Ад ідэнтыфікацыі да супрацьпастаўлення

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

«?VERSUS?» у «Акадэміі»

/i/content/pi/mast/43/727/11-.jpg

Уладзімір Кандрусевіч. Гонка за лідарам. Алей. 2009.

Непаўторны стыль Таццяны Кандраценка і Уладзіміра Кандрусевіча замешаны на агульных складніках: школе Уладзіміра Тоўсціка, кампазіцыі і мандрыянаўскім каларыце эрудыта Ціма Айтэля (Германія), дынаміцы заснавальніка Новай лейпцыгскай школы Неа Раўха (Германія) і імпрэсіяністычнай тэхніцы Бярнарда Марціна (1912–1998, ЗША). У фігуратыўны жывапіс з элементамі сюррэалізму Кандраценка і Кандрусевіч укладаюць сваё бачанне роднага соцыякультурнага асяроддзя.

З часу персанальнай выстаўкі «Ідэнтыфікацыя» (2009) у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Кандраценка вырасла і ў тэматыцы, і ў тэхніцы работ. На творах вялікіх фарматаў з’явіліся буйныя планы, зменшылася калажнасць, што драбніла палатно. Сваім маніфестам Таццяна лічыць цытату з «Фердыдуркі» Вітольда Гамбровіча: «...наша існаванне ў гэтым свеце не трывае ніякай выразнай і ўстойлівай іерархіі, насупраць, усё ўвесь час цячэ, пераліваецца, рухаецца, і кожны павінен быць пачуты і ацэнены кожным, а ўяўленне пра нас людзей цёмных, абмежаваных і тупых не меней важна, чым уяўленне людзей разумных, светлых і тонкіх. Бо чалавек найвялікшым чынам скаваны сваім адлюстраваннем у душы іншага чалавека, нават калі гэта і душа крэтына...».

У абодвух мастакоў ёсць работы на тэму «Скачок», адзіноты ў гарадскім асяроддзі, жыцця ў соцыуме. «“Людзі” — гэта тое, што ў кожны дадзены момант павінна арганізоўвацца — аднак жа гэта арганізацыя, гэта агульная форма ствараецца як выпадковая вытворная тысячы імпульсаў, яе немагчыма прадбачыць, і немагчыма авалодаць ёю тым, хто не ўваходзіць у яе складовай часткай... Там жа, дзе ўзнікае форма, структура, павінна быць Высокае і Нізкае — вось чаму ў людзях адбываецца ўзвышэнне аднаго за кошт іншых, аднаго над іншымі...» (з «Дзённікаў» Гамбровіча). У свеце вобразаў Таццяны людзі паводзяць сябе як малекулы, дэфармуюць адзін аднаго падчас узаемадзеяння, дзе «сняданак на траве» новага пакалення адбываецца на выпакутаваных дасягненнях продкаў.

Пэўнай рэпетыцыяй дадзенага праекта для Уладзіміра Кандрусевіча сталі серыі, паказаныя ў галерэі «ЛаСандр» у 2007–2009 гадах. У выставе «Акадэміі» работы набылі яшчэ больш выразнае сацыяльнае гучанне. Індывід у гарадскім асяроддзі, жывёльная канкурэнцыя ў розных сферах жыцця — пералік тэм можна доўжыць. Аўтар фрэсак у беларускіх касцёлах, Кандрусевіч ужыў атрыманы вопыт у рашэнні перспектывы і ў буйных планах прац экспазіцыі. Характэрна, што ў большасці выпадкаў персанажы намаляваны спінай да гледача. Палотны маюць эфект рэпартажнай фатаграфіі.

У «Нямізе» на пастэльны каларыт летняй спякоты, на ўсю прастору палатна накладзены малюнак чалавечага чэрапа — прадвесніка трагедыі ў метро. У творы «Гонка за лідарам» — веласіпедысты, але гэта спорт, дзе людзі «дыхаюць у спіну» адзін аднаму, імкнучыся не адстаць ад масы. Зрэшты, пры амаль поўнай адсутнасці пазітыву Кандрусевіч дапускае іронію.

Праект «?VERSUS?» аб’ядноўвае двух мастакоў, у працах якіх прысутнічае ідэальны баланс формы і зместу, творчасці і рамеснага тэхнічнага складніка, у гэтых работах ёсць усе якасці «залатой сярэдзіны». Прафесіяналізм, падмацаваны замежным досведам, і мастакоўская шчырасць дазваляюць назваць Таццяну Кандраценка і Уладзіміра Кандрусевіча лідарамі сучаснага жывапісу. Цалкам лагічна пацікавіцца, чаму такіх, як яны, гэтак мала, і задаць пытанне шматлікім нашым «акадэмістам», практыкуючым інтэр’ерны жывапіс: «А куды рухаецеся вы?»

Міхась Мірошнікаў