Эдуард Мартынюк

№ 5 (338) 01.05.2011 - 30.05.2011 г

Тэнар: герой і ахвяра

/i/content/pi/mast/44/748/24.jpg

У партыі Хазэ. Кацярына Цымбалюк (Кармэн). Адэскі акадэмічны тэатр оперы і балета.

Ён — адзін з найбольш запатрабаваных у Беларусі і за яе межамі спевакоў. Малады, абаяльны, дасціпны. Абсалютна пазбаўлены праяў «зорнай хваробы». Саліст Нацыянальнай оперы. Вадэмон, Пінкертон, Бепэ, Хазэ, Каварадосі, Рудольф, Герцаг... Мартынюк мае голас дзівоснай прыгажосці. Лёгкі, паветраны, кранальны, светлы і празрысты па тэмбры, здатны перадаць эмоцыі чалавека, захопленага любоўнай страсцю або пяшчотай, таго, хто атрымлівае асалоду ад улады ці пакутуе ад невыноснай рэўнасці. Карацей кажучы, ён — тэнар, «салодкагалосая птушка шчасця». І гэтым усё сказана!

Эдуард, размову хацелася б пачаць з вашай адметнай творчай вандроўкі ў Японію. На сцэне Такійскай оперы вы, яшчэ да ўсіх драматычных падзей, якія там адбыліся, спявалі Хазэ...

— Нацыянальная опера Украіны рыхтавалася да гастроляў у Японіі. У складзе трупы ёсць вельмі прафесійныя тэнары. Але цяпер час такі, што Джульеце павінна быць як мінімум 29 гадоў... (Смяецца.) Японскі імпрэсарыа параіў знайсці больш маладога Хазэ. У «Аідзе» саліст, які пяе Радамэса, яшчэ можа схавацца за грувасткімі касцюмамі. А Хазэ — салдат, за што яму схавацца? У міжнародным аддзеле Кіеўскай оперы мне сказалі, што яны «перакапалі» ўвесь інтэрнэт, я ім спадабаўся — дзякуючы відэазапісу, змешчанаму на You Tube. Патэлефанавалі, дамовіліся, і я з радасцю выправіўся ў вандроўку...

Калі нечага вельмі жадаеш, працэс дасягнення мары не трэба фарсіраваць. У 2008-м у складзе нашай оперы трапіў на гастролі ў Тайланд (спяваў Рудольфа ў «Багеме», а таксама «Рэквіем» Моцарта). І тады вырашыў, што абавязкова траплю ў Японію.

Украінская Кармэн аказалася такой жа харызматычнай, маладой і прывабнай, як наша Аксана Волкава?

— Так. Там якраз маладыя салісткі выконваюць партыю гераіні. У Анджаліны Швачкі, вядомай украінскай спявачкі, якая часта выступае ў Еўропе, гэта быў 126-ы спектакль «Кармэн». У мяне пакуль толькі 43-ці...

Японія, экзотыка, гастролі. Можна пазайздросціць...

— Усё не так проста... Прыляцеў у Японію. А праз тры гадзіны пасля пералёту трэба на сцэну выходзіць. У дадатак змена паясоў адбіваецца не лепшым чынам. У спектаклі павінны віраваць страсці, а ў Мінску ў гэты час ноч, і таму хочацца спаць... Праспяваў тры «Кармэн», вярнуўся ў Беларусь. На генеральнай «Тоскі» і на другой прэм’еры выканаў Каварадосі. І зноў — у Японію, наступныя «Кармэн» спяваць.

Што вас у гэтай краіне больш за ўсё ўразіла?

— Неверагодная дысцыпліна і надзвычайны клопат пра экалогію. Вынаходлівасць... Для жыцця ў Японіі прыдатная толькі пятая частка тэрыторыі. Што яшчэ ўразіла? У зале Такійскай оперы на 2200 месцаў — ідэальная акустыка. Не трэба прыкладаць неймаверныя намаганні, каб цябе пачулі. Тэатр аплачваў артыстам таксі, каб яны маглі дабрацца да гасцініцы пасля спектакля. Паехаў, прастаяў тры гадзіны ў «пробцы», а далей ездзіў на метро. Заўважыў: у таксіста, які мяне вёз, на таблічцы пазначана, што ён 1922 года нараджэння. У свае амаль 90 ён па-ранейшаму працуе!

Нядаўна вы вярнуліся з музычнага форуму, дзе таксама спявалі Хазэ...

— Так, ён адбываўся ў Нарыльску. Напэўна, самы паўночны музычны фестываль у свеце. Да полюса заставалася 210 кіламетраў. Спяваў на рускай.

У нашым тэатры гэтую партыю выконваеце па-французску...

— Сапраўды. Асобныя арыі ў канцэртах просяць спяваць на рускай мове. Ідзе «ломка», бо ўжо прызвычаіўся на мове арыгінала. Увогуле, руская мова не самая зручная для спеваў, гэта агульнавядома. Найбольш прыдатныя — італьянская і ўкраінская.

Хазэ ў «Кармэн» — ваша любімая партыя?

— Так. Роля няпростая. Але лічыць яе супердраматычнай я б не стаў. Сфармуляваў бы так: партыя надзвычай лірычная. Тады дасягаеш выніку за кошт эмацыйнага пачатку, калі важныя паўзы, сказы, пэўная фразіроўка... Для вердзіеўскага Атэла патрабуецца сапраўдная моц гуку. А Хазэ, Герман (за выключэннем некалькіх сцэн «Пікавай дамы», што маюць вельмі насычаны аркестр) не такія і драматычныя. Увогуле, кожны вакаліст павінен спяваць сваім голасам. Эмацыйная афарбоўка — тое, што «прапускае» цябе на пэўныя партыі. Вядома, што Павароці меў невялікі голас...

Няўжо?! Я заўжды была перакананая, што магутны...

— Пра тое казала Марыя Гулегіна ў адным з інтэрв’ю. Але калі ён на прагонах і на спектаклі выходзіў на сцэну, яго было чуваць у кожнай кропцы залы. Вуха слухача прызвычайваецца да пэўнага голасу.

Паводзіны вашага Хазэ залежаць ад таго, якая артыстка спявае Кармэн?

— Не «залежаць» — абсалютна вызначаюцца гэтым. Здараецца, артысты, якія выконваюць галоўныя партыі, не падыходзяць адно аднаму або іх няправільна навучылі паводзіць сябе на сцэне. Калі трапляецца не надта ўдалая партнёрка, тады вельмі цяжка. У ролі ёсць ключавыя моманты, дзе немагчыма не іграць. У лібрэта напісана «пацалунак» — дык ён павінен быць, тэатральны або тэхнічны... Опера і так умоўны від мастацтва: на сцэне з драўлянага пісталета забіваюць Ленскага, а ён потым падымаецца і выходзіць на апладысменты. Забіваць Кармэн на сцэне таксама трэба прафесійна. Так што партнёрка — гэта ўсё! Цудоўна працаваць у «Кармэн» разам з Аксанай Волкавай. Шкада, што апошнім часам мы не так часта сустракаемся ў спектаклі.

А як вы тлумачыце ўчынкі героя, яго лёс? Такая абаяльная Мікаэла, ягоная нарачоная! Чаму Хазэ не застаўся з ёй? І ўсе былі б жывыя і шчаслівыя... Навошта вашаму герою Кармэн?

— Проста Хазэ — дурань! І дурня трэба іграць. Хлопец жыў у вёсцы, побач з маці. Што ён бачыў, пра што ведае? Хазэ выхоўваўся ў грамадстве, якое мае пэўныя парадкі і законы, у тым ліку рэлігійныя. Ён нікога, падобнага на Кармэн, у жыцці не сустракаў. Яму не патлумачылі, як на такую жанчыну рэагаваць.

Інакш кажучы, хлопца завабіла экзотыка...

— Так. Як я ў Тайландзе спакусіўся смажанымі лягушкамі. Пакаштаваў, смак — ніякі... Другі раз есці не буду.

Мне заўсёды так шкада вашага героя! Гэткага шчырага — і ў сваіх сумненнях, і ў каханні! Чаму ён своечасова не сышоў?

— А чаму Бізэ назваў оперу «Кармэн»? У гераіні ёсць магічная сіла, чарадзейства. Невыпадкова яна цыганка. Гэта звязана з містыкай, уменнем уздзейнічаць на псіхіку. Яна — дзяўчына пэўнага складу, вопытная, ведае мужчын, умее з імі кантактаваць. Думаю, у антрактах оперы паміж героямі шмат чаго адбывалася. Кармэн паказала яму пэўныя цуды. Вышэйшы прафесіяналізм! (Смяецца.)

Ведаю, вы нарадзіліся ва Украіне, але ваш шлях да нашага тэатра музычнай камедыі быў не надта просты. Што адбывалася да Мінска?

— Вырас у Адэсе, якую лічу родным горадам. Яна мне шмат дала. Скончыў тэатральнае вучылішча, дзе адным з маіх педагогаў быў знакаміты Міхаіл Вадзяной — Папандопала ў фільме «Вяселле ў Малінаўцы».

Цяпер зразумелая прырода вашага заўсёднага гумару і весялосці! Адэса і не ўспрымаецца па-за жартамі і розыгрышамі.

— Там смяюцца і іранізуюць усе. Ну і імя — Эдзік — таксама ўплывае. Акрамя таго, абое мае бацькі мелі праблемы са здароўем, нават былі інвалідамі па зроку (бацька амаль нічога не бачыў, яго, на жаль, ужо няма; маці, дзякуй Богу, жывая), але мяне заўсёды ўражвала, як яны ніколі не гублялі прысутнасці духу. У любых сітуацыях жартавалі, знаходзілі магчымасць пасмяяцца... Іначай ставіцца да жыцця і я не мог.

Пасля вучэльні пачаў працаваць у Адэскім тэатры музычнай камедыі. На конкурсе артыстаў аперэты атрымаў 2-ю прэмію. І мяне запрасілі працаваць у Свярдлоўск-44, закрыты горад, дзе існаваў самы багаты тэатр Урала. Літаральна праз месяц пасля мяне туды прыязджае з Мінска Вячаслаў Цюпа, вядомы рэжысёр. Ён ставіць (з разлікам на мяне) спектакль «Чыста французская гісторыя». Сутнасць сюжэта: усе старэюць, а мая роля пачынаецца са 120 гадоў. Далей я ўсё маладзею і маладзею! Потым мы едзем на «Залатую маску», дзе атрымліваем дыплом «За лепшы дэбют». Менавіта ў Маскве мяне ўбачыў Аляксандр Сасноўскі, галоўны дырыжор Беларускага музычнага тэатра, і прапанаваў перабрацца ў Мінск.

Проста прыгодніцкі фільм!

— Тут я меў магчымасць выконваць багаты і разнастайны рэпертуар. У адной толькі «Лятучай мышы» спяваў ажно тры партыі, іграў па чарзе — дырэктара тэатра Фалька, каханка Альфрэда і адваката Блінда. Увогуле аперэта заўжды была маёй любоўю...

Памятаю ваш сумесны з Таццянай Гаўрылавай творчы вечар, што адбыўся ў зале нашай філармоніі, палова праграмы якога складалася з аперэтачных шлягераў. Гучалі яны ў выкананні вашага дуэта лёгка, натуральна і раскавана...

— У трупе музычнага тэатра працаваў сезоны тры або чатыры. І цяпер ідуць перамовы з гэтым калектывам. Калі б хапала часу, з вялікім задавальненнем выканаў бы партыі ў некаторых класічных аперэтах.

Боні ў «Сільве» спявалі? Здаецца, ваша роля! Ідэальна падыходзіць...

— Сапраўды, абсалютна мая! У розных тэатрах ніяк не ўдавалася яе выканаць. Толькі праспяваў на прэм’еры «Сільвы» гэтую класічную партыю «прасцяка» — і назаўтра Маргарыта Ізворска запрасіла мяне ў трупу тэатра оперы і балета...

Вы пагадзіліся, не маючы кансерваторскай адукацыі. У гэтым было больш рызыкі ці азарту?

— Апошняга. Калі ты скончыў аддзяленне тэатра драмы, дык можаш працаваць у тэатры музычнай камедыі. Але тэатр оперы — іншае... Хацелася даказаць, што і ў досыць кансерватыўным жанры магчымыя варыянты. Цяпер у тэатр прыйшоў рэжысёр, у якога нечаканае бачанне оперы...

Інакш кажучы, дзейнасць Міхаіла Панджавідзэ вы ўспрымаеце пазітыўна?

— Безумоўна. Калі ў пастаноўшчыка дакладная і яркая пазіцыя і ў дадатак ён досыць агрэсіўна яе абараняе, думаю, многія змены ў тэатры будуць адбывацца балюча. Але лічу гэта нармальным. Лідар такога вялікага тэатра іначай паводзіць сябе і не можа. За кулісамі ён некаму не падабаецца, я магу з нечым не пагаджацца. Але спектаклі даказваюць, што Панджавідзэ — рэжысёр таленавіты. Ведае мовы, традыцыі оперы. І адначасова мае сучасныя погляды на развіццё жанру.

Вы атрымалі задавальненне, працуючы над «Тоскай»?

— Так. Лічу, што як выканаўца зрабіў пэўны «скачок». І сам тое адчуваю, і збоку гэта бачна. Спектакль атрымаўся адметны.

Каварадосі — партыя для тэнара лірычнага або драматычнага?

— У нас чамусьці прызвычаіліся так падзяляць тэнараў. А ёсць яшчэ такое паняцце, як «тэнар спінта», які можа спяваць і тое, і тое. Але тэнараў ва ўсіх тэатрах мала, вядома, можна вельмі хутка засвоіць увесь рэпертуар, «нахапаць» партый, а потым страціць голас. Таму імкнуся рухацца асцярожна, кіраўніцтва тэатра ідзе мне насустрач. Праспяваў Герцага ў «Рыгалета», заўвагі калег былі невялікія, але лічу: пакуль што партыя не атрымалася. Вобраз трэба дарабляць.

Некалькі гадоў таму ў размове з вамі ўразіла такая акалічнасць. Вы вучыце свае партыі (у тым ліку па-італьянску і па-французску), фактычна не ведаючы нот...

— Не, ноты ведаю. Але партыі сапраўды вучу на слых. Нехта з вялікіх танцораў сказаў: «Найбольшага поспеху даб’ецца той, хто ўмее добра пераймаць». Акцёрская адукацыя, камедыйныя ролі, схільнасць да пародыі дапамагаюць. У розных тэатрах актыўна ўдзельнічаў у «капусніках». Шмат слухаў і слухаю запісаў спевакоў, якія падабаюцца...

Але пераймаць — адно, а трапіць у ноты — іншае! Які ж слых трэба мець, каб у партыі Каварадосі або Хазэ ў пэўны момант «узяць» менавіта мі-бемоль, а не проста мі! А вакол партнёры і хор, а ў яміне — аркестр, і трэба не памыліцца. Вы — або «самародак», або смелы артыст, або ўсё, разам узятае!

— Тлумачу. Калі вучу новую партыю і, напрыклад, нейкі фрагмент гучыць непрыгожа, бяру ўсе запісы, якія магу знайсці, і слухаю безліч разоў, параўноўваю выканаўцаў. Урэшце атрымліваецца маё разуменне і маё гучанне. А каб чытаць ноты з ліста, як мая жонка, спявачка Таццяна Гаўрылава, трэба вучыцца з дзяцінства. І калі ўжо салістам оперы паступіў у Акадэмію музыкі і паспрабаваў правілы тэорыі музыкі ўжываць на практыцы, праца над партыямі надзвычай запаволілася...

У многіх операх існуюць відавочныя або прыхаваныя саперніцтва і барацьба паміж героем тэнара і героем барытона. Ленскі — Анегін, Герман — Ялецкі, Манрыка — граф дзі Луна, Моцарт — Сальеры, Каварадосі — Скарпіа. Кожны раз аказваецца, што жанчына любіць усё-такі тэнара. Але ў рэшце рэшт ён паядынак прайграе — памірае: яго атручваюць ці забіваюць куляй або шпагай. Тэнар — герой ці ахвяра? Як вы ставіцеся да гэтай дылемы?

— Тэнар вельмі часта ўвасабляе маладое, шчырае і чыстае каханне, суцэльную страсць, салют эмоцый. А барытон — мужчына, які сфарміраваўся. Ён дакладна ведае, чаго хоча ад жыцця, добра разбіраецца ў людзях. І для яго тэнар — не канкурэнт. З іншага боку, жаночыя персанажы выбіраюць тэнараў, бо ім заўсёды падабаецца прыгожае, тое, што зіхаціць. Але, заўважце, у выніку яны выходзяць замуж за барытонаў.

Ведаю, многія спевакі ставяцца да свайго голасу з адценнем містыкі або забабонаў — як да таго, што існуе не ўнутры арганізма, а па-за ім...

— (Смех.) Зранку кажу яму: «Карміцель, прачынайся!»

Як вы клапоціцеся пра свой голас? Чаго спеваку трэба пазбягаць, чаго нельга есці і піць?

/i/content/pi/mast/44/748/25.jpg

У партыі Маладога цыгана. «Алека».

— Забаронены марожанае, семкі. Неадназначная сітуацыя з півам, якое вельмі люблю. Памятаю, падчас першых гастроляў з тэатрам у Венгрыі пасля спектакля на стол паставілі свежае разліўное піва. Пакуты, што я перажыў, думаю, былі падобныя на пакуты звар’яцелага Германа ў фінале «Пікавай дамы». Але нельга! Бо спяваць наогул не змог бы. Праўда, гэта ў каго як... Ёсць знакамітая гісторыя пра Павароці: на гастролях у Маскве ён пасля 1-й дзеі абавязкова піў халоднае піва, каб расслабіць звязкі. Але да гэтага мэтр сябе адмыслова прывучаў. Салісты Вялікага тэатра, якія тое незнарок убачылі, пачалі таксама дружна піць піва. У выніку на месяц пайшлі на бальнічны.

Акрамя таго, адпачываць трэба ў меру: голас павінен быць у форме. У трупе працуе Міхаіл Афанасьевіч Дружына, спявак, якому амаль 90. Спытаў яго: «Як вы дасягнулі такога выніку?», а ён адказвае: «Я спяваў кожны дзень!» На гастролях напружаны графік. Значыць, імкнешся больш маўчаць. Рэжым і сон — гэта святое. Для мяне эмацыйны стан — вельмі важны. Калі кепскі настрой, дык і спяваць будзеш горш.

Здаецца, вы так настроены на пазітыў, радасць і гумар... Не магу ўявіць, каб у вас была дэпрэсія або кепскі настрой!

— Нядаўна перад спектаклем «Тоска» за гадзіну да выхаду на сцэну трапіў у аўтааварыю. Літаральна побач з тэатрам... Гэта шок! Але кіраўніцтва сказала, што спяваць трэба. Без варыянтаў! Прыехала ДАІ, аформіла пратакол. Выйшаў, праспяваў Каварадосі. Рэжысёр-пастаноўшчык застаўся задаволены. А стрэс праявіўся пасля спектакля, пачалі рукі трымцець. Так што ў жыцці бывае рознае. Але смяяцца трэба заўсёды, калі ёсць магчымасць.

Памятаю, якім цудоўным атрымаўся ваш дуэт з жонкай, Таццянай Гаўрылавай, у оперы «Джані Скікі». Ці шмат партый вы выканалі разам? І ці імкняцеся да такога супрацоўніцтва?

— Не магу сказаць, што ёсць такая мэта. Цяпер вучу партыю Альфрэда ў «Травіяце». Магчыма, будзем спяваць разам. Таццяна для партыі Віялеты значна пахудзела. Захапляюся яе мэтанакіраванасцю, але сам пакуль што не магу. Хоць мне таксама для некаторых партый не шкодзіла б страціць вагу. Перастаў танцаваць, як патрабавала аперэта, і адразу ж набраў «бемоляў». Мы з Таццянай абое не любім іграць мужа і жонку на сцэне. Вядома, з тым, каго ты добра ведаеш, хутчэй пойдзе праца. Але лепш, калі асабістыя адносіны не выстаўляюцца на агульны агляд. Я не першы раз жанаты. І для шчаслівага жыцця штосьці павінна супасці — як пазлы. Дзякуй Богу, цяпер усё супала, і таму баюся сурочыць. Я абсалютна задаволены сваім існаваннем і сям’ёй.

Не марыце, каб ваша дачка, маючы з абодвух бакоў спеўныя гены, таксама пайшла на сцэну?

— Узялі неяк Соню з сабой на рэпетыцыю. Пасля задалі такое ж пытанне. Яна адказвае: «Не, спявачкай не буду. Бо ў мяне ёт (рот) маленькі...» (Смяецца.) Калі опернаму салісту трэба «выдаць» моцны гук, рот маленькі не будзе...

Вы спяваеце, Таццяна ў зале. Потым дома адбываецца «разбор» партыі?

— Так, прычым вельмі аб’ектыўны. Праўду можна сказаць па-рознаму. Слова — самая страшная зброя. І самы лепшы доктар.

Опера Даніцэці «Любоўны напой» — ваш першы прадзюсарскі і рэжысёрскі вопыт. Ён атрымаўся дастаткова ўдалым — і ў творчым сэнсе, і ў фінансавым. Як узнікла ідэя? І ці плануеце вы працяг?

— Як узнікла ідэя? Мне зрабілася сумна. Сцэна тэатра прасторная, яна патрабуе маштабных пастановак, вялікіх хароў. Таму такія кампазітары, як Даніцэці, Расіні, Моцарт, адыходзяць на другі план. Пачаў чытаць адпаведную літаратуру і заўважыў, што ў кожнага з іх ёсць мноства аднаактовых опер. Яны надзвычай зручныя для невялікіх прыватных труп. Тады і падумаў: а чаму б не паставіць такі спектакль? Тым больш — ніша свабодная. Акадэмія музыкі выпускае шмат вакалістаў, але адзіны ў краіне оперны тэатр не можа ўзяць усіх жадаючых. Спектаклі, якія ідуць на вялікай сцэне, патрабуюць зусім іншых прыёмаў гуказдабыцця, аб’ёму голасу, трываласці, здароўя.

Як маладога рэжысёра і прадзюсара мяне многія не ўспрымаюць сур’ёзна. Але нішто значнае не атрымліваецца адразу. Паставіць спектакль без усялякай фінансавай падтрымкі не надта проста. Кіраўніцтву Палаца культуры чыгуначнікаў вельмі спадабалася мая ідэя ўвасобіць на гэтай сцэне камічную оперу. Да таго ж, зала мае добрую акустыку. Нам прадаставілі месца для рэпетыцый. Аркестра пакуль у мяне няма. Спектакль ішоў пад раяль, прычым канцэртмайстар таксама зрабілася дзейнай асобай. Падзеі оперы адбываюцца ў наш час, у тыповым прывакзальным бары.

Што лагічна, калі твор мае назву «Любоўны напой»...

— Спектакль з самага пачатку быў пастаўлены як камедыя. Выканаўцы оперы — пераважна студэнты, часам з вельмі адметнымі галасамі. Раман Круковіч, які спяваў Немарына, удзельнічаў у праекце першакурснікам. Ён не быў упэўнены, ці здолее вытрымаць усю партыю. У выніку праспяваў цалкам прыстойна.

Сярод салістаў хапала і прафесіяналаў. Галоўную гераіню Адыну спявала Алеся Брэль, салістка музычнага тэатра. Партыю вандроўнага доктара Дулькамара да апошняй ноты дакладна праспяваў Яўген Глебаў, захоплены музыкай бізнесмен, які мае неверагодна прыгожы голас. Ён і па-акцёрску вельмі ярка сябе паказаў.

У эпізадычных камічных ролях былі занятыя два супрацоўнікі банка. Ім літаральна мроілася сцэна! Цяпер жа без іх немагчыма ўявіць спектакль. Двое сяброў Белькорэ (ахова, кажучы сучаснай мовай, «амапаўцы») проста глядзяць у адну кропку, а зала заходзіцца. Кажу ім: «Глядзіце ў іншую кропку, а то салістаў не відаць!»

У «Любоўным напоі» ёсць партыя хору, які не мае сюжэтнай нагрузкі. Адначасова ў оперы існуе невялікая, па сутнасці, эпізадычная роля Джанеты, сяброўкі Адыны. Разам з дырыжорам Інгай Ліпай мы аддалі харавую партыю Джанеце. І цяпер без яе таксама немагчыма ўявіць спектакль. Пакуль што артысты выступалі на грамадскіх пачатках, але планую, што ў далейшым іх праца будзе аплачвацца. Я працую бясплатна, пакуль ідэя не пачне прыносіць прыбытак.

Маленькая мабільная трупа — заўсёды цудоўная альтэрнатыва вялікай. Хацелася б, каб у перспектыве тут маглі працаваць і іншыя рэжысёры, якіх выпускае Акадэмія музыкі. Тая ж Ганна Маторная... Бо яе спектакль «Дзідона і Эней» на музыку Пёрсела — вельмі яркая і прафесійнай работа.

Наш наступны спектакль — «Так робяць усе» Моцарта. Адзіная праблема — з тэнарам. Спадзяюся, што партыю будзе спяваць Раман Круковіч, вельмі захоплены малады артыст. Увогуле вядзецца шмат размоў пра оперную студыю, але ў рэшце рэшт усё заканчваецца дыпломнымі спектаклямі. Структуры, якая б займалася опернымі пастаноўкамі, няма. У мяне шмат планаў, звязаных з гэтым праектам. Я нікуды не спяшаюся. Калі з мяне некаторыя смяюцца, хтосьці не верыць, заўсёды думаю: ільва не павінна турбаваць тое, што пра яго кажуць больш дробныя істоты...

І ўсё-такі большасць меламанаў успрымаюць вас найперш як тэнара-саліста. Ці ёсць партыі, якія б вы вельмі хацелі выканаць? І ці ёсць такія, да якіх вы марылі б звярнуцца як мага пазней?

— Спадзяюся, гадоў праз пяць пачну працаваць над Германам у «Пікавай даме». Гэты вобраз вымагае адметнага акцёрскага майстэрства, псіхалагізму. Там шмат розных эмацыйных фарбаў, станаў. Герман — ні ў якім выпадку не герой, а натура з аголенымі нервамі, неўрасценік. Будзе вельмі цікава разабрацца ў ягоных паводзінах, унутраным свеце. Да таго ж вобраз Германа геніяльна адлюстраваны ў музыцы. Лічу, што опера — самы магутны жанр, бо акрамя іншых сродкаў выразнасці, якія ўспрымаюцца асноўнымі органамі пачуццяў, музыка ўплывае на падсвядомасць. З партый, якіх пакуль баюся (не саромеюся ў гэтым прызнацца), — Альмавіва ў «Севільскім цырульніку». Ён надзвычай цікавы як роля. У яркай камедыі можна выкарыстоўваць шмат акцёрскіх прыёмаў. Партыя складаная тэхнічна. Але, скажу шчыра, яе яшчэ не спрабаваў.

Радамэса ў «Аідзе» (яго часцей выконваюць драматычныя, а не лірычныя тэнары) вы пакуль што не імкняцеся спяваць?

— Якраз займаюся гэтай партыяй. Прэм’ера абноўленай «Аіды» павінна адбыцца напрыканцы мая. Гастролі ў Японіі пераканалі ў вельмі важнай рэчы: у Кіеве партыю Хазэ выконвалі драматычныя галасы, спевакі ўзроставыя, і аркестр іграў адпаведна... А калі мы пачалі рэпеціраваць, дырыжор сказаў: «У нас іншы выканаўца, будзем шукаць баланс...» Спрабаваць нешта даказваць, некага перакрыкваць неразумна. Калі фарсіраваць голас, тэмбр будзе заўжды псавацца. Таму хачу максімальна паглыбіцца ў музыку, праспяваць усе ноты і сыграць ролю. Дасць Бог, атрымаецца. Бо Міхаіл Панджавідзэ надзвычай арыгінальны рэжысёр. Думаю, і для «Аіды» ён прыдумае шмат цікавага і нечаканага...

Таццяна МУШЫНСКАЯ