З Небарова ў Нясвіж

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Узнаўленне старажытнага габелена

/i/content/pi/mast/42/714/25.jpg

Наданне княскага тытула Мікалаю Радзівілу Чорнаму. Габелен. Узнаўленне твора
ХVІІ стагоддзя.

Сёння ў Беларусі актыўна адбудоўваюцца старажытныя замкі і палацавыя комплексы. Зрабіць такі адрэстаўраваны і наноў упарадкаваны будынак прывабным для наведніка можна толькі адным чынам: рэканструяваць старажытныя інтэр’еры, напоўніўшы іх артэфактамі. Аўтэнтычнымі ці копіямі — шляхі могуць быць рознымі... Але ў віхуры часу вельмі шмат гістарычных помнікаў страчана, некаторыя — незваротна. Большасць з захаванага — у суседніх краінах. Для Мірскага замка актыўна набываюцца экспанаты заходнееўрапейскіх калекцый. Кіраўніцтва комплексу Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» паспрабавала выкарыстаць іншыя магчымасці. Спроба аказалася паспяховай. І нядаўна ў Інфацэнтры РВУ «Культура і мастацтва» адбылася прэзентацыя ўзноўленага габелена «Наданне княскага тытула Мікалаю Радзівілу Чорнаму». Копія была выканана на Барысаўскім мастацкім камбінаце імя А.Кішчанкі.

Арыгінал габелена быў створаны ў ХVІІ стагоддзі і, верагодна, калісьці ўпрыгожваў інтэр’еры Нясвіжскага палаца. Цяпер ён належыць польскаму музею ў Небарове. Мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, якая даследуе лёс уладальніцы Небарова, ураджэнкі Заслаўя Алены з роду Пшаздзецкіх, лічыць, што з Нясвіжскага палаца габелены перайшлі ў спадчыну Міхалу Радзівілу — мужу Алены — ад яго нясвіжскіх продкаў.

«У Небарове знаходзіцца палацава-паркавы комплекс, у якім пражывала сям’я Міхала Іераніма Радзівіла (1744–1831), віленскага ваяводы і наследніка нясвіжскай спадчыны, які пабраўся шлюбам з Аленай з роду Пшаздзецкіх (1753–1821), — расказвае Таццяна Гаранская. — Перайшла гэта рэзідэнцыя да Алены ад яе знакамітага дзядзькі Міхала Казіміра Агінскага (1728–1800), які, пакідаючы краіну, быў змушаны прадаць любімы маёнтак. Міхал Радзівіл быў буйнейшым калекцыянерам твораў мастацтва ў Вялікім Княстве Літоўскім».

За дасягненні ў палітыцы, багацце і высокі аўтарытэт у Еўрапейскай прасторы князя Мікалая Радзівіла Чорнага (1515–1565) называлі Некаранаваным каралём Вялікага Княства Літоўскага. Пры ім у Нясвіжы быў закладзены самы першы замак, пабудаваны па старагаландскай сістэме, заснавана друкарня, дзе выдаваліся творы Сымона Буднага, а горад зрабіўся адным з цэнтраў Рэфармацыі.

...З калекцыі твораў у Небарове супрацоўнікамі нясвіжскага комплексу быў выбраны габелен, які асвятляе адзін з найважнейшых момантаў у жыцці і кар’еры гэтай найвыбітнейшай постаці ў гісторыі сям’і Радзівілаў: у 1547 годзе Мікалай Радзвіл Чорны атрымаў княскі тытул ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V і з гэтага часу пачаў называцца князем «на Алыцы і Нясвіжы».

Супрацоўнікі музея і спецыялісты выехалі ў Польшчу і зрабілі фотаздымкі арыгінала. Габелен быў крыху пашкоджаны — месцамі зашыты, падпалены, дэфармаваны, таму першасны малюнак давялося «расшыфроўваць» і ўдакладняць па фотаздымку, які быў зроблены ў натуральную велічыню і апрацаваны ў графічным рэдактары... Кіравала работамі мастак Ніна Пілюзіна, а ажыццяўлялі іх лепшыя ткачыхі камбіната Алена Аляхно, Таццяна Патаповіч, Ірына Паланевіч, Ала Фядзісава. Памеры твора не надта вялікія — 90 на 160 сантыметраў, але ўвагі ён вымагаў надзвычайнай. Ад майстрых патрабавалася сапраўдная віртуознасць, каб адлюстраваць маленькія твары людзей на габеленавым малюнку. З нітак рабілі вельмі тонкі меланж, які даваў патрэбную колеравую гульню. Самай складанай часткай работы аказалася ўзнаўленне фрагмента Прывілея, выяўленага ў правым верхнім кутку арыгінала, — тэкст на лацінскай мове быў напісаны дробнымі літарамі і з цяжкасцю прачытваўся.

Стагоддзе таму квадратны метр шпалеры рабілі за год. У выпадку з узноўленым габеленам праца над паўтара квадратнымі метрамі была выканана за тры месяцы.

 Алеся Белявец,
Алена Каваленка