Плюс-мінус У сістэме каардынат

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

Даследаванні культурнай прасторы

/i/content/pi/mast/43/732/20.jpg

Кацярына Кенігсберг. З серыі «Еўропа плюс-мінус». Лічбавае фота. 2010.

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва дэманстраваўся супольны праект Міхаіла Баразны і Кацярыны Кенігсберг «Еўропа плюс-мінус». Ён доўжыцца блізу дзесяці год і ўключае дзённікавыя запісы, замалёўкі, тэксты і фотаздымкі.

Фотамастакі ставілі сабе за мэту не вышукваць месца краіны на мапе, а даследаваць культурную прастору нашай часткі свету ў яе ментальных і мастацкіх межах. Менавіта даследаваць, а не проста фіксаваць ці захапляцца, бо сучаснае мастацтва — перадусім даследчая, аналітычная творчая дзейнасць, у выніку якой і з’яўляюцца аўтарскія высновы.

Сапраўднае мастацтва мае быць не толькі зразумелым, але найперш — цікавым. І тут аўтары патрапілі здзівіць, зачараваць гледача. У іх творах банальнасць паўсядзённасці паўстае перад намі ва ўсёй сваёй абаяльнай прыгажосці, шматкроць бачанае раскрываецца з нечаканага, часам парадаксальнага боку. Аўтары наноў ставяць нас у тупік сваім рытарычным пытаннем: ці мы з вамі не ў Еўропе? Праўда, для кожнага з нас яна свая, уласная Еўропа — Лондан гэта ці Рым, Вільня ці Мінск, а мо і вёска Амерыка, што на Кругляншчыне, ці нават Святая зямля на беразе зіхоткага Міжземнамор’я. Каб не абмяжоўваць успрыманне адным зададзеным напрамкам, аўтары адмовіліся ад назваў, і ў выніку глядач змушаны прыпыніцца, каб распазнаць, ці гэта ў Беларусі, ці дзе яшчэ...

Фотаапарат фіксуе ўсё, ён незалежны ад прыватных прыхільнасцей. Але на тым і палягае сутнасць мастацтва: хоць аб’ектам можа быць і асобная архітэктурная дэталь, і цэлы горад або краіна, аднак у прыцэл глядзіць канкрэтны чалавек. А праз тое нават аб’ектыў звычайна губляе аб’ектыўнасць.

Фотатворы Кацярыны Кенігсберг падобныя на дзённікавыя нататкі. Яна робіць уласныя каментарыі да жанравых сцэн ці фрагментаў гарадскога побыту. Спалучаючы сітуацыйныя моманты, што часам не стасуюцца паміж сабой у нашым паўсядзённым уяўленні, мастачка выходзіць з плыні жыцця, каб яшчэ раз гарэзліва ўсміхнуцца. Да гэтай экспазіцыі Кацярына рупліва падбірала свае работы з праектаў, створаных цягам апошніх двух гадоў. У асноўным гэта падарожныя ўражанні ад ваяжаў па Беларусі і Германіі, Францыі і Літве.

Нізка «Некалькі словаў» — калажы з прыватнага архіва, якія складаюцца з фатаграфій і тэлеграмных тэкстаў, «вузельчыкі на памяць». Прыём сумяшчэння тут відавочна апелюе да дакументальнага характару твораў, дакладней, стварае мастацкую ілюзію дакументальнасці.

«Здаецца азірнуся ўбачу цябе», «Пачні сонцам першы дзень Новага года», «Гляджу з надзеяй» — стужкі колішніх тэлеграм з кур’ерскім машынапісным шрыфтам, выбітым уручную без знакаў прыпынку... Уручную зроблены і арыгіналы фотаздымкаў, якім мастачка падарыла новае жыццё, даўшы ім свежы подых. Ці элегічны ўздых... У настальгічнай хроніцы знітаваныя прыватнае, амаль інтымнае пачуццё і высокая ступень абагульнення досведу пэўнага пакалення і канкрэтнай эпохі. У «Некалькіх словах» Кенігсберг мы не адчуваем ніякай адчужанасці ў часе ці ў прасторы — гэта спрадвечныя жаданні і спрадвечныя пачуцці, спавітыя пяшчотаю і любоўю. Такія словы маглі быць адбітыя тэлеграфісткаю ў любым месцы нашай Еўропы, ад Лісабона да Мюнхена. Толькі на іншых мовах...

...Бязважкі поступ жаночых абцасаў, што, пэўна, звонка гучаць на грувасткіх пралётах лесвічнага марша, міма пастаментаў помнікаў вялікім мыслярам Еўропы, ад якіх у кадрах засталіся адно каменныя босыя ногі... Гарэзліва падгледжаны надпіс «sexy men» перад шыхтом аднолькавых жаночых туфляў у вітрыне... Гэта магло б быць гламурным гумарам, каб не шчырая іронія, уласцівая бальшыні твораў Кацярыны Кенігсберг. Іранічнае супастаўленне стала асноваю вобразнага ладу яе фотаработ. То-бок не толькі вонкавага, відавочнага — ці тое рытм шалёўкі, ці непраглядны туман, ці ззянне вітрын. Перадусім у працах мастачкі чытаецца глыбока ўсвядомленае, суперажытае з іншымі ды вычутае ва ўласным унутраным свеце. Яе стаўленне да навакольнай рэчаіснасці красамоўна выяўляецца менавіта ў парадаксальных спалучэннях высокага і прыземленага, будзённага і святочнага.

Міхаіл Баразна паказаў нізку нацюрмортаў «Старыя рэчы». Калі не атрымліваецца падарожнічаць, перамяшчацца ў прасторы, то гэта можна зрабіць за ўласным сталом. Адно толькі сумясціць звычайныя рэчы і супаставіць іх у новым кантэксце, змяніўшы ракурс, змяніць культурны дыскурс.

/i/content/pi/mast/43/732/21.jpg

Міхаіл Баразна. З серыі «Еўропа плюс-мінус». Лічбавае фота. 2000–2010.

Тэма самоты ў вялікім горадзе традыцыйная для еўрапейскага мастацтва, але Баразна знайшоў у ёй сваю ноту, якая разам з універсальным экзістэнцыяльным сюжэтам у адначассе стала вельмі тутэйшай, мінскай, адметнай ад безлічы падобных матываў. Перадусім, праз дыялог з архітэктурай, што ў свой час была прызначаная адно для маналогаў... Ён мае іншы жыццёвы досвед, адрозны ад досведу Кацярыны Кенігсберг. І гэта міжволі робіць ягоны позірк, позірк чужаніцы ў чужым горадзе, крытычным.

Разам з тым у абодвух творцаў ёсць шмат агульнага. Яны ўсё ж любяць гарады. Гарады як калыскі культур і скарбніцы цывілізацыі. З цягам часу каштоўнасць урбаністычных фатаграфій узрастае не толькі ў дакументальна-даследчым, але і ў эканамічным сэнсе, бо яны ёсць самым запатрабаваным прадуктам на рынку фотамастацтва. Баразна, гуляючы, як постмадэрніст, контрверсійнымі асацыяцыямі ў гарады, дасціпна перафразуе рымска-мінскія матывы і вельмі дакладна вычувае сапраўдную барочную сутнасць Мінска. І самі ягоныя здымкі з серыі «Адзін у горадзе» таксама па-барочнаму шматпланавыя, поўныя цытат і драбностак, дзе і выявы супастаўленыя ў калажным рытме, і рукапісныя тэксты ўжываюцца як элементы большай панарамы. Міхаіл Баразна выкарыстоўвае фатаграфію як суразмоўцу ў тэкставым сумоўі, што, не зважаючы на дакументальную халоднасць, стварае ў гледача цэлую асацыятыўную плынь у свядомасці. Недаказанасць, фрагментарнасць, амбівалентнасць ягоных вобразаў увасабляюць тую сапраўдную панараму нашай супольнай еўрапейскай цывілізацыі, асягнуць якую цалкам нікому не ўдасца. А таму ўважлівы і датклівы суразмоўца гэтага места асуджаны на самоту ў горадзе.

Баразна перажыў прыкладна тую ж эвалюцыю стаўлення да гэтага горада, што i ягоныя папярэднiкi. Але ён ужо ўбачыў у фактуры Мінска мазаiку самастойных, самадастатковых аб’ектаў: дрыготкi сцяг, пэўная ў сабе калона, вачніцы раўнадушных вакон, у якіх адбіваецца мінскае паветра. Мiнiмалiзм дазваляе асэнсаваць тэму на ўзроўнi падсвядомасцi. Ягоны ўтароплены, нiбы падчас медытацыi, позiрк спыняецца толькi там, дзе ёсць падстава для верша.

Розныя фундаментальныя паняткі еўрапейскай культуры даўно перавандравалі на вулічныя і дарожныя ўказальнікі, назвы магазінаў, сталі звыклымі, хаця іншы назіральнік бачыць у гэтым мастацкі вобраз. У выніку даследаванняў абодвух творцаў становіцца ясна, што наш свет — гэта тое месца, дзе ёсць мы, еўрапейцы. Таму паўсюдна раскідана мноства нашых Еўропаў. А ёсць і розны наш Мінск. Для Генры Мілера ў «Тропіку Рака» ёсць свой Мінск, які герой гатовы знайсці ў Парыжы; ці для Джаан Роўлінг, якая адправіла аднаго з герояў «Гары Потэра» ў піўную ў Мінску... Гэтак і Міхаіл Баразна з Кацярынаю Кенігсберг шукаюць свой Мінск у іншых гарадах, між «святых камянёў Еўропы», як пісаў Дастаеўскі.

Паводле аўтарскай задумы, выстава заклікала кожнага самому вызначыць свае каардынаты быцця. Каардынаты ўласнай культуры і месца ў свеце.

Сяргей Баркоўскі