Проста пра каханне

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Сёння дзіўна згадваць пра тое, што спектакль «Двое на арэлях» быў сустрэты нашай крытыкай у штыкі. За што? За тое, што -- проста пра каханне. Каханне -- і нічога болей. У тых далёкіх шасцідзесятых гадах гэтага камусьці падавалася завельмі мала.

«Двое на арэлях» Уільяма Гібсана.
Рэжысёр Д.Ніжнікоўская.
Мастакі І.Крэйдзік і А.Салаўёў.
1963.

Трэба было пра ненавісную капіталістычную Амерыку. Пра беспрацоўе. А тут трагедыя чалавечай адзіноты. Але спектакль захоўваўся ў рэпертуары некалькі дзесяцігоддзяў, што было вялікай рэдкасцю. Пастаўлены маладым рэжысёрам Д.Ніжнікоўскай дуэт двух выканаўцаў -- Аляксандры Клімавай і Расціслава Янкоўскага -- быў не толькі сур’ёзным выпрабаваннем для малавядомых тады акцёраў, але і падзеяй рускай сцэны.
Патрапіўшая да нас п’еса амерыканца Уільяма Гібсана распавядала пра лёс нью-йоркскай танцоўшчыцы Гітэль і адваката Джэры, якія пакутавалі ад адзіноты, унутранай замкнёнасці, неразумення. Акцёры напаўнялі першую выпадковую сустрэчу істэрычнасцю, адчаем, асцярожнасцю і іроніяй. Збліжэнне адбывалася цяжка, праз пакутлівыя сумненні, душэўныя напластаванні, выкліканыя жорсткім побытам.
 /i/content/pi/mast/3/74/ProstaPraKahanne1.jpg
Пакуль чалавецтва бачыць, чуе, думае, адчувае, яно будзе спяваць пра каханне. І вельмі мала ведаць пра яго. Сімвалаў кахання, літаратурных і сцэнічных, не пералічыць. У слабых акцёраў можна назіраць ходкія штампы. У добрых -- усё нечаканае, хоць, пэўна, яны спрактыкаваныя ў іншым. Да таго моманту ў Клімавай і Янкоўскага быў значны досвед у галіне кахання. Аднак у спектаклі нараджалася новае пачуццё. Пагаворвалі пра штосьці асабістае, хоць абодва дружна гэта адмаўлялі. Тым не менш, як рэдка бывае, усё сышлося: добрая драматургія, спелая маладосць, жаданне поспеху і талент.
У куртатым пінжаку і смешным высокім фетравым капялюшыку Гітэль Клімавай мала нагадвала танцоўшчыцу, якая паўдня прастаяла ля балетнага станка. Яна найперш была маладой цікавай жанчынай, няшчаснай, асцярожнай з-за ўнутраных комплексаў. Побач з ёю Джэры Янкоўскага выглядаў больш упэўненым і сталым. Гэта быў чалавек, які спаліў за сабой масты і не верыў, што хтосьці можа пратаптаць яму сцяжынку да новага жыцця. Ён застанецца недаверлівым да канца спектакля і вернецца да сваёй загадкавай Тэс, разбіўшы сваё сэрца і сэрца Гітэль. Але паміж пачаткам і фіналам будзе некалькі надзвычайных па спавядальнасці і адчайным прадчуванні шчасця сцэн.
Менавіта па прадчуванні, чаканні, надзеі. Важным аказалася не толькі збліжэнне, але і вера ў магчымасць глыбокага ўзаемаразумення і ўсведамлення сябе асобай. Вядома, цяжка ў такім акцёрскім маналіце, як Янкоўскі, уявіць разбуральную сілу няўпэўненасці ў сабе. Але гэтага вымагаў вобраз. Да таго ж, акцёр, які прэтэндаваў на ролі першых герояў, трымаў прафесійны экзамен. Хоць мне доўга ў той час уяўлялася, што яны захоплены каханнем, тым таямнічым і магічным, што будзе ў герояў Клімавай і Янкоўскага далей -- у «Варшаўскай мелодыі», «Іркуцкай гісторыі», «Макбеце».
Гэта нават добра, што ў п’есы не было шчаслівага фіналу. Сабраны чамадан. Звоніць тэлефон. Апошняе, што ён чуе: «Я кахаю цябе, Джэры». Яшчэ ўсё можна вярнуць, перадумаць, перайграць. Але гэта не індыйскае кіно, не галівудскае. Усё роўна ў тым іх амерыканскім жыцці ўзнікнуць энергетычныя плыні, якія раскідаюць, разбураць, зламаюць крохкае шчасце. Яны жывуць у розных вымярэннях. Кароткі радасны саюз толькі даў сілы жыць далей.
Цяпер, цягам часу, калі ўжо згаслі эмоцыі і пачуцці, выразна бачыцца тое, што адкрышталізавалася ў гэтым спектаклі. Клімава стварыла вобраз жанчыны, які не вычэрпваецца адданасцю і ахвярнасцю. Прымаючы каханне, яе гераіня зрабілася крыніцай сілы і падтрымкі для любімага чалавека. Яна ўвасабляла творчыя сілы быцця. Герой Янкоўскага не толькі прымаў падтрымку і карыстаўся ёю. Гэта быў мужчына мары. Ён станавіўся тым ідэалам, які сніць любая жанчына. Яны развіталіся, але хто ведае, на якіх ростанях могуць зноў скрыжавацца іх лёсы?

                                                                                                           Таццяна АРЛОВА