«Саракавыя, ракавыя...»

№ 5 (338) 01.05.2011 - 30.05.2011 г

Кінаракурсы Вялікай Айчыннай

/i/content/pi/mast/44/750/37.jpg

«Кадэт». Рэжысёр Віталь Дудзін. 2009.

Гэта з’ява яшчэ не растлумачана кіназнаўцамі: чаму амаль дзесяцігоддзе на «Беларусьфільме» не здымаліся ігравыя кінастужкі пра вайну? Вось фактычны бок справы: у 1990-я, у перабудовачны і постсавецкі час, апошнім фільмам пра падзеі лёсавызначальных 40-х была карціна Мікалая Князева «Пайсці і не вярнуцца» паводле шырокавядомай аповесці Васіля Быкава (1992). Наступны зварот да ваеннай тэмы датуецца 2000 годам, калі з’явіўся фільм Міхаіла Пташука «У жніўні 44-га...», зняты паводле рамана Уладзіміра Багамолава.

Паміж імі — доўгая паўза. Што за ёю: адсутнасць указанняў, аналагічным тым, што давалі ўсесаюзнае Дзяржкіно ці яго рэспубліканскі філіял? Творцы «выдыхнуліся» або страцілі цікавасць да сюжэтаў і герояў 1941–1945 гадоў — бо занадта шмат такіх фільмаў з’явілася ў пасляваенны час? Можа, адчулі, што масавы глядач арыентаваны ўжо на амерыканскія стужкі?

Дакладнага адказу не ведаю. Ведаю толькі, што ў 1995 годзе Міхаіл Пташук вельмі хацеў увасобіць на экране ўласны сцэнарый «Анёл-ахоўнік», які пачынаўся закадравымі ўспамінамі: «Я ехаў дамоў. Я баяўся сустрэчы са сваім мінулым. Мне здавалася, што я не перажыву ўсяго таго, што давялося перажыць шмат гадоў таму» (сцэнарый апублікаваны ў часопісе «Маладосць» №1, 2003).

Вядомы рэжысёр хацеў данесці да гледачоў тое, што захавала яго эмацыянальная памяць дзяцінства — атмасферу вайны і пасляваеннага часу на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1943–1946 гады, калі «ніхто не хацеў паміраць»: ні «лясныя людзі», ні мірныя жыхары вёсак, ні тыя, хто складаў кантынгент войскаў НКУС. На жаль, ідэя не ўвасобілася. Між тым «Анёл-ахоўнік» мог бы стаць адкрыццём яшчэ адной малавядомай старонкі ваеннай гісторыі, да якой «Беларусьфільм» дакрануўся толькі нядаўна ў стужцы «Кадэт» (2009, рэжысёр Віталь Дудзін), але ў вельмі спрошчаным (у параўнанні з пташукоўскім намерам) варыянце паказу падзей.

П’еса Аляксея Дударава «Радавыя» з поспехам ішла ў шэрагу тэатраў СССР. Аўтар зрабіў з яе кінаварыянт, улічваючы рэаліі нашага часу. Стварыць фільм збіраўся аўтарытэтны рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў. Баталістыка ў сцэнарыі арганічна ядналася з добра распрацаванымі характарамі суайчыннікаў, якія за чатыры гады ўжо навучыліся ваяваць, дайшлі да логава ворага, але не ўсе сустрэлі салют Перамогі і пасляваенную цішыню. Гэта быў надзвычай перспектыўны праект, аднак яго героі Дугін, Дзерваед, Адуванчык і іншыя (як і героі сцэнарыя Міхаіла Пташука), кажучы па-руску, «канули в Лету».

Таму калі мы сцвярджаем, што вялікім здабыткам беларускага кіно з’яўляецца менавіта ваенная тэматыка, то нядрэнна было б час ад часу ўспамінаць і пра «брацкія кінамогілкі» — стужкі, не рэалізаваныя ў свой час. А гэта не адна назва.

Фільм «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі па сцэнарыі Аляксандра Качана з’явіўся і застаўся ў гісторыі беларускага кіно толькі дзякуючы таму, што здымалі яго на прыватныя грошы (2003, студыя «Навігатар»). На радзіме ён сем гадоў, можна сказаць, «ляжаў на паліцы», хоць паездзіў па Расіі, краінах Еўропы, а часам і Азіі, дзе атрымаў узнагароды. Нарэшце, летась стужку паказалі ў сталічным кінатэатры «Піянер», тады ж і абмеркавалі. Ніхто з крытыкаў не ўбачыў у фільме такога, з-за чаго яго трэба было забараняць. Проста аўтары паглядзелі на акупацыйны час і партызанскі рух інакшым позіркам. У адным з інтэрв’ю Аляксандр Качан нагадаў думку вядомага літоўскага паэта Антанаса Венцлавы: «Галоўны абавязак інтэлектуала — змагацца з комплексамі свайго народа».

У стужцы Андрэя Кудзіненкі няма героікі — пра яе зроблена некалькі дзясяткаў якасных беларускіх фільмаў. Рэжысёр адлюстроўвае адваротны бок вайны з яе абсурдам, стыхійнымі і нечаканымі здарэннямі, нарэшце, з яе фаталізмам. Акупацыя знішчала ўсё чалавечае навокал. Аднак яна не здольная знішчыць мацярынскі інстынкт — таму сялянка, якая губляе дзіця, выкормлівае грудным малаком параненага нямецкага салдата. У вобразе ляснога камандзіра Штыркіна, што прыйшоў па душу беларуса Адама (ды Адаму добра з полькай Евай і без «партызанкі»!), таксама можна заўважыць характэрныя рысы часу: і недавер, і пагардлівае стаўленне да чалавечага жыцця, і пахвальбу наконт перамог над «слабым полам». У стужцы шмат штрыхоў і дэталяў, якія былі ўласцівы акупацыі менавіта на беларускай зямлі.

Акрамя таго, фільм нельга ўспрымаць як дакументальны летапіс ваеннага часу. Гэта ўмоўна-рэалістычнае кінаапавяданне, дзе амаль усе персанажы абагульненыя, як у рэлігійных або свецкіх містэрыях. Андрэй Кудзіненка і яго творчыя паплечнікі адышлі ад стэрэатыпаў, паспрабавалі надаць новае вымярэнне тэме, якая ўжо набыла кананічныя формы.

Некалькі гадоў таму я трапіла на міжнародны фестываль «Пасланне да чалавека» ў Санкт-Пецярбургу. У расійскай праграме — яна ішла асобным конкурсам — паказвалі шмат дакументальных стужак пра вайну ў Афганістане і Чачні. Адчувалася, што чачэнская вайна яшчэ перажываецца, а афганская ўжо асэнсоўваецца. Прайшоў час, нешта зрушылася ў грамадстве, таму і панарама апошняй аказалася больш аб’ёмнай і ў ёй менш схаванага ад чалавечага вока. (Сімптаматычна, што ў мастацкім фільме Валерыя Тадароўскага «Мой зводны брат Франкенштэйн» былы афганец, псіхічна нездаровы Паша, кажа: «Я змываў кроў дзяцей з БТРа». Ці магчыма было пачуць такое прызнанне ў 1990-я гады?) Галоўным робіцца пытанне, якія ўрокі Афганістана трэба засвоіць.

І беларускаму кіно таксама нядрэнна было б адчуваць час — глядзець на Вялікую Айчынную з розных ракурсаў. Наш славуты зямляк Васіль Быкаў усё творчае жыццё аддаў ваеннай тэме. А чаму, ён тлумачыў так: «Як нялёгка дасталася яна нам — наша перамога, — аб тым яшчэ не сказалі ўсяго ні гісторыя, ні мастацтва. Відаць, яшчэ не прыйшоў мастак, які здолеў бы ўзняць з глыбіні мінулага ўсю агромністасць людскіх выпрабаванняў. Часам я думаю, што і чалавецтва яшчэ не да канца ўсвядоміла, чаго яно пазбылася ў мінулай вайне, што набыло, і колькі каштавалі тыя яго набыткі». Гэта напісана ў 1966-м. З таго часу і сусветнае мастацтва, і беларускае, да якога належаў сам пісьменнік, шмат асэнсавалі з урокаў вайны. І галоўны з іх — каштоўнасць чалавечага жыцця.

Якраз у такім дыяпазоне ўжо даўно вядуць пошук беларускія дакументалісты. Тут варта згадаць стужкі Анатоля Алая, Уладзіміра Цеслюка, Аляксандра Карпава-малодшага, Сяргея Лук’янчыкава і іншых. Бачна, што ўсё часцей кінематаграфісты звяртаюцца да лёсаў сваіх сямей. Асобасная вайна і яе вынікі — гэта тое, чаго не было ў беларускай публіцыстыцы ў савецкі час. Толькі адзін прыклад. Рэжысёр Юрый Гарулёў прысвяціў фільм «Выпуск напярэдадні вайны» (2004) загінуўшым і жывым равеснікам свайго бацькі. Дзякуючы стваральнікам карціны ля вёскі Благавічы адкрыты помнік з выгравіраванымі прозвішчамі тых студэнтаў Магілёўскага педінстытута, якія летам 1941 года абаранялі подступы да горада. Большасць іх загінула, бо варожай танкавай армадзе былі супрацьпастаўлены толькі патрыятычны парыў і бутэлькі з гаручай сумессю. Калі глядзіш фільм, думаеш пра тое, што лозунг «Ніхто не забыты і нішто не забыта» яшчэ многія і многія гады трэба напаўняць намаганнямі ўсіх жывых. А ў студэнтаў, якія загінулі, таксама маглі б быць дзеці, равеснікі Юрыя Гарулёва, нашы суайчыннікі. (Гэта стужка яшчэ і пра каханне бацькі і маці рэжысёра, які нарадзіўся ў ваенным 1944 годзе.)

Ёсць і іншы ракурс ваеннай тэмы. Наш вядомы рэжысёр Міхаіл Жданоўскі ў фільме «Цытадэль» («Храм на мяжы», 2004) знаходзіць новы паварот, калі звяртаецца да гісторыі Брэсцкай крэпасці. «Схіляем перад вамі галаву, героі!» — такія фільмы-паклоны ўжо не аднойчы рабіліся яго калегамі. Рэжысёр жа хоча адчуць дух, які лунае над гэтай гераічна-трагічнай прасторай у нашыя дні. Аб’ект яго назірання — гарнізонная царква, пабудаваная ў другой палове XIX стагоддзя, яна з’яўляецца цэнтрам вялікага архітэктурнага ансамбля. Даведваемся мы пра драматычныя перыпетыі «хронікі жыцця» свяцілішча: у 1920-я адтуль выгналі праваслаўных вернікаў, пераўтварыўшы царкву ў касцёл; пасля 1939 года, калі Заходняя Беларусь адышла да СССР, храм зрабілі чырвонаармейскім клубам, месцам савецкіх рытуалаў, а потым, як і многія аб’екты рэлігійнага культу, ён стаў складам. У 1990-я збудаванню вярнулі першапачатковы статус — пасля многіх дзесяцігоддзяў святатацтва пачалося яго адраджэнне. Якія духоўныя цыркуляцыі адчуваюцца тут, унутры і звонку? Вернікі, што прыходзяць на літургію, і наведвальнікі мемарыяла думаюць пра рознае. Рэжысёр засяроджваецца на тым, што актуальна цяпер для грамадскай свядомасці не толькі беларусаў: ці магчымае прымірэнне гістарычных ворагаў? У адказах людзей чуем роскід сацыяльных настрояў: «Не! Ніколі!», «Так, трэба дараваць, трэба працягнуць руку былому захопніку», «Магчыма, у будучым... Але не цяпер...». А для рэжысёраў ігравога кіно хіба гэта не нагода паразважаць з гледачамі пра сацыяльна-псіхалагічныя працэсы, што ідуць у грамадстве?

Вядома, такі аспект — адзін з мноства магчымых у распрацоўцы ваеннай тэмы. У расійскім кіно, напрыклад, узнаўляюцца на новым узроўні маштабныя фільмы-калосы. Вядомы рэжысёр Фёдар Бандарчук рыхтуецца здымаць буйнабюджэтную стужку «Сталінград» (бюджэт 30 мільёнаў долараў, прадзюсар Аляксандр Раднянскі). У пасляваенныя гады савецкае кіно павінна было выканаць загад правадыра — паставіць кінаэпапеі пра дзесяць «сталінскіх удараў». Але з’явіліся толькі тры фільмы — «Трэці ўдар» (1948, пра перамогу Савецкай арміі ў Крыме), «Сталінградская бітва» (1949) і «Падзенне Берліна» (1950). У канцы 1960-х і ў 1970-я такі намер ажыццявіўся ў больш сучасным варыянце: Юрый Озераў паставіў на «Масфільме» эпапею «Вызваленне», у якой адлюстраваліся такія баявыя аперацыі, як перамога на Курскай дузе, прарыў на Дняпры, бітва за Берлін. Беларускі і ўкраінскі ўнёсак у гэтым жанры таксама прысутнічае — фільмы «Полымя» Віталя Чацверыкова (пра аперацыю «Багратыён») і «Ад Буга да Віслы» Цімафея Леўчука (пра апошні рэйд партызанскага злучэння, а потым дывізіі імя Каўпака). Серыя стужак «Салдаты свабоды» — пра вызваленне заходніх краін ад фашысцкіх захопнікаў — зроблена СССР у садружнасці з Польшчай, ГДР, Чэхаславакіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй.

Ідэя адлюстраваць Вялікую Айчынную і Другую сусветную вайну ў маштабнай форме нарадзілася ў СССР пасля таго, як на Захадзе ў 1960-я гады пачаўся «парад» ваенных фільмаў пра падзеі на Другім фронце. Выйшлі «Самы доўгі дзень» (пра высадку англа-амерыканскіх войск у Нармандыі ў 1944-м), «Бітва за Англію» (пра паветраную вайну 1940–1941 гадоў), «Бітва ў Ардэнах» (пра змаганне саюзнікаў на тэрыторыі Францыі ў студзені-лютым 1944-га). Батальныя сцэны ў іх, як кажуць, займалі дух, аднак з пункту гледжання аб’ектыўнасці гэта былі гістарычна лжывыя стужкі. Нібыта вайна скончылася дзякуючы саюзнікам і СССР тут ні пры чым.

Здаецца, сітуацыя паўтараецца ў нашы дні. Таму і лагічны крок у адказ з боку расійскіх кінематаграфістаў. Хоць, на мой погляд, у 2000-я гады экранны дыяпазон адлюстравання падзей Другой сусветнай вайны, яе героікі і трагедый у заходнім кіно вельмі шырокі — ад пакланення мужнасці савецкага салдата, сталінградскага снайпера Васі Зайцава («Вораг ля варот», рэжысёр Жан-Жак Ано, ЗША, 2001) да сатырычна-здзеклівых кінафарсаў пра сусветныя апетыты фюрара (тыпу «Чэрчыль ідзе на вайну», рэжысёр Пітэр Рычардсан, Вялікабрытанія, 2004; Чэрчыль — гэта амерыканскі лейтэнант, ён быццам ведае, як перамагчы Гітлера).

Дадам, што і ў Расіі ваенная тэма не абмяжоўваецца толькі патрыятычным «адказам» у абалонцы блокбастара: рыхтуюцца стужкі іншых жанраў. У прыватнасці, Мікалай Растаргуеў, спявак і лідар групы «Любэ», выступае прадзюсарам і адным з акцёраў фільма «Першая восень вайны», які апавядае пра лёс музыканта сімфанічнага аркестра. Паведамлялася ў расійскай прэсе і пра анімацыйную стужку «Першы атрад» — «містычны ваенны трылер» у японскай тэхніцы «манга» (у фільме суіснуюць два часавыя пласты — супрацьстаянне ў эпоху тэўтонскага нашэсця і ў Вялікую Айчынную вайну).

Для «Беларусьфільма» новае тысячагоддзе пачалося з карціны Міхаіла Пташука «У жніўні 44-га...» — па-свойму шматпакутнай. Тут не месца разглядаць вядомы канфлікт рэжысёра з аўтарам сцэнарыя Уладзімірам Багамолавым і іншыя жарсці вакол стужкі. Скажу толькі, што яна мела глядацкі рэзананс на тэрыторыі Беларусі і Расіі, хоць і не такі вялікі, як фільм-трагедыя з элементамі прыпавесці «Ідзі і глядзі» Элема Клімава і Алеся Адамовіча (1985, галоўны прыз Маскоўскага кінафестывалю і шэраг міжнародных прызоў). Вопыт стужкі Пташука даказаў, што без расійскіх творчых сіл і сродкаў «Беларусьфільм» пакуль «не адолее» шырокамаштабны праект.

/i/content/pi/mast/44/750/38.jpg

«Дняпроўскі рубеж». Рэжысёр Дзяніс Скварцоў. 2009.

Так і здарылася з «Дняпроўскім рубяжом» (2009), прысвечаным гераізму байцоў і военачальнікаў пры абароне Магілёва. На вынік паўплывалі і суб’ектыўныя фактары: сціслыя тэрміны здымак і «нестыкоўка» творчых пазіцый аўтара сцэнарыя Аляксея Дударава і рэжысёра Дзяніса Скварцова. Кінадраматург напісаў монадраму пра камандзіра дывізіі, які ўсведамляе крах, што чакае абаронцаў, і ўласную асуджанасць, але як чалавек воінскага абавязку ён застаецца на рубяжы да канца. Рэжысёра больш прыцягвала баталістыка, масавыя эпізоды, што можна зняць з дапамогай сучасных спецэфектаў. Некаторыя фрагменты фільма нагадваюць камп’ютарную гульню ў вайну.

Апошнім часам ваенным фільмам, што функцыянуе ў сацыяльным грамадстве Беларусі і Расіі — дакладней, у свядомасці пэўнай часткі беларускіх і расійскіх гледачоў, — з’яўляецца манументальная фрэска «Брэсцкая крэпасць» (рэжысёр Аляксандр Кот, галоўны прадзюсар Ігар Угольнікаў, сумесны кінапраект Саюзнай дзяржавы, у якім фінансавы ўдзел нашай краіны 35%).

Скажу шчыра, што не з’яўляюся прыхільніцай гэтага фільма. Але паважаю відавочны намер галоўнага прадзюсара зрабіць патрыятычную драму і дакладна рэканструяваць падзеі пачатку Вялікай Айчыннай. Пастаноўка зроблена прафесійна, з веданнем матэрыялу.

Менавіта апошняя акалічнасць падштурхнула прасачыць адносіны да фільма гледачоў і кінематаграфічнага асяроддзя абедзвюх краін. У інтэрнэце я знайшла 52 водгукі гледачоў на «Брэсцкую крэпасць». Толькі пяць з іх адмоўныя. Станоўчыя адзнакі па ўсім спектры — ад захаплення да спакойных разважанняў і крытычных заўваг. Інтэгральная адзнака — 7,8 бала з 10. У тых водгуках, што маюць матывацыю, дамінуе патрыятычнае пачуццё. Ёсць нешматлікія спасылкі і параўнанні са стужкамі «Ідзі і глядзі», «У жніўні 44-га...», з шэрагам амерыканскіх блокбастараў, з гонарам адзначаецца: «і мы можам...». Хтосьці параўноўвае «Брэсцкую крэпасць» з фільмам Мікіты Міхалкова «Стомленыя сонцам-2. Прадстаянне», прычым не на карысць апошняга. Пяць незадаволеных гледачоў крытыкуюць стваральнікаў за натуралістычнасць і за «рэпартажнасць з добра прафінансаванай здымачнай пляцоўкі».

Я амаль салідарная з адным крытыкам стужкі: «Ці дрэнны фільм “Брэсцкая крэпасць”? Не, не дрэнны. Ён умела зняты, асабліва хораша сыграны некаторыя ролі, ды і маштабнасць падзей аўтарам амаль удалося акрэсліць. Але ўсё добрае, што ёсць у фільме, гэта простая канстатацыя подзвігу — “яны выстаялі”. Эмоцыі, якія выклікае фільм, — толькі рэха, слабае адлюстраванне гістарычнай падзеі... Гледачы — гэта ўсё ж канкрэтныя людзі, а не шэрая маса ўсярэдненага электарату, і з імі нельга размаўляць аднымі бронзавымі помнікамі. А героям — вечная памяць...» (Раман Карнееў). Пра стаўленне кінематаграфічнага асяроддзя можна меркаваць па публічных выказваннях кінакрытыкаў і калег стваральнікаў. Яны розныя — ад «брава!» да катэгарычнага прысуду: «псеўдагалівуд савецкага ўзору» (маскоўскі штотыднёвік «Культура»).

Фільм прайшоў праз горан галоўных расійскіх узнагарод — прэміі «Залаты Арол» і «Ніка». Калі стужка апынулася ў кантэксце лепшых расійскіх фільмаў, то адзначаны былі толькі асобныя спецыялісты: Марыя Сяргеенкава за лепшы мантаж, гукарэжысёры Філіп Ламшын і Анатоль Белазёраў («Залаты Арол»); мастак-пастаноўшчык Алім Матвяйчук, гукарэжысёры, мастакі па касцюмах Сяргей Стручаў і Уладзімір Карэцкі («Ніка»). Агучваючы ацэнкі, хачу папярэдзіць: меркаванні ні аднаго, ні другога боку нельга распаўсюджваць на ўсю глядацкую ці прафесійную аўдыторыю кінематаграфістаў. Патрэбны спецыяльныя апытанні па сацыялагічнай методыцы, што пацвердзілі б такія вынікі.

Да глядацкіх ацэнак можна дадаць прэмію «Жорж» у намінацыях «Лепшы расійскі экшн» і «Лепшая расійская драма». (Гэту інтэрнэт-кінапрэмію, названую ў гонар піянера ігравога кіно Жоржа Мельеса, яе заснавальнікі-блогеры пазіцыянуюць як народную — яна прысуджаецца па выніках галасавання гледачоў.) Пакуль можна зрабіць толькі адну выснову: попыт на патрыятычнае кіно жыве. Акрамя таго, стваральнікі «Брэсцкай крэпасці» вельмі прафесійна правялі маркетынгава-рэкламную кампанію, што таксама дадало фільму плюсы.

Удзел беларускага боку ў стварэнні «Брэсцкай крэпасці», як і пастаноўка «Дняпроўскага рубяжа», сведчаць: ваенная тэма цяпер больш звязваецца з тэмай суверэннасці дзяржавы. Яна можа існаваць і ў тым варыянце, які ідзе ад традыцый савецкага кіно. Аднак ёсць нямала «белых плям» у нашай ваеннай гісторыі. Напрыклад, толькі злёгку закранутая тэма акупацыі з яе сплеценымі трагічнымі вузламі, тэма Халакосту на Беларусі або асобных лёсаў нашых суайчыннікаў. Патрэбны адкрыцці — толькі яны вернуць аўтарытэт галоўнай айчыннай кінастудыі, якую ў свой час невыпадкова называлі «Партызанфільмам».

Ала БАБКОВА