Майстар-клас для кераміста

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Форма, тэхналогія, вобраз

/i/content/pi/mast/42/711/21.jpg

Яўген Адзіночанка. Каралавая ваза. Фарфор. 2009.

У Музеі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылася выстава «Форма, тэхналогія, вобраз. Майстар-клас ДПМ», прысвечаная 50-годдзю стварэння кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У выставе ўдзельнічала больш за сорак мастакоў, працуючых у кераміцы, шкле, метале. Галоўным, што аб’ядноўвала большасць экспанатаў, быў выразны вобразны пачатак, які дазваляў гледачу зразумець асаблівасці стварэння формы і адметнасць выбраных для твора тэхналагічных рашэнняў.

Напрыклад, Яўген Адзіночанка праз далікатны матэрыял — фарфор — выбудоўвае прыродныя структуры, накшталт каралавага рыфа, кампануючы іх у цалкам «культурную» форму вазы. Алена Атрашкевіч выкарыстоўвае празрыстасць шкла, яго плаўкасць, здольнасць прымаць любую форму — як мяккую і цякучую, так і з выразнымі гранямі; шкло можа быць матавым, бліскучым, каляровым... Мастачка стварае свае арт-аб’екты на кантрастах, якія дазваляе ёй гэты матэрыял. Напрыклад, у яе рабоце «Марцікі» вобраз будуецца з нішаў і пустотаў, адбіткаў і празрыстасцяў, то-бок — рэчаў ілюзорных, якія ўтрымлівае простая і выразная форма вырабу. Аляксандра Дзятлава мадэлюе надзвычай крохкія, ледзь не папяровай тонкасці формы, увасабляючы на паверхні вырабаў вельмі адметную гульню фактур. Каля яе прац хочацца прыпыніцца, каб даведацца, як гэта зроблена, якім чынам творчая вынаходлівасць і майстэрства ў суладдзі могуць стварыць такія арганічныя, амаль прыродныя эфекты... Ганна Апалайка, наадварот, звяртаецца да прамысловых тэхналогій, нібы адсякаючы ад керамікі натуральны прыродны фактар. Формы Тамары Сакаловай расцякаюцца, нібы акварэль, гэты эфект падкрэслены жывапіснымі разводамі. Аб’екты Ганны Амбросавай, напрыклад, яе прынцыпова нефункцыянальная ваза, надзвычай выразныя па форме, дакладныя па сілуэце, багатыя па колеравай гаме і вельмі арганічна перадаюць творчы пасыл гэтай мастачкі...

Калі ўдзельнікі выставы «Форма, тэхналогія, вобраз...» адбіралі творы для экспазіцыі, яны найперш спыняліся на такіх работах, у якіх тэхналогія і матэрыял найбольш выразна вызначалі характар вобразаў. Менавіта такая ідэя была закладзена ў канцэпцыі. Яе аўтару, Валерыю Калтыгіну, я і задала некалькі пытанняў.

Чым выстава адрозніваецца ад шараговых экспазіцый, на якіх паказваюцца творчыя здабыткі прыкладнікоў?

— Мэта нашай выставы — прадэманстраваць залежнасць вобраза ад рабочых прыёмаў і спосабаў формаўтварэння ў канкрэтных матэрыялах, ад тэхналагічных асаблівасцей дэкаравання і апрацоўкі паверхні вырабу ў розных фізічных станах і тэмпературных рэжымах. Карацей кажучы, выстаўка мела на мэце паказаць, як на канчатковы вынік уздзейнічаюць тэхналагічныя моманты.

У якой меры форму вырабу вызначае тэхналогія яго стварэння?

— Форма вырабу — гэта пластычнае вырашэнне праз выбраны тэхналагічны прыём. Дэкараванне і апрацоўка паверхні — фактуры, каляровыя і танальныя нюансы — паглыбляюць і ўскладняюць твор.

У кожнага майстра з гадамі выпрацоўваюцца свае прыёмы і спосабы працы, разуменне ўласцівасцей матэрыялаў і іх асаблівасцей, узнікаюць тэхналагічныя прыхільнасці. Гэта і вызначае адметнасці мастакоўскай «кухні».

Чаму выстава названа майстар-класам?

— Бо такая яе мэта — стаць своеасаблівым візуальным майстар-класам па перадачы творчага і тэхналагічнага досведу, заахвоціць маладых творцаў і студэнтаў. Метадычны фонд на кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ліквідаваны. Студэнты не ведаюць, якія работы былі створаны папярэднімі пакаленнямі. На адных развагах, гульнях розуму і інтэлекту ў папяровых праектах адукаванага і моцнага кераміста не выхаваеш. Каб штораз не вынаходзіць веласіпед, студэнтам патрэбныя ўзоры вялікага мастацтва.

Ці задаволены вы экспазіцыяй?

— Хацелася большага. Задача не была рэалізаваная ў поўным аб’ёме. Гэтага можна было чакаць, улічваючы чалавечы фактар. Палова ўдзельнікаў фармальна аднеслася да канцэпцыі. Але шмат у чым выстава сталася паказальнай і карыснай — асабліва магчымасцю ацаніць узровень і якасць падрыхтоўкі маладых творцаў.

І якія высновы, на ваш погляд, можна зрабіць?

— Я часта бываю на кафедры ДПМ, на праглядах студэнцкіх работ, імкнуся не прапускаць і абароны дыпломаў. Штогод займаюся з маладымі мастакамі на пленэры па кераміцы «Арт-жыжаль». Хібы ў іх адукацыі і прафесійным майстэрстве мне вядомыя. Працаваць у кераміцы, шкле, метале вельмі складана. Акрамя спецыфічных ведаў у тым, што тычыцца рамяства, мастак павінен мець доступ да вытворчай базы — матэрыялаў, печаў для абпалу, плаўкі... Выпускнікі кафедры ДПМ за апошняе дзесяцігоддзе не радуюць актыўнай творчай пазіцыяй, колькасць мастакоў, што займаюцца керамікай, шклом, металам, не павялічваецца. Тэндэнцыя хутчэй адваротная. Прычын таму шмат — і суб’ектыўнага, і аб’ектыўнага характару...

У тыя далёкія 1960–1970-я гады станаўленне кафедры ДПМ у тэатральна-мастацкім інстытуце пачыналася фактычна з нуля, яно адбывалася на голым энтузіязме падзвіжнікаў сваёй справы — Фёдара Зільберта, Міхаіла Бяляева, Віктара Гаўрылава, Тараса Паражняка і іншых. Будаваліся печы для абпалу, распрацоўваліся методыкі. У 1970–1980-я гады каштоўны тэарэтычны і практычны ўклад у працу кафедры зрабілі Уладзімір Угрыновіч і Міхаіл Казарог. А які быў тады створаны метадычны фонд! Дзякуючы гэтаму паўстала нацыянальная школа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Шмат якія выпускнікі сталі выбітнымі майстрамі з адметным, пазнавальным почыркам. Але часы росквіту засталіся ў мінулым.

Сёння кафедра ў заняпадзе. У аўдыторыях і майстэрнях цесна, творчая аўра знікла, уражвае пасіўнасць выкладчыкаў і студэнтаў. Не вядзецца актыўная практычная праца ў матэрыяле, пошук новых тэхналагічных магчымасцей. Гэта не спрыяе росту майстэрства студэнтаў, замінае атрыманню навыкаў рамяства, а яно — аснова любой творчасці.

Але ж на выставе былі прадстаўлены і добрыя работы?

— Безумоўна, я вельмі ўдзячны тым, хто зразумеў канцэпцыю і сапраўды прадставіў творы, дзе асаблівасці формаўтварэння і выбраныя мастаком тэхналагічныя вырашэнні «прачытваліся» вельмі выразна. Перадусім маю на ўвазе такіх майстроў, як Тамара Сакалова, Яўген Адзіночанка, Ірына Радкевіч, Максім Калтыгін, Алена Атрашкевіч, Баляслаў Скрамблевіч, якія з разуменнем паставіліся да выставы і прынеслі вельмі цікавыя працы.

Але адкрыццяў не адбылося, хоць ідэя экспазіцыі якраз скіроўвала на новае.

Мелася на мэце, што выстава справакуе нейкую дыскусію, што выкладчыкі ўспрымуць яе сапраўды як майстар-клас і са сваімі студэнтамі падрабязна разгледзяць тэхналагічныя і формаўтваральныя моманты кожнай працы. Разам прыйдуць да высновы, дзе рашэнне ўдалае, дзе твор атрымаўся слабы, дзе матэрыял не быў «пераадолены» і чаму так адбылося... Бо на выставе былі работы, якія прымушалі задумвацца і шукаць адказаў...

 Марыя Чарняўская