Крок за крокам

№ 5 (338) 01.05.2011 - 30.05.2011 г

Мінскі міжнародны дзіцячы тэатральны форум «Крокі»

З рэдакцыйнага «круглага стала»

/i/content/pi/mast/44/749/30.jpg

«Глыбокапаважаны Тузік» Аксана Неўмяржыцкая (Тузік), Валянціна Сяргеева (Каця).

Мастацтва — адзін з галоўных сродкаў спасціжэння свету, а станаўленне творчай індывідуальнасці — важная ўмова гарманічнага, паўнавартаснага развіцця асобы. Чалавек з усвядомленай цікаўнасцю да высокага, якая закладваецца ў пяшчотным узросце, умее рэалізоўваць свае творчыя магчымасці, больш паспяхова адаптуецца да сацыяльнай сітуацыі, здольны самаўдасканальвацца.

Тэатральная творчасць уласціва малым ад прыроды, менавіта ў ёй дзіцячыя фантазіі ўвасабляюцца ў жывыя вобразы і ўчынкі. Леў Выгоцкі лічыў драматычную пастаноўку самым частым і распаўсюджаным відам дзіцячай творчасці, бо яна, па-першае, заснавана на дзеянні, якое робіць само дзіця, і такім чынам звязвае мастацтва з асабістым перажываннем, а па-другое, драма найбольш блізкая з гульнёй — «коранем усялякай дзіцячай творчасці». Дзіцячы тэатр валодае моцнымі рэсурсамі для выхавання творчага «Я». Гэта выдатны сродак для сацыялізацыі, які накіроўвае энергію дзяцей і падлеткаў у пазітыўнае рэчышча.

Цікавасць да тэатральнага мастацтва вымагае прафесійнай падтрымкі. Акцёрскія здольнасці складана заўважыць, але яшчэ больш складана выгадаваць
і развіць талент. З 27 мастацкіх школ сталіцы атрымаць спецыялізаваную тэатральную падрыхтоўку можна толькі ў адной — Дзіцячай тэатральнай школе №1. Вопыт Першага Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму «Крокі» пацвердзіў, наколькі
таленавітымі і прафесійнымі выканаўцамі могуць быць дзеці.

Часопіс «Мастацтва» спрабуе прааналізаваць працэс выхавання маленькіх акцёраў. Дзеля гэтага за рэдакцыйным «круглым сталом» сустрэліся тэатральны крытык Галіна Алісейчык, галоўны мастак Новага драматычнага тэатра Яўген Волкаў, выкладчык сцэнічнай мовы Дзіцячай тэатральнай школы №1 Антаніна Міхальцова, рэжысёр і выкладчык майстэрства акцёра Віргінія Тарнаўскайтэ. Вядучая — галоўны рэдактар часопіса «Мастацтва» Людміла Грамыка.

Людміла Грамыка: На сённяшні дзень у Беларусі існуе дастатковая колькасць тэатральных фестываляў. Натуральна, у кожнага з іх уласная канцэпцыя, але ёсць і штосьці агульнае. Ды толькі Новы драматычны тэатр на гэтай глебе распачаў зусім адметную справу. Па ягонай ініцыятыве ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама пры падтрымцы Міністэрства культуры заснавала Міжнародны дзіцячы тэатральны форум «Крокі». І цяпер можна гаварыць пра ягоны адмысловы прафесійны досвед, пра моцны эмацыйны і энергетычны пасыл. Думаю, важна прааналізаваць, што і як на форуме адбывалася, і, уласна кажучы, падумаць пра ягоныя наступныя крокі. Пры гэтым немагчыма абысці ўвагай саму тэатральную школу. Цікава, так бы мовіць, з першых вуснаў пачуць, як і чаму навучаеце дзяцей, з якімі праблемамі сутыкаецеся. Думаю, гэта надзвычай карысна і таму, хто займаецца прафесійнай адукацыяй, і таму, хто заклапочаны бліжэйшай будучыняй беларускага тэатра.

Яўген Волкаў: Я ў тэатральнай школе выкладаў і, што называецца, адпачатку назіраў за ёй. Урэшце лішні раз пераканаўся: усё гэта мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі за справу бяруцца педагогі-асобы. Тады і школе добра, і вучням добра, увогуле намаганні прыносяць плён. Нашы першыя педагогі — Барыс Утораў, Марына Папова — безумоўна развівалі ў дзецях чалавечнасць, песцілі асобу. Імкнуліся даць тое, чаго дзецям не хапала, дапамагалі пасталець, адкрывалі вочы на справу, якой яны распачыналі займацца. Так і атрымалася, што да прыходу ў тэатральную школу Віргініі Тарнаўскайтэ глеба была падрыхтаваная. Яна — рэжысёр з пэўным тэатральным вопытам, апрача таго, дакладна ведае, чаго хоча дамагчыся ад выхаванцаў. Таму і справа працягваецца.

Увогуле ж, пытанне «што такое тэатральная школа?» — даволі складанае. Бо на першы погляд яе зусім няпроста адрозніць ад драмгуртка. Ды вось, у нашым выпадку якраз зразумела, дзеля чаго гэтая ўстанова існуе. Я кажу і пра Тэатральную школу №1, і пра тэатральны форум «Крокі», які сабраў разам падобнага кшталту калектывы... Дарэчы, асабіста мяне ўразіў спектакль «Друскіле» Каўнаскага дзіцячага і маладзёжнага тэатра «Вілколакіс». За гэтых дзяцей было спакойна ў тым сэнсе, што адчувалася: яны практычна атрымалі прафесію. Аднак пытанні, ці добра гэта, ці працягнуць яны займацца тэатрам у будучыні, — пакуль застаюцца адкрытымі.

Наша тэатральная школа, на мой погляд, адрозніваецца ад літоўскай. І важная для нас задача захапіць дзяцей справай, каб яны менш бадзяліся па вуліцах, каўнаскіх калег не вельмі датычыцца. З іншага боку, на спектаклі Віргініі Тарнаўскайтэ стала зразумела, хто з дзяцей мусіць займацца тэатрам надалей, а хто проста... будзе добрым чалавекам. Зрэшты, форум атрымаўся, і першы блін не быў камяком. Хоць напачатку арганізатарам нават фізічна было вельмі цяжка. А калі ўсё скончылася, дык падалося, што цяпер можна яшчэ што-небудзь паглядзець. Праўда, у менш заарганізаваных абставінах... Магчыма, гэта выдаткі ўсіх фестываляў, але мне не хапіла інтэнсіўных прафесійных стасункаў, тых жа майстар-класаў. Хоць усё, што тут адбылося, было вельмі важна для ўдзельнікаў форуму.

Віргінія Тарнаўскайтэ: У Беларусі сапраўды шмат фестываляў, асабліва музычных. У модзе папулярная музыка для дзяцей і дарослых, так званая папса. Адпаведна ўсе дзеці імкнуцца гэтым займацца. Яны ведаюць, што трэба бегчы, удзельнічаць у конкурсах, спяваць, тады можна патрапіць на «Славянскі базар», а калі пашанцуе — і на «Еўрабачанне». Прынамсі, усе ўсведамляюць, што дзеля гэтага трэба рабіць і як. А вось тэатр, у сілу аб’ектыўных прычын, сёння перажывае не самы радасны перыяд. І мабыць таму ён не надта папулярны. З аднаго боку, у многіх тэатраў з матэрыяльнай базай праблемы, з іншага — паняцце «дзіцячы тэатр» у нас фактычна адсутнічае. У лепшым выпадку існуюць драматычныя гурткі. Але ж, хоць бацькі за гэта і плацяць вялікія грошы, гурток — месца, дзе дзеці праводзяць вольны час. Таму наша тэатральная школа, якая існуе на базе прафесійнага тэатра, у ягонай структуры, — унікальная ўстанова.

Яўген Волкаў: Нават тое, што яна знаходзіцца ў будынку тэатра, вельмі добра, выключна.

Віргінія Тарнаўскайтэ: Больш за тое, калі б яна знаходзілася ў звычайнай агульнаадукацыйнай школе, нічога падобнага не атрымалася б. І форум бы такі не ўзнік. Таму што вучоба — гэта не толькі тое, што выкладаецца на ўроках. Мы многае, магчыма асноўнае, спасцігаем, атрымліваем, убіраем з таго асяродка, з якім злучаны. Пасля звычайнай школы дзеці бягуць на заняткі сюды, потым трапляюць на спектаклі, якія разам глядзяць і абмяркоўваюць. Яны існуюць у тэатральным вымярэнні, далучаныя да яго. Шмат у чым дзякуючы гэтаму атрымаўся форум «Крокі». Для ўдзелу ў ім мы запрашалі менавіта тэатральныя школы. Наш першы вопыт стаўся неадназначным. Кіраўнікі Узорнага дзіцячага музычнага тэатра «Арфей» з Бранска запэўнілі, што ў іх ёсць навучальны працэс, заняткі, сістэма адукацыі. Мы запрасілі іх на форум, але ж у агульным кантэксце бранскі спектакль не прагучаў. Менавіта таму, што тэатральнай школы, у нашым разуменні, у іх аснове якраз і не было.

А вось Дзяржаўная тэатральная школа-студыя з Кіева выглядала надзвычай прывабна. Так, яны дзіўныя, нязвыклыя, тым не менш займаюцца пошукамі новай сцэнічнай мовы. Робяць гэта з дзецьмі, па іх выразе, з «белага ліста». Нават назва спектакля кіяўлян надзвычай красамоўная — «Малітвы тых, хто не моліцца». Літоўскі спектакль дасканала зроблены, адчаканены, культурны. Але ж у пэўным сэнсе іх школа і наша — супрацьлеглыя. Мы больш эксперыментуем. Мне хочацца, каб нашы дзеці пачуваліся свабоднымі, каб іх дзеянні не былі зададзенымі, дакладна запраграмаванымі. Я даю ім толькі аснову: «бачу, чую, разумею». Нібыта малюю кола і запускаю іх туды, а далей мне важна, каб яны былі абсалютна арганічнымі, ні ў якім разе не пачалі іграць, інтанаваць і г.д. Каб не набылі стэрэатыпаў тэатра паказу. Дзеля гэтага важна да кожнага знайсці падыход.

Галіна Алісейчык: На форуме «Крокі» менавіта на спектаклях літоўскай і беларускай тэатральных школ акрэсліліся дзве выразныя тэндэнцыі. Відавочна, літоўцам важна, каб іх навучэнцы ігралі прафесійна, як дарослыя. Каб усё ў спектаклі было дакладна выверана, бачна, чутно, дакладна па тэмпарытме. Так бы мовіць, прынцыпы дарослага тэатра пераносяцца на тэатр дзіцячы. Ды толькі ці правамерна сама пастаноўка такой задачы? Дзеці ўсё роўна ніколі не сыграюць, як дарослыя. Але ж яны могуць зрабіць тое, на што дарослыя няздатны. Так, у прафесійным тэатры асаблівыя атмасфера, абавязкі, навучанасць, спрактыкаванасць, ды вось часам знікае нязмушаная радасць ігры. Радасць ад самога працэсу, ад самой магчымасці зрабіцца то дрэвам, то птушкай, то жабянём. Унікальную магчымасць адчуць першапачатковую стыхію гульні дае дзіцячы тэатр. І шчасце дзеці перажываюць не ад таго, што добра выконваюць свае прафесійныя абавязкі, а таму, што іх пускаюць на сцэну і дазваляюць іграць. І вось гэтае сапраўднае тэатральнае існаванне ў дарослых тэатрах чамусьці часта губляецца. Але так важна разумець, інтуітыўна адчуваць тое, з чаго, уласна, у чалавека і ўзнікла патрэба ў такой дзіўнай — сцэнічнай — дзейнасці, якая насамрэч не мае ўтылітарнай карыснасці. Калі я глядзела спектакль беларускай Дзіцячай тэатральнай школы «Праўдзівая гісторыя пра Марыю і Пушка», падумала: магчыма менавіта так і прарастае нейкі новы тэатр. Бо ў гэтым спектаклі няма абавязковай зарыентаванасці на пэўны станоўчы вынік, які ўсім больш-менш вядомы. Цікавасць выклікае сам працэс пражывання роляў — існаванне дзяцей на сцэне, тое, што яны ствараюць рэальнасць, у якую самі вераць. І гэта вельмі каштоўная рэч.

Форум прадэманстраваў розныя метады работы з дзецьмі. Літоўскі спектакль падаўся цудоўным, але ён вельмі адрозніваўся ад беларускага — па задачах, па атмасферы, па ўсім. Мне здаецца, важна, што нашых дзяцей не вучаць пераймаць дарослы тэатр, а прапануюць ствараць свой уласны, ні на што не падобны. Гэта, па вялікім рахунку, і ёсць творчасць.

Віргінія Тарнаўскайтэ: А называецца: мой селядзец — як хачу, так і фарбую, куды хачу, туды і вешаю. Гэта я пастаянна на рэпетыцыях паўтараю.

Антаніна Міхальцова: Сем гадоў таму ў гэтую школу мяне прывяла Марына Сяргееўна Папова, выдатны, таленавіты педагог. Дагэтуль я досыць доўга выкладала ва Універсітэце культуры і мастацтваў на кафедры рэжысуры. А вось як працаваць з дзецьмі, не ведала. Мы разам зрабілі набор. Дваццаць пяць хлопчыкаў і дзяўчынак па 9-10 год. Гэта было нейкае татара-мангольскае нашэсце! Яны гарлапанілі, лёталі, свісталі, тупаталі... Памятаю, я падумала, што магчыма і вытрымаю месяц або два... І за гэты час убачыла столькі адметных шляхоў у працы з дзецьмі, што зразумела: займацца з імі нашмат цікавей, чым з дарослымі. Душы ў іх чыстыя, адкрытыя. Любыя карысныя для іх веды схопліваюць і развіваюць далей. Толькі кідаеш зярнятка... Але ж мы ўсё роўна навучаем. Ёсць сістэма, якой прытрымліваемся: гэта класічная школа мастацтва перажывання.

Што датычыцца форуму «Крокі», дык я проста пераканана, што ў кожнага, хто ўдзельнічаў або прысутнічаў на ім, гэта падзея застанецца ў душы на ўсё жыццё, пакіне сапраўдны, добры след.

Людміла Грамыка: Форум скончыўся... Цяпер давайце падумаем: што такое дзіцячая творчасць на самай справе? Магчыма, гэта ў чыстым выглядзе самавыяўленне, па-за ўплывам любых прафесійных аўтарытэтаў? Бо для дзіцяці больш важны «ён сам», здатнасць спасцігаць свет праз першыя творчыя намаганні. Неістотна, што яго вабіць найбольш: музыка, жывапіс, тэатр. Галоўнае, што свой першы духоўны вопыт ён набывае цалкам самастойна, і гэта, заўважце, заўсёды прыносіць задавальненне. У дзіцячую тэатральную школу падлетак таксама прыходзіць для самавыяўлення. Падсвядома імкнучыся спасцігнуць нешта праз свою першую творчую практыку. У такім разе ці патрэбныя яму азы рамяства? Як вы працуеце — спрабуючы яму адпавядаць і рухацца за дзіцячай прыродай? (І гэта таксама прадуктыўны шлях.) Ці ўвесь час маеце на ўвазе, што яны — будучыя прафесіяналы?

Антаніна Міхальцова: Да нас прыходзяць розныя дзеці. Канешне, ім неабходны азы рамяства. Але ўсё роўна галоўнае — душа і прырода.

Галіна Алісейчык: Мне здаецца, патрэба вучыцца цалкам натуральная ў дзяцей. Іншая справа, вельмі цяжка ўгадаць, хто з іх насамрэч навучыцца, якія здольнасці мае і што потым будзе падабацца. Але каштоўна тое, што яны набываюць тут унікальны вопыт мастацтва, тэатральнай ігры. Тэатр — нібы чароўная машына, дзякуючы якой можна пабываць у розных эпохах, у розных абліччах і іпастасях. Да гэтага дадаюцца пэўныя веды і ўменні. Урэшце, калі чалавек будзе добра рухацца, выразна і правільна размаўляць, больш чым іншыя разумець у мастацтве, гэта яму заўжды прыдасца, незалежна ад таго, стане ён прафесіяналам ці не. Той, кто назаўсёды прырасце да сцэны, застанецца на ёй. Нехта сыдзе ў іншую прафесію, але вопыт, набыты ў школе, ніхто і ніколі ў яго не адніме. Менавіта гэта ўяўляецца самым галоўным. Думаю, тэатральная школа і не павінна рабіць з навучэнцаў прафесіяналаў. Важна распаўсюдзіць тэатральныя веды, адчуванне і разуменне тэатра. Мне здаецца, гэта надзвычай карысна цяпер, калі ў пэўным сэнсе адбываецца дэгуманізацыя жыцця.

Мы занадта шмат функцый перакладаем на тэхніку. Жывое жыццё, душа ў душу, паступова становіцца раскошай і дэфіцытам. А ў тэатральнай школе выхаванцы такі вопыт набываюць. Вучацца разумець, адчуваць, слухаць адзін аднаго.

Віргінія Тарнаўскайтэ: Да нас прыходзяць дзеці з розных сямей, з самых розных сацыяльных узроўняў. Сярод іх ёсць спешчаныя, ёсць занядбаныя. Многім проста трэба дзесьці знаходзіцца пасля школы, пакуль бацькі працуюць. А тут высветлілася, што непадалёку ёсць такое месца, нешта накшталт «прадлёнкі», дзе можна яшчэ паспяваць, патанцаваць і г.д. Конкурс у нас даволі ўмоўны, нехта крыху лепш спявае, нехта крыху лепш танчыць. І напачатку здаецца, што гэта надзвычай складанае пытанне: як і чаму іх вучыць. Паводзяць сябе, як у агульнаадукацыйнай школе. Сваволяць, шумяць, носяцца на злом галавы. З іх выпраменьваецца шалёная энергія, а што з ёй рабіць — невядома. І мы пачалі гуляць. Пачалі пераўтварацца. Маўляў, калі б я быў... пінгвінам. Не кажу ім тэатральных тэрмінаў, кшталту «я ў прапанаваных абставінах». Кажу: «Калі б я быў...» Яны спыняюцца, засяроджваюцца — і пераўтвараюцца. Такім чынам пачынаюць бачыць. А вось — вада. Халодная. І ўсе гэтыя моманты ў нашым спектаклі ёсць. Сёлета мы — жабкі. Увесь час квакаем... І робім гэта ў форме гульні. Бо і пінгвін, і жабка могуць быць розныя.

Людміла Грамыка: Ды толькі гэта і ёсць азы рамяства. А ў тэатральнай ВНУ — эцюды.

Віргінія Тарнаўскайтэ: Спачатку былі практыкаванні. На ўвагу. Многія прыйшлі са школьнай самадзейнасці, з тэатральных гурткоў і ведалі, што такое «эцюд». Спрэс паказвалі сцэнкі са школьнага жыцця. Напрыклад, прыходзіць настаўніца і кажа: «Вася! Што ты робіш?!» А Вася ёй: «Бе-бе-бе!» І ўсё гэта разыгрывалася напоўніцу. Я сказала: «Не трэба пра школьнае жыццё. Гэта сумна. І ўвогуле, размаўляць пакуль не будзем. Трэба навучыцца слова цаніць». І пачалі ўяўляць, што мы расліны, насякомыя, у спектаклі — анёлы. Бо гэта таксама істоты, у якіх можна ператварыцца. Мне было важна зберагчы гульню і арганічнасць. Зрэшты, не ведаю, што будзе далей. І баюся спектакляў як у дарослым тэатры. Але ж... школа ў структуры тэатра — гэта адназначна добра для школы. Думаю, для тэатра таксама павінна быць добра. Зараз мы перажываем вельмі складаны перыяд. У спектаклі Новага драматычнага «Бляск летняй вады» галоўную ролю выконвае Валерыя Сакалава. Мне, як рэжысёру, вельмі няпроста спалучыць яе абсалютную натуральнасць з прафесійнымі работамі акцёраў.

Ды толькі лічу, што школа мусіць тэатр падсілкоўваць. Усё, што атрымліваюць нашы дзеці, будзе вяртацца праз спектаклі. Тэатр і школа могуць стаць адзіным арганізмам, варта толькі глядзець наперад.

Людміла Грамыка: Падобны калектыў ёсць у Кішынёве. Рэжысёр Юрый Хармелін навучае дзяцей спачатку ў гімназіі, пасля ў вышэйшай тэатральнай установе, урэшце яны трапляюць да яго ў Тэатр на вуліцы Ружаў. Усё гэта надзвычай цікава. І акцёры, і дзеці ў гімназіі — не такія, як усе. Іншыя. Ветлівыя, прыгожыя, адухоўленыя. Яны выгадаваны і выпеставаны ўнутры сістэмы. Мастацкія вынікі проста ўражваюць.

Віргінія Тарнаўскайтэ: Частка гэтых дзяцей, канешне, будуць гледачамі, якія вельмі добра разумеюць, што гэта такое — тэатр. І ўсё ж для таго, каб вырасла ружа, напачатку трэба разрыхліць глебу, потым яе апрацаваць і толькі потым пасадзіць саджанец. У нашай школе мы заняты менавіта першым — не напрацоўваем метады, не навучаем, а толькі разрыхляем глебу. А пасля яны вольныя ісці сваім шляхам. І зусім не абавязкова ўсім заставацца ў прафесіі.

Яўген Волкаў: Давайце згадаем і пра тое, чым апошнім часам займаўся Алег Табакоў. Ён для навучання ў дзіцячай тэатральнай школе збіраў таленавітых дзяцей па ўсёй Расіі. Вопыт вельмі красамоўны для нас, бо праблем беларускай акцёрскай школы ніхто не адмяняў. Рэжысёраў не стае, але ж з гэтым, выбачайце, таксама штосьці трэба рабіць. І пачынаць думаць пра гэта яшчэ ў тэатральнай школе.

Людміла Грамыка: Заўважце, Табакоў стварыў студыю, выхаваў акцёраў, адкрыў «Табакерку» — і нечакана для многіх вырашыў, што пачынаць выхоўваць прафесіяналаў трэба яшчэ раней.

Яўген Волкаў: Але ж да таго, што не ўсе пасля тэатральнай школы пойдуць у артысты, трэба ставіцца спакойна. Тут вельмі паказальны вопыт Барыса Уторава. У ягоным класе было дваццаць пяць вучняў. Ды толькі не ўсіх ён рыхтаваў у акцёры. Вучні далучаліся да музычнага афармлення спектакля, увогуле да працэсу ягонай падрыхтоўкі і выпуску. Спецыялістаў такога кшталту нашаму тэатру катастрафічна не хапае.

Віргінія Тарнаўскайтэ: Мы таксама думаем пра рознабаковае выхаванне дзяцей. У мяне першае паўгоддзе яны проста малявалі свае ўяўленні, фантазіі «на тэму». Часам ужываючы толькі колер. Калі працавалі над спектаклем — малявалі яго. Дзяўчынкі займаліся разнастайным рукадзеллем.

Антаніна Міхальцова: Намаганні выкладчыкаў школы часам нагадваюць працу псіхатэрапеўта. Адзін хлопчык да нас прыйшоў — ні слова не мог вымавіць, заіклівы, рукі ў кішэнях, а там — кулакі. Заціснуты надзвычайна. І вось памаленьку рукі з кішэняў выцягнуў, пальчыкі раскрыліся, раптам пачаў гаварыць. Вось і псіхатэрапія...

Людміла Грамыка: Пэўны час таму ў сістэме эстэтычнай адукацыі адбыўся сур’ёзны збой. Многае было скасавана і перайначана, невядома дзеля чаго. Ваша тэатральная школа — адзіная ў рэспубліцы. Відавочна, што яна не толькі нікому не замінае — тут распачата і працягваецца добрая для дзяцей, для іх бацькоў, для грамадства і для нашага тэатра справа. Але ж мы натуральна падышлі яшчэ да аднаго, вельмі важнага для ўсіх зацікаўленых асоб пытання. Менавіта тэатральная школа можа стаць прыступкай у сістэме прафесійнай адукацыі, цесна спалучанай і з Акадэміяй мастацтваў, і з беларускімі тэатрамі. Дарэчы, добрых спецыялістаў у розных галінах відавочна не стае. А сістэма завочнага навучання, на якую ўскладаліся пэўныя надзеі, пакуль што не прыносіць чаканых вынікаў. Як паказвае практыка розных краін, менавіта ваш шлях можа быць вельмі прадуктыўным. Тым больш, што сістэма спецыяльнага навучання апошнім часам перажывае пэўныя цяжкасці. Магчыма, прыйшоў час звязаць усё ў адзіны ланцужок. І пачынаць варта з асоб, зацікаўленых агульнай справай.

Віргінія Тарнаўскайтэ: На лясной паляне шмат кветак, і ўсе яны дарэчы. Так і тут, я думаю, існуюць многія спосабы і шляхі выхавання акцёраў. І такі шлях, якім рухаюцца Юрый Хармелін і Алег Табакоў (вядома ж, ён разлічаны на працяглы перыяд), самы надзейны. Таму што тэатр, нібы жывая расліна, узыходзіць, расце, падымаецца з каранёў.

Антаніна Міхальцова: Але самае жывое ў жыцці — гэта дзеці. І тэатр — адбіткі жыцця.

Людміла Грамыка: На Міжнародным тэатральным форуме «Крокі» сабраліся прадстаўнікі дзіцячых тэатральных школ з краін, дзе ўсё адбываецца па-рознаму, але цікава і ярка. Іх вопыт карысны для нас. Таму вельмі важна, каб падобныя сустрэчы працягваліся і далей.

Віргінія Тарнаўскайтэ: Мяркуецца, што форум будзе праходзіць кожныя два гады. Думаю, што наступным разам, у 2012-м, нам варта сабрацца на спецыяльную канферэнцыю. Людзі, якія заклапочаны агульнымі праблемамі і глядзяць у адным накірунку, мусяць сустрэцца, каб абмеркаваць свае прафесійныя пытанні. Думаю, у такім разе сам форум зробіцца нашмат больш эфектыўным. І надалей мы зможам гаварыць пра розныя накірункі ў агульнай справе.

Галіна Алісейчык: Што да розных накірункаў, то можна істотна пашырыць палітру працы, не замыкаючыся на драматычным тэатры. Дзеці здольныя праяўляць сябе многімі спосабамі. Няхай яны зрэдчас пагуляюць з лялькамі, засвояць марыянетку, паспытаюць, што такое маска. Тады ім значна лягчэй будзе адчуць стыхію тэатра.

Антаніна Міхальцова: Падчас форуму абавязкова павінны працаваць майстэрні, праходзіць майстар-класы. Таму што, з аднаго боку, школа — гэта, без сумнення, разрыхленне глебы, адкрыццё індывідуальнасці. А з іншага — дакладная сістэма навучання.

Людміла Грамыка: Важна, каб загаварыла прырода дзіцяці, яе неабходна адкрываць самымі рознымі сродкамі. І зрабіць гэта не вельмі проста. Самае каштоўнае, што я ўбачыла на ўсіх спектаклях «Крокаў», — гэта тое, што дзеці на сцэне не прадстаўляюцца, не іграюць, не робяць выгляд.

Галіна Алісейчык: І пры гэтым — ніякага рэалізму, прынамсі таму, што рэалізм — самая апошняя прыкмета заняпаду сцэнічнага мастацтва. Дарэчы, у тэатральных вытоках ён цалкам адсутнічае. Узнаўляўся фантастычны свет, стваралася тое, чаго не было насамрэч. На маю думку, тэатр узнік дзякуючы жаданню зрабіць штосьці такое, чаго не можа быць у сапраўднасці, — як ажыццяўленне мары пра немагчымае. Менавіта такі ўяўны свет стваралі дзеці ў спектаклі «Праўдзівая гісторыя пра Марыю і Пушка» Бірутэ Мар.

Віргінія Тарнаўскайтэ: Самы вялікі камплімент нам зрабіў дзядуля, што прыйшоў паглядзець на сваю ўнучку. Ён сказаў: «Я бачыў шмат дзіцячых спектакляў, але чаму ў вас яны такія свабодныя?»

Людміла Грамыка: А яшчэ ў іх — безліч шчырасці, якая захапляе надзвычайна. Дзеці выдатна валодаюць рытмамі, натуральна ўваходзяць у спектакль. Заўважны ўласцівасці, пра якія звычайна забываюцца ў дарослых тэатрах. Маленькія артысты выходзяць на сцэну не проста так, яны працягваюць існаваць далей. Дакладна разумеюць, што іх работа пачынаецца не з кожнага новага эпізоду. Свабодна існуюць у плыні спектакля, які развіваецца цягам сцэнічнага часу. Што датычыцца азоў рамяства, тут яны дакладна прысутнічаюць і правільна закладзены. Дзеці даюць веры сваім фантазіям, гэта бачна і зразумела.

Галіна Алісейчык: Так, тэатр па сваёй прыродзе звязаны з дзяцінствам і дзіцячымі гульнямі. Калі чалавек навучаецца акцёрскай прафесіі, такая сувязь, бывае, перарываецца. У такім разе разбураецца і сама тэатральная прырода.

Віргінія Тарнаўскайтэ: Часам думаю, што побач з дзецьмі забываюся пра свой узрост. Але ж вельмі строгая з імі, хоць яны ведаюць, што я іх люблю. Вось таму дазваляюць сабе адкрытыя праявы пачуццяў, убачаць — радуюцца, абдымаюцца. Ды калі загадаю ім штосьці — гэта беспярэчна. У звычайнай школе падобнае немагчыма. Памятаю, прыкладна так я любіла свайго настаўніка — Уладзіміра Маланкіна. Толькі не дазваляла сабе абдымацца.

Галіна Алісейчык: У любым грамадстве існуюць паняцці ідэалу і таго, чаго ні пры якіх абставінах нельга рабіць. На жаль, паступова знікае паняцце нормы. У якой атмасферы дзеці мусяць расці? Вядома, не можа быць усёдазволенасці, але яны павінны адчуваць сябе свабоднымі і ведаць, што іх любяць. Гэта глеба, на якой вырастаюць таленты. А для тэатральнай школы — норма, вельмі важная для дзяцей. Дзеля таго, каб першы творчы парастак не быў скурчаным.

Віргінія Тарнаўскайтэ: Дарэчы, у звычайных школах дзеці рэдка гавораць пра сваё жыццё па-за школай. А тут усё інакш. Значыць — давяраюць.

Галіна Алісейчык: Прафесія настаўніка заўсёды лічылася свяшчэннай. Вучань за настаўніка мог і жыццё аддаць. Таму што педагог даваў выхаванцу ўяўленне аб сусвеце, адчуванне паўнаты жыцця, паказваў дарогу, якой ісці. І ўсё гэта было вельмі моцна звязанае з паняццем нормы. А ў нас апошнім часам многае змянілася, стаўленне да настаўніка таксама.

Людміла Грамыка: Калі казаць пра тэатральную адукацыю, то тут многае страчана. Напрыклад, такое паняцце, як майстар. Віргінія ўспомніла пра Уладзіміра Маланкіна. Пра свае адносіны да яго. Але за ўсю гісторыю існавання Акадэміі мастацтваў узорам для яе выпускнікоў у далейшым творчым жыцці сталіся зусім нямногія. Згадваецца невялікая колькасць прозвішчаў майстроў, якія былі здатныя навучыць. З цягам часу іх становіцца ўсё менш. І вось менавіта адсутнасць духоўных аўтарытэтаў ператвараецца ў вялікую праблему для ўсіх, хто мае дачыненне да тэатра. Пра тое, як вучыць і да якіх вынікаў неабходна падвесці, нарэшце варта задумацца. У тэатральнай школе дзеці робяць першыя крокі ў свет мастацтва. Але на гэтым фоне агульныя праблемы выразна акрэсліваюцца. Пра сістэму прафесійнай адукацыі загаварылі, на яе звярнулі ўвагу. Цяпер варта ўважліва прааналізаваць вынікі, падумаць, ці так навучаем і дзеля чаго.

Антаніна Міхальцова: Жыццё не стаіць на месцы, усё змяняецца. І мабыць у тэатральнай адукацыі таксама трэба шукаць новыя шляхі. Магчыма, тое, пра што мы гаворым, — наша тэатральная школа, — якраз і ёсць той самы парастак, на які трэба звярнуць увагу, якому трэба дапамагчы вырасці.

Гульня ў прафесіюці прафесійная гульня?

/i/content/pi/mast/44/749/28.jpg

«Друскіле» Стасе Іванаўскайтэ. Каўнаскі дзіцячы і маладзёжны тэатр «Вілколакіс» (Літва).

Форум «Крокі» адкрыўся беларускімі пастаноўкамі: выхаванцы ДТШ №1 паказалі гледачам спектакль выпускнога класа «Глыбокапаважаны Тузік» па п’есе Ларысы Цітовай і Аляксандра Стараторжскага (па-за конкурсам) і «Праўдзівую гісторыю пра Марыю і Пушка» Бірутэ Мар (гэта работа атрымала Гран-пры). Пра спецыфіку падрыхтоўкі маленькіх прафесіяналаў у ДТШ №1 распавядае яе дырэктар Людміла Семіжон.

Старт

У жніўні 2003-га — за тыдзень да пачатку навучальнага года — мы набралі 25 дзяцей 11-12 гадоў (зараз будзем адбіраць 10-11-гадовых). Умовы на той час былі даволі спартанскія: усяго толькі адзін вучэбны клас, кабінет дырэктара і настаўніцкая. Танцамі і сцэнічным рухам дзеці займаліся ў фае тэатра. Яшчэ адзін набор адбыўся ў 2004-м, а ў 2005–2007 гадах Новы зачынілі на рэканструкцыю і школе давялося арандаваць памяшканне ў СШ №85 Заводскага раёна. Было складана і педагогам, і дзецям, якія ўсё ж такі прыйшлі вучыцца пры тэатры. Як вынік — невялікі адсеў, але тое нармальна для творчых навучальных устаноў.

Кастынг

Спачатку дзіця чытае празаічны ўрывак, байку і верш — пажадана, каб хоць адзін твор прагучаў на беларускай мове. Потым прыёмная камісія просіць станцаваць, а калі танец не падрыхтаваны, малое рухаецца пад музыку. Яшчэ просяць выканаць песню і задаюць пытанні агульнага плана — якія тэатры і тэатральныя прафесіі ведае абітурыент, якія спектаклі глядзеў, якія акцёры і рэжысёры яму падабаюцца. Мы сутыкнуліся з тым, што сталічныя дзеці нікуды не ходзяць, а калі і трапляюць у тэатр, то зусім не ведаюць адпаведнага этыкету — прычым гэта тычыцца і іх бацькоў.

Класічная тэатральная школа

Заняткі пачынаюцца пасля абеду. На першым годзе навучання дзеці наведваюць два заняткі па акцёрскім майстэрстве паралельна са сцэнічным маўленнем, трэці дзень адводзіцца на вакал і танец. На другім годзе дадаецца сцэнічны рух, на трэцім — тэарэтычныя прадметы (гісторыя тэатра, мастацкае афармленне спектакля, сцэнічны касцюм і грым), і дзеці бываюць у школе не менш за чатыры разы на тыдзень. Спектакль па акцёрскім майстэрстве — толькі на чацвёртым годзе навучання, да гэтага выхаванцы робяць эцюды, інсцэніроўкі, ставяць невялікія ўрыўкі. Вучні з задавальненнем ходзяць на рэпетыцыі ў Новы драматычны, бачаць грымёрныя, тэатральныя цэхі, бутафорыю, бачаць, як вырабляюцца дэкарацыі, як працуе служба гледача, друкуюцца афішы і праграмкі...

Шоу не будзе

Капрызныя «прынцэсы» пакідаюць нас цягам першага года. Тым, хто лічыць, што іх трэба як мага хутчэй выпускаць на сцэну, тлумачым, што нікому не абяцаем шоу: «Вас не стануць забаўляць. Вы не будзеце выходзіць да гледача праз дзве-тры рэпетыцыі. Расслабцеся, каб уся ваша самадзейнасць засталася за парогам школы».

Нашым педагогам даводзіцца быць добрымі псіхолагамі і ўлічваць матывацыю выхаванцаў, якая, у першую чаргу, заснавана на цікавасці. Калі вучню робіцца нецікава, яго ніякімі пернікамі сюды не заманіш — ён папросту сыходзіць. Дзеці вельмі адчуваюць хлусню, і калі да іх падлашчваюцца, сюсюкаюць з імі, гэта толькі шкодзіць справе.

Выкладчыкі павінны не проста рыхтавацца да ўрока, але прадумваць сваю працу ад першага да пятага года навучання. Рэжысёрам, якія прыходзяць у тэатральную школу, хочацца адразу бачыць вынік, але дзяцей нельга прыспешваць — да складанага трэба ісці вельмі паступова.

Канфлікты

...могуць узнікнуць падчас размеркавання роляў. Мы ствараем усе ўмовы для таго, каб індывідуальнасць дзіцяці раскрылася, але калі-нікалі навучэнцу здаецца, што гэта «не яго» матэрыял, і педагог павінен яму патлумачыць выбар твора.

Дзеці вельмі моцна перажываюць, калі «вырастаюць» з ролі і яе аддаюць іншаму. Таму задача педагога — выхаваць вучня так, каб ён не зайздросціў, а дапамагаў працаваць свайму «наступніку». Так, яны могуць не спраўляцца са сваімі эмоцыямі. Але жорсткасці няма. Дзеці разумеюць, што тэатральны калектыў — вялікая, добра арганізаваная супольнасць, дзе галоўнае — дысцыпліна. На творчых уроках ім даецца магчымасць увасобіць усе свае эмоцыі, але калі гэта тычыцца працы, трэба мець такт і вытрымку, паважаць меркаванне рэжысёра.

Іншыя

Мы намагаемся падтрымліваць добрыя адносіны з мастацкімі школамі. Рыхтуючыся да «Крокаў», запрасілі да супрацоўніцтва мастацкую школу №3 — на закрыцці форуму кожны калектыў атрымаў у падарунак цудоўныя малюнкі яе навучэнцаў, да таго ж яны падрыхтавалі выдатную выставу, якая экспанавалася ў фае тэатра, а дзеці з музычных школ №2 і №14 выконвалі творы да пачатку спектакляў і ў антрактах. Летась мы рабілі вялікі праект з музычнай школай №14 і харэаграфічнай школай №2 — гэта быў тэатралізаваны канцэрт па творах, прысвечаных 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. А нядаўна мастацкая школа №3 падрыхтавала для нас лялькі, з якімі трэцякласнікі ставяць лялечны вучэбны спектакль «Казка пра Папа і работніка яго Балду».

Дарослае жыццё

Нашы педагогі выдатна разумеюць, што тут вучацца дзеці, якія мо і не стануць рэалізоўваць сябе на прафесійнай сцэне ў будучым, але змогуць дасягнуць высокай планкі ва ўласным інтэлектуальным і духоўным развіцці. Канешне, хочацца, каб яны звязвалі свой лёс з творчымі спецыяльнасцямі, і вельмі крыўдна, калі нашы выпускнікі не паступаюць, а паступаюць іншыя, якія, адвучыўшыся год, сыходзяць з Акадэміі, зразумеўшы, што гэта «не іх». Нашы ж ведаюць рэжым працы, з якім давялося б сутыкнуцца, падрыхтаваныя да яго маральна... Але нават пры абранні іншай спецыяльнасці школа дапамагае дзецям адчуваць сябе свабодна. Няхай нашы выпускнікі і не стануць акцёрамі, але яны будуць культурнымі, выхаванымі людзьмі, удзячнымі і высакароднымі гледачамі. Думаю, акцёры таксама адчуюць іх увагу, энергетыку, і гэта добра адаб’ецца на спектаклі. ■

 

МАЛЕНЬКІЯ АКЦЁРЫ НА АЯЛІКАЙ СЦЭНЕ

/i/content/pi/mast/44/749/32.jpg
«Праўдзівая гісторыя пра Марыю і Пушка» Бірутэ Мар. Вераніка Іванько (Маці), Яўген Шмаянкоў (Тата).
Ініцыятарам І Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму «Крокі», у якім прынялі ўдзел калектывы з Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі і Ізраіля, выступіла Дзіцячая тэатральная школа №1. Гэта першая спецыялізаваная школа дзяржаўнага ўзору з пяцігадовым тэрмінам навучання, што дзейнічае пры Новым драматычным тэатры.
Пра асаблівасці сумеснага існавання дарослага сцэнічнага калектыву і тэатральнай школы расказвае дырэктар Новага драматычнага Васіль Мартэцкі.

Чаму ўвогуле з’явілася ідэя арганізаваць школу пры тэатры? Хацелася адцягнуць увагу падлеткаў ад вуліцы. Прычым, каб яны не проста хадзілі ў тэатр, а вывучалі механізмы яго існавання знутры.

Заняткі ў ДТШ №1 пачаліся ў верасні 2003 года, і журналісты назвалі яе «фабрыкай зорак» — але гэты выраз гучыць крыўдна і папсова. Ды і само слова «фабрыка» абразлівае ў дачыненні да творчасці. Мы піражкі не пячом і «зорак» не лепім. Наша школа, хутчэй, «інстытут шляхетных дзяўчат і юнакоў».

У сваім развіцці выхаванцы ДТШ на галаву вышэй за аднагодкаў з агульнаадукацыйнай школы, яны нават рухаюцца і выглядаюць па-іншаму. І яшчэ — гэта нашы будучыя гледачы. Дзеці прыводзяць братоў і сясцёр, аднакласнікаў, глядзяць усе без выключэння спектаклі, што ідуць на сцэне Новага драматычнага. На здачы і прэм’еры прыходзяць першыя выпускнікі школы — людзі, якія з тэатрам не парвуць ні-ко-лі.

Навучэнцы іграюць у некаторых пастаноўках з дарослага рэпертуару. Некалькі дзяцей выходзяць у спектаклях «Шчасце маё» Аляксандра Чарвінскага, «Каралева прыгажосці» Марціна МакДонаха, «Тры пары і адзін лёс» Андрэя Курэйчыка. Віргінія Тарнаўскайтэ паставіла «Бляск летняй вады» Лаўры-Сінціі Чарняўскайтэ — першы спектакль, дзе галоўную ролю выконвае навучэнка школы. Рэжысёры нашага тэатра прыходзяць на заняткі, слухаюць рэкамендацыі педагогаў, спрабуюць працаваць з вучнямі. Правалаў не было ніколі. Дзеці на сцэне вельмі арганічныя. Няхай яны змагаюцца за месца ў спектаклі, але гэта нармальная канкурэнцыя.

Існуе меркаванне, што з узростам дзеці страчваюць геніяльнасць. І нават выхаванцы тэатральных школ, калі яны хочуць працягваць займацца акцёрскай прафесіяй, мусяць пачынаць усё наноў у адмысловых ВНУ... Такое здараецца. І таму, напрыклад, педагогі Акадэміі мастацтваў на іспытах хочуць убачыць «несапсаванае» дзіцё, якое ніхто не вучыў і прыродны талент якога лягчэй «разгледзець». Педагогі аддаюць перавагу тым, хто ні ў каго больш не займаўся, і жадаюць пачынаць працу з акцёрам «з чыстага ліста».

У чым заключаецца спецыфіка выхавання творчасцю? Дзіця выходзіць на сцэну з дарослымі акцёрамі і сутыкаецца з тым, што гэта — дысцыпліна, што варыянтаў імправізацыі тут няшмат і трэба дакладна выконваць задачу, пастаўленую рэжысёрам... То-бок, яно засвойвае першыя рабочыя моманты. Потым прыходзіць разуменне, што акцёрства — не перайманне перад люстэркам, а цяжкая праца. І што гэта складаная — вельмі складаная! — прафесія, якой нельга проста навучыцца — акцёрам трэба нарадзіцца.

Адносіны паміж прафесійнымі акцёрамі і пачаткоўцамі на сцэне вельмі добразычлівыя. Старэйшыя апякаюць малодшых і дапамагаюць ім. Праца з дзецьмі можа падказаць нечаканыя новыя фарбы. Так, за травесці — прафесіяналізм, падрыхтоўка, але калі дарослыя граюць дзяцей, гэта не так натуральна, як калі дзеці іграюць сваіх аднагодкаў.