Красамоўныя жэсты

№ 4 (337) 01.04.2011 - 00.00.0000 г

Сацыяльны праект Марыны Бацюковай

/i/content/pi/mast/43/725/8.jpg
Серыю фатаграфій, якая пазней стала часткай праекта «Рэха цішыні», фатограф Марына Бацюкова стварала надзвычай доўга. Занадта няпростая тэма захапіла яе, складана было ў ёй рухацца. Цягам цэлага года фатограф хадзіла ў мінскую спецыялізаваную школу №14 для дзяцей з парушэннямі слыху, каб здымаць выхаванцаў мастацкай студыі «Фарба» ў звыклым для іх асяроддзі.

Новы праект Марыны вырас з папярэдняга, а дакладней — з яе інтарэсу да твару чалавека, да асаблівых яго выразаў і адлюстраванняў. Выстава «Сам-насам», што дэманстравалася летась у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, уяўляла сабой серыю партрэтаў вернікаў і сталася своеасаблівым даследаваннем чалавека ў пэўных станах яго свядомасці. Людзі, што моляцца ў касцёле, таксама набліжаюцца да рэха цішыні, толькі метафізічнай — яны імкнуцца пачуць нячутнае. У той серыі фатограф доўга шукала святло, ракурсы здымкі, а галоўнае — тыя моманты, калі чалавек, звяртаючыся да Бога, чуйна ўслухоўвацца ў сябе.

Штуршком да наступнай серыі і імпульсам для незвычайных экскурсій у спецыялізаваную школу стала выпадкова ўбачанае глуханямое дзіця, якое ўразіла Марыну напалам эмоцый. На пачатку здымкаў у студыі «Фарба» нічога не атрымлівалася, патрэбен быў нейкі час, каб адбылася адаптацыя фатографа да дзяцей: важна было не купіцца на экзотыку, а раскрыць тое, што ляжыць за яркім феерверкам рухаў і настрояў. Псіхічнае жыццё гэтых дзяцей вельмі зменлівае і напружанае: калі нешта па-сапраўднаму іх зацікавіць, яны могуць глыбока пагружацца ўнутр сябе — але здольныя так жа хутка выходзіць з гэтага стану і накіроўваць сваю энергію на штосьці іншае. Павінна было адбыцца і прывыканне дзяцей да фатографа — да такой ступені, каб перастаць звяртаць на яго ўвагу.

Марына Бацюкова не ставіла задачу стварыць менавіта партрэтную серыю, яна імкнулася паказаць навучэнцаў студыі за любімым заняткам у звыклых для іх умовах. Адлюстраваць іх своеасаблівы свет, падобны і такі непадобны на наш.

Гэтыя дзеці выглядаюць звычайна, калі малююць ці пазіруюць перад фотаапаратам. Калі слухаюць ці перадаюць інфармацыю, не могуць быць няўважлівымі: яны чытаюць вачыма. Максімальная канцэнтрацыя на акце камунікацыі робіць іх душэўныя рухі выразнымі і адкрытымі.

  
/i/content/pi/mast/43/725/9.jpg
У межах мастацкай студыі стасункі вельмі тонкія і складаныя. Найперш паміж дзецьмі — важна звярнуць на сябе ўвагу, падзяліцца навінамі, спытаць парады ці вырашыць спрэчнае пытанне. Паміж выхаванцамі студыі і настаўнікам — апошняму акрамя ведання мовы жэстаў патрэбны яшчэ і мудрасць, і такт, і цярпенне. Арганізаваць дзяцей, такіх рухавых, складана (фатограф згадвае, што ў гэты паскораны рытм надзвычай цяжка было патрапіць). Галоўныя ўзаемадачыненні адбываюцца паміж творцам і яго працай — калі погляд юнага мастака звяртаецца да аркуша з малюнкам, мала што можа адцягнуць яго ўвагу. Хіба што рэзкі рух. Засяроджанасць і пагружэнне ва ўнутраную прастору поўныя і ўсёабдымныя. І тут для фатографа з’яўляецца столькі магчымасцей ухапіць гэтыя тонкія станы душы!

Марына Бацюкова працавала з усімі лініямі стасункаў. У яе работах ёсць і супакойлівая рука педагога, і бурная жэстыкуляцыя яго выхаванцаў, і поўнае паглыбленне ў работу, і звычайныя сцэнкі ў майстэрні ці на пленэры.

Такая шматстайнасць сюжэтаў не лепшым чынам адбілася на агульнай канцэпцыі: абмежаванне правіл гульні (напрыклад, партрэтам ці псіхалогіяй стасункаў) заўсёды дае большую канцэнтрацыю сэнсу.

Але праект сацыяльны, і менавіта гэты складнік выходзіць тут на першы план. Марына Бацюкова сцвярджае, што прынцыпова пазбягала герметычнасці, імкнулася пакінуць праект адкрытым. Нездарма наведнікі адзначалі сацыяльную значнасць выставы: фотаздымкі звяртаюць нашу ўвагу на лёсы дзяцей з цяжкімі парушэннямі слыху, у кожным здымку гучаць эмоцыі, пачуўшы якія, можна зразумець, як моцна такія дзеці маюць патрэбу ў нашай спагадзе і ўвазе.

За гэту серыю работ мастачцы быў прысуджаны залаты медаль у секцыі «Рэпартаж» на міжнародным конкурсе «Планета дзяцей», які быў арганізаваны пад патранатам Нацыянальнага саюза фотамастакоў Украіны і Міжнароднага фатаграфічнага руху ISF. Перамога стала нечаканасцю: дасылаючы свае працы, Марына ўсведамляла, што на большасці прадстаўленых фатаграфій будзе ўвасоблена шчаслівае дзяцінства. Аднак адкрыццё міжнароднай экспазіцыі адбылося на фоне яе здымка, раздрукаванага ў вялікім памеры.

Пазней уся фотахроніка была выверана адмыслова да экспанавання, першая з выстаў адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. На яе адкрыцці дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў патлумачыў, чаму такога роду фатаграфіі апынуліся на галоўнай выставачнай пляцоўцы краіны: «Гэта адзін з самых знакавых праектаў года, таму што музей — не толькі выставы вялікіх мастакоў, але і сацыяльная ўстанова, якая належыць усім, у тым ліку і людзям з абмежаванымі магчымасцямі».

Побач з фатаграфіямі маленькіх мастакоў у гэтай экспазіцыі былі прадстаўлены і іх працы, зробленыя ва ўжо згаданай творчай майстэрні «Фарба». Яе кіраўнік і заснавальнік (1993) — мастак і выкладчык Дзмітрый Ярмілаў. Работы дзяцей ужо экспанаваліся ў Нацыянальным мастацкім музеі (2005), у Міністэрстве замежных спраў, у бібліятэцы імя Пушкіна, а таксама ў многіх краінах свету. У 2009 годзе «Белвідэацэнтрам» быў зняты пра «Фарбу» дакументальны фільм «Хочаш нас пачуць — глядзі».

Жывапіс выхаванцаў студыі такі ж яркі і вольны, як усе звычайныя дзіцячыя малюнкі. Аднак у творах старэйшых — сямнаццаці, васямнаццаці гадоў — заўважаеш значную ступень закадзіраванасці выявы. Знакі, лабірынты — усё гэта, верагодна, адлюстраванне большай візуальнай складанасці іх мовы ў параўнанні з нашай. Мы расшыфроўваем камунікатыўныя коды праз літару-знак і праз гук. Яны ж — заўсёды вачыма. Менавіта таму ў гэтых жывапісных лабірынтах зрэдчас з’яўляецца выява вока.

Марына Бацюкова не шукала ў праекце экзотыку, праз звычайны ракурс яна імкнулася паказаць, што свет дзяцей — адзін з магчымых, ён не горшы і не лепшы, а іншы. І таму — варты ўвагі. Калі я ўпершыню ўбачыла гэтыя партрэты, мне адразу прыгадаліся здымкі дзяцей з парушэннямі зроку літоўскага класіка Антанаса Суткуса. Яны проста гіпнатызавалі гледача. Здавалася б, такая фактура, такія выразы — любы зможа зрабіць уражальную серыю, толькі цісні на спуск затвора. Але ж не... І ў серыі Марыны, як і ў серыі Суткуса, ёсць тое, што аддзяляе гэтыя здымкі ад звычайнай фотафіксацыі: уважлівы погляд і зацікаўленае назіранне — не спачувальнае, а з разуменнем.

Алеся Белявец

Падзяліцца