Падзея супольнай гісторыі

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

«Каранаванне Міндоўга» ў Нацыянальным мастацкім музеі

/i/content/pi/mast/43/728/13.jpg

Адомас Варнас. Каранаванне Міндоўга. Алей. 1951–1955.

У сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя карціны літоўскага мастака Адомаса Варнаса «Каранаванне Міндоўга». Дата адкрыцця выставы аднаго твора была прымеркавана да дня падпісанння Акта пра незалежнасць Літвы (16 лютага 1918 года), які аднавіў дзяржаўнасць краіны, набытую яшчэ ў XIII стагоддзі пры каралю Міндоўгу (1192–1263).

У 1251 годзе Міндоўг і яго жонка прынялі хрысціянства лацінскага (рымскага) абраду, а ў 1253 годзе былі каранаваны як літоўскія кароль і каралева.

Месца і акалічнасці апошняй падзеі дакладна не вядомыя. Адсутнасць дакументальна зафіксаванага апісання каранавання першага літоўскага караля сталася не толькі падставай для пільнай цікавасці і даследаванняў гісторыкаў, але і крыніцай творчай фантазіі для мастакоў, якія звярнуліся да гэтага сюжэта. Адным з іх стаў літовец Адомас Варнас (1879–1979).

Ён нарадзіўся ў Іанішкісе (Літва), вучыўся ў класе пейзажнага жывапісу прафесара Станіслаўскага ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў, у Вышэйшай школе прыгожых мастацтваў у Жэневе. У 1918 годзе вярнуўся ў Вільнюс, дзе выкладаў у гімназіі, пазней жыў і працаваў у Каўнасе. У 1944 годзе Варнас эмігруе ў Германію, а ў 1949-м — у ЗША. Яго творчая спадчына налічвае больш за пяцьсот твораў, пераважна партрэтаў і пейзажаў. Аднак шырокаму гледачу мастак стаў вядомы галоўным чынам дзякуючы сваёй гістарычнай карціне «Каранаванне Міндоўга».

Замову на яе стварэнне Варнас атрымаў у 1951 годзе ад прыватнай асобы, ксяндза. Падчас працы мастак змяніў першапачатковую задуму і замест сцэны хрышчэння ўвасобіў каранаванне. З-за адсутнасці апісання падзеі ён абапіраўся на творы еўрапейскіх майстроў на аналагічны сюжэт.

Як і ў класічнай трактоўцы, Варнас увасабляе кульмінацыйны момант каранавання — ускладанне кароны на галаву ўкленчанага караля. Мастак карыстаўся кансультацыямі літоўскіх гісторыкаў, якія жылі ў эміграцыі, — Адольфа Шапокі і Зянона Івінскіса. Паводле дакументаў, у абрадзе каранавання бралі ўдзел архібіскуп Рыгі Фрыдэрык і біскупы Хенрык фон Хайдэнрайк, Бенедыкт, а таксама браты Тэўтонскага ордэна Андрых Вельвен, Бруна фон Монхайн і іншыя.

Наўрад ці варта шукаць партрэтнага падабенства згаданых гістарычных асоб і намаляваных персанажаў. Затое на далёкім плане (злева ад тронных крэслаў пад чырвоным полагам) мы з лёгкасцю можам пазнаць літоўскага святара і паэта Антанаса Страздзяліса (1760–1833); кампазітара, лекара, літаратара, аўтара дзяржаўнага гімна «Нацыянальная песня» Вінцаса Кудзірку (1858–1899); гісторыка, фалькларыста, публіцыста, грамадскага дзеяча і патрыярха нацыянальнага адраджэння Ёнаса Басанавічуса (1851–1927); мастака Антанаса Жмуйдзінавічуса (1876–1966)... Такім чынам, малюючы знакавыя постаці сваёй гісторыі, мастак злучае вытокі і сучаснасць дзяржавы.

Карціна «Каранаванне Міндоўга» — адзіны гістарычны твор Варнаса. У рабоце праявілася няведанне мастаком законаў гэтага жанру, што тлумачыць як пэўную кампазіцыйную скаванасць, так і вялікі працэнт «выдумкі» ў малюнку інтэр’ера, характарыстыцы персанажаў, некаторую недакладнасць касцюмаў, а галоўнае — адсутнасць адчування ўрачыстасці, характэрнага для гістарычнага жывапісу.

У 2009-м, у час святкавання 1000-годдзя гістарычнага згадвання імя Літвы, карціна Адомаса Варнаса «Каранаванне Міндоўга» была перададзена інжынерам і дзеячам культуры Домасам Адамайцісам у дар Літоўскай Рэспубліцы. З гэтага моманту яна экспануецца ў залах Нацыянальнага мастацкага музея Літвы ў Вільнюсе. Прэзентацыя карціны Варнаса для беларускага гледача сталася сімвалічным напамінам пра вялікую падзею нашай агульнай гісторыі.

Святлана пракоп'ева