Сяргей Цімохаў

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

Багі фальшывыя і сапраўдныя

/i/content/pi/mast/43/734/29.jpg

Цень Вялеса. Акрыл, алей. 2008.

Магістральная тэма Сяргея Цімохава — паганства. Уся яго творчасць падкрэслівае: найперш было язычніцтва — магутны пласт, несправядліва забыты сёння. Архаічныя матывы сілкуюць яго творчасць і з’яўляюцца крыніцай натхнення, але, як падкрэслівае мастак, ён не ілюструе архетыпічныя знакі і сімвалы, а пераасэнсоўвае іх і стварае наноў. Ён любіць нечаканыя эксперыменты і ведае, як затрымаць увагу гледача на выставе. Зварот да глыбінных пластоў народнай культуры ён спалучае з яркай, прызыўнай дэкаратыўнасцю палотнаў і тонкімі графічнымі прамалёўкамі.

Традыцыйна мы пачынаем з біяграфіі нашага героя: таленавіты хлапчук з-пад Мазыра трапіў у сталіцу, прайшоў шлях ад вучэльні да аддзялення манументальнага мастацтва тэатральна-мастацкага інстытута, працаваў у Наваполацку, Полацку, вярнуўся ў Мінск. Адметным падаецца тое, што мастак заўсёды размаўляў па-беларуску і пераходзіць на рускую мову яму было цяжка...

Мова

...Сказаць, што я вырас у беларускамоўным асяродку, будзе не зусім дакладна, бо адразу ўяўляецца сітуацыя, быццам бы я выхоўваўся ў гарадской інтэлігентнай сям’і. Мая радзіма — вёска Кротаў Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці, і беларуская мова тут — паўсядзённасць. Дарэчы, мой сябра Рыгор Сітніца нарадзіўся, як кажуць мясцовыя, «праз балота» — кіламетраў за 25 ад нас, але ў ягонай вёсцы быў ужо зусім другі дыялект.

У гады дзяцінства (я нарадзіўся ў 1960-м) горад для мяне быў далёкім месцам, у якім людзі жывуць і размаўляюць зусім па-іншаму. Памятаю, што паездкі туды не былі такім ужо вялікім шчасцем — пабыўшы ў горадзе 2-3 гадзіны, хацелася дадому, дзе ўсё вядомае і зразумелае. Вясковая школа была беларускамоўнай, а рускую я пачаў засвойваць, толькі паступіўшы ў Мінскую мастацкую вучэльню. Было няпроста: выпраўленне страшэннага акцэнту, цяжкасці з граматыкай, набыццё новага слоўнікавага запасу — увесь працэс заняў некалькі гадоў. Ужо ў тэатральна-мастацкім інстытуце ніхто не мог пазнаць ува мне вясковага хлапчука з Палесся — падладкаваўшыся, я выдатна «касіў пад гарадскога». Менавіта тады адчуў: родная мова — беларуская, і толькі яна стане падмуркам і грунтам майго мастацтва. Я ўсвядоміў, што павінен размаўляць па-беларуску, і калі гэта мова мусіць быць забытая, то ўжо без майго ўдзелу — маё сумленне застанецца чыстым. Лёс звёў з сябрамі, якія таксама размаўлялі па-беларуску.

Манументаліст

Я добра маляваў — прынамсі, лепш за ўсіх у школе — але ніколі не агучваў сваё жаданне быць мастаком: казаў, што хачу быць канструктарам. Мне падабаліся пейзажы Каровіна і Куінджы — мог гадзінамі разглядаць кніжныя рэпрадукцыі і разгадваць, «як гэта зроблена». Захапляўся прыродай, цікавымі краявідамі... Раніца, раса, свежасць — памятаю і дасюль, але са скрухаю заўважаю, як гэта вастрыня адчування прытупляецца з часам.

Мяне вабілі не столькі жывапіс ці графіка, колькі мастацтва, звязанае з афармленнем інтэр’ераў і экстэр’ераў. Ды і трапіць на кафедру манументальнага мастацтва напрыканцы 70-х было вельмі прэстыжна. Жывапісцы абмежаваны палатном, на якім па класічных стандартах яны выбудоўваюць кампазіцыйны рытм, а ў манументалістаў ёсць больш магчымасцей для эксперыментаў — яны грунтуюцца і на інтэр’еры, і на матэрыяле, і на тэхніцы. Унікальныя тэхналогіі, новыя рашэнні — спалучэнне фармальнай кампазіцыі з рэалістычнай — усё гэта давала больш прасторы для фантазіі і для рэалізацыі сваіх задум.

Беларуская майстроўня

У гады, калі зараджалася Беларуская спеўна-драматычная майстроўня (яна існавала з 1979-га па 1984-ы — гэта якраз прыпадала на час майго навучання ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце), назіраўся ўздым нацыянальнага руху. Надышоў момант, калі чалавек, што карыстаўся чыстай беларускай мовай, залічваўся ў касту інтэлігенцыі. З’явіўся гонар за тое, што ў нас былі такія сучасныя пісьменнікі, як Уладзімір Караткевіч, малады эксперыментатар Алесь Разанаў...

У Майстроўню прыходзілі навучэнцы журфака і філфака БДУ, студэнты тэатральна-мастацкага інстытута. Мы аб’ядноўваліся, каб аднаўляць традыцыі — святкавалі Купалле, калядавалі, праводзілі абрады Гукання вясны і Пахавання стралы... У той час мы проста ў твар ведалі ўсіх, хто карыстаўся беларускай мовай, — мастакоў увогуле можна было пералічыць па пальцах. Усё пачыналася з дзясятка чалавек, потым нас стала 25-30. Мы збіраліся на спеўкі на філфаку БДУ, рэпеціравалі. Ларыса Сімаковіч — музыкант, кампазітар — праводзіла для нас «лікбез». У гэтай кампанейскай суполцы кожны рабіў, што ўмеў: хтосьці танчыў, хтосьці спяваў... Калі ставілі спектакль «Цар Максіміліян», мастакі, напрыклад, рабілі дэкарацыі...

Не магу сказаць, што Майстроўня радыкальна паўплывала на мой светапогляд. Не тое, каб у суполцы ў мяне расплюшчыліся вочы. Я быў ужо падрыхтаваны і прыйшоў для таго, каб падтрымаць гэта «нацыянальнае» кола. Пацвердзіць свае думкі.

Мастак і функцыянер

На адраджэнскай хвалі напачатку 90-х мяне запрасілі ў «Пагоню» — тады я жыў у Полацку. Суполка ладзіла першую выставу, і арганізатары спецыяльна адправілі машыну па мае творы. «Пагоня» аб’ядноўвае тых, хто трымаецца нацыянальных традыцый у выяўленчым мастацтве. У нас ёсць і графікі, і жывапісцы, і прыкладнікі. Але на сённяшні момант я на пэўны час выйшаў з «Пагоні», бо займаю пасаду намесніка старшыні Саюза па выставачнай дзейнасці і не мушу лабіраваць інтарэсы суполкі на сходах БСМ.

Няпроста было пагадзіцца на гэту пасаду. Мая існасць — у майстэрні, яна звязана з творчасцю. Спалучаць цяжка. Але праз цяжкасці дасягаеш вынікаў — і тым больш прыемнымі яны здаюцца.

Калі я пачынаў працаваць намеснікам старшыні БСМ, назіраўся дэфіцыт выстаў. Не кожны нават хацеў рабіць персанальную экспазіцыю. Зараз колькасць выстаў вырасла ўдвая, у мастакоў з’явілася жаданне экспанавацца, а на вернісажах збіраюцца сотні людзей.

Раней былі сітуацыі, калі адзіны дызайнер, што займаўся афармленнем выставы, мог захварэць, ці ў яго з’яўлялася тэрміновая праца, ці здаралася яшчэ якая трасца. Былі моманты, калі выставу адчынялі, а запрашэнні і афіша з’яўляліся толькі на наступны дзень — і каму яны ўжо былі патрэбныя? Зараз такое немагчыма — у нас каля 10-12 дызайнераў, якія працуюць паралельна. Мы актыўна робім рэкламную прадукцыю, друкуем афішы, запрашэнні і рассылаем іх у час.

У Саюза мастакоў нарэшце з’явіўся свой сайт, на якім выкладзены план выстаў. У кожнай секцыі, суполкі і абласной арганізацыі ёсць свая старонка, якую яны самастойна напаўняюць.

Тэма

Перабудова зняла забарону на рэлігійную тэматыку — стала можна маляваць Хрыста, увасабляць біблейскія сюжэты, і шмат хто з мастакоў «клюнуў» на гэта — людзі «дарваліся» (я ў тым ліку). Але хрысціянства для Беларусі пачынаецца толькі з Х стагоддзя. І казаць, што яно прынесла культуру ў дзікія землі, нельга.

Падкрэслю: тэрмін «паганства» паходзіць не ад слова «паганы» ў значэнні «вельмі дрэнны, подлы чалавек», а ад лацінскага «paganus» — «жыхар вёскі, селянін». А стараславянскае «языцы» азначае «народ». То-бок паганства — гэта народная, вясковая рэлігія.

Інтуітыўна я адчуваў, што праўдзівая вера — вера ў тое, што ты існуеш у агульным космасе і займаеш у ім такое ж месца, як мурашка ці кветка. Было разуменне таго, што калі чалавек ідзе ў лес ссекчы дрэва, то павінен папрасіць у яго прабачэння і дазволу. Мне прыемна ўсведамляць, што я адзінка ў прасторы і жыву ў еднасці з гэтым светам.

Яшчэ са свайго дзяцінства памятаю: вясковае жыццё ішло спрадвечным парадкам, як сонца па небе. Мы назіралі, як пажылыя людзі ставіліся да зямлі, вады, лесу. Нас падсвядома выхоўвалі: у прыроды можна браць толькі самае неабходнае, толькі так, каб не нашкодзіць ёй. Гэта наклала свой адбітак.

Ужо даўно жыву ў горадзе і іншы раз, трапляючы ў вёску, патанаю ў адносінах блізкасці да зямлі, вады. Тут пачуцці прарастаюць яскравей. Толькі мы не можам адкінуць мабільныя тэлефоны і абуцца ў лапці. Такога не будзе. Але нават у гэту глабалізаваную урбаністычную цякучку можна ўносіць карэктывы... Часта лаўлю сябе на думцы, што з-за вялікай колькасці іншых спраў — зрабіць тое, наведацца туды — незаўважна мінаюць вясна, лета, восень, зіма — цэлы год, які падаецца праляцеўшым імгненнем. І што далей? А можна пачаць засяроджваць сваю ўвагу на тым, што неўзабаве надыдзе пара, калі дзень будзе роўны ночы, — паводле нашага традыцыйнага календара мы мусім адзначыць гэта як свята. Ты павінен усвядоміць, што пражываеш сёння пэўны адрэзак часу, за які зробіш гэта, гэта і гэта — без мітусні і бегу. Заўтра — новы дзень і новы этап і г.д. Так чалавек можа сфарміраваць быт і дасягнуць раўнамернасці існавання.

Вось чаму трэба звяртацца да нашых традыцый. Там ужо закладзены адшліфаваныя тысячагоддзямі схемы быцця, прывязаныя не да ідэалогіі, а да натуры — Сонца, Месяца, Космасу. І ў такім календары нельга нічога памяняць.

Архаіка

...можа быць толькі грунтам для стварэння новага. Калі мы перастаем ствараць новае, то самі ператвараемся ў архаіку і спыняем сваё існаванне. Што такое для мяне паганская культура? Найперш — крыніца натхнення, яна мацуе мяне духоўна.

Вобразы, якія жывуць у паданнях і старадаўніх песнях, увасабляліся зноў і зноў шмат разоў. Тое, што закранае мае эмоцыі, мае ўспаміны, магу перадаць візуальна, трансфармаваць у мастацтва, выліць на палатно. Мяне цікавіць уласны пачуццёвы водгук, а не ілюстраванне мінулага.

Яйцо

Паводле паганскага светаўспрымання існуе вертыкальны разрэз свету: водная бездань, сонца, зямля, падземнае сонца, водная бездань. Людзі ўсведамлялі гэта і адлюстроўвалі ў арнаментыцы: на гаршках, у якіх захоўвалі вадкасць, малявалі хвалісты арнамент, зігзагі; на вялікіх жбанах для жыта размяшчалі сімвалы зямлі — квадраты і ромбы, у якіх ставілі кропкі — гэта значыць, засеяная ніва; знак сонца — крыж, круг ці свастыка. Уся арнаментыка народнага адзення таксама заснавана на гэтым прынцыпе — па краях рукавоў, ля гарлавіны кашулі ішлі хвалі — бо гэта край, і ўзор з’яўляўся абярэгам для чалавека. Простая і зразумелая сістэма.

Яйка — адзін з любімых знакаў, які даволі часта можна заўважыць у маіх творах, — якраз з’яўляецца ідэальным увасабленнем светаўспрымання дахрысціянскага перыяду і ў народзе лічыцца сімвалам нараджэння, пачатку жыцця. Пафарбаванае яйка набывае новыя сэнсы, раней яго распісвалі так: зверху сонейка, потым хвалі, а пасярэдзіне — ромбікі і квадрацікі. Вялікая ўвага надавалася колерам: белае яйка — гэта шчырае, адкрытае, чыстае нараджэнне, чорнае канцэнтруе ўсё тагасветнае, таямнічае, залатое яйка — гэта сонца, чырвонае — агонь, блакітнае — вада.

Стоды

Бог не можа быць падобны на чалавека — у гэтым ёсць нейкі фальш. Бог не можа быць матэрыялізаваны — гэта згустак энергіі існавання мільёнаў і мільёнаў людзей, насякомых, звяроў, раслін, усёй Зямлі і ўсяго Сусвету. Бог — гэта сінтэз, канцэнтрацыя. Часта людзі ўяўляюць Бога такім, як яго малявалі мастакі: сівабародым дзедам, што сядзіць на аблоках. Можа быць, для пэўнай ступені развіцця чалавецтва гэтага было дастаткова. Але працягваць успрымаць Бога такім чынам сёння — прымітыўна. Схіляючыся перад плёнам дзейнасці людзей хрысціянскай веры ў працэсе яе замацавання на нашай зямлі, я захоўваю ўнутраны пратэст і мяркую, што трэба больш уважліва ставіцца да набыткаў нашых продкаў у рэчышчы язычніцкай культуры.

Хрысціянскі, праваслаўны канон абразае мастаку крылы. Ты мусіш быць ледзь не манахам, каб рабіць роспісы ў храме, напрыклад. У паганстве не існуе канонаў, рэгламентуючых, як выяўляць бажаство. Няма абмежаванняў — ёсць вялікі падмурак для фантазіі. Выявы вады, зямлі, сонца могуць вар’іравацца.

Стоды могуць нагадваць постаць ці твар чалавека, але пры гэтым яны вельмі стылізаваны. Бажаство не мусіць быць цалкам рэалістычным, трэба, каб яго выява пакідала адчуванне недаказанасці — як у белых вершах, што даюць аснову для роздуму і заканчваюцца шматкроп’ем. У любой карціне павінны быць «прыадчыненыя дзверцы» — кожны глядач можа праявіць сваю фантазію і даразвіць сюжэт. Заўважце — я выяўляю цень Вялеса, а не само бажаство, бо дакладнай выявы, якую льга кананізаваць, існаваць не павінна. Ёсць толькі мая інтэрпрэтацыя, якую я ўсё роўна імкнуся зрабіць мнагазначнай.

Стод — своеасаблівы і даволі распаўсюджаны ў маім жывапісе вобраз. Вядома, праз знакі можна больш яскрава раскрыць прыроду чалавека, твор мусіць быць падмуркам, на якім нараджаюцца эмоцыі. Мне здаецца, што стоды канцэнтруюць пачуцці, якія чалавек здольны ўспрымаць у залежнасці ад свайго ўнутранага стану. Стод — пасрэднік паміж стыхіямі агню, зямлі, вады, нежывая істота — якраз той знак, што акумулюе мае эмоцыі і люструе іх назад.

Стод акрэсліваў зону, у якой чалавек мог застацца сам-насам і пагутарыць з Сусветам. Пачуццё энергетычнай утульнасці якраз і стварае аўру святасці, і ў чалавека ўзнікае адчуванне, што ён знаходзіць еднасць з прыродай. У такіх месцах былі капішчы, а потым будаваліся хрысціянскія храмы.

Арлы і курапаткі

У маіх творах часта прысутнічаюць птушкі і звяры. І ў мяне калі-нікалі пытаюцца: «А гэта што за птушка — дзяцел, арол ці сарока?» Для мяне ў дадзены момант не мае значэння, варона гэта ці сарока. Істотна, што гэта птах. Проста птушка, што жыве ў небе.

На 80 адсоткаў мы ўспрымаем свет вачыма. Фармальна я знайшоў падабенства паміж птушкай і вокам і спалучаю гэтыя вобразы. У мяне ёсць такія выявы (нехта называе іх «рыбамі») —птушкі з дзвюма дзюбамі, якія пераходзяць у вока. Чаму дзве дзюбы? Біпалярнасць успрыняцця таксама ідзе з дахрысціянскага светаўспрымання: смерць — жыццё, чорнае — белае, жанчына — мужчына.

Вока цікавіць мяне фармальна, візуальна і тэматычна. Лічыцца, што калі шкодзім іншым, то павінны памятаць пра абстрактнае вока, якое сочыць за намі.

Графік

Графічныя нізкі «ню» ўзніклі якраз з язычніцкай тэматыкі. Гэта гімн, культ чалавечага цела, гэта Купалле, дзе мы ачышчаемся, стараемся зліцца з прыродай, купаемся ў вадзе, скачам праз вогнішча, бачым цялесную прыгажосць. Так з’явіліся серыі «Постаці» і «Грацыя».

Мне вельмі хацелася дакрануцца да натуры, было жаданне выкарыстаць прыроду як твор мастацтва. Ёсць работы, створаныя з дапамогай гліны і моху, — я рабіў іх падчас дажджу. Ведаеце, бывае такое надвор’е, калі вада ўсё льецца, і льецца, і льецца з неба. Доўгія дні. Пад гэтым настроем накапаў у вёсцы гліны і там працаваў. Атрымалася серыя «Земляная графіка», якую я выстаўляў у Полацку. Папяровыя аркушы па тры метры ў даўжыню, па 70 сантыметраў у шырыню ляжалі на падлозе, у экспазіцыі таксама былі выкарыстаны камні. І лінія звязвала камень з паперай.

Працэс

Для мяне недастаткова зрабіць чыста абстрактную кампазіцыю — істотна, дзеля чаго я займаюся ёй, якую тэму хачу раскрыць. Спалучаю фармальныя пошукі з рэалістычнымі і раблю гэта свядома. Толькі з дапамогай сінтэзу розных накірункаў тэма раскрываецца найбольш яскрава — гэта можна параўнаць з сола аднаго інструмента на фоне сімфанічнага аркестра.

Бывае, што творы пішуцца на «раз-раз-раз», а здараецца, што ёсць і план работы, і ўсведамленне, што і навошта рабіць, бачыцца паслядоўнасць пісьма, а калі пачынаеш працаваць — тэхнічна не стыкуецца, фармальна не спалучаецца. Лінія стварае і звязвае ўсё. І мне хочацца, каб гэта лінія прысутнічала і ў жывапісе. Я наблізіўся да сваёй ідэі выкарыстоўваць у жывапісным палатне дробныя філігранныя сюжэтныя моманты, якія можна зрабіць у графіцы. Знайшоў, што гэта цікава гледачу, але найперш гэта цікава мне. Калі мне нецікава, справа не ідзе. Бывае, што трэба зрабіць паўтор карціны, спачатку возьмешся, але потым аказваецца: адгарэла, адбалела... У графіцы я лёгка раблю варыяцыі (не паўторы!): сюжэт можа быць адзін і той жа, але тут па-іншаму лягла фарба і расцяклася па-іншаму — момант выканання мяняецца. У жывапісе гэта больш складана.

Настраёвыя работы вырашаны ў адным каларыце. У мяне ёсць халодныя блакітныя творы, ёсць працы, вытрыманыя ў чырвонай, у залацістай гаме... Апошнія — «Сярэбраны туман», «Хутар» — шэра-малочна-белыя, някідкія і пранізлівыя. Цікава, што «Гумно» Заборава, якое па настроі так дзіўна і нечакана супала з «Хутарам», я ўбачыў упершыню толькі на яго экспазіцыі ў Нацыянальным музеі.

Стаўлю сабе задачу, каб наведнік выставачнай залы заўважыў мой твор яшчэ здалёк, каб яшчэ не ведаючы, што намалявана, зачапіўся за цікавае фармальнае рашэнне і з вялікай масы карцін вылучыў энергетыку гэтага палатна. Спачатку кідаюцца ў вочы толькі тры-чатыры яркія каляровыя плямы. Калі чалавек падыходзіць бліжэй, то бачыць, што ў гэтых плямах існуе сюжэт. Трапляючы ў зону двух-трох метраў ад палатна, глядач пачынае яго вывучаць. Калі падысці зусім блізка, можна адкрыць для сябе яшчэ больш дэталей і падрабязнасцей. Чалавек стараецца разгадаць твор, знаходзіць нейкі імпульс, намацвае сваё разуменне мастацкай задумы — толькі тады пачынаецца дыялог між ім і творам. І глядач трымаецца ў гэтай зоне пэўны час. Заўважае фактуру, цікавае спалучэнне колераў — так карціна бярэ ў палон. Для мяне неістотна, калі чалавек «чытае» твор не так, як я задумваў. Важна, каб ён яго адчуў і знайшоў свой сэнс.

 Алена Каваленка