Дзевяць спосабаў з карысцю патраціць мільён

№ 3 (336) 01.03.2011 - 31.03.2011 г

Выстава стыпендыятаў Міністэрства культуры

/i/content/pi/mast/42/709/16.jpg

Сяргей Саркісаў. Плакат з серыі «Беларусь — культура — спадчына». Лічбавы друк. 2010.

Пастанову Міністэрства культуры «Аб прысуджэннi дзяржаўных стыпендый дзеячам культуры i мастацтва, творчай моладзi Рэспублiкi Беларусь» прынялі яшчэ ў 2007 годзе, але справаздачная выстава мастакоў-стыпендыятаў пры падтрымцы адпаведнага міністэрства, Беларускага саюза мастакоў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў была арганізавана сёлета ўпершыню.

У секцыях Саюза мастакоў штогод ідзе вельмі жорсткі, прынцыповы адбор прэтэндэнтаў: спачатку кандыдатуры абмяркоўваюцца на бюро секцый — ад кожнай з іх звычайна адбіраюць творцу ўзростам да сарака гадоў і пасля сарака гадоў. Кандыдат павінен дакладна і ясна апісаць свой праект — стыпендыі выдаюцца не проста па сукупнасці заслуг ці таму, што чалавек мае патрэбу ў грошах. Спаборнічаюць і перамагаюць ідэі і праекты (але пры гэтым улічваюцца і неабходнасць матэрыяльнай дапамогі маладым мастакам з рэгіёнаў, і творчая актыўнасць кандыдатаў). Потым спіс прэтэндэнтаў адпраўляецца ў міністэрства, і там прадстаўнікі творчай эліты з розных сфер культуры абмяркоўваюць праекты. Грошы мастакі атрымліваюць менавіта на іх рэалізацыю: моладзь — каля 120 тысяч беларускіх рублёў, старэйшае пакаленне — каля 200 тысяч беларускіх рублёў штомесяц на працягу года. Па заканчэнні гэтага тэрміну творца павінен прадставіць у міністэрства пісьмовую справаздачу. Зразумела, мастаку больш цікава паказаць сябе «ў натуры», чым пісаць паперкі.

«Геаграфія» стыпендыятаў 2010-га года — Мазыр, Магілёў, Мінск. Падчас міністэрскага абмеркавання пэўная перавага можа аддавацца творцам з рэгіёнаў (напрыклад, мінулы раз стыпендыю атрымаў мастак з Іванава — Янка Раманоўскі), бо сталічны творца мае больш магчымасцей для рэалізацыі — і матэрыяльнай, і творчай, ды і асяроддзе спрыяе.

Ініцыятыву ў арганізацыі экспазіцыі дзевяці мастакоў-пераможцаў праявіў Уладзімір Кожух (на той час, у 2010-м — старшыня секцыі жывапісу БСМ). Спачатку ён прапанаваў паўдзельнічаць Віктару Нямцову і Аляксею Іванову — яны з задавальненнем адгукнуліся. Потым «падцягнуліся» астатнія. Уладзімір Уладзіміравіч адмаўляецца ад ганаровага звання куратара, ён, маўляў, «проста знайшоў памяшканне і сабраў усіх разам», але, нягледзячы на адсутнасць пільнага, прафесійнага куратарскага вока, рэжысура экспазіцыі выглядала цікава і пераканаўча. Выстава вельмі добра выбудавана: кожная зала нібы «размаўляе» з гледачом, і нават не агледзеўшы ўважліва работы, ужо можна атрымаць пэўныя ўражанні.

/i/content/pi/mast/42/709/17.jpg

Лізавета Аўчыннікава. Свята. Алей. 2011.

Экспазіцыю ў галерэі «Універсітэт культуры» адкрываў «жаночы зал»: позірк перамяшчаўся ад гарачых чырвоных і белых палотнаў Галіны Конанавай да празрыстага і яркага каляровага шкла Таццяны Малышавай. Глядач, што скіроўваўся ў левую залу, трапляў у гістарычна-этнаграфічны закуток Віктара Нямцова. Той, хто выбіраў правую залу, мог «праслухаць» мужчынскі квартэт жывапісца Сяргея Давідовіча, графіка Юрыя Хілько, скульптара Сяргея Аганава, дызайнера Сяргея Саркісава і дуэт маладых мастакоў-выпускнікоў БДУКіМ — Лізаветы Аўчыннікавай і Аляксея Іванова.

Праекты, якія абіралі для сябе творцы, неабавязкова мусілі быць «прывязанымі» да юбілейнай даты ці да аздаблення архітэктурнага помніка — мастакі рэалізоўваліся ў звыклай манеры, распрацоўвалі ўласныя тэмы, карысталіся сваімі творчымі набыткамі.

Віктар Нямцоў спалучыў этнаграфічнае і гістарычнае даследаванне з жывапісам — у выніку атрымаўся мастацкі праект «Млыны Беларусі». Нямцоў працаваў над ім ужо дзесяць год, і толькі цяпер у яго з’явілася магчымасць паказаць усе 15 работ свайго жывапіснага цыкла, які перадае не толькі архітэктурныя асаблівасці, але і эмацыянальна-каларыстычную вобразнасць, характэрную для нацыянальнага пейзажа ўвогуле і для рэгіянальнага ў прыватнасці. Творца павандраваў па вёсках і мястэчках Міншчыны і Гродзеншчыны, замалёўваючы ветракі-слупоўкі, ветракі-казлоўкі, ветракі-«пальтракі», вадзяныя млыны і ветраныя млыны-«турбіны». Па сваёй пластычнай выразнасці і вобразнасці млыны могуць стаяць у адным шэрагу з архітэктурнай дамінантай цэркваў і касцёлаў, якія размяшчаліся ў цэнтры паселішча на самым высокім і бачным месцы. З нечаканага боку раскрыўся наш край — гэта русальная Беларусь, у зялёных водах якой карагоды водзяць прывіды і здані, і таемныя цені ляжаць-варушацца на сцямнелых каменных сценах млыноў. Сонечныя і месячныя промні пранізваюць зімнія ці летнія дні, праходзяць скрозь стагоддзі, сцякаюць па лопасцях ветракоў і адбіваюцца ад млынавых колаў.

Галіна Конанава паказала дзве серыі палотнаў, над якімі працавала апошнія гады: «Белы вальс» і «Сад Эдэма» «разыграны» на энергетычных акордах белага і чырвонага. Падчас шпацыру па экспазіцыі радыё надрывалася песнямі кшталту «Наталі» і «... гэта танга для цябе, Таццяна». Рускамоўныя ці то папса, ці то шансон нечакана ўдала і крыўдна спалучыліся з бела-чырвонымі творамі мастачкі, якія мелі назву «Аргенцінскае танга», «Белы вальс», «Мелодыя белай ночы», «Вальс чырвонай лілеі» і «Вальс белай лілеі», — падобныя прыгожыя паненкі ў пышных сукенках зябка стынуць у мастацкіх салонах, выставіўшы на продаж свае голыя плечыкі ды каленкі.

Таццяна Малышава называе сваю творчасць «інтэлектуальным шклом». Мастачка захапляецца не толькі абстрактнымі пошукамі, выявамі папараць-кветкі, ільдзінак і азёраў Беларусі. У тонкім і далікатным, крохкім матэрыяле яна распрацоўвае тэму вайны і захавання набыткаў гісторыі (дэкаратыўныя кампазіцыі «Мірскі замак учора і сёння», «Бацькоўская спадчына»). Яе бацька пайшоў на фронт, як толькі яму споўнілася васямнаццаць. Бацькавы ўспаміны пра той час мастачка і адлюстравала ў сваіх працах. Таццяна карыстаецца ўласнай аўтарскай тэхнікай: графічны малюнак, алоўкавая выява на хромавай ці нікелевай фользе, пры судакрананні з гарачым шклом захоўваецца і пакрываецца дробнымі пузыркамі. Творца не проста фіксуе з’явы навакольнага свету — яна стараецца прыкмячаць пастаяннае ў выпадковым і выпадковае ў пастаянным. Дэталь у творах Таццяны Малышавай становіцца сімвалам, калі кампазіцыя набывае рысы філасофскага асэнсавання рэальнасці.

Найбольш дынамічнай выглядала зала, аддадзеная скульптару, дызайнеру, жывапісцу і графіку. Сяргей Аганаў шчыруе над тэмай дзяцінства і хлапчуковых забавак — ад радаснага «Го-го!», калі малыш падскоквае на бацькоўскім карку, да самастойных гульняў у «гістарычныя конікі», калі дзіцёнак засынае на драўлянай цаццы, сціснуўшы яе шыю рукамі, і бачыць сябе ў сне самым смелым ваяром на свеце («Сон воіна», «Арганаўты»).

Атачэннем для твораў Аганава сталі лірычныя работы Сяргея Давідовіча, прысвечаныя тэме духоўнага пошуку, фантастычныя здані Юрыя Хілько і дызайнерскія распрацоўкі Сяргея Саркісава. Графік з Мінска перамог у конкурсе на новы дызайн уваходнага білета Нацыянальнага мастацкага музея. Плакаты Сяргея Саркісава «Futurism 100» і «Аляксандр Родчанка» папалі ў шорт-ліст конкурсу «ADI DESIGN AWARD» , які праходзіў у Кітаі ў ліпені 2009 года. На экспазіцыі таксама былі прадстаўлены плакаты з серыі «Беларусь — культура — спадчына». Адзначым, што Саркісаў — аўтар нядаўна зацверджанага лагатыпа Саюза мастакоў.

Графік Юрый Хілько паказаў на выставе сваю новую серыю «Што бачыць вялікая птушка», прысвечаную асобным ландшафтам Беларусі, якія існуюць у Мядзельскім, Стаўбцоўскім і Дзятлаўскім раёнах. Непаўторнасць гэтых мясцін прадстаўлена для гледача з не зусім звыклай кропкі гледжання — з вышыні птушынага палёту. У такой сітуацыі мастацкая форма не супадае з элементарным візуальным успрыманнем краявіду, але ад гэтага не губляецца прывабнасць і прыгажосць. «Калі падымаешся ў паветра на самалёце, вока проста не можа адарвацца ад таго, што бачыш унізе: азёры, рачулкі, пушчы, палеткі... Ад захаплення замірае сэрца, і хочацца стаць птушкай. А можна гадзінамі стаяць на масточку праз невялікую рачулку і назіраць, як плынь павольна калыша вадзяныя расліны, гуляе з каменьчыкамі, і сонечны прамень раптам асвеціць чародку маленькіх рыбак», — кажа мастак.

У рабоце «Іншы горад» Аляксей Іваноў увасобіў сваё бачанне беларускай сталіцы ва ўрбаністычным фармалістычным пейзажы. Спачатку мастак планаваў выставіць некалькі прац, але спыніўся на адным палатне, памерам ва ўсю вялікую сцяну экспазіцыйнай залы — калі Аляксей убачыў памяшканне, то адразу гэту сцяну і «аслупаваў». Творы Лізаветы Аўчыннікавай набываюць цікавае кантраснае гучанне ў параўнанні з работамі Іванова — геаметрыя гарадскога пейзажу падкрэслівае мяккія алейныя фарбы краявідаў вясенніх, паркавых, палявых. Прыгожыя нацюрморты. Але на адной прыгажосці ўласнае мастакоўскае бачанне не выбудуеш — бачна, што маладая мастачка яшчэ знаходзіцца ў пошуках свайго творчага «я».

Алена Каваленка