Сандэцкіс, Брон і іншыя

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Міжнародны фестываль класічнай музыкі ў Брэсце

/i/content/pi/mast/42/710/18.jpg

Спявак Дзмітрый Беласельскі.

Так сталася, што напачатку года эпіцэнтр культурных падзей рэспублікі ўпэўнена зрушваецца на захад, у горад над Бугам. Вось ужо 23 гады запар Брэст прымае Міжнародны фестываль класічнай музыкі «Студзеньскія музычныя вечары».

Па маштабе і значнасці гэты фестываль відавочна абышоў усе падобныя форумы, нават тыя, што традыцыйна ладзяцца ў сталіцы. Па прадстаўнічасці «Студзеньскія музычная вечары» не толькі нічым не саступаюць самым прэстыжным святам акадэмічнай музыкі, але могуць даць фору любому з іх. Уявіце сабе: сёлета за чатыры фестывальныя дні ў Брэсце выступілі музыканты з 13 краін свету — Беларусі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Галандыі, Італіі, Кітая, Літвы, Польшчы, Расіі, ЗША, Украіны і Францыі. Адбыліся чатыры аншлагавыя вечары і два дзённыя канцэрты. Сярод самых зорных імёнаў — народны артыст СССР дырыжор Саўлюс Сандэцкіс (Літва), сусветна вядомы скрыпач і педагог Захар Брон (Расія—Германія), салісты Вялікага тэатра Расіі Ганна Аглатава і Дзмітрый Беласельскі, салісты італьянскіх оперных тэатраў Нунцыа Фацыні, Паола Барталучы і Іва Іарданаў, польскі піяніст-віртуоз Ян Кшыштаф Броя, найталенавіты паэт раяля наш зямляк Ігар Алоўнікаў, скрыпач Данііл Гарліцкі (Францыя), салісты польскіх тэатраў Лешэк Свідзінскі, Беата Вардак, Ханна Самсон і шмат іншых выдатных выканаўцаў. Цяжка паверыць і ў тое, што за чатыры вечары ў зале Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы выступіла ажно дзевяць аркестраў — 4 сімфанічныя, 3 камерныя, духавы і аркестр саксафонаў!

Яшчэ адна адметная рыса фестывалю — правядзенне майстар-класаў: яны адбываліся днём у Брэсцкім музычным каледжы імя Рыгора Шырмы. За дзень да адкрыцця «Студзеньскіх музычных вечароў-2011» на базе камернага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі майстар-клас правёў Саўлюс Сандэцкіс, які карпатліва працаваў над Серэнадай для струнных Чайкоўскага. Гэты твор прагучаў на канцэрце-адкрыцці фестывалю ў выкананні зводнага аркестра пад умоўнай назвай «Рэгіён “Буг”», што ўключаў у сябе тры склады: камерны аркестр «Акадэмія» Львоўскай нацыянальнай музычнай акадэміі імя Мікалая Лысенкі, камерны аркестр «Кантабіле» Валынскай абласной філармоніі (Луцк, Украіна), а таксама камерны аркестр Брэсцкай абласной філармоніі. У зводны аркестр уваходзілі і два музыканты камернага аркестра музычнай школы імя Караля Ліпіньскага (Люблін, Польшча). Для ўсіх артыстаў «Рэгіёна “Буг”» сустрэча з вялікім Саўлюсам Сандэцкісам стала знакавай падзеяй. Дырыжор меў усяго адну рэпетыцыю, зусім сціслую па часе. Але як ён працаваў з аркестрантамі! Дырыжор дамагаўся асэнсаванасці выканання, патрабаваў дакладных штрыхоў у працы над формай і вобразным зместам музыкі. Гэта быў яшчэ адзін умоўны майстар-клас, цяпер ужо для ўсіх аркестрантаў. І ўжо літаральна праз нейкую гадзіну Серэнада для струнных Чайкоўскага пераможна прагучала пры перапоўненай зале і была сустрэта авацыяй.

/i/content/pi/mast/42/710/19.jpg

Дырыжор Аляксандр Анісімаўі скрыпач Захар Брон.

Незабыўнай падзеяй стаў і майстар-клас Захара Брона. Народны артыст Расіі, прафесар Кёльнскай, Цюрыхскай і Мадрыдскай кансерваторый, ён выхаваў ужо амаль дзвесце скрыпачоў. Колішні выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, у 1974 годзе Захар Брон апынуўся ў Новасібірску, дзе і пачалася яго бліскучая педагагічная кар’ера. У 1989-м, пасля пятнаццаці гадоў выкладання ў Новасібірскай кансерваторыі, Брон прыняў запрашэнне ад Вышэйшай музычнай школы Любека і эмігрыраваў у Германію са сваімі лепшымі вучнямі, сярод якіх былі Вадзім Рэпін і Максім Вянгераў. «Прымаючы запрашэнне з Германіі, я паставіў адну ўмову — каб яны знайшлі фінансавыя сродкі для навучання маіх лепшых студэнтаў, — згадвае Брон. — Такім чынам мы ўсе тады і паехалі...»

Вадзім Рэпін і Максім Вянгераў ужо даўно набылі статус непераўзыдзеных зорак скрыпічнага выканальніцтва і трывала ўвайшлі ў сусветную музычную эліту. Дый іншыя вучні Брона з зайздросным пастаянствам нязменна перамагаюць на самых прэстыжных міжнародных конкурсах, а іх імёны ўпрыгожваюць афішы лепшых канцэртных залаў свету. У Брэст на майстар-клас знакамітага скрыпача з’ехаліся музыканты з розных краін.

Ну, а ўвечары Захар Брон узышоў на сцэну Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, каб выканаць Двайны канцэрт для скрыпкі і віяланчэлі Брамса (сумесна з вядомым польскім віяланчэлістам Міхаэлем Дмахоўскім). Акампанаваў музыкантам вядучы філарманічны калектыў краіны — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі на чале з Аляксандрам Анісімавым, які таксама як Брон і Дмахоўскі на «Студзеньскіх музычных вечарах» выступаў упершыню. Гэта быў сапраўды гістарычны канцэрт — на сцэне сышліся найвыдатнейшыя музыканты сучаснасці, якія сваім удзелам у фестывалі надалі яму яшчэ больш значны размах.

Зрэшты, зорныя імёны і адметныя падзеі шчодрым россыпам узбагачалі кожны музычны вечар. Напрыклад, прыхільнікам фартэпіяннага выканальніцтва на працягу форуму быў прапанаваны своеасаблівы парад выдатных піяністаў. Зразумела, яны выступалі паасобку і ў розныя вечары, але гэта быў сапраўдны міні-фестываль фартэпіяннай музыкі. Распачала яго стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі навучэнка Брэсцкага музычнага каледжа імя Шырмы Марыя Мурыгіна, якая іграла на дзённым канцэрце. А потым на працягу чатырох вечароў у розных праграмах раяль спяваў пад рукамі спрактыкаваных майстроў: Барыса Блоха (ЗША—Германія), заслужанай артысткі Украіны Этэлы Чупрык, Яна Кшыштафа Броі (Польшча) і народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава. Такіх знакамітых музыкантаў няпроста залучыць на выступленні паасобку, а тут яны прыехалі разам. Барыс Блох у дадатак правёў два майстар-класы — па канцэртмайстарстве і спецыяльным фартэпіяна.

А якое свята бельканта падаравалі слухачам спевакі! Іх было на фестывалі шмат: студэнты Беларускай акадэміі музыкі Го Вэй і Янь Чэнь Юй (Кітай), вакаліст з «Расканцэрта» Дзмітрый Грыніх (Расія), Анатоль Галкін, Ніна Залатніцкая і Таісія Засім (Беларусь). Салістам Вялікага тэатра Расіі, польскіх і італьянскіх оперных тэатраў акампанаваў сімфанічны аркестр Брэсцкага тэатра драмы.

Пры гэтым арганізатар і нязменны мастацкі кіраўнік фестывалю Лілія Батырава папрасіла ўсіх спевакоў выконваць самыя вядомыя і складаныя творы, добра знаёмыя і любімыя публікай. Салісты Вялікага тэатра Расіі Ганна Аглатава і Дзмітрый Беласельскі на першым вечары бліскуча прадэманстравалі лепшыя дасягненні рускай вакальнай школы. А на заключным канцэрце сапраўдны фурор зрабілі салісты італьянскіх оперных тэатраў Нунцыа Фацыні, Паола Барталучы і Іва Іарданаў. Асаблівай пахвалы заслугоўвае сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы на чале з маэстра Аляксандрам Сасноўскім. Калектыў выдатна падрыхтаваўся да фестывалю і быў паўнавартасным партнёрам усім салістам. Музыкантам аркестра давялося таксама пазнаёміцца з італьянскім дырыжорам Джузэпэ Пічыніна, які прыехаў у Брэст разам са сваімі землякамі, вакалістамі Фацыні і Барталучы, і прадырыжыраваў праграмай іх выступлення. Брэсцкі сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага выдатна выканаў і Канцэрт рэ мажор для скрыпкі з аркестрам Бетховена, у якім саліраваў малады французскі скрыпач Данііл Гарліцкі, адзін з самых вядомых і запатрабаваных сучасных музыкантаў.

Фестываль «Студзеньскія музычныя вечары» ў чарговы раз прадэманстраваў значнасць і маштабнасць. Аўтарытэт форуму надае высокі патранаж: фестываль падтрымліваецца Брэсцкім аблвыканкамам і яго старшынёй Канстанцінам Сумарам, а таксама мэрам горада Аляксандрам Палышэнкавым. А яшчэ форум жыве дзякуючы пастаяннай, няспыннай працы старшыні Брэсцкай музычнай суполкі Ліліі Батыравай, якая прыдумала «Студзеньскія музычныя вечары» ў 1987 годзе і па сённяшні дзень з’яўляецца сапраўднай музай і натхняльніцай гэтага фестывалю. Яе энтузіязму хапае на тое, каб ён жыў, доўжыўся цудоўнымі і трывалымі традыцыямі, якія штогод збіраюць у Брэсце аматараў класікі з розных краін Еўропы.

Вольга Брылон