«Каноравы карцінкі»

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Прымітывіст з вёскі Гурка

 /i/content/pi/mast/42/712/22.jpg
 Вясковая прыгажуня. Кардон, фанера, алей. 1950–1960-я.
...На ўрачыстай прэзентацыі твораў сялянскага мастака Зосіка прысутнічалі знаныя спецыялісты па вывучэнні народнай творчасці. Гучалі словы пра знойдзеныя шэдэўры і пра адкрыццё мастакоўскай планеты Канора Зосіка — беларускага Пірасмані. Абодва творцы — таленавітыя самавукі — памерлі малавядомымі. Жыццё патрабавала ад Пірасмані рэкламнага рацыяналізму ў маляванні, бо заказы ён атрымліваў ад гандляроў. Уладальнікамі карцін Зосіка былі незаможныя вяскоўцы, якім хацелася ўпрыгожыць сваё жытло. Таму шмат яго карцін — з кветкамі. Беларускі жывапісец стварыў непаўторны свет маляваў свае мроі. І зорка яго толькі ўзышла...

Ніканор Лявонцьевіч Зосік нарадзіўся 8 сакавіка 1904 года ў вёсцы Гурка Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер — Закозель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці), што размясцілася на невысокім, парослым хваінамі пясчаным узгорку. Працоўнае жыццё бацькоў, малазямельных шматдзетных сялян, было тагачаснай школай яго выхавання.

Верагодна, першае знаёмства падлетка з жывапісам адбылося ў Закозельскім маёнтку Караля Талочкі (20-я гады ХХ стагоддзя), гаспадарамі якога раней былі прадстаўнікі роду знакамітай польскай пісьменніцы-дэмакраткі Элізы Ажэшкі. Дасюль захаваліся там гатычнага стылю фамільная капліца-пахавальня, парк са старасвецкімі ліпамі, зарослыя сажалкі ды перабудовы колішняга палаца. Нягледзячы на тое, што Караль Талочка многа часу праводзіў у Варшаве, ён шмат рабіў для добраўпарадкавання закозельскай гаспадаркі, яе пабудоў, упрыгожвання інтэр’ераў палаца. Там юны Ніканор упершыню мог убачыць жывапісныя карціны, што віселі ў панскіх пакоях, назіраць за працай запрошаных мастакоў і пераймаць іх рамяство.

Паводле ўспамінаў вяскоўцаў, тады, «за польскім часам», з Ніканорам здарылася ці не першая мастакоўская прыгода. Ён намаляваў стозлотавую купюру, якую прынялі за сапраўдныя грошы. Калі ж разабраліся, юнак меў непрыемнасці з ўладамі, але здабыў вядомасць сярод простага люду.

Ніканор Лявонцьевіч быў чалавекам дэмакратычных памкненняў. Назіраючы цяжкае бяспраўнае жыццё заходнебеларускіх сялян, ён спадзяваўся на лепшыя часы. Збіраючыся гуртам ля прыёмніка, маладыя хлопцы і дзяўчаты слухалі савецкія радыёперадачы. Паказваючы рукою на Усход, Ніканор даводзіў непісьменным вяскоўцам, што адтуль, з Савецкай Расіі, прыйдзе вызваленне і новае, шчаслівае для палешукоў жыццё. І яго надзеі напачатку быццам бы спраўдзіліся. У верасні 1939 года ў Гурцы ўсталявалася савецкая ўлада. А вясною 1940 года Ніканор Лявонцьевіч быў абраны намеснікам старшыні калгаса імя Сталіна — першага калгаса на Драгічыншчыне. Аднак хутка пачалася вайна. Разам з жыхарамі навакольных сёл давялося перажыць акупацыю, «партызанку», зведаць нястачу, голад і смерць блізкіх людзей.

Канец вайны прынёс новыя выпрабаванні. Як большасць вяскоўцаў, Ніканор Лявонцьевіч з жонкай Ганнай Кірылаўнай жылі ў невялічкай, крытай саломаю хаціне. Сяляне, пазбаўленыя элементарных грамадзянскіх правоў, шчыравалі ад світанку да захаду. За працадні замест платы ім ставілі ў сшытках уліку так званыя «палачкі» альбо адмервалі збожжа, якога неставала нават для кур. Парушаныя ліхалеццем і бязглуздасцю кіраўніцтва гаспадаркі не здольны былі выконваць дзяржаўныя разнарадкі, і ўлады прымалі жорсткія меры прымусу. Абараняючы суседнюю шматдзетную сям’ю, у якой адбіралі апошнюю кароўку, Ніканор пачаў абурацца... Увечары па яго прымчаў «варанок», і абаронцу справядлівасці павезлі ў Драгічын. Гэта адбылося вясною 1949-га — у год суцэльнай калектывізацыі на Драгічыншчыне. І толькі ў 1955-м, адседзеўшы свой тэрмін у Казлагу (Казахстан, г.п. Далінка), «зэк» Ніканор Зосік вярнуўся ў родную вёску. (Дарэчы, там, у зняволенні, ён пазнаёміўся з Лідзіяй Русланавай і намаляваў яе партрэт.)

Калі надаралася вольная часіна, Зосік прысвячаў яе любімаму занятку. Ім напісаны сотні карцін і дываноў розных памераў, сюжэтаў. Суседзі, родзічы, сябры, сяляне з навакольных паселішчаў да сённяшняга дня захоўваюць творы таленавітага земляка.

Дзяцей у Ніканора Лявонцьевіча не было. Усё жыццё прайшло ў той самай беднай хаціне. 12 снежня 1981 года ён з мірам адышоў у лепшы свет і пахаваны на могілках ля вёскі Валавель.

/i/content/pi/mast/42/712/23.jpg

Нацюрморт з макамі і палявымі кветкамі. Фанера, алей. 1950—1960-я.

«...Куст бэзу за вакном хаты, зафіксаваны Зосікам, набываў асаблівы настрой. Ружы, лісце, падобнае на экзатычны кактус, фрукты і букеты, букеты... Канор увасабляў свой свет праз яркія сакавітыя фарбы, якія станавіліся сведчаннем яго шчырага стаўлення да жыцця. Ён быў майстрам — у тым, як клаў каляровы цень на ваду, як збіраў у фіялетавую гаму купы незвычайных кветак, асабліва і па-свойму мадэляваў лістоту, моцна пазначаў акцэнты. Аб’ём ствараўся з умелага ўжывання прыёму кантрасту — з парушэння канона і вынікае творчая манера Ніканора Зосіка. Заўважаеш яго кампазіцыйную “фішку” — паралельнае існаванне рэальных і фантазійных раслін. У ім адначасова жылі і ганчар, і шклароб: пасудзіны, слоікі для кветак, збаны, намаляваныя Зосікам, — незвычайнай, непаўторнай формы. Тэмы яго твораў — блізкія і зразумелыя простаму гледачу рэчы з саду, дому, гарода. Ёсць экзатычныя кавуны, дыні, грэцкія арэхі... Выразны, амаль схематычны малюнак садавіны дэманструе повязь з народным мастацтвам: такая яркая дэкаратыўнасць і ёсць галоўная яго прыкмета. Адчуваецца любоў Зосіка да выпісанасці, да мініяцюрных дэталяў. Мы бачым несуразмерна маленькія дамы, фантастычныя кветкі. Мастак нібы імкнуўся ўціснуць у невялікую прастору карціны агромністы свет. Для Ніканора Зосіка мастацтва было адной з найвышэйшых формаў існавання. “Сонечныя зайчыкі” — так хочацца акрэсліць ягоныя мажорныя і радасныя працы. Яны засталіся ў памяці вяскоўцаў, як “Каноравы карцінкі”... Для Беларусі гэтае імя — адкрыццё», — піша пра вясковага мастака-самавука супрацоўнік Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аксана Варатнікова.

Мне пашчасціла пазнаёміцца з Ніканорам Лявонцьевічам асабіста — тут, у драгічынскай вёсцы, нарадзілася мая мама. Мы бывалі ў Гурцы наездамі, бо мама ўзяла шлюб з кабрынчанінам. Над ложкам у кобрынскім доме вісеў маляваны дыван: хатка ў зялёных прысадах, рачулка між квецені траў і неба ў водблісках сонца на вечаровых аблоках.

Калі я быў падлеткам, мама завяла мяне, аматара маляваць, да аўтара дывана. У маленькім вясковым пакоі я ўбачыў алейныя карціны. Імшыстыя ўзлескі, празрыстая вада, грацыёзныя лебедзі, кучаравы бэз, чырвоныя макі... Праз гады ў сваяка на Гурцы я зноў пабачыў карціны. Яны віселі пад шклом на пачэсных месцах і, як некалі, уразілі сваёй нязмушанай прыгажосцю. Хто маляваў?!

— Конор Зосік, наш сусід. Той, шчо сыдів у лагеры. Ты ж прыходыв до ёго з мамою, — адказаў мне палескай гаворкай сваяк.

Высветлілася, што творы мясцовага жывапісца Ніканора Зосіка меліся ва ўсіх навакольных старых хатах. Былі зроблены фотаздымкі, а некалькі работ і вялікі маляваны дыван я прывёз у Мінск. Запрошаныя на агледзіны супрацоўнікі Музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі аднагалосна пацвердзілі — гэта не прафесійнае, але вялікага таленту мастацтва. Праз нейкі час вяскоўцы падаравалі Музею Акадэміі іншыя працы свайго земляка.

 

Леанід Качанка