Рэмінісцэнцыі Юрыя Каралевіча

№ 5 (338) 01.05.2011 - 30.05.2011 г

Гісторыя ў партрэтах

 /i/content/pi/mast/44/742/12.jpg
 Канстанцін Астрожскі. Алей. 2007—2010.
У зале Музея Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юрый Каралевіч прэзентаваў серыю партрэтаў дзеячаў нашай гісторыі. «Рэмінісцэнцыя» складаецца з 15 мужчынскіх выяў. Сярод партрэтаваных асоб — Усяслаў Чарадзей, Рагвалод, Гедымін, Альгерд, Вітаўт, Канстанцін Астрожскі, Мікалай Радзівіл Сіротка, Леў Сапега, Стэфан Баторый, Тадэвуш Касцюшка.

У планах Юрыя Каралевіча — партрэтныя нізкі сваіх сучаснікаў, творчай інтэлігенцыі, а таксама — Францішка Скарыны. Гістарычны партрэт стаў для яго ўвасабленнем уласнай творчай праграмы. Выбар жанру і выяўленчай мовы не выпадковы.

Сарматызм як з’ява грамадска-культурнага жыцця ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў грунтоўна паўплываў на развіццё беларускай школы партрэтнага жывапісу. Дзякуючы шляхціцам і магнатам, якія не шкадавалі сродкаў на аднаўленне як рэальных, так і выдуманых герояў сваіх радаводаў, жанр параднага партрэта плённа развіваўся. Сёння гэтыя творы з’яўляюцца гістарычным дакументам, на падставе якога мы маем магчымасць не толькі атрымаць уяўленне пра выгляд вядомых асоб, але і зарыентавацца ў каштоўнасцях іх жыцця. З дапамогай своеасаблівай выяўленчай мовы і алегарычнасці выяў была абнародавана эстэтычная праграма беларускай шляхты.

Узнаўляючы вобразы далёкага мінулага, Юрый Каралевіч звяртаецца да сармацкага партрэта. Яго выявы вылучаюцца падрабязным, амаль дакументальным бачаннем натуры, адначасова яны па-майстэрску стылізаваныя. Творца імкнецца вярнуць сучаснаму чалавеку пачуццё годнасці, самапавагі, а таксама нагадаць пра жаданне нашых продкаў захоўваць у касцюме і яго атрыбутах сваю этнічную своеасаблівасць. Каралевіч паставіў перад сабой задачу адраджэння беларускай нацыянальнай ідэі, якую, паводле меркавання мастака, увасабляе сармацкі партрэт. Зварот да яго аддае рамантычнай настальгіяй, тугой па тых часах, калі мужчыны былі магутнымі ваярамі ў бліскучых жалезных даспехах і вызначалі сваімі ўчынкамі ход гісторыі.

На выставе творы суправаджалі бібліяграфічныя звесткі, копіі гравюр, вытрымак з летапісаў, варыянтаў партрэтаў, зробленых папярэднікамі. Усё гэта дапамагала праводзіць аўтарскую рэканструкцыю знешняга выгляду і адзення персанажаў. Часам праца ўскладнялася адсутнасцю натурных матэрыялаў. Некаторыя родавыя гербы давялося аднаўляць паводле пячатак. За тры гады працы майстэрня творцы ператварылася ў музей бутафорыі і прадметаў даўніны.

Каралевіч сцвярджае: «Старыя майстры, такія як Ван Дэйк, Ганс Гальбейн Малодшы, Энгр, Рафаэль, Аляксандр Іванаў, імкнуліся пісаць падрабязна, звяртаючы ўвагу на дэталі. Гэта была не банальная абавязковасць, а стаўленне да чалавека як да Божага стварэння. Тая абыякавасць, якую мы назіраем, вынікае з недаацэнкі рамеснага боку. Неабходна адраджаць павагу да асобы, як і высокія традыцыі, рамяство. Гуманнае стаўленне да чалавека вызначае ўзровень мастацтва». Сёння Юрый Каралевіч выконвае сваю творчую праграму не толькі ва ўласнай практыцы, але і выкладаючы на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва нашай Акадэміі.

/i/content/pi/mast/44/742/13.jpg

Леў Сапега. Алей. 2007—2010.

Безумоўна, каб стаць творцам, аднаго рамяства недастаткова. Жывапісец не супраць новых сродкаў выяўлення і альтэрнатыўных шляхоў увасаблення натуры, аднак важна, каб гэта адбывалася не механічна. Форма павінна адпавядаць зместу. Асоб такога складу Юрый Каралевіч бачыць вакол сябе. Цікава, што гэтыя людзі — Рыгор Сітніца, Гаўрыіл Вашчанка, Мікола Купава, Уладзімір Савіч, Віктар Альшэўскі — сталі прататыпамі многіх яго партрэтаў. Мастак сцвярджае: «Знешняе падабенства захоўваецца ў каранях і пераходзіць з пакалення ў пакаленне, перадаецца праз пэўныя архетыпы». Трэба адзначыць партрэтнасць і індывідуальнасць выяўленчых характарыстык персанажаў Каралевіча. У адрозненне ад сармацкіх партрэтаў, іх твары жывыя і эмацыянальныя, а целы пазбаўлены напружанай застыласці.

Візуалізацыя нашых продкаў паспрыяе паглыбленню ведаў пра гісторыю краіны. Імкненне даследаваць свой радавод можа быць падхоплена гледачамі. Сёння амаль не пытаюць, хто твае бацькі, чым займаліся твае продкі. Сучасны чалавек нібыта прыйшоў ніадкуль, а замест нацыянальнасці мае месца жыхарства. Такі «герой нашага часу» рызыкуе сысці ў нікуды. А вось героі партрэтаў нічым не рызыкуюць. Глядач мусіць распазнаць іх, помніць і ганарыцца імі.

 Алеся Раманюк