Гурт «Стары Ольса»:Алесь Чумакоў, Марыя Шарый, Зміцер Сасноўскі, |
Гурт «Стары Ольса» ўжо даўно стаў надзвычай папулярным на Беларусі. У 2009-м вы адзначылі дзесяцігоддзе калектыву. Як разгортвалася творчая дзейнасць вашай каманды цягам гэтага часу?
— Напачатку мы дазвалялі сабе пісаць шмат музыкі, стылізуючы яе пад сярэднявечную, але ў выніку актыўнай даследчай працы пазнаёміліся з велізарным абшарам старажытных музычных кампазіцый. Яны не выконваліся, многія навукоўцы іх нават не бачылі. Пласт настолькі багаты, што тых сачыненняў хопіць на ўсе далейшыя гады не толькі нашаму гурту, але і іншым калектывам, якія займаюцца сярэднявечнай музыкай цяпер і з’явяцца ў будучыні. Яшчэ шмат застаецца нявыкананых твораў. Да прыкладу, з «Полацкага сшытка» на Беларусі агучана толькі прыкладна 5 працэнтаў кампазіцый.
За час актыўнай дзейнасці гурта мы выдалі 8 дыскаў, з іх як больш знакавыя хацеў бы вылучыць альбом «Гераічны эпас. Спевы рыцараў і шляхты Вялікай Літвы», прысвечаны песням пра рыцараў і рыцарскім песням перыяду з канца XIV да канца XVII стагоддзя, і дыск «Дрыгула», прысвечаны «Полацкаму сшытку». Апроч удзелу ў сумесных праектах, зборніках сярэднявечнай музыкі, запісалі аўдыяаповесць паводле «Ладдзі роспачы» Уладзіміра Караткевіча.
Выконваючы старажытныя аўтэнтычныя і стылізаваныя кампазіцыі, якія інструменты вы выкарыстоўваеце?
— Разбіраем мелодыі, аранжыруем, падбіраем інструменты да твораў у некаторых жанрах, напрыклад, гарадскога сярэднявечнага фальклору, а таксама застольнай музыкі, старых народных танцаў. Але і цяпер, і на бліжэйшыя гады наша асноўная задача і наша шчырае жаданне — займацца толькі «Полацкім сшыткам».
Заўсёды ставіў мэтай рэканструкцыю знешняга выгляду, аўтэнтычнай будовы інструмента. Для гэтага звяртаемся да іканаграфічных крыніц мясцовага паходжання — паводле іх беларускія майстры і вырабляюць для нас інструменты. Толькі сярэднявечная гарадская жалейка і двухбаковы барабан, на якіх сёння граюць сябры гурта, зроблены за мяжой. Усе інструменты, што выкарыстоўваюцца падчас выступаў і запісу, апраўданы для ўжывання на тэрыторыі Беларусі. Гэта дуды (валынкі), ліра, гуслі, свірэль, сурмы, лютні, цыстры, шалмеі (жалейкі, бамбарды), рэбек, барабаны і іншыя.
Зміцер, у беларускай культурнай прасторы вас успрымаюць найперш як музыканта, аматара сярэднявечнай культуры. А тут раптам — кнігі...
— Сапраўды, мая першая работа «Гісторыя беларускіх музычных уплываў» выклікала здзіўленне: Сасноўскі піша кніжкі?! Для мяне ж больш дзіўна, што музыка зрабілася адным з асноўных заняткаў. Першапачаткова меў сур’ёзнае жаданне займацца гісторыяй: саіскальніцтва навуковай ступені, вызначэнне тэмы дысертацыі... Навуковыя інтарэсы — гэта якраз натуральна для мяне. Але атрымалася, што «Стары Ольса», які пачынаўся з калекцыі інструментаў, развіўся як нешта непрадказальнае і паралельнае, заняў важнае месца ў маім жыцці.
«Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст.» з’яўляецца навукова-папулярным выданнем, але выглядае як манаграфія, напісаная з захаваннем неабходнага навуковага апарата. Падчас працы над кнігай вы адчувалі падтрымку беларускіх навукоўцаў?
— Прыклаў шмат намаганняў, каб па сутнасці гэта было навуковае выданне: без непацверджаных думак, неабгрунтаваных меркаванняў. Вельмі строга падышоў і да адбору крыніц: у кнізе, каб не было нацяжак, прыведзены толькі беларускія (хоць агульнасць музычнай культуры з Польшчай і Літвой заўважная). Таму шмат матэрыялаў не выкарыстоўвалася (магчыма, калі-небудзь я іх аб’яднаю ў асобнай працы). Падтрымка навукоўцаў была вельмі моцная. Мне дазволілі працаваць амаль з усімі першабытнымі дудачкамі, флейтамі. Даследчык Андрэй Катлярчук, які зараз жыве ў Стакгольме, даслаў поўную версію гравюр Олафа Магнуса, прысвечаных Вялікаму Княству Літоўскаму, шведскі тэкст (з падрадковым перакладам) вельмі дапамог у працы. Хацелася б падзякаваць і гісторыку літаратуры драматургу Сяргею Кавалёву — ён даслаў здымкі ўнікальнай фрэскі з капліцы Святой Тройцы з Люблінскага замка. Гэтыя фрэскі з выявамі многіх інструментаў зрабілі ў канцы XIV — пачатку XV стагоддзя беларускія майстры.
Ваша даследаванне выйшла ў серыі «Неизвестная история», якую заснаваў Анатоль Тарас. Чаму ён зацікавіўся гэтай кнігай?
— На сённяшні дзень у Беларусі няма падручніка па гісторыі беларускай музыкі, што ахопліваў бы ўсе перыяды яе станаўлення і развіцця. Я не імкнуўся быць першым і вельмі чакаў выхаду якога-небудзь дапаможніка — у сваёй музыканцкай практыцы вельмі хацелася б мець апору ў выглядзе раней напісанай кнігі і на яе падставе рухацца далей. Бо, напрыклад, распрацаваць храналогію для гісторыі беларускай музыкі — сапраўдная праблема: перыяды гісторыі этнічнай часта не адпавядаюць гісторыі палітычнай, а гісторыя мастацтва ўвогуле мае сваю перыядызацыю. У той жа час немагчыма разглядаць гісторыю мастацтва, не абапіраючыся на агульную храналогію падзелу эпох на старажытнасць, Сярэднявечча разам з Рэнесансам, Новы, Найноўшы час. Трэба ўлічваць і гісторыю беларускай дзяржаўнасці. Сабраць усё разам было вельмі складана.
Заўважу, што ў кнізе ёсць недакладнасці, ёсць праблемы класіфікацыі і аналізу фактаў гісторыі музыкі. Складана было вызначыцца: адзін і той жа факт прыгадваць у некалькіх раздзелах ці толькі там, дзе ён найбольш дарэчы? Я далёкі ад думкі, што гэта дасканалая праца, і расцэньваю яе як эксперымент у сферы абагульненага гісторыка-мастацкага мыслення.
Але ж нельга сказаць, што ў нашай краіне да гэтага часу не выходзілі навуковыя работы па гісторыі беларускай музычнай культуры. Таму ваша кніга таксама павінна мець папярэднікаў...
— Сапраўды, папярэднікаў шмат. Працаваў я з кнігамі айчынных гісторыкаў музыкі Вольгі Дадзіёмавай, Іны Назінай, Веры Пракапцовай, Міхася Чарняўскага, Ларысы Касцюкавец і іншых. «Гісторыя музычнага тэатра на Беларусі», выдадзеная Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, — геніяльнейшая кніжка! Але гэтыя даследаванні абмежаваныя тэматычна, да прыкладу, прысвечаны вывучэнню школьнага тэатра, камернай і прафесійнай музыкі, скамарохам на Беларусі. У той жа час пакуль няма ні «скразной» храналогіі, ні «скразной» гісторыі музыкі.
На вашу думку, чаму так здарылася?
— У нас гісторыкі не вывучаюць гісторыю мастацтва, ёй займаюцца мастацтвазнаўцы. Але мастацтвазнаўцы не валодаюць методыкай распрацоўкі храналогіі, неабходнай у дадзеным выпадку. Гісторык жа ўмее распрацоўваць храналогію... І пакуль у адной галаве «не склалася» гістарычная і мастацкая адукацыя — нічога не атрымлівалася.
У кнізе вы выступілі не толькі як даследчык, але і як перакладчык: у дадатках да выдання — васьмімоўны даведнік беларускіх інструментаў і пераклад урыўка з кнігі Нікалауса Арнанкурта «Музыка як мова гукаў». Чаму для перакладу быў абраны менавіта гэты твор?
— Шмат клопату было звязана з назвамі інструментаў на розных мовах. І ў беларускай, і ў іншых еўрапейскіх мовах існуе гэтая тэрміналагічная праблема. Што да твора Нікалауса Арнанкурта, дык згаданую працу я пачаў чытаць падчас стажыроўкі ў Вроцлаве і моцна здзівіўся, што ў нас няма яе перакладу. Арнанкурт папрацаваў з усімі старымі інструментамі, якія толькі магчыма было патрымаць у руках у Еўропе і Амерыцы, апісаў этапы развіцця музыкі паміж XIV і XVII стагоддзямі. Насуперак уяўленню пра старадаўнюю музыку як недакладную, ён сцвердзіў, што да яе ў тыя часы ставіліся вельмі дбайна. Навуковец быў перакананы: мелодыя пэўнай эпохі павінна быць выканана адпаведна стылістыцы часу, а не так, як мы цяпер хочам яе пачуць. У кнізе «Музыка як мова гукаў» ён выказаў некалькі вельмі істотных думак, і я захацеў, каб і ў нас яны сталі вядомыя. Музыка для сярэднявечча была не развучваннем пэўнага твора і выкананнем яго на людзях, а формай публічнай імправізацыі. Музыкант рыхтаваўся іграць тэхнічна, але мелодыю ён ствараў толькі адпаведна сітуацыі, настрою, публіцы і свайму стану. Вось таму і прыкладаў сярэднявечнай музыкі захавалася мала — яе не занатоўвалі. Але ў перыяд сталага барока ўпершыню пачалі дакладна распісваць усе партыі. Так музыкантаў ператваралі ў простых выканаўцаў чужых твораў. Гартаючы старонкі копій «Полацкага сшытка», бачыш, што з чатырох галасоў зафіксаваны толькі першы і чацвёрты, апошні. Два радкі паміж імі пустыя. Мастацкі кіраўнік творчага аб’яднання «Беларуская капэла» прафесар Віктар Скорабагатаў і яго калегі выказалі меркаванне, што «Полацкі сшытак» — падручнік па кампазіцыі: граюць верхні і ніжні галасы, два ж астатнія імправізуюць. Але мне здаецца, і назіранні Арнанкурта толькі пацвярджаюць такую думку, што «Полацкі сшытак» — якраз прадукт пераходнага часу ад Рэнесансу да барока.
Вынікі навуковых штудый, матэрыялы, прачытаныя ў кнігах замежных калег, выкарыстоўваюцца «на практыцы» — у музыцы вашага гурта?
— «Стары Ольса» — таксама даследаванне гісторыі, але практычнае. На гэтым этапе творчасці гурт ператварыўся хутчэй у свайго кшталту лабараторыю. Усе ноты старадаўняй музыкі, напісаныя сучаснай нотнай транскрыпцыяй, ужо кімсьці прачытаны і адаптаваны да выканання: вызначаны танальнасць, тэмп, даўжыня нот (раней яна не заўсёды ставілася). Але зараз мы дайшлі да таго, каб браць копіі арыгінальных нотных аркушаў і перачытваць іх самастойна. Так, танец «Пагамошка» з «Полацкага сшытка» мы прачыталі ў мінорным ладзе, у той час як усе сучасныя выканаўцы барочнай музыкі іграюць яго як мажорны. Для танца і музыкі кожнай эпохі і кожнага стагоддзя нам трэба абіраць адпаведны сярэднявечны лад. Праблема ў тым, што мажорна-мінорнае мысленне сучаснага слухача не дазваляе адэкватна ўспрымаць музыку сярэднявечных ладоў і мы не можам рабіць рэканструкцыю выканання старадаўняй музыкі на тым узроўні, якога ўжо дасягнулі: ёсць рызыка, што слухачы не зразумеюць. Таму іграем у сучаснай мажорна-мінорнай сістэме. Часам шанцуе: даследчыкі дзеляцца наноў адкрытым. Так, Ганна Несцерава перадала з архіва ў Вроцлаве беларускі тэкст (больш цэласны ў параўнанні з польскім) вядомага гімна «Багародзіца».
Вывучаючы гісторыю нашай музычнай культуры, напэўна, заўважалі яе размеркаванне па своеасаблівых цэнтрах...
— Сапраўды, у розны час цэнтрамі музычнай культуры былі розныя гарады. Але мы можам казаць толькі пра засведчаныя гістарычнымі крыніцамі цэнтры. Для XII стагоддзя самым адметным у гэтым сэнсе горадам Беларусі з’яўляецца Ваўкавыск, бо тут захавалася найбольш сведчанняў: іканаграфічных, археалагічных. Полацк унікальны, але адтуль мы не маем столькі інфармацыі. Ведаем, што княжацкі двор быў вялікі і на ім прысутнічалі візантыйскія музыкі, а вось што выконвалася — невядома. Для XV стагоддзя — Кракаў. Гэта не беларускі горад, але пасля пераезду туды князя Ягайлы, перавозу двара, музыкаў нават у польскіх магнатаў жылі і ў якасці музыкантаў выступалі ліцвіны і русіны.
У XVI стагоддзі можна вызначыць адразу некалькі цэнтраў: Вільня, Гародня, Нясвіж і Брэст, у якім выйшаў першы друкаваны музычны зборнік «Песні хвал Боскіх» («Брэсцкі канцыянал»). У Гародні па італьянскім узоры была створана Гарадзенская італьянская Капэла (у Кракаве такая капэла ўзнікла на пяць гадоў пазней).
Цяжка казаць пра месца музыкі ў XVII стагоддзі, бо гэта час грамадзянскай вайны ў Рэчы Паспалітай. Калі гавораць гарматы, музы маўчаць. Таму тут размова можа ісці толькі пра вайсковую музыку: многія музыкі служылі ў войску, ды і іканаграфія крыніц таго часу пераважна вайсковая.
У XVIII стагоддзі, калі не браць яго першую чвэрць (час Паўночнай вайны), беларуская культура даганяе ўсю Еўропу і нават пераўзыходзіць яе. Многія беларускія сімфанічныя аркестры параўноўваліся са славутым Магейнскім, у Слоніме працаваў унікальны оперна-балетны тэатр. У гэтым стагоддзі цэнтрамі опернага мастацтва і сімфанічнай музыкі былі Слуцк, Нясвіж, Вільня, а таксама Гародня, дзе граф Тышкевіч стварыў капэлу. Апошнія тры можна назваць сталымі музычнымі сталіцамі, бо менавіта тут праходзілі стажыроўку выканаўцы, якія пасля траплялі ў Кракаў.
Шмат беларускіх абрадаў, легенд звязана з традыцыйным музычным інструментам дудой. Ваша кніга адкрывае невядомыя старонкі яе гісторыі?
— У кнізе ўпершыню публікуецца фотаздымак Івана Гвазда, выступленне якога ў 1953 годзе ў беларускай музыказнаўчай літаратуры прынята лічыць апошнім выступам дудара. Насамрэч шмат сабрана звестак пра тое, што дудары і пазней гралі на вяселлях. Вядомы нават такія выпадкі, калі дудара, які ўжо не мог граць з-за ўзросту, усё роўна запрашалі на вяселле — нават проста пасядзець, але абавязкова з дудой. Апошні беларускі дудар жыў у Баранавічах да 1985 года. У сваіх экспедыцыях па раёнах я знайшоў шмат дудароў, сабраў і звесткі пра інструменты: некалькі дудаў захоўваецца ў сем’ях, архівах і музеях у Літве, шмат унікальных інструментаў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя знаходзіцца ў Пецярбургу, у Рускім этнаграфічным музеі.
Даследаванне завяршаецца канцом XVIII стагоддзя. Чым гэта абумоўлена?
— Гэты важны час у айчыннай гісторыі перш за ўсё звязаны з падзеламі Рэчы Паспалітай, якія рэзка размяжоўваюць эпоху на «да» і «пасля». Таму ў разглядзе старадаўняй музычнай культуры Беларусі лепш спыніцца менавіта на XVIII стагоддзі, бо далей — ужо зусім іншы час. Наша гісторыя асаблівая, таму такі падзел працуе толькі ў дачыненні да Беларусі.
Услед за кнігай, прысвечанай гісторыі беларускай музыкі, выйшла ваша наступная праца — «Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага». У чым адметнасць гэтага выдання?
— Даследуючы гісторыю беларускай музычнай культуры, я заўважыў, што асобныя раздзелы вайсковай музыкі можна вылучаць не з пункту гледжання жанру, а зыходзячы з характару ўжывання. Аднак вельмі складана ўявіць яе асобна ад жыцця рыцарскага саслоўя. Бо, напрыклад, у 70-х гадах XVI стагоддзя прыдворная Гарадзенская капэла караля Стэфана Баторыя ператваралася ў вайсковую, паходную капэлу ў той час, калі каралеўскі двор выязджаў на вайну. Яна выконвала парадную ролю, а магла быць і камернай капэлай. Першапачатковай была задума разгледзець толькі вайсковую музыку, але пазней з’явілася ідэя апісаць музычную культуру рыцарскага саслоўя ўвогуле. А паколькі Каралеўства Польскае і ВКЛ шчыльна кантактавалі і знаходзіліся ў вайсковым саюзе, размежаваць рыцарскую музыку гэтых дзяржаў было вельмі складана. У дадатак многія крыніцы не ўдакладняюць, з якога месца паходзіць малюнак, пэўная музычная з’ява. Больш за тое, шырокая геаграфія, заяўленая ў загалоўку, дазволіла пры напісанні работы выкарыстаць крыніцы польскага паходжання, што было немагчыма ў працы, прысвечанай менавіта беларускай музычнай культуры. Сярод адметнасцей новай кнігі — багатая іканаграфія. Тут выкарыстаны мініяцюры, гравюры, фрагменты фрэсак з выявамі інструментаў.
Напэўна, ужо маеце нейкія задумкі і планы па працягу даследавання гісторыі беларускай музычнай культуры ў цэлым?
— Натуральна. Цяпер працую над кнігай, што будзе прысвечана музычнай культуры XIX і ХХ стагоддзяў. Яна, хоць і ахоплівае толькі два стагоддзі, па аб’ёме будзе большай за папярэднюю, бо ў гэты час з’яўляецца шмат візуальных матэрыялаў.
Марына Весялуха