўляюцца вокнамі ў іншае вобразнае вымярэнне.

Яшчэ нядаўна графіка лічылася флагманам маладзёжнага мадэрнізму. Асабліва вызначаліся афартысты, літаграфісты і акварэлісты. Дагэтуль крытыкі надзвычай зацікаўлена сустракаюць кожную іх кампазіцыю ў надзеі адкрыць новае імя. Добрае ўражанне пакідаюць афортныя пейзажы Анастасіі Лебядзінскай, метафарычныя літаграфіі Веры Ягоўдзік. Аднак ім не стае неабходнай стылёвай графічнай вастрыні — калі сімвалізм, дык хай зоркі заззяюць на галінках дрэў, калі «сюр» — хай больш парадоксаў з’явіцца ў залюстэркавым свеце. Выразныя кантрасты плямы і лініі стварае Раман Сустаў. Вобразнай фантазіі яму таксама не займаць. Праўда, пачынае стамляць эксплуатацыя мастаком кола алюзійных матываў месапатамска-сярэднявечнага кшталту — нібыта няма іншых крыніц натхнення. Любоў Абрамава пераконвае як майстар буйнамаштабных акварэляў, аднак хацелася б ёй пажадаць не забывацца пра градацыю цёплых і халодных колераў, што так асвяжаюць уражанне ад кожнай кампазіцыі (а чорным як ноч кантрастам зусім не месца на далікатнай паперы). Чакаем ад Юрыя Патоцкага новых графічных «храмаў», бо ў нас яны захаваліся не толькі ў Сынкавічах. Яго арыгінальная аўтарская тэхніка, што дазваляе перадаць гістарычную замшэласць і ўражальны працэс разбурэння, наглядна сведчыць пра неабходнасць рэстаўрацыі помнікаў мінуўшчыны.

Скульптары нібы згаварыліся, прадстаўляючы на выставе міні-пластыку з мармуру, бронзы, дрэва. Мабыць, у разліку на тое, што яе можна будзе паставіць на камінах у нечых казачных апартаментах. Такія «камінных» памераў работы паказалі Дар’я Суша, Дзмітрый Аганаў, Ганна Горына, Кацярына Навіцкая, Ганна Інькова, Вольга Нячай. Нельга не адзначыць выдатнага майстэрства маладых аўтараў, якія засвоілі паліроўку, адліўку, іншыя скульптурныя тэхнікі. З кожнага кавалачка мармуру могуць зрабіць і сумнага анёла, і хмарку над касцёлам. Толькі вось здаецца, што аўтары заніжаюць патрабаванні да сябе і збіваюцца на другасныя задачы. Прыгадаем: сто гадоў таму футурысты скаланулі сваімі праектамі ўсю еўрапейскую творчую прастору, а кубісты пачалі ствараць пластыку не толькі з дрэва, але і з кардону, шкла ды іншых «нетрывалых» матэрыялаў. Галоўным для іх было перадаць ідэю наватарскага формаўтварэння. Няўжо сёння маладым нецікава хоць крыху паспрабаваць сябе ў ролі інсталятараў ды ультрамадэрністаў аб’ёмных і рэльефных форм? А потым, перажыўшы не адну эстэтычную «інтрыгу», можна спакойна вярнуцца да любімых «каменьчыкаў» — калі застанецца яшчэ такая актуальная (ды крыху інфантыльная) патрэба.

Своеасаблівае стаўленне ў маладых і да такога арганічнага і нацыянальнага матэрыялу, як дрэва. Кампазіцыі Аляксандра Сакалова «Двое», Аляксея Яўсеева «Зварот да сонца» празмерна шліфавана-паліраваныя. Ім не хапае драўлянай шурпатасці, патрэсканасці, паліхроміі і іншых непаўторных разьбярскіх імправізацый.

Заняць ідэйны цэнтр ці задаць своеасаблівы акцэнт усёй экспазіцыі паспрабаваў Валерый Малахаў пры дапамозе «Рыбы» са зварнога металу. Вялізная рыбіна-мутант выглядала даволі эклектычна: выразная агрэсіўная пашча, але вельмі кічаваты карункавы хвост. І зачапіліся за гэты «хвост» заблытаныя эстэцкія аналагі. Васіль Зянько выставіў побач свой квадрыптых «Final destination» з агромністай змяюкай. Але так раздрабіў дэкорам яе валютападобнае тулава, што кампазіцыя ў цэлым пачала нагадваць не столькі манументальна-дэкаратыўны роспіс, колькі праект для моднай гіпершпалеры «а ля скура рэптыліі».

Без «рэптыльных» аздабленняў не абышліся і спрактыкаваныя керамісты, якія здабылі з глыбінь сваіх заблытаных фантастычных уяўленняў розных «хатнікаў», «жывёлак» і іншыя дзівы фаўны, забыўшыся пра вытрыманасць стылю і пачуццё эстэтычнай меры. Залішняя расквечанасць у керамічных і шамотных кампазіцыях Ганны Белагурцавай, Яніны Канавалавай, Таццяны Паліненка, Таццяны Прохарцавай не спрыяе чысціні і цэльнасці вырабаў. Становішча не выратоўваюць нават адмысловыя назвы з касмічнымі прэтэнзіямі («Першы палёт», «Повязь з небам»...). Маленькімі астраўкамі сур’ёзнага творчага стаўлення да працы былі тэкстыльныя кампазіцыі Людмілы Арлоўскай, Вольгі Рэднікінай, Наталлі Кімстач, Веранікі Юркевіч-Малашчук. Але ці хопіць аўтарам паслядоўнасці ў выяўленні новых вобразных аспектаў тэкстыльнай архаікі, рунізмаў, аб’ёмна-прасторавых спалучэнняў такога мяккага і пластычнага матэрыялу, як тканіна?

Адной з самых спрэчных кампазіцый са шкла былі «Знакі дажджу» Сяргея Белавокага. Падвесныя крохкія пласцінкі нібы вярталі ў часы крышталёвых захапленняў савецкага мінулага. Але цяжка сёння знайсці такому пано нейкае канкрэтнае выкарыстанне, бо яно такое ж нетрывалае, як і «летуценная дрымота» мастака, што не жадае стаць рэфарматарам прадметнай рэальнасці ў рэчышчы сваёй унікальнай рукатворнай і вытворчай спецыялізацыі.

Зрэшты, «мудрагелістых сноў» у экспазіцыі назіралася шмат, вось толькі свайго мастацкага «абуджэння», што было б сімвалічным для маладзёжнай творчасці, ніхто не прапанаваў. Дзівацкая сімвалічная кампазіцыя Аляўціны Башкатавай з выявай дзявочай галавы нібыта завісала ў тумане на касе, якая нагадвала тоўсты канат. Пры такой «падвешанасці» далёка не заляціш, не залунаеш. Неабходна нарэшце прачынацца і вяртацца да праблем рэчаіснасці.

Засвоіць як мага больш розных відаў мастацтва — задача для тых, каму наканавана цяпер стартаваць у самастойнае творчае жыццё. І так важна не паўтарыць памылкі сваіх папярэднікаў, якія вузка спецыялізаваліся ў гламурных штампах і не здолелі паўнавартасна развіцца як крэатыўныя асобы.

Маладыя творцы нячаста звяртаюцца да новых тэхналогій. Прыклады лічбавай графікі на палатне («Шчупачыны хвост» Паўла Амялюсіка) асабліва не выдзяляліся ні ідэямі, ні густам сярод іншых «лявацкіх экспромтаў». Але і без новых тэхналогій эксперымент цалкам магчымы, калі пад рукамі ўпаковачны кардон, дэталі розных зношаных машын, рэшткі бытавой тэхнікі і іншыя «сметнікавыя скарбы». Галоўнае, каб быў знойдзены патрэбны кантраст паміж традыцыйнымі і нетрадыцыйнымі экспазіцыйнымі супрацьлегласцямі. Яны ўзаемна ўзмацняюцца, і выстава, дзякуючы такому кантрасту, выглядае больш сучаснай і запамінальнай.

Кожны аўтар мае поўнае творчае права абіраць той від мастацтва, у якім яго вобразная задума найбольш рэльефна знаходзіць сваё ўвасабленне. Таму не ўсё трэба цягнуць у жывапіс, які не можа быць аб’ёмным, рэльефным, графічна-плакатным, імітацыйным... Прасцей зрабіць плакат, аб’ект ці што іншае ў чыстым нетрадыцыйным выглядзе, чым шукаць для яго надуманае і неапраўданае вырашэнне ў традыцыйна-станковай форме.

Сёння вельмі актуальныя інтэрактыўныя метады ўздзеяння на гледача. Падаецца, што на выставах моладзі дарэчы была б музыка ці эксперыментальная паэзія, на іх маглі б ладзіцца дыскусійныя вечары і адкрытыя крытычныя абмеркаванні. Рэалізаваць гэта не так і цяжка нават вузкім колам энтузіястаў. Было б толькі разуменне таго, што час патрабуе ад нас прафесійнага максімалізму.

Немагчыма вырашыць усе пытанні маладзёжнага мастацтва ў адной экспазіцыі або акрэсліць іх у адным артыкуле. Але ў 2011-м — першым каляндарным годзе новага дзесяцігоддзя — асабліва важна заклікаць стваральнікаў гэтага мастацтва да большай актыўнасці, пажадаць ім энтузіязму, эпатажнасці і шчырай захопленасці сваімі ідэямі (якія, дарэчы, зусім не абавязкова павінны шчодра спансіравацца).

Я веру, што наша творчая моладзь — адукаваная, псіхалагічна эластычная — яшчэ здзівіць нас сваім прарывам «праз церні да зорак». А своечасовае і прынцыповае слова крытыка толькі дапаможа паскорыць працэс яе пераходу з кансерватыўна-ар’ергарднага лагера на першыя, перадавыя пазіцыі ў сучасным мастацтве.

Яўген Шунейка