Інтанацыя тканага жывапісу

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Габелены Ларысы Густавай

/i/content/pi/mast/42/719/43.jpg

Восень. Габелен. 2008.

Развіццё габелена на працягу стагоддзяў вызначалася дваістасцю: гэты глыбока традыцыйны, «першасны» від творчай дзейнасці фармаваўся як мастацтва адначасова дэмакратычнае і арыстакратычнае, манументальнае і ўтылітарнае, прыкладное і разам з тым — самадастатковае. Габелен, які валодае выразнымі выяўленчымі якасцямі, успрымаецца намі як жывы і актыўны від творчасці, ён не мае нічога агульнага з тыражаваннем танных фабрычных вырабаў, а ўвасабляе мадэль светабудовы цэлых рэгіёнаў ці выяўляе эстэтычныя погляды мастака, які замест фарбаў абраў прадзенне.

Вяртанне пасля некаторага зацішша цікавасці творцаў і гледачоў да старажытнай тканай карціны ў яе сучаснай інтэрпрэтацыі супадае з нарастаючай у тэхналагічную эпоху настальгічнай цягай да рэчаў унікальных і рукатворных, здольных не проста ўпрыгожыць, але і ўцяпліць аскетызм бетоннай архітэктуры. Ствараючы ў інтэр’еры ці на выставе ўласнае «мікраасяроддзе», тэкстыльныя кампазіцыі нязменна захоўваюць жывы дотык чалавечых рук. Пры надзвычай умоўным разуменні тэрміна «сучасны габелен», яго пластычных, прасторавых, канцэптуальных магчымасцей, у якіх часта не асэнсоўваюцца адметнасці выяўленчай прыроды, менавіта «тканая карціна», як класічны твор дэкаратыўнага мастацтва, абапіраючыся на архетыпы сімвалічнай змястоўнасці пластычных формаў, працягвае сёння папаўняць шырокі круг гісторыка-культурных выяў і традыцый.

Вядомы майстар габелена Ларыса Густава належыць да пакалення мастакоў-тэкстыльшчыкаў, выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, з якім звязана адраджэнне нацыянальных традыцый ткацтва і тэхнікі класічнага габелена ў 1970–1980-х гадах — знакавым перыядзе для нашага мастацтва. Нягледзячы на распаўсюджанне ў ткацтве і, шырэй, мастацтве тэкстылю апошніх дзесяцігоддзяў новых тэхнік, нетрадыцыйных матэрыялаў і вобразных рашэнняў, пакаленне «сямідзясятых» і дагэтуль працягвае захоўваць вядучыя пазіцыі, што сведчыць пра невычэрпныя мастацкія і пластычныя магчымасці гладкага габелена. Для многіх тэкстыльшчыкаў, звыклых працаваць галоўным чынам па афіцыйных замовах з іх тэматычнай прадвызначанасцю, новая культурна-эканамічная сітуацыя стала выпрабаваннем. Не заўсёды ўдалымі былі спробы ўзгадніць творчыя і камерцыйныя інтарэсы, часцяком класічны габелен з мастацтва вечнага і фундаментальнага, філасофскага і паэтычнага ператвараўся ў механістычную мазаічную кампаноўку па прынцыпе элементарнай дэкаратыўнасці. Тым большай павагі заслугоўваюць творцы, якія захавалі асобасны падыход да працы.

Ужо трыццаць пяць гадоў Ларыса Густава застаецца верная ткацтву. Больш таго, яна, здаецца, свядома абмяжоўвае сябе тэхнікай класічнага гладкага (рэдка — даўгаворсавага) шчыльнага перапляцення і прастакутнага фармату, упэўнена развіваючы традыцыі сапраўднага мастацтва габелена, названага Ле Карбюзье «mural nomade» — вандроўнай фрэскай. Пазнавальны аўтарскі почырк, пачуццё рытму, ярка выяўленае ў сувымернасці плоскасцей, кампазіцыйная і каларыстычная завершанасць, высокі прафесіяналізм — усё гэта прынесла ёй заслужаную вядомасць. Габелены Густавай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, абноўленым Вялікім тэатры оперы і балета, у музеях Полацка, Заслаўя, Гродна, у літаратурным музеі Янкі Купалы і калекцыі Саюза мастакоў Беларусі, у прыватных калекцыях, яны з поспехам экспанаваліся на выставах па ўсім свеце. Але за шмат гадоў творы Густавай ні разу не зрабіліся аб’ектам пільнай увагі крытыкі, якая па-ранейшаму ставіцца да гэтага віду мастацтва як да нечага другараднага.

/i/content/pi/mast/42/719/45.jpg

Кветкі. Габелен. 1991.

Агульная жывапісная культура і эстэтыка «вялікага стылю» з’яўляюцца асновай мастацкай мовы габеленаў Ларысы Густавай (хоць на яе паўплывалі і авангардны жывапіс, і народная традыцыя), яна сумяшчае класічныя матывы з сучасным разуменнем формы. Адсюль паралельнае развіццё розных кірункаў плоскага габелена — класічнай сюжэтна-тэматычнай шпалеры («З вякоў мінулых», «Мiнск музычны», «Тэатральныя вытокi», 2009), дэкаратыўна-выяўленчага габелена, арганічна злучанага з манументальным стылем 1970–1980-х гадоў («Мой Мiнск», 2003, «Гуканне вясны», 2007), і невялікіх камерных прац. Яе рэчы аднолькава добра глядзяцца і на выставе, і ў афіцыйным інтэр’еры, і ў прасторы звычайнай кватэры; нават у маленькім памеры яны захоўваюць манументальнасць і ўнутраную архітэктоніку. Даволі хутка пасля заканчэння інстытута вызначыліся асноўныя стылістычныя прынцыпы габеленаў Густавай: актыўнасць колеру, жывапіснасць кампазіцыі, паэтычнасць і музычнасць вобразнай мовы, інтэнсіўнасць рытму ў спалучэнні са стрыманай, нейтральнай фактурай. Іх падабенства з жывапісам відавочнае, але больш слушна будзе ўжыць тэрмін «тканінапіс», паколькі ў працах Густавай нязменна прысутнічае дакладнае і тонкае разуменне той асновы, на якой ствараецца малюнак, і натуральнай прыгажосці тканіны, яе каляровых і фактурных якасцей. Пра пачуццё матэрыялу красамоўна сведчаць ідэальна знойдзеныя суадносіны пазнавальнасці і ступені ўмоўнасці пластычнай формы. Да чаго б яна ні звярталася: да архітэктурна-пейзажнай пабудовы кампазіцыі, да дэкаратыўных ці абстрактных формаў — мастачка ніколі не змяняла сутнасці ткацтва.

У пошуках гэтых законаў Ларыса Густава ішла нялёгкім шляхам шматстайных асацыяцый — ад самых простых, якія ляжаць на паверхні, да абагульнена-сімвалічных. У коле яе інтарэсаў першапачаткова апынуліся нацыянальная гісторыя і культура, свет чалавечых эмоцый і, асабліва, зменлівасць прыроды, яе станаў і пор года. Адной з улюбёных тэм Густавай з’яўляецца пейзаж з сімвалічнай трактоўкай прыроднага матыву ў адмысловай манеры дэкаратыўнай умоўнасці малюнка, які раствараецца ў тканым асяроддзі. Часта яна выбірае матывы, на першы погляд, вельмі звычайныя, умее любавацца травінкай, лістом, лініяй, формай. Але ўпадабаныя мастачкай натуральныя, прыродныя формы кветак, травы, дрэў, птушак і жывёл пераносяцца ў плоскасць габелена не наўпрост, а ідэалізуюцца, адухаўляюцца, знаходзяць сваё незалежнае пластычнае і дэкаратыўнае выражэнне. Яны нібы тыпізаваны ў сваім паэтычным і эмацыйным характары. Маляўнічае ўспрыманне прыроды, схільнасць да дынамікі і паэтычнай выразнасці адбіваюцца ў імкненні да абагульнення і да спрашчэння формаў.

Яе «тканінапіс» паступова вызваляўся ад пэўнасці і жорсткасці сілуэтаў, станавіўся больш умоўным, мякчэйшым, танчэйшым па колеры. Большасці габеленаў Густавай дэкаратыўна-выяўленчага і камернага кірункаў уласцівыя вольныя асіметрычныя прыёмы дэкору, якія падпарадкоўваюць логіку рэальнага матыву. Геаметрычныя плоскасці ў іх расцякаюцца ў больш вольным рытме дробных фарбавых плям, якія, падаецца, увабралі халодныя пералівы вады, цеплыню нагрэтых сонцам пяску, зямлі і каменя, свежую зеляніну вясновай лістоты. Абрысы выявы — дрэвы, горы, букет — ледзь прыкметныя, іх трэба адгадваць у кампазіцыях, якія рассыпаюцца на жывапісныя блікі, ва ўнутраным руху каляровых мас, якія згушчаюцца і разрэджваюцца, выклікаючы асацыяцыю з музычнай поліфаніяй («Дрэўца», 2000, «Сіні букет», 2007). Паэтычная сутнасць габеленаў Густавай заўсёды светлая, яна адзначана непасрэднасцю, «дзяцінасцю» погляду на свет. У цэласнай вобразнай атмасферы, прасякнутай ідэяй атаяснення чалавека і асяроддзя, супольнасці быцця, жыццёвай пульсацыі, якая аб’ядноўвае ўсё жывое, шматзначна ўзаемадзейнічаюць абагульненыя формы і арнаментальныя рэфрэны, умоўныя маштабы і рытмічныя змены цёплых і халодных тонаў.

Вар’іруючы нешматлікія матывы і тэмы, мастачка з года ў год насычае, узбагачае свой тэкстыльны свет, у якім натуральная разнастайнасць прыроды спалучаецца са зменлівасцю душэўных станаў, кожны раз стварае работу новую па змесце і эмацыйным адчуванні. Любая яе рэч прадумана і ўзважана ва ўсіх дэталях, што дазваляе дасягаць незвычайнай раўнавагі паміж сэнсавым і вобразна-сімвалічным бакамі. Разнастайныя па колеравай гаме, вытрыманай то ў мяккіх зеленавата-вохрыстых, шэра-блакітных, карычневых адценнях, то ў гучных сініх, бірузова-смарагдавых, кінаварна-чырвоных тонах, габелены Ларысы Густавай вылучаюцца дэкаратыўнай узнёсласцю фарбавых спалучэнняў і высакароднасцю прапорцый, выразнасцю кампазіцыі. Струменістыя лініі простага гладкага ткацтва ў роўнай меры дапамагаюць увасобіць як немудрагелісты сюжэт, змест якога раскрываецца адразу і непасрэдна («Лілеі», 1996, «Касачы», 1991,1998, «Белыя кветкі», 1998, «Букет», 1998, «Кветкі і матылькі», 2001, «Ранішні букет», 2001, «Цмок», 2004, «Конікі», 2006), так і ўмоўныя пейзажы, поўныя наіўнай прастаты і сардэчнай тонкасці лірычныя эцюды розных прыродных станаў («Горы», 1998, «Поры года», 2008). У іх амаль адсутнічае выяўленчы пачатак і няма намёку на якую-небудзь ілюстрацыйнасць, што змушае гледача спасцігаць сутнасць працы праз уважлівае чытанне яе мастацкай канвы. У серыях «Шлях», «Палітра», у трыпціху і дыптыху з аднолькавай назвай «Трывога» (1993 і 1998) метафарычная і сімвалічная тэма задае і прынцыпова іншую мастацкую мову і манеру выканання: вострую суладнасць формаў і фактуры, што ўвасабляюць рух унутраных сіл, самастойную экспрэсію ліній і рытмаў, рэзкіх кантрастаў, дзе выразная геаметрыя яркіх сініх, зялёных, чырвоных квадратаў, прастакутнікаў і трыкутнікаў, ламаныя, ірваныя лініі мякчэюць, расплаўляюцца даўгаворсавай тэхнікай. Вельмі цікава і нечакана па-сучаснаму выглядае выкарыстанне народнай традыцыі ў дыптыху «Світанак» (2004), дзе тонкае каларыстычнае і рытмічнае рашэнне кампазіцыі, збудаванай на аснове простых арнаментальных палос, становіцца таленавітай аўтарскай імправізацыяй на тэму хатняй даматканай дарожкі. Хоць для стылістычнага почырку Ларысы Густавай больш характэрны выразныя контуры і яркія лакальныя колеры, надзвычай удалыя і яе габелены, зробленыя па прынцыпе жывапіснай (дакладней, «тканінапіснай») эскізнасці («Ружовая птушка», 1986, «Гілі», 1987, «Сарокі», 1998). У працах «Раніца» і «Вечар» (2009) каляровыя плямы без рэзкіх межаў вольна перацякаюць адна ў адну, фармуючы рухомую, імпрэсіяністычную выяву, што пластычна і каларыстычна адпавядае тэме. У «Раніцы» складаная халодная шаравата-блакітная гама з украпваннем цёплых акцэнтаў пабудавана на тонкіх пераходах, у «Вечары» — на больш кантрасным супастаўленні вохрыста-чырвоных і зялёна-бірузовых тонаў. Кантраст халоднай і цёплай кампазіцый, размешчаных побач, дазваляе адчуць асаблівасці кожнай з іх, ствараючы сузіральны, філасофскі настрой.

Калі ў камерных габеленах ці ў манументальных працах, такіх як габелен для Нацыянальнай бібліятэкі «Гуканне вясны» (2007) ці «Азёрны край» (2007), мастачка робіць упор на агульную дэкаратыўнасць твора, яго каларыстычную жывапіснасць, то ў класічных шпалерах, прызначаных для афіцыйных памяшканняў («Пейзаж Нясвіжа» і «Пейзаж Свету», 2009 — для Пасольства Беларусі ў Францыі, «Тэатральныя вытокi», «З вякоў мiнулых», «Мiнск музычны» — для Вялікага тэатра оперы і балета), вытрыманы ўсе каноны жанру: умоўнасць прасторавых пластоў, рознамаштабнасць, перспектыўныя скарачэнні, аб’яднаныя традыцыйным абрамленнем з раслінных элементаў. Яны выкананы ў зеленаватай і вохрыста-карычневай гаме, дапоўненай чырвонымі і шэра-блакітнымі спакойнымі акцэнтамі. Галоўнымі сродкамі мастацкай выразнасці становяцца складанасць кампазіцыйнай пабудовы і тонкая танальная распрацоўка манахромнага каларыту. Неабходна таксама адзначыць уласцівую ўсім манументальным працам Густавай дакладную стылявую сугучнасць габелена з тым архітэктурным асяроддзем, для якога ён прызначаны (гэта тычыцца і ультрасучасных экстэр’ера і інтэр’ера Нацыянальнай бібліятэкі, і традыцыйных інтэр’ераў Вялікага тэатра оперы і балета), іх актыўнае ўзаемадзеянне, што адпавядае першапачатковаму разуменню габелена як мастацтва сінтэтычнага, вобразна-насычанага.

Так па-рознаму выяўляецца аўтарская індывідуальнасць у межах адзінага паводле прынцыпаў формаўтварэння і выканання гладкага габелена. Аднак і ў манументальных працах Ларысы Густавай, і ў самых маленькіх, камерных яе рэчах нязменнымі застаюцца эмацыйная інтанацыя, жыццесцвярджальны аптымізм і лірыка, якія раскрываюць пачуцці і думкі аўтара, яго жаданне ўвесці гледача ў творчы працэс суперажывання. А арганічнае спалучэнне сталасці мастацкага і стылістычнага мыслення, прастаты сродкаў, прафесійнага майстэрства і здзіўленага, шчырага погляду на рэчаіснасць надае адмысловае абаянне яе творам, якія пацвярджаюць, што класічная эстэтыка прыгожага ніколі не страціць сваёй актуальнасці і што нават у самым маленькім прастакутніку, вытканым рукамі адоранага і неабыякавага мастака, можа ўвасобіцца ўсё багацце навакольнага свету.

 Марына Эрэнбург