Дзве «Сільфіды»

№ 5 (338) 01.05.2011 - 30.05.2011 г

Знойдзем дзесяць адрозненняў?

/i/content/pi/mast/44/741/11.jpg 
 «Сільфіда». Сцэна са спектакля.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета прадставіў на суд гледачоў сваю новую работу — балет «Сільфіда» на музыку Хермана Левенсхольда ў версіі Аўгуста Бурнанвіля, класіка дацкай і сусветнай харэаграфіі. Балетмайстрам-пастаноўшчыкам выступіў Мікіта Далгушын, славуты артыст і харэограф, адна з буйнейшых асоб у сучасным расійскім балетным тэатры.

Гісторыя стварэння спектакля складаная і нават крыху заблытаная. Таму, каб чытачу было ўсё зразумела, спачатку крыху пра яе. «Сільфіда» — найбольш старадаўні балет з усёй класічнай спадчыны. Па сутнасці, ён распачаў эпоху рамантызму ў харэаграфіі. Менавіта яго паставіў у 1832 годзе ў Парыжы знакаміты італьянскі артыст, педагог і балетмайстар Філіпа Тальёні для сваёй дачкі, легендарнай Марыі Тальёні. Канфлікт паміж светам рэальным і светам мары, надзвычай характэрны для рамантычнага мастацтва, тут быў увасоблены надзіва дакладна. Так ці іначай, балет доўгі час быў папулярны, ішоў ці не ва ўсіх еўрапейскіх тэатрах.

Праз некалькі гадоў пасля парыжскай прэм’еры «Сільфіда» з’явілася ў Капенгагене — дзякуючы намаганням Аўгуста Бурнанвіля. Ён стварыў новую танцавальную версію балета, музыку заказаў суайчынніку Херману Левенсхольду (папярэдняя належала Жану Шнейцхоферу). Данія захавала для ўсяго свету харэаграфічны рарытэт, які праз чвэрць стагоддзя пасля першага паказу знік са сцэны. У версіі Бурнанвіля «Сільфіда» дагэтуль існуе на сцэнах многіх тэатраў. У 1975-м яна вярнулася ў Расію: у ленінградскім Малым тэатры оперы і балета спектакль узнавіла дацкі харэограф Эльза Марыяна фон Розен. У 1983-м яе пастаноўку перанёс у Мінск расійскі балетмайстар Алег Вінаградаў.

Той спектакль добра памятаю. У Сільфідзе Людмілы Бржазоўскай адчуваліся таямніца і адначасна асуджанасць. Галоўную гераіню танцавалі маладыя Натэла Дадзішкіліяні і Інеса Душкевіч, якія акцэнтавалі юнацкую свежасць, жыццярадаснасць і гарэзнасць. Партыю шатландскага юнака Джэймса, закаханага ў Сільфіду, выконвалі Юрый Траян і Юзэф Раўкуць. Таццяна Шаметавец і Вольга Лапо паўставалі ў абліччы Эфі, нарачонай Джэймса. Вобраз экспрэсіўнай вядзьмаркі Мэдж стварала Святлана Цітовіч.

Такім чынам, новая «Сільфіда». Дырыжор — Віктар Пласкіна, балетмайстар-пастаноўшчык — Мікіта Далгушын, мастак — Вячаслаў Окунеў. Сільфіда ў выкананні Вольгі Гайко і Людмілы Кудраўцавай, як і належыць духу паветра, — лёгкая і летуценная істота. Часам капрызлівая, што натуральна для незямнога стварэння, часам лірычна-гарэзная, але бязмежна жаноцкая. Джэймс Алега Яромкіна і Ігара Артамонава ўвасабляе тыпова рамантычнага героя, у душы якога заўсёдны разлад між рэальнасцю і марай, рэчаіснасцю і сном. Але хіба мала бачылі мы на сцэне і ў творах іншых жанраў такіх персанажаў? Чайльд Гарольд, Пячорын, Мцыры, лірычныя героі купалаўскіх вершаў... Блізкім «сваяком» Джэймса з’яўляецца Альберт з «Жызэлі». Занадта простай, побытава-звычайнай атрымалася Эфі ў Ганны Фокінай. І тое, што Джэймс уцякае ад нарачонай у дзень вяселля, псіхалагічна зразумела і апраўдана.

Ці не самымі яркімі і жывымі вобразамі новай пастаноўкі аказаліся Гурн Антона Краўчанкі і вядзьмарка Мэдж Алега Турко. Менавіта тут адкрывалася прастора для экспрэсіўнай пластыкі і самавыяўлення. Выканаўцы атрымлівалі асалоду ад роляў, і іх эмацыйнае задавальненне імгненна «трансліравалася» ў залу. Галоўныя героі падаліся мне нейкімі занадта правільнымі і... прадказальнымі ў паводзінах, учынках, матывацыі. Прыхільнік новай «Сільфіды» можа заўважыць: салісты танцавалі з такім захапленнем, так дакладна ўзнаўлялі харэаграфію Бурнанвіля і стыль дацкага рамантызму, што нават крытыкаваць іх неяк няёмка! Яны прыклалі столькі намаганняў, каб засвоіць нязвыклую лексіку, малюнак танца, складаную тэхніку. А зануда-крытык ізноў незадаволены!

Калі бачыш спектакль упершыню — адна справа. Калі ж паглядзеў шмат і можаш параўноўваць, далёка не ўсё выклікае захапленне. Вядома, радасць неафіта не ведае межаў. Але захапляцца ўсім запар таксама не выйсце. Крытык — не пазаштатны супрацоўнік аддзела рэкламы тэатра, які абавязаны прапагандаваць і «прасоўваць» усё, што з'яўляецца на сцэне (дарэчы, прадукцыя тэатра не мае ў тым патрэбы, яна і так без праблем прадаецца).

Што б там ні было, але павінна існаваць іерархія каштоўнасцей. Бо нават тэарэтычна ўсе спектаклі не могуць быць шэдэўрамі, а добрае не можа сапернічаць з выдатным. Празмернае захвальванне стварае адчуванне, што прафесійна зробленая работа і сапраўднае адкрыццё ставяцца на адзін узровень. «Сільфіда» — гэта дакладнае, культурнае, дэталёвае ўзнаўленне таго, што нарадзілася больш за 150 гадоў таму. Але за гэты час столькі ўсяго змянілася ў свеце, столькі з’явілася мастацкіх стыляў, накірункаў! Чалавецтва і канкрэтнага гледача хвалююць іншыя пытанні і праблемы.

Спектакль, які любоўна і дбайна аднаўляе перліну рамантычнага балета, цяжка (а мо і не трэба) параўноўваць з пастаноўкай, якая ствараецца ад нуля. Але сцвярджаць, што ў новай «Сільфідзе» ёсць заўжды актуальныя пытанні, вастрыня сцэнічнай формы, напяты нерв, не буду. Кожнае харэаграфічнае відовішча можа быць цікавым, калі ягоныя сюжэт, героі, канфлікт інтэрпрэтуюцца нечакана. Існуе трывіяльнае пытанне да пастаноўшчыкаў: што вы хацелі сказаць сваім творам? Яно прагучала і на прэс-канферэнцыі перад прэм’ерай. Далгушын адказаў, што тэмы жыцця — смерці — кахання актуальныя заўжды. Але калі сюжэт спектакля немагчыма цалкам зразумець без пантамімы, якую жартоўна называюць мовай глуханямых, гэта выклікае ўсмешку расчаравання і зніжае градус эмоцый. Гэта па-першае. Па-другое, развагі пра сініцу ў руцэ, якая лепш за жураўля ў небе, і пра чужыя сані, куды не варта садзіцца, на пачатку ХХІ стагоддзя ўспрымаюцца занадта проста. Бо памкненне за марай (няхай і нязбытнай) робіць са звычайнага, «зямнога» чалавека творцу і мастака.

Увогуле працэс вяртання балетнай класікі прываблівае кожную трупу па многіх прычынах. Мяркуючы па тым, з якім захапленнем артысты працавалі з Далгушыным, можна ўявіць, што ён запрошаны ў Мінск не апошні раз. (Тым больш, што з 1999 года на нашай сцэне ідзе пастаўленая ім «Эсмеральда».) Так, засваенне стылю дацкага рамантызму надзвычай карыснае, яго прастора пашырае тэхнічныя магчымасці, выканаўчы дыяпазон. У дадатак, як сцвярджае кіраўніцтва калектыву, на класіку білеты прадаюцца поўнасцю, глядацкі попыт на харэаграфічныя палотны мінулых вякоў не знікае. Але нельга запраграмаваць адкрыццё. Велізарная пашана да класічнай спадчыны, да ўзору старадаўняга стылю рухала пастаноўшчыкамі і выканаўцамі. Аднак яна ж і перашкодзіла паглядзець на даўнішні сюжэт па-новаму.

Выкажу абсалютна крамольную думку. Самае вялікае ўражанне менавіта на мяне зрабіла асоба самога Далгушына. Без перабольшання, сусветнага маштабу. Легендарны танцоўшчык, педагог, харэограф, ганараваны ўсемагчымымі тытуламі і званнямі.

На пачатку 1980-х пашчасціла пабачыць яго на сцэне, як кажуць, «ужывую». У адной з канцэртных залаў Масквы ладзілася творчая вечарына зорак ленінградскага балета — Любові Кунаковай, Габрыэлы Комлевай і Мікіты Далгушына. Забыліся некаторыя падрабязнасці, але засталося ў памяці ўражанне ад сцэнічнага аблічча танцоўшчыка, вызначальнымі рысамі якога былі арыстакратызм, веліч і халаднаваты бляск пецярбургскай школы. Яшчэ ў савецкія часы крытыка аднадушна адзначала элегантнасць выканаўчай манеры танцоўшчыка, інтэлектуальнасць вобразаў (невыпадкова яго героя ў «Жызэлі» называлі самым інтэлектуальным Альбертам). З разлікам на індывідуальнасць Далгушына ставілі асобныя нумары і спектаклі Леанід Якабсон, Ігар Бельскі, Юрый Грыгаровіч, Касьян Галяйзоўскі, Май Мурдмаа, Алег Вінаградаў.

Мінская сустрэча з Далгушыным уразіла тым, што на ёй прысутнічаў зусім іншы чалавек. Бясспрэчна, ён меў дачыненне да таго саліста, якога я некалі бачыла на сцэне, але быў... супрацьлеглым! Не халаднаватым арыстакратам, а дэмакратычнай асобай. Не замкнёным, а гаваркім, эмацыйным, з безумоўным і тонкім пачуццём гумару. Не трагічным філосафам, а бязмежным аптымістам, які цалкам валодае аўдыторыяй і здольны захапіць сваёй зачараванасцю балетам, велічнымі ценямі і вобразамі яго гісторыі.

У якой ступені «Сільфіда» судакранаецца з тым, што хвалюе і непакоіць сучаснага чалавека? Пытанне застаецца адкрытым або рытарычным. Трапляючы на новы спектакль, заўсёды імкнуся зразумець, на каго ён разлічаны. Сённяшняя «Сільфіда» — для інтэлігенцыі, якая паслядоўна цікавіцца харэаграфічным жанрам. Для публікі, што прыходзіць у тэатр культурна правесці вольны час, далучыць да высокага мастацтва ўласных дзяцей. Міла, прыемна, карысна... Уражвае, узрушае? Наўрад ці. Але хто сказаў, што спектакль акадэмічнага тэатра, які патрабуе немалых фінансавых укладанняў, ставіцца для трох ці пяці крытыкаў або невялікай колькасці знаўцаў? Для іх — фестывалі, гастролі, DVD-дыскі, інтэрнэт, канал «Мецца». Як сцвярджае народная прымаўка, кожнаму віду садавіны і гародніны свой час. І кожнаму гледачу — свае спектаклі...

Таццяна МУШЫНСКАЯ