Дачакаць чыстага неба

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Творчы і жыццёвы шлях Міхася Рагалевіча

/i/content/pi/mast/42/721/52.jpg

Восень. Алей. 1980.

У жніўні 2010 года, на саракавы дзень пасля смерці Міхася Вікенцьевіча Рагалевіча, у галерэі «ДМ» Фальварка «Добрыя мыслі», дзе праходзіла выстава яго работ, адбылася канферэнцыя. Гаварылі мастакі, мастацтвазнаўцы, музейныя супрацоўнікі. Адным з найбольш уражальных быў выступ сакратара Беларускага саюза мастакоў, паэта і графіка Рыгора Сітніцы, які прысвяціў прамову вобразу квітнеючай яблыні, што сталася кропкай адліку творчасці Рагалевіча, яго своеасаблівым брэндам.

Мастак напісаў дзясяткі твораў з квітнеючымі садамі і панарамамі вясны. Малюючы яблыні ў квецені, ён наталяў уласную душу атмасферай і водарам веснавога аднаўлення прыроды. Для яго гэта была магчымасць і духоўнай рэлаксацыі, бо Міхась Рагалевіч пражыў складанае і ў многім трагічнае жыццё: як творца ён пэўны час меў прызнанне і пашану, а потым быў незаслужана забыты.

Аднак Міхась Вікенцьевіч меў цудоўную сям’ю, дзе быў па-чалавечы шчаслівы, у якой знайшоў сабе апору і душэўны супакой. Родныя падтрымлівалі і памагалі ў здзяйсненні шматлікіх творчых планаў.

Яго смерць расставіла кропкі над «і»: за кароткі час музеямі, іншымі ўстановамі і калекцыянерамі былі раскупленыя сотні жывапісных палотнаў і графічных аркушаў. Вялікая і светлая майстэрня (дарэчы, мастак атрымаў яе толькі пасля выхаду на пенсію), па якой з-за твораў складана было праходзіць, раптам стала пустой і халоднай...

Па вялікім рахунку, мастацкая спадчына Рагалевіча добра ўладкаваная. Больш за сотню лепшых работ набыў «Прыёрбанк», будзе выдадзены каляровы каталог калекцыі, а ў новым музеі сучаснага мастацтва пад творы Міхася Вікенцьевіча абяцалі аддаць цэлы паверх. Пры жыцці мастак не мог і марыць пра такое. Гэта і ёсць прызнанне — і таленту, і ўкладу ў беларускую культуру.

/i/content/pi/mast/42/721/51.jpg

Нас з мамай арыштавалі. Алей. 1965.

Першая персанальная выстаўка Міхася Рагалевіча, прымеркаваная да 50-годдзя, праходзіла ў сталічным Палацы мастацтва ў 1983 годзе і для многіх стала нечаканасцю і адкрыццём. 105 жывапісных прац і 81 графічны аркуш (толькі частка яго творчых здабыткаў) запоўнілі энергіяй вобразаў і фарбаў прастору двух паверхаў самага вялікага ў краіне выставачнага павільёна. Гэта быў нябачаны да таго часу ў сценах галерэі інтэлектуальны «феерверк-перформанс» суладдзя яркіх эмоцый, глыбокіх пачуццяў і перажыванняў — пранізлівая мастакоўская споведзь перад суайчыннікамі.

Да першай персанальнай выстаўкі пра творцу пісалі мала: яго мастацтва не ўкладвалася ў адшліфаваныя гадамі панавання сацыялістычнага рэалізму стэрэатыпы ацэначнага мыслення. Але на час правядзення выстаўкі ў грамадстве пачыналі ўзнікаць іншыя настроі...

У 1978–1982 гадах у тым жа Палацы мастацтва прайшлі паказы беларускіх маляваных дываноў, персанальныя выставы Пятра Сергіевіча і Міхася Сеўрука... Адбыліся пераасэнсаванне і вяртанне імёнаў і спадчыны дзеячаў нацыянальнай гісторыі і культуры — Алаізы Пашкевіч-Цёткі, Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны ды іншых. Сталі шырока ладзіцца традыцыйныя народныя святы — Купалле, Каляды, Гуканне вясны. Пачаліся зрухі ў самаідэнтыфікацыі беларусаў як самастойнай і годнай нацыі. Грамадства рыхтавалася да ўспрымання этнакультурных з’яў і адкрыццяў на гэтым шляху.

У той час і творчасць Міхася Рагалевіча атрымала належную падтрымку. Пасля Мінска выстаўка з поспехам экспанавалася ў Маладзечне і Магілёве, Гомелі і Віцебску.

Часопіс «Мастацтва Беларусі» адгукнуўся на падзею публікацыяй трох разгорнутых артыкулаў-рэцэнзій. Захопленыя водгукі надрукавалі часопісы «Беларусь» і «Маладосць», штотыднёвікі «Літаратура і мастацтва» і «Голас Радзімы». Высокая крытычная ацэнка Рагалевіча была адэкватнай яго творчасці, што сваёй чысцінёй і адкрытасцю, даверлівай размовай з гледачом і простым стаўленнем да непасрэдных і выразных актуалій жыцця ўсяго беларускага народа ўспрымалася як глыток свежага паветра, як нешта нязвыклае, але вельмі патрэбнае.

З 1966 года мастак стараўся не прапускаць ні адну рэспубліканскую выстаўку і ў кожнай браў удзел — часам цэлым шэрагам твораў. У 1978-м Міхась Вікенцьевіч стаў сябрам Саюза мастакоў.

Ягонай тэмай былі найперш падзеі ўласнага жыцця. Патлумачыць гэта вельмі лёгка: восем гадзін у дзень ён працаваў мастаком-афарміцелем, зарабляючы «на хлеб», а жывапісам або графікай займаўся ў вольны час. Выбіраць натуру не даводзілася — маляваў тых, хто побач.

Тым не менш, моц таленту дазволіла яму вывесці асабістыя пачуцці і ўражанні да ўзроўню знакавай каштоўнасці вобразаў і гэтым наблізіць асабіста адчутае і перажытае да маштабных паняццяў і з’яў у жыцці цэлага народа.

/i/content/pi/mast/42/721/53.jpg

Памяць. Алей. 1974.

Ён першым у беларускім мастацтве падняў тэму сталінскіх рэпрэсій. Яго карціны «Ліхалецце» (1965), «Гвалт» (1965), «Навала» (1976), у якіх апавядаецца пра раскулачванне яго сям’і і арышт бацькі і брата (іх расстралялі ў Мінску ў 1933 годзе), а таксама серыя твораў гэтай жа тэматыкі («Нас з мамай арыштавалі», 1965; «У канцлагеры», 1968; «Цяжкія гады», 1978; «Маці ў далёкім краі», 1980 і «Успаміны», 1985), прысвечаная пакутам маці, якую ўслед за бацькам і дзядзькам тройчы арыштоўвалі, пасля чаго яна ўжо не вярнулася дадому, — сапраўдны рэквіем-плач аб працавітых, прыгожых, таленавітых — лепшых прадстаўніках беларускага народа, закатаваных, раздаўленых дзяржаўнай машынай савецкага аўтарытарызму.

І па сённяшні дзень у беларускім мастацтве не з’явілася ніводнага твора на азначаную тэму, у якім бы на такой высокай ноце прагучаў праз усё жыццё пранесены боль.

Другая па значнасці тэма творчасці мастака, узятая з асабістага вопыту і выяўленая на ўзроўні сацыяльнай і нацыянальнай з’явы ў жыцці цэлага грамадства, — тэма селяніна, які пераехаў з вёскі ў горад з усім комплексам яго звычак, традыцый, светаўспрымання.

Інтэнсіўны рост прамысловасці Беларусі ў пасляваенны перыяд і цягам другой паловы ХХ стагоддзя зменшыў вагу традыцыйнай народнай гаспадаркі. Патрэбныя для заводаў працоўныя сілы былі ўзятыя з вёскі. Але звычкі і традыцыі чалавека хутка не памяняеш. Тое, што фарміравалася стагоддзямі, застаецца ў свядомасці народа, у яго генетычнай памяці, якая ў рэшце рэшт кіруе і этналагічна абвостраным мысленнем мастака, што не забыў пра свае карані. Творчасць Міхася Вікенцьевіча таму яскравы прыклад.

/i/content/pi/mast/42/721/54.jpg

Яблыня ў квецені.Алей. 1989.

У Рагалевіча над усім дамінуе тэма сям’і — як форма гарманічнага светапачування беларуса. Праз усё мастацтва творца пранёс яе вобразы і на гэтым шляху не пабаяўся выглядаць наіўным, местачковым, не гламурным. Бо ведаў: праўда жыцця і сіла пачуццяў, падмацаваныя творчай сталасцю і прафесіяналізмам, з’яўляюцца меркай вартасці мастацтва канкрэтнай краіны, адпаведнага пэўнаму часу і эпосе.

Праз вобразы кахання («Антось і Ганна», 1978; «Дзень нараджэння», 1985), радасці першых сямейных здабыткаў («Адведкі», 1964,1965,1967; «Восень», 1980; «Збіраюць яблыкі», 1981; «Маладая сям’я», 1988), клопатнага шчасця гадавання малых дзяцей («Вечар», 1968; «Роздум», 1968; «У яслі», 1972; «Спі, маленькі», 1971; «Маці і дачка з кветкай», 1974; «Раніца», 1975,1978; «Шчасце», 1984,1986; «З рук у рукі», 1991; «Які прыгожы гэты свет», 1974, 1977) і фарміравання з дзяцей асобаў і грамадзян («Школьніца», 1976; «Праводзіны ў войска», 1978,1983; «У вольную хвіліну», 1983; «Наведванне», 1984), выяўлення каштоўнасцей у адносінах у сям’і паміж блізкімі людзьмі («У святочны вечар», 1979; «Журавіны», 1983; «Стамілася», 1984; «На балконе», 1985) Рагалевіч стварыў цэласныя цыклы. Асірацелы яшчэ немаўляткам, ён асабліва абвострана адчуваў вартасць сям’і. Моцай уласнага таленту мастак стаў на абарону сямейных каштоўнасцей як найвялікшага скарбу чалавека.

Выкарыстоўваючы разнастайныя сюжэтныя лініі, мастак прамалёўвае этнічны кантэкст побыту гараджан, якія паходзяць з вёскі. Праз насычаную адпаведнымі «рэплікамі» апратку і дзеянні людзей, атмасферу інтэр’ераў іх жытла ён выяўляе самабытную прыгажосць натуры этнічнага беларуса.

Сярод адметных сімвалаў у творах Рагалевіча сямейнай тэматыкі на першы план выступае вобраз ручніка з чырвонымі конікамі па краі (усё, што засталося ў спадчыну ад бацькоў). Упершыню ён сустракаецца ў дыпломнай працы жывапісца «Адведкі» (1964), дзе размяшчаецца на першым плане як сямейны рэлікт бацькі народжанага дзіцяці. А далей трапляе ў карціны «Маладая сям’я» (1978) і «Восень» (1980). У вобразны рэфрэн прысутнасці ў розных карцінах аднаго і таго ж вышыванага ручніка ўкладваецца вялікі сэнс разумення духоўнай спадчыны.

Вобраз працавітай жанчыны Міхась Вікенцьевіч выпісаў тонка і шчыра, як важны акцэнт уласнага мастацтва. У такіх карцінах, як «Беларусачка» (1976), «Сучаснасць» (1998), гэты вобраз паўстае самадастатковым, адасобленым ад тэматычных цыклаў, у іншых — працінае ўсе карціны сямейнага цыкла і нясе ў сабе касмічнае пачуццё павагі і захаплення годнасцю жанчын-працаўніц («Гаспадыня», 1966; «Вечар», 1968; «Раніца», 1975,1978; «Пойдуць жаць», 1984). Гэта становіцца відавочным, калі праглядаеш спадчыну графічных твораў мастака, дзе захаваліся серыі малюнкаў, зробленых на тэмы «тая, што шые», «тая, што вяжа», «тая, што мые», «тая, што варыць», «тая, што жне» і падобныя... Кожны з іх узор віртуознага малявання, дакладна выяўленага характару натуры, моцнай энергетыкі штрыха і тонавай плямы. Зыходзячы з гэтага, разумееш, што жывапісныя творы — толькі бачная частка айсберга каласальнага творчага патэнцыялу Рагалевіча.

Мастак любуецца постаццю, рухамі, гармоніяй жанчыны ў яе адвечных занятках і справах. У асобных карцінах творца ўздымае кабету да манументальнай велічы («Памяць», 1974), у іншых надае ёй вобразныя характарыстыкі багінь старажытнай міфалогіі, што «пралі ніці жыцця» або «ўрачыста перабіралі пацеры часу» («У святочны вечар», 1979; «Журавіны», 1983). Менавіта тыя творы, дзе мастак заўважыў і выразна, знакава паказаў гледачу штосьці патаемнае, глыбока прыхаванае ў жанчыне, але па-сапраўднаму вартае ўслаўлення, з’яўляецца найвялікшым творчым скарбам спадчыны Рагалевіча.

Вобраз жанчыны-працаўніцы, захавальніцы сямейнага цяпла дамінаваў у карцінах Рагалевіча на працягу доўгага перыяду. Але паступова мастак аддае перавагу жанчыне як сімвалу хараства незямнога тварэння.

Працэс ідэалізацыі вобраза жанчыны разгортваўся цягам усяго творчага развіцця Міхася Рагалевіча. Менавіта таму многім здаецца, што мастак пісаў адну і тую ж мадэль, і ў гэтым ён сугучны з Бацічэлі ці Мадзільяні. Прататыпаў яго жаночых партрэтаў было няшмат — жонка, дачка і маці. Быў яшчэ адзін сінтэзаваны, выведзены як формула вобраз — Музы.

Найбольш выразныя ідэалізаваныя жаночыя вобразы — Ганна ў карціне «Антось і Ганна» (1978), у сюжэце пра закаханых ля «Дрэва Жыцця», у пэўнай ступені ў творы «Які цудоўны гэты свет» (1974–1977), дзе мастак апаэтызаваў вобраз дзяўчынкі, што нават не бяжыць, а лунае над зямлёй з кветкай у руцэ. Нарэшце, адбылося і само ўзнясенне ў сюжэце карціны «Дзень нараджэння» (другая назва — «Каханне», 1985). Але вызначальны падзел паміж рэальным, жыццёвым вобразам жанчыны ці дзяўчыны і наданнем яму незямной, касмаганічнай значнасці адбыўся на этапе творчага спасціжэння мастаком вобраза маці, што загінула ў сталінскіх лагерах яшчэ ў часы маленства Міхася Вікенцьевіча. Ён шматкроць нібы ікону пісаў яе партрэт, углядаючыся ў маленькі, цудам ацалелы фотаздымак з пашпарта, на якім маладая жанчына з прыгожымі курчавымі валасамі — Ганна Францаўна Рагалевіч-Аленская. Так з’явілася серыя партрэтаў «Мая мама» (1968–1972), пазней — карціны «Маці ў далёкім краі» (1980) і «Успаміны» (1985), прасякнутыя высокім драматызмам, чароўнасцю фарбаў узнёслай паэтызацыі.

У карціне «Успаміны» з’яўляецца яркая метафара, што ўжо потым не знікала з шэрагу дамінуючых архетыпаў у мастацтве Рагалевіча, — куст барвова-чырвоных ружаў. Выява гэтай кветкі з вострымі шыпамі атаясамлівалася мастаком з несцярпным болем і яго памяццю, а таксама з памяццю цэлага народа пра горыч шматлікіх страт у часы рэпрэсій і войнаў у кожнай беларускай сям’і.

Міхась Вікенцьевіч не хацеў прадаваць свае карціны, бо шкадаваў іх, нібыта ўласных дзяцей. Выключэнні рабіліся для беларускіх нацыянальных музеяў і фондаў — з агаворкай, што паводле кожнай аддадзенай карціны будзе зроблены аўтарскі паўтор. Але нечым трэба было зарабляць. Да самай пенсіі ён працаваў мастаком-афарміцелем у Інстытуце фізікі Нацыянальнай акадэміі навук. У яго быў свой кабінецік, дзе захоўвалася большая частка твораў, а ў вестыбюлях і калідорах мастак вывешваў карціны, удзячнымі гледачамі якіх былі работнікі ўстановы.

У вольную хвіліну на працы Рагалевіч пісаў партрэты і звычайных навуковых супрацоўнікаў, і славутых прафесараў ды акадэмікаў. Многія з іх экспанаваліся на рэспубліканскіх групавых і персанальных выстаўках мастака, некаторыя набытыя музеямі. У бягучым годзе адбудзецца святкаванне юбілею акадэміка Фёдара Фёдарава, у межах якога ў мінскім Палацы мастацтва запланаваная выстаўка твораў Міхася Рагалевіча: на многіх з іх увасоблены беларускія фізікі, у тым ліку і юбіляр. Сярод работ — «Фізік-эксперыментатар» (1977), «Фізік-тэарэтык» (1977), «Фізік-крышталаоптык У.Белы» (1982), «Вучоны» (1983), «Гонар беларускай навукі, фізікі Ф.І.Фёдараў, А.А.Богуш, Б.В.Бокуць» (1987).

Адметнасць гэтых твораў у тым, што яны раскрываюць погляд мастака на працаўнікоў навукі як на людзей, з аднаго боку — звычайных, а з іншага — больш безабаронных перад жыццём і яго побытавымі праблемамі. Але кожнага са сваіх герояў творца надзяляе архаічна-зямной прыгажосцю, што не мае нічога агульнага са свецкімі ўяўленнямі, а звязана з фізічнай і духоўнай неардынарнасцю прататыпаў карцін. Якраз гэтыя кампазіцыі з прычыны іх фенаменальнай арыгінальнасці найболей вартасныя ў творчай спадчыне Рагалевіча.

Праз ёмістыя мастацкія вобразы творца атаясамліваў блізкіх і дарагіх сэрцу людзей і сябе таксама з выявамі прыроды, якую пісаў багата і пранікнёна. Паколькі мастацтва Рагалевіча ў аснове сваёй аўтабіяграфічнае, з ім добра стасуецца назва аднаго з галоўных твораў жывапісца — «Пра час і пра сябе» (1992). ...На беразе ракі разгортваецца драма: адно з двух дрэў, што адасобіліся ад агульнай купкі сабе падобных, апынулася на краі абрывістага берага і вось-вось зваліцца ў бурлівы паток ракі, карані і ствол ужо завіслі ў прасторы... Але яго надзейна ўтрымліваюць стромкія галінкі суседняга дрэва. Яны, нібы абняўшыся, моцна перапляліся. І здаецца, жудасныя хмары навальніцы пачынаюць разыходзіцца, а паміж імі выявіўся і зіхаціць доўгачаканы прарыў чыстага неба...

Міхась Рагалевіч задумваў карціну як метафару жыцця чалавека, якому, як таму дрэву, даводзіцца быць у пастаянных ваганнях паміж зямлёй і небам, паміж існаваннем і жыццём, паміж мёртвым і жывым. І каб жыць, а не існаваць, і «дачакаць чыстага неба», трэба шукаць апірышча, найперш духоўнага.

Некалі мой вучань Павел Ганчароў пра творчасць Міхася Вікенцьевіча выказаўся проста і адназначна: «Хто павінен пераважаць у мастаку: рамеснік ці псіхолаг, добры выканаўца ці той, хто можа крануць вобразамі твораў патаемныя пласты чалавечых душ? Менавіта зварот да патаемнага ў душы чалавека першасны ў творчасці Рагалевіча. Чыстая і ідэалістычна-светлая прырода вобразаў мастака захапляе, прыварожвае, дасягае самых глыбінных, архаічных пластоў свядомасці гледача».

Вось разважанні на гэтую ж тэму журналісткі Алены Спасюк: «Гляджу на яго карціны позіркам чалавека, які стаміўся ад мітусні нашага жорсткага жыцця, ад хамства ў трамваях і чэргах, ад злосці сваёй і чужой. Гляджу і адчуваю, што на душы становіцца лягчэй. Цеплыня іх растапляе лёд у сэрцы і прымушае зразумець, што свет быў створаны чыстым».

Апошні ў жыцці Міхася Рагалевіча твор — дыптых, кампазіцыя якога ўжо была завершана, але пэндзаль з фарбай так і не паспеў дакрануцца да палатна. Гэту работу (яе ўмоўна можна назваць «Не паспеў дамаляваць...») мастак задумаў як абагульненне ўсяго перажытага, усяго здабытага, перадуманага і асэнсаванага.

...З аднаго боку постаць самога творцы з эцюднікам на плячы, які рашуча і энергічна шпацыруе ад нас, гледачоў, у глыб прасторы карціны, дзе бяскрайні краявід — нібы пазл, складзены з любімых вобразаў Беларусі, увасобленых у шматлікіх, створаных цягам усяго творчага жыцця пейзажах мастака. З другога — правага — боку карціны, таксама на першым плане, насустрач творцу, насустрач гледачу ідуць напружаныя пад цяжарам прыладаў і здабыткаў працы вяскоўцы. У прывітальным звароце да іх мастак прыўзняў свой капялюш. Пачуццём глыбокай павагі да гэтых галоўных на зямлі Рагалевіча людзей працятыя і жэст, і ўся кампазіцыя карціны, кожны яе вобразны эпізод. Нават не дапісаная, яна, можа быць, яшчэ больш аголена, яшчэ больш пераканаўча і знакава выразна акрэсліла сутнасць самага важнага, стрыжнявога ў творчасці вельмі сціплага па натуры, але грунтоўнага і надзвычай пераканаўчага ў разуменні праўды і сутнасці жыцця цудоўнага мастака Міхася Вікенцьевіча Рагалевіча.

Таццяна Гаранская