У стылі «russian fantasy»

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Прэм’ера оперы Рымскага-Корсакава «Снягурка»

/i/content/pi/mast/42/718/38.jpg

Таццяна Гаўрылава (Снягурка).

Напрыканцы студзеня Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета прэзентаваў шырокай публіцы новую работу — прэм’еру оперы Мікалая Рымскага-Корсакава «Снягурка». Асаблівы інтарэс гледачоў і крытыкі да яе справакавалі перадусім дзве акалічнасці. Па-першае, гэта опера даўно не ішла ў Мінску — мінулае сцэнічнае ўвасабленне было зроблена рэжысёрам Сяргеем Сільніцкім тры дзесяцігоддзі назад, ажно ў 1981-м (нават сталага веку тэатраманы не бачылі яе на ўласныя вочы). Па-другое, у якасці рэжысёра «Снягуркі» выступае Сусанна Цырук, якая некалі пачынала ў Мінску, паставіла тут шэраг яркіх спектакляў, а потым надзвычай удала рэалізоўвала сябе як пастаноўшчык на сцэне многіх еўрапейскіх і расійскіх музычных тэатраў, у тым ліку і знакамітай Марыінкі.

Ступень радыкальнасці

Перш чым пачаць размову пра новае аблічча «Снягуркі», хацелася б крыху паразважаць на тэму інтэрпрэтацыі опернай класікі. Зразумела, што опера руская (Чайкоўскі, Мусаргскі, Рымскі-Корсакаў, Барадзін...) і заходняя (Вердзі, Пучыні, Расіні...) складаюць цяпер большую частку афішы і аснову рэпертуару амаль кожнага опернага тэатра. І гэта тэндэнцыя відавочная на музычных падмостках многіх краін.

Чаму? Тлумачэнне вельмі простае. Оперная класіка — гэта лепшае, праверанае часам, адабранае — тэатрамі, салістамі, дырыжорамі. Гэта бясспрэчныя хіты, на якія публіка абавязкова пойдзе. Зала будзе поўная, аншлаг забяспечаны, салісты прадэманструюць свае вакальныя дадзеныя, рэжысёр і мастак атрымаюць магчымасць прапанаваць арыгінальную канцэпцыю. У дадатак за рускай і заходнееўрапейскай операй стаіць магутная традыцыя, а значыць, масіў твораў, з якіх можна выбіраць — адпаведна павевам і патрэбам часу, цікавасці рэжысёра і дырыжора. Ці ёсць у беларускай оперы дастатковая для шырокага выбару колькасць твораў, асабіста для мяне пытанне. Хоць гэты масіў цягам апошніх дзесяцігоддзяў паступова ўзнікае. Але ці хапае тут разнастайнасці жанраў, да прыкладу, ці багата ў нас камічных опер? — зноў-такі пытанне. Увогуле ўзаемаадносіны нацыянальнай музыкі — нават у асобах лепшых прадстаўнікоў айчыннай кампазітарскай школы — і нашай Нацыянальнай оперы дастаткова складаныя, заблытаныя і супярэчлівыя для таго, каб акрэсліць іх у адным абзацы або ў некалькіх сказах.

Оперныя пастаноўкі, якія мне давялося пабачыць на ўласныя вочы ў тэатрах, на дысках і дзякуючы ТБ, даюць падставу паразважаць на тэму ўвасаблення класікі на опернай сцэне. Таму прапаную ўласную, досыць умоўную класіфікацыю, якая грунтуецца на ступені радыкальнасці ў стаўленні рэжысёра да партытуры, тэмы і герояў.

Першы накірунак звязаны з істотнымі трансфармацыямі (мяняюцца месца і час дзеяння, скасоўваюцца асобныя героі, сур’ёзна перапрацоўваецца лібрэта). Прыклады? Іх шмат. Дырыжор Аляксандр Анісімаў, які даўно і надзвычай удала пабудаваў сваю міжнародную кар’еру, расказваў пра бачаную ім оперу «Мазепа», як вядома, напісаную Чайкоўскім паводле паэмы Пушкіна «Палтава»; дзеянне паэмы і оперы адбываецца на пачатку XVIII стагоддзя. Сучасны рэжысёр перанёс дзеянне «Мазепы» ў 30-я гады ХХ стагоддзя, у часы сталінскіх рэпрэсій. Ёсць варыянты «Царскай нявесты» Рымскага-Корсакава, перанесенай у той жа час. Існуюць пастаноўкі «Дэмана» Антона Рубінштэйна, дзе галоўны герой — пацыент псіхбальніцы, а Анёл — доктар-псіхатэрапеўт...

Дастаткова радыкальныя змены зведаў і «Трубадур» Вердзі, увасоблены пазалетась у нашай оперы замежнай пастановачнай брыгадай. З сярэднявечнага замка дзеянне было перанесена ў 40–50-я гады мінулага стагоддзя, у горад, дзе супрацьстаяць адна адной групоўкі мафіі. Вельмі нечаканае рашэнне прапанавалі рэжысёр Васіль Бархатаў і сцэнограф Зіновій Марголін, калі ў мінулым годзе ўвасобілі класічную аперэту «Лятучая мыш» Штрауса на сцэне маскоўскага Вялікага тэатра. Усе падзеі спектакля разгортваюцца на акіянскім лайнеры, пасажыры якога выпраўляюцца ў падарожжа.

Апошняя па часе пастаноўка Дзмітрыя Чарнякова ў тым жа Вялікім тэатры, ажыццёўленая летась, — «Дон Жуан» Моцарта. Ніякага барока або класіцызму ў дэкарацыях — сучасныя інтэр’еры. Ніякіх карункаў і крыналінаў — дызайнерскае адзенне нашага стагоддзя. Ніякіх парыкоў — твары-тыпажы, запазычаныя з заходніх фільмаў апошніх гадоў.

Яшчэ адзін красамоўны прыклад. Сучасны варыянт «Севільскага цырульніка», паказаны маскоўскай Новай операй на Калядным форуме, так моцна ўразіў мастацкае кіраўніцтва нашага тэатра, што было вырашана тэрмінова зрабіць новую пастаноўку спектакля, які ўжо ідзе на нашай сцэне, менавіта на мове арыгінала (цяпер опера выконваецца па-руску) і адкрыць ёю наступны сезон. Паглядзім, што атрымаецца з гэтай задумы і ці здолеем мы дасягнуць музычнага і мастакоўскага ўзроўню тэатра, створанага Яўгенам Колабавым.

Другі накірунак інтэрпрэтацыі — нязначныя змены ў партытуры і лібрэта, скіраваныя на тое, каб зрабіць оперу больш сучаснай і актуальнай, прывабіць у тэатр маладога слухача. На маю думку, да другога накірунку варта аднесці многія спектаклі, пастаўленыя ў Мінску цягам апошняга дзесяцігоддзя. У тым ліку і апошнюю «Снягурку».

І, нарэшце, трэці накірунак — традыцыйнасць (у лепшым або горшым сэнсе слова), максімальна ашчаднае стаўленне да духу і літары партытуры. Маляваныя дэкарацыі, грувасткае баярскае футра, удалыя або недарэчныя парыкі, франтальныя, сапраўды эпічныя або псеўдаэпічныя мізансцэны...

Цікава, што ўспрыманне традыцыйнасці або наватарства пэўнага рэжысёра шмат у чым залежыць ад глядацка-слухацкага вопыту операмана ці крытыка. Так, Міхаіла Панджавідзэ, пастаноўшчыка «Набука» і «Тоскі», многія нашы рэцэнзенты ўспрымалі як наватара, які адкрыў новыя магчымасці мінскай сцэны, а маскоўскія крытыкі, што прыязджалі на оперны форум, — як традыцыяналіста. Вось і разбярыся, хто тут бліжэй да ісціны...

Колькі жыве спектакль?

/i/content/pi/mast/42/718/40.jpg

Сцэна са спектакля.

Выкажу думку досыць спрэчную. Пра ўзаемазалежнасць навацый і працягласці жыцця опернага спектакля. Неаднойчы заўважала: чым больш радыкальна абыходзяцца пастаноўшчыкі з партытурай і лібрэта, на якое пісаў кампазітар, тым большая рызыка, што спектакль пражыве не надта доўга. Але гэта зусім не значыць, што традыцыйнасць — прынамсі тая, што бліжэй да архаічнасці, павінна ўслаўляцца і ўсяляк вітацца!

Давайце зірнем на пастаноўкі, з якіх складаецца афіша нашай оперы. Колькі пражыла кожная з іх? Лічбы ўражваюць і толькі пацвярджаюць слушнасць прыведзеных раней меркаванняў. Яшчэ некалькі сезонаў таму сапраўдным рэліктам магла б лічыцца наша «Царская нявеста», якой сёлета споўнілася б (страшна вымавіць!)... 60 гадоў! Крыху адстае «Аіда», пастаўленая яшчэ ў 1953-м рэжысёрам Ларысай Александроўскай. Напрыканцы сезона тэатр плануе менавіта аднаўленне, а не новую пастаноўку вердзіеўскага шэдэўра. Значна маладзей за «Аіду» — «усяго» 45! — опера «Мадам Батэрфляй» Пучыні, увасобленая ў 1965-м. Прэм’ера «Вяселля Фігара» адбылася ў Мінску 30 гадоў таму, у 1980-м. «Севільскаму цырульніку» і «Анегіну» — па 24 гады. На два гады маладзейшы за іх «Баль-маскарад»: трывала зроблены рэжысёрам Сямёнам Штэйнам, ён па-ранейшаму ў зайздросным стане.

Ёсць оперы, што з’яўляюцца ў рэпертуары і на афішы аднойчы або двойчы, а ёсць тыя, да якіх рэжысёры звяртаюцца бясконца, прапаноўваючы ўсё новыя і новыя версіі. На працягу амаль 80-гадовай гісторыі тэатра такімі чэмпіёнамі сталі «Кармэн», «Яўгеній Анегін», «Пікавая дама» і «Севільскі цырульнік», якія ў розныя часы ставіліся ажно па шэсць (!) разоў. Па пяць увасабленняў мелі «Травіята», «Рыгалета», «Тоска» і «Чыа-Чыа-сан».

Рымскі-Корсакаў і Беларусь

Кампазітар наўрад ці змог бы пакрыўдзіцца на няўвагу з нашага боку да сваёй спадчыны. І ў філармоніі сімфанічныя творы Рымскага-Корсакава дастаткова часта гучаць, і ў тэатрах оперы ставяцца. На мінскай сцэне двойчы з’яўлялася яго «Царская нявеста» (1933 і 1950), ставіліся «Садко» (1957) і «Залаты пеўнік» (1971). Доўгі час на сцэне Дзяржаўнага музычнага тэатра ідзе балет «Шэхеразада» на ягоную музыку.

І ў апошнія сезоны тэатр некалькі разоў звяртаўся да партытур кампазітара. Маргарытай Ізворскай была пастаўлена аднаактовая опера «Моцарт і Сальеры», дзе надзвычай яркімі аказаліся акцёрскія работы Юрыя Гарадзецкага ў ролі аўстрыйскага генія і Уладзіміра Громава ў ролі яго антаганіста. На сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў Галінай Галкоўскай быў увасоблены «Кашчэй Бессмяротны». Гэты твор — досыць рэдкі госць на оперных падмостках. Спектакль прывабліваў грунтоўнасцю рэжысёрскай працы, шыкоўнай сцэнаграфіяй Любові Сідзельнікавай (у духу мастакоў «Мира искусства»), а таксама нечаканымі акцёрскімі работамі Аксаны Волкавай, Алены Бундзелевай, Эдуарда Мартынюка, Ільі Сільчукова. На жаль, абодва спектаклі цяпер чамусьці не ідуць, хоць тая ж Галкоўская прапаноўвала версію пастаноўкі, разлічаную на вялікую сцэну. Шчыра кажучы, шкада вельмі годнай працы немалога калектыву! Паколькі за развіццём нацыянальнага музычнага тэатра я сачу досыць даўно, дык не першы раз заўважаю сітуацыю, калі пастаноўкі, у якія ўкладзена шмат часу, намаганняў, грошай, аказваюцца... заложнікамі і ахвярамі складанасцей ва ўзаемаадносінах пэўных творчых асоб.

Трансфармацыя

Але самы час вярнуцца да «Снягуркі». Напісаная на сюжэт вядомай казкі Аляксандра Астроўскага, яна лічыцца адной з вяршынь у творчасці Рымскага-Корсакава, ягонай любімай операй. Між іншым, першае знаёмства з п’есай зусім не натхніла кампазітара. Прайшло пяць гадоў. І зімой 1879/80 года Мікалай Андрэевіч, паводле ягоных успамінаў, зноў прачытаў «Снягурку»: «Я быццам убачыў яе дзівосную прыгажосць. Мне адразу захацелася пісаць оперу на гэты сюжэт, я адчуваў сябе ўсё больш і больш закаханым у казку Астроўскага. Не было для мяне на свеце лепшага сюжэта, не было для мяне лепшых паэтычных вобразаў, чым Снягурка, Лель або Вясна, не было нічога лепшага за царства берандзеяў з іх дзівосным царом, не было лепшага светаадчування і рэлігіі, чым пакланенне Ярылу — Сонцу...»

Напярэдадні мінскай прэм’еры дырыжор-пастаноўшчык Віктар Пласкіна зазначыў: «Трупе быў патрэбны гэты спектакль, бо мы стаміліся ад італьянскай музыкі. Спяваем, а самі не заўсёды разумеем, пра што. Трэба кожны год ставіць хоць бы адну оперу на музыку рускіх кампазітараў...» У сваім першапачатковым выглядзе (пралог і 4 дзеі) «Снягурка» для сучаснага слухача амаль «непад’ёмная». У апошняй версіі оперы пралог, першая і другая дзеі аб’яднаны ў адну, трэцяя і чацвёртая — таксама ў адну. Частка купюр прадугледжана самім кампазітарам, частка — традыцыйныя, як, напрыклад, хор спяпых або сцэна Леля і Купавы. У выніку скарачэнняў атрымаўся кампактны еўрапейскі варыянт спектакля, дынамічнае відовішча, бо няма ў оперы нічога горш, чым зацягнутыя і аморфныя сцэны. Сама Сусанна Цырук лічыць, што пастаноўка «Снягуркі» — дастаткова небяспечнае мерапрыемства. Опера рэдка ставіцца, не кожны тэатр можа яе адужаць. А сваю рэжысёрскую задачу яна бачыла ў тым, каб зрабіць спектакль цікавым. Каб яго можна было глядзець з гэткім жа азартам, з якім заўзятары глядзяць футбольны матч. Заўважу, што заяўленая мэта сапраўды дасягнута.

Хто зладзіў свята?

/i/content/pi/mast/42/718/41.jpg

Лель (Алена Сало).

Думаю, у гэтым Цырук дапамаглі талент, небанальнае прачытанне сюжэта, рэжысёрскі досвед (яна працавала ў Расіі, ЗША, Аўстрыі, Малдове, Казахстане з такімі мэтрамі, як Юрый Аляксандраў, Андрон Канчалоўскі, Максімільян Шэл, Готфрыд Пільтцэм, Петэр Мусбах). Дапамаглі і сумесныя намаганні ўсёй пастановачнай брыгады. У выніку атрымаўся тонкі, паэтычны, дэталёва прадуманы спектакль, пазначаны надзвычай высокай культурай. Гэта датычыць работы мастака-пастаноўшчыка Кірыла Піскунова і мастака на касцюмах Таццяны Каралёвай, творцаў, прызнаных у расійскім тэатры. (З Каралёвай у Цырук садружнасць даўняя, мастачка выступала як сцэнограф дзіцячых спектакляў «Пітэр Пэн» і «Кот у ботах», якія Сусанна ставіла больш за 10 гадоў таму на сцэне нашага тэатра.) Якое шчасце, што ў «Снягурцы» няма ніякіх «наваротаў», ніякай камп’ютарнай графікі — яна паспела надакучыць пасля выкарыстання ў трох папярэдніх спектаклях. Няма нават маляваных дэкарацый. Усё надзіва проста: у цэнтры сцэны пляцоўка — стваральнікі спектакля інтэрпрэтуюць яе як «абломак нейкага нябеснага цела, на якім і разгортваецца дзеянне». Вышэй за ўсялякія эпітэты праца расійскага мастака па святле Ірыны Уторнікавай. Святло стала ў «Снягурцы» адной з рэальных дзейных асоб (а мо нават галоўнай!). Для кожнага эпізоду прадумана і зроблена адметная светлавая партытура, вывераная па каларыце. Спалучэнне дымоў і святла дае ў кожнай сцэне амаль фантастычны эфект.

Ператварыць досыць статычную па сваёй прыродзе оперу (выйшлі — салісты або хор — паўсталі і спяваем!) у дынамічную і відовішчную — задача надзвычай складаная і для многіх рэжысёраў невырашальная. І тут на дапамогу пастаноўшчыкам прыйшло выкарыстанне магчымасцей балета. Па сутнасці, жанр новай «Снягуркі» можна вызначыць як оперу-балет. Харэаграфічнымі сцэнамі прасякнута ўся шматслойная тканіна спектакля (балетмайстар-пастаноўшчык расіянка Аляксандра Ціхамірава; Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч — балетмайстар-пастаноўшчык Дзіцячага музычнага тэатра-студыі, чые выхаванцы таксама актыўна занятыя ў оперы). Даўно ў нас не было такой шматлюднай і густанаселенай пастаноўкі. Тым не менш у кожнага ўдзельніка ёсць уласнае месца і акрэсленая задача. Кожную хвіліну на сцэне штосьці мяняецца, рухаецца. І ўся прастора оперы Рымскага-Корсакава аказваецца надзіва імклівай і пластычнай...

Багі, героі і... «праваднікі»

Сусанна Цырук і задумала, і паставіла «Снягурку» ў стылі «рускага фэнтэзі». З аднаго боку, гэта набліжае спектакль да ўспрымання сучаснага гледача, бо фэнтэзі — усё-такі адзін з жанраў масавай культуры. Але ідэі, якія ўвасабляе рэжысёр у «Снягурцы», найскладаным філасофска-музычным матэрыяле, шырэй за ідэі, вобразы і тыпажы маскульта.

Як мяркуе рэжысёр, сярод персанажаў оперы ёсць багі, героі і «праваднікі». Багоў двое — яны бацькі галоўнай гераіні, Мароз (Васіль Кавальчук і Дзмітрый Капілаў) і Вясна (Наталля Акініна і Таццяна Цівунова). Невыпадкова кампазітар аддаў гэтыя партыі нізкім галасам — басу і мецца-сапрана, падкрэсліўшы іх таемна-прыродную сілу. Боскі пачатак Мароза і Вясны падкрэслены сцэнаграфічнымі прыёмамі. Багі не павінны хадзіць між людзей, як рэальныя асобы. Яны прыўзнятыя «на катурны» і спяваюць арыі на высокім пастаменце — гэта выглядае і натуральна, і казачна. Боскі пачатак выяўлены таксама ў з’яўленні на сцэне знакаў задыяка, якія ўспрымаюцца як знакі лёсу. Цікавая рэжысёрская знаходка, але праходаў іх у спектаклі, на маю думку, замнога.

У якасці «праваднікоў» выступаюць Лель, Лясун і Снягурка. Лель, партыю якога выконваюць Алена Сало і Аксана Якушэвіч, нязменна з’яўляецца на сцэне ў карагодзе залатых матылькоў (надзвычай трапная знаходка стваральнікаў спектакля!). У двух мецца-сапрана атрымаліся адметныя вобразы. Лель Аксаны Якушэвіч высокі і статны. Герой Алены Сало мае рэзкавата-парывістую, крыху хуліганістую, менавіта мужчынскую пластыку і пакуль пераконвае болей. Надзіва каларытнымі і непадобнымі паўстаюць два героі Аляксандра Жукава (спевака як след яшчэ не ацэненага) — Лясун і Бабыль-Бакула. Апошні разам з Бабыліхай (Таццянай Кнутовіч) утвараюць каларытную характарную пару, побач з якой кантрасна выглядае рамантычна-загадкавая Снягурка.

Галоўная гераіня належыць да напаўрэальных, напаўміфічных персанажаў, якіх вельмі любіць оперная сцэна. Гераіня Таццяны Гаўрылавай, таямнічая і летуценная, у большай ступені дачка Мароза. Снягурка Дыяны Трыфанавай, усмешлівая і зачараваная, — хутчэй дачушка Вясны. Генеральная рэпетыцыя і першая прэм’ера ўспрымаліся, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і як бенефіс Гаўрылавай. І не выпадкова! Партыя Снягуркі вакальна і эмацыйна надзвычай складаная, многапланавая, у ёй шмат сэнсаў — ад першага з’яўлення ў слабодцы берандзеяў да геніяльна вырашанай кампазітарам сцэны, калі гераіня растае ад яркага промня бога сонца Ярылы.

Цікава, што ў папярэдняй пастаноўцы оперы галоўную гераіню спявалі Тамара Кучынская — і Людміла Колас, педагог Гаўрылавай у нашай Акадэміі музыкі. Таццяна, досыць «інтравертная» ў паўсядзённым жыцці, не гаваркая і не схільная да эмацыйнай расхінутасці, дзівосна раскрываецца на сцэне. Адшліфаваны голас спявачкі, лірыка-каларатурнае сапрана, у якім шмат фарбаў крыштальнай чысціні і празрыстасці, пераканаўча перадае пачуццёвую і псіхалагічную эвалюцыю Снягуркі — ад дзяўчынкі, якой не зразумелыя любоўныя гульні дарослых, да палка закаханай.

Партыю Мізгіра выконваюць у оперы Уладзімір Громаў і Ілья Сільчукоў. Голас апошняга ідэальна ўвасабляе італьянскую музыку, кантыленныя спевы, адчуванне дзівоснай гармоніі між чалавекам і навакольным светам. У самім тэмбры голасу Громава больш драматызму, «цёмных фарбаў», унутранага напалу і жарсці. І таму пакуль што ён бліжэй да спасціжэння вобраза героя, у душы якога віруе шмат супярэчлівых пачуццяў. Наша публіка больш ведае Сільчукова як выдатнага канцэртнага спевака, пераможцу многіх прэстыжных вакальных спаборніцтваў, у спектаклях тэатра ён заняты яшчэ не так шчыльна. У Громава, які паступова авалодвае багатым рэпертуарам драматычнага барытона (сярод апошніх набыткаў — Рыгалета, Рэната, Сальеры), непараўнальна большы артыстычны вопыт, разам з якім прыходзяць натуральнасць і свабода адчування сябе ў абліччы розных герояў.

Непадобныя атрымаліся Купавы ў Кацярыны Галаўлёвай і Анастасіі Масквіной. У дуэце з Сільчуковым гераіня першай з іх успрымаецца чамусьці старэйшай, жыццёва больш вопытнай, а магчыма, і залішне наступальнай. Таму зачараваны Снягуркай Мізгір расстаецца з ёй з адчуваннем свабоды. У Купавы Масквіной больш мяккасці і жаночай абаяльнасці.

Будуючы новую «Снягурку» па прынцыпе кантрастаў і «слаёнага пірага», калі каларытныя і сакавітыя масавыя харавыя сцэны (хормайстар-пастаноўшчык Ніна Ламановіч) чаргуюцца з дуэтамі або маналогамі герояў, стваральнікі пастаноўкі сапраўды здолелі не толькі адысці ад гісторыка-побытавай умоўнасці, але падарылі меламанам спектакль, звязаны з паганскай абрадавасцю, прасякнуты фантастычнай і нават фантасмагарычнай рэальнасцю. І разам з тым па-жаночы крохкі, пяшчотны і далікатны.

У рэальнасці казкі і цудаў, на жаль, амаль не сустрэнеш. Таму сучаснаму гледачу застаецца шукаць іх выключна ў мастацтве. Новая «Снягурка» стварае атмасферу чараўніцтва, адрасаванага і дарослым, і дзецям, але не выкарыстоўвае пры гэтым танных прыёмаў і оперных штампаў.

 Таццяна Мушынская