Шчасце і няшчасце...быць скульптарам

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

Анатоль Арцімовіч і яго вучні

/i/content/pi/mast/43/730/16.jpg

Анатоль Арцімовіч. Францыск Скарына. Калінінград. Бронза, граніт. 2004.

Сваё 70-годдзе Анатоль Арцімовіч адзначыў творча, падсумоўваючы педагагічны набытак: разам з вучнямі зладзіў выставу ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Дзве свае працы ён прадставіў у матэрыяле, астатнія — у фоташэрагу на сценах выставачных залаў. Такім чынам фотаздымкі рэалізаваных праектаў выкладчыка сталі своеасаблівым фонам для работ яго выхаванцаў.

Анатоль Арцімовіч — найперш манументаліст і, нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, заўсёды ім заставаўся. Колькасць яго скульптур, пастаўленых у гарадах Беларусі, у Расіі і Казахстане, унушальная. Яшчэ студэнтам, разам з настаўнікам Андрэем Бембелем, творца працаваў над мемарыяльным комплексам «Брэсцкая крэпасць-герой», быў сааўтарам помніка «Курган Славы» пад Мінскам. Першы цалкам самастойны манументальны праект — комплекс Славы, прысвечаны гвардзейцам-панфілаўцам, у горадзе Алма-Ата. За помнік Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі Арцімовіч атрымлівае званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Сёння мастак разам з калегамі — Уладзімірам Церабуном і сынам Іванам — працуе над помнікам, прысвечаным Першай сусветнай вайне, які будзе размешчаны пад Смаргонню.

Змест сваіх скульптур, часам нават і форму, манументалісты рэдка выбіраюць самі. У гэтым шчасце і няшчасце, лічыць Анатоль Арцімовіч: «Манументалісту вельмі цяжка распарадзіцца сваім лёсам, бо ён залежыць ад дзяржаўнай волі нешта ці некага ўвекавечыць. Калі творчыя парыванні скульптара супадаюць з жаданнем грамадства, яго лёс удаецца. Самая дэмакратычная дзяржава не можа без ідэалогіі, без сваіх герояў і святых. Я веру, што час і чалавецтва не памыляюцца ў іх выбары, таму любы манументальны твор разглядаю найперш як духоўнае пасланне».

Творчым станаўленнем Арцімовіч абавязаны Андрэю Бембелю, з якім ён працаваў не толькі ў студэнцкія гады, але і пазней, ужо спелым майстрам. Ад яго і пераняў галоўныя педагагічныя прынцыпы: «Ён намацваў твой філасофскі стрыжань, асэнсоўваў, на якім узроўні ты знаходзішся. І з гэтай кропкі будаваў узаемадачыненні... Вельмі арыгінальна вучыў тэхніцы бяспекі ў скульптуры. Мы робім каркас, звязваем дрот — усё без зваркі. Прыходзіць настаўнік, здымае паліто, падскоквае і вісне на нашым каркасе. Гнецца — значыць трэба перарабіць».

У адмысловым каталозе, падрыхтаваным да выставы, пазначана мэта сумеснай экспазіцыі: паспрабаваць раскрыць ролю педагога для развіцця нацыянальнай скульптурнай школы. У чым жа сутнасць педагагічных метадаў Анатоля Арцімовіча? Перад вучнямі і перад сабой скульптар і прафесар ставіць тры задачы: запаліць інтарэс, нікога не пераймаць і... думаць, бо дурнота ўвасабляецца ў творы на вякі. У дакументальным кіно, знятым пра майстра, Арцімовіч прамаўляе такія словы: «Вучань на самай справе — гэта велізарнае няшчасце. Ты яго губляеш, калі ён становіцца на ногі, калі робіцца самастойным і ўжо не мае ў табе патрэбы. Ты за яго рады і ў той жа час крыху раўнуеш. Але калі ты змог перадаць яму сваё разуменне як яго ўласнае — вось твая перамога і твая педагогіка. Аб тым, што гэта ты яму даў, — маўчы. Інакш — пакрыўдзіцца, адштурхне і будзе рабіць насуперак. Вельмі многія студэнты шмат чаго дамагліся ў жыцці насуперак педагогам. І так бывае, і гэта вельмі цікава... Калі сустракаешся з характарам, калі ён пачынае ледзь не варагаваць з табой, адстойваць сваю пазіцыю — што ж тут дрэннага... Ты павінен ганарыцца, што побач расце творца».

Выстава ў музеі сабрала вучняў Арцімовіча не толькі з гарадоў Беларусі, але і з іншых краін. Як у люстэрку, у экспазіцыі адбіліся педагагічныя метады настаўніка: свабода ў валоданні матэрыялам, развіццё індывідуальнасцей, уласная логіка пластычных вырашэнняў.

У тэкстах каталога настаўнік згадвае кожнага свайго вучня. Але скразной лініяй праз іх праходзяць боль і спадзяванне: прыйдзе час, і скульптуры майстроў стануць запатрабаванымі.

«Калі б яго дыпломная работа ўвасобілася ў парку ці на плошчы Мінска, яна б прывяла да размовы на тэму міжнароднага значэння нашай скульптуры...» — гэта пра Сяргея Бандарэнку, чые анімалістычныя творы толькі нядаўна з’явіліся ў Мінску. «Мяне здзіўляюць архітэктары, якія не запрашаюць да работы такога таленавітага майстра...» — гэта пра Юрыя Анушку, які на выстаўцы прадставіў аб’ект з алюмінію, аргшкла і граніту. «Некалькі разоў падымалася пытанне пра тое, — згадвае настаўнік, — каб дыпломная работа Аляксандра Прохарава “Слова аб палку Ігаравым” была рэалізавана ў горадзе. Але кожны раз нешта перашкаджала...» (У помніку Усяславу Чарадзею, прадстаўленым на выставе на фатаграфіі, Аляксандр увасобіў конны манумент, у якім выразна абыгрывае сілуэт. Скульптурныя формы, выразныя самі па сабе, набываюць яшчэ і ёмістае графічнае прачытанне.) «Я ўвесь час шкадую пра тое, што як кіраўнік дыпломнай работы не змог дапамагчы Алесю Шацілу ўвасобіць яе ў памеры на канкрэтным месцы... Ён узяў вобраз Беруты Гедымінаўны з яе дзецьмі, не падазраючы, што гэты боль, гэтыя трывогі і хваляванні вечныя і будуць актуальныя і ў далёкай будучыні...»

На выставе былі сабраны работы самых разнастайных кірункаў. Надзвычай папулярнай аказалася анімалістычная пластыка (Сяргей Бандарэнка, Ганна Інькова, Яўген Колчаў, Ігар Чумакоў, Аляксандр Стралкоў). Пачуццё матэрыялу не здраджвае майстрам — у імпрэсіяністычным «Ікары» Дзмітрыя Аганава, выразнай па фактуры і сілуэце «Вандроўцы на драконе» Сяргея Аганава, абагульненых формах «Мацярынства» Алены Хараберуш, дынамічнай кампазіцыі «Perpetuum mobile» Вольгі Нячай... Акрамя фігуратыўнай пластыкі былі прадстаўлены і фармальныя кампазіцыі: з алюмінію, аргшкла і граніту Юрыя Анушкі, з бронзы — Міхаіла Інькова, са зварнога металу — Уладзіміра Ламейкі і Анастасіі Чакан, з граніту — Ігара Засімовіча, з сілуміну — Мікалая Дробыша. Праз розныя, нехарактэрныя для класічнай скульптуры матэрыялы і прыёмы працы мастакі імкнуцца ствараць пластыку, адэкватную часу. Гэтыя спробы іншы раз удалыя і пераканальныя, парой сціплыя і невыразныя.

«Шчасце і няшчасце — быць манументалістам», — сцвярджае Анатоль Арцімовіч. Станковая скульптура — таксама затратная, яна залежыць ад заказчыка, ад густу спажыўца. «Калі няма ідэі, няма зместу, то не варта і брацца за работу», — папярэджвае творца. З ідэямі, сапраўды, складана: яны здрабнелі, а высокія — з-за цяжару спадчыны манументальнай прапаганды — нярэдка ўспрымаюцца пафаснымі. На бясконцым нашым пераломе ад эпохі да эпохі, ад аднаго замоўцы да іншага, у вакууме ідэй — ці можа нарадзіцца сучасная скульптура? Аскепак адказу на пытанне можна знайсці і на гэтай выставе.

Зрэшты, сам настаўнік больш аптымістычны, пакінем жа апошняе слова за ім: «Мне шкада, што скульптура становіцца крыху спажывецкай. У гэтым няма нашай віны: які час, такая і скульптура. Але хачу адзначыць, што ідзе пошук, цудоўны эксперыментальны пошук. Некалі наша скульптура вырвецца наперад, атрымаўшы новы зарад, і стане зусім іншай. Я радуюся вялікай шматстайнасці, чароўнай палітры беларускай скульптуры — таму, што знаходзяць маладыя ў сваіх душах, і таму, як яны працуюць з гэтым упартым матэрыялам...»

Марыя Чарняўская