Асаблівая інтанацыя

№ 5 (338) 01.05.2011 - 30.05.2011 г

Неспадзеўкі ў Новым драматычным

/i/content/pi/mast/44/743/14.jpg

Сцэна са спектакля.

Не такі ўжо вялікі шэраг новых спектакляў у Мінску, каб можна было штосьці цікавае прапусціць. Ды толькі пасля чацвёртай, пятай спробы ўбачыць што-небудзь прыстойнае, бывае, ногі ў тэатр проста не ідуць. Асаблівай прыкметай ці не кожнага першага спектакля ў сталіцы зрабілася неўсвядомленая прадказальнасць.

І ўсё ж заклікаю: прыходзьце ў тэатр, нават калі пятая і шостая спроба з карысцю правесці час будуць не надта ўдалымі. Таму што пасля «Тэатра Уршулі Радзівіл» у Купалаўскім або «Нататак стомленага рамантыка» ў Рускім натрапіце на «Каралеву прыгажосці» або на «Шанец, якога чакаеш усё жыццё» ў Новым тэатры горада Мінска. Вось вам і неспадзеўка.

Зрэшты, Новы драматычны традыцыйна знаходзіцца наводдаль ад тэатральнага мэйнстрыму. Напачатку, калі называўся «Дзе-Я?», ён настойліва ўзнаўляў уласную плынь. Пасля заўчаснай смерці Міколы Трухана — зробленае пераўсведамляў. Потым, перажыўшы рэканструкцыю, увайшоў зусім у іншую фазу. Нечакана стала зразумела, што галоўны рэжысёр Дзяніс Нупрэйчык назапасіў пэўную прафесійную вагу. Год за годам упарта мацуючы асабістыя ўяўленні пра рэжысуру (неабходная ўмова, каб проста выжыць), ён даволі цвёрда стаў на ногі. Летась «Каралева прыгажосці» Марціна МакДонаха пракацілася па сцэнічных падмостках яркай хваляй. У кулуарах загаварылі пра акцёраў Ігара Падлівальчава, Сяргея Тоўсцікава, Аляксандра Гусева. Пра згарманізаванае тэатральнае дзеянне. Пра новае адкрыццё ірландскага драматурга беларускім тэатрам. Пра адмысловыя ірландска-беларускія паралелі, мудрагеліста пераплеценыя на ментальным узроўні. Пастаноўка п’есы «Лунаючая лямпачка» знакамітага Вудзі Алена замацавала рэжысёрскі поспех. Дала падставу разважаць пра ўпэўненую прафесійнасць, дакладнае адчуванне аўдыторыі, уменне апасродкавана звяртаючыся да гледачоў, усталёўваць з імі трывалыя кантакты. Новы драматычны нібыта адкрываўся наноў.

Здавалася б, што асаблівага ў спектаклі «Шанец, якога чакаеш усё жыццё»? Але ў ягонай упэўненай вытрыманасці — рэжысёрская мэтазгоднасць, паразуменне на сардэчным узроўні, уменне вызначыць патрэбную гледачу тэму і весці з ім нетаропкую гаворку. Звычайныя будні звычайнай сям’і, праблемы сярэдняга ўзросту, надзея і прага кахання, падлеткавыя амбіцыі і закамплексаваны талент — усё гэта скручана рэжысёрам у пругкі змястоўны клубок. Без залішняга эпатажу і вонкавай істэрыі акрэслены пытанні, што так або іначай, рана або позна датыкаюцца кожнага. І кожны сам-насам вымушаны разбірацца з імі. І штораз неабходны чалавечая падтрымка, працягнутая рука, цёплае слова, выпадковы пацалунак у скверы. Простыя чалавечыя каштоўнасці асэнсоўваюцца рэжысёрам з узважанасцю спакойнага чалавека, без налёту сентыментальнасці і залішняга меладраматызму. Аніякага «мыла».

Вобразная, дакладная, адпаведная атмасферы п’есы сцэнаграфія Яўгена Волкава. Абжыты ўтульны дом. Падзелены на зоны і абсталяваны побытавымі рэчамі пакой. Праз хатнюю абавязковасць, дамашнюю зладжанасць — у вялізным акне бачны горад. Далёкі і вабны, як выйсце ў іншую прастору. Рухі персанажаў, якія трапляюць туды, акрэсленыя і вылучаныя, нібы на вялізным экране пад штучным святлом. І ўсё ж дом, дзеці, сям’я, як ні банальна гэта гучыць, якраз і ёсць той самы шанец, якога чакаеш усё жыццё.

Выразныя, дэталёва распрацаваныя акцёрскія работы. Узнікае адчуванне ансамблевай злучанасці. Тут кожны сам па сабе ў індывідуальных творчых праявах, і — усе разам. Рэзкі ў рухах, няўстойлівы ў поглядах, элегантны напаказ Макс Ігара Падлівальчава. Мяккая, павольная, то разгубленая, то добразычлівая Энід Таццяны Паповай. Імклівы і... амаль задаволены сабой Сціў Антона Старавойтава. Усе акцёры пазбаўлены штучнай самаўпэўненасці, зразумела, іх работа — вынік карпатлівай напрацоўкі і імкнення да самарэалізацыі. Дый найбольш вабіць — жывое ўвасабленне.

Для Юрыя Шаланкова роля Пола фактычна бенефісная. Вобраз недарэчнага закамплексаванага падлетка, які марыць пра цырк, але не можа пазбыцца ўласных комплексаў, увасоблены з тонкім гумарам і акцёрскай вынаходлівасцю. Гэты апантаны фокуснік выклікае ў гледачоў спачуванне і спагаду. Менавіта Пол — галоўны сэнсавы цэнтр спектакля. Бо ў кожнай сям’і ўзнікаюць такія добрыя, інтымныя, зычлівыя імгненні, разбурыць якія можа толькі дурань.

У належны час кожны рэжысёр падыходзіць да свайго галоўнага перыяду. Магчыма, менавіта такі перыяд цяпер у Дзяніса Нупрэйчыка. Важна, каб яму не перашкаджалі.

 

Людміла Грамыка