Татальная прастора творчага вэрхалу

№ 2 (335) 01.02.2011 - 28.02.2011 г

Кунстхаўз «Тахелес»: нашы ў Берліне

«Прасунутыя» тэхналогіі рэкламы не маюць нічога агульнага з легендарным берлінскім кунстхаўзам «Тахелес», і таму банер «Сучаснае мастацтва. Мінск, Беларусь» над яго ўваходам выкананы ад рукі.
Cтаронні чалавек, які ўспрымае кірылічны алфавіт і ведае правільнае значэнне слова «сучаснае» (рускіх эмігрантаў яно відавочна бянтэжыць), мае дадатковую нагоду для здзіўлення.

Парэпаны і размаляваны графіці арт-сквот «Тахелес» — гэта, свайго кшталту, паралельная рэальнасць. Ніколі б не падумаў, што такую «шамбалу» можна знайсці ў самым цэнтры адной з найбуйнейшых еўрапейскіх сталіц. Стварыць яе наўмысна, выключна на патрэбу турбізнесу, было б, бадай, немагчыма. «Тахелес» узнік сам сабою і рос, бы трава ў полі, прадзіраючыся праз меркантыльныя законы сучаснага свету. І працягвае жыць, не звяртаючы на іх ніякай увагі.

«Тахелес» звонку і знутры.

У апошняе дзесяцігоддзе гэтая прастора мае і беларускі сегмент. Плацдарм на ці не самай папулярнай арт-пляцоўцы Берліна быў заваяваны айчынным мастаком Алесем Родзіным. І заваяваны не толькі для сябе. Стараннямі Родзіна, а таксама яго даўняга камбатанта Змітра Юркевіча, свае творы ў Берліне здолелі прадставіць з паўсотні беларускіх мастакоў, музыкантаў, перформераў... Толькі летась фестываль «Дах» адбыўся ў «Тахелесе» ажно двойчы.

Сціплы і інтравертны мастак ніколі не назваў бы сябе «эмісарам беларускай культуры». Ён проста робіць тое, што можа і лічыць патрэбным.

Пэўны час гэтыя «вылазкі» выглядалі крыху адасобленымі ад айчыннага мастацкага кантэксту — як, зрэшты, і сам «Тахелес». Але сітуацыя змяняецца. Сталым партнёрам кунстхаўза стаў... Беларускі саюз мастакоў. Дзякуючы такому супрацоўніцтву фірмовая атмасфера творчага вэрхалу была надзіва ўдала прышчэпленая ў сценах мінскага Палаца мастацтва. На беларускую арт-рэчаіснасць мадэль «Тахелеса» наклалася, бадай, ідэальна.

Усмешка пры слове «грошы»

«Тахелес» — пяціпавярховы будынак пачатку ХХ стагоддзя, які быў закінуты яшчэ ў часы ГДР і ніколі ў сваёй гісторыі не зведаў капітальнага рамонту. У ім ёсць мноства маленькіх памяшканняў і адна вялікая зала (чамусьці яе называюць «Блакітным салонам»). Цягам апошняга дзесяцігоддзя экспазіцыя амаль не змяняецца — а для арт-цэнтраў гэта, пагадзіцеся, нязвыкла. Там жыве і працуе Алесь Родзін.

Штодзённа «Тахелес» наведвае мінімум тысяча турыстаў. Паспрабаваўшы падлічыць, колькі людзей паспелі ўбачыць за гэтае дзесяцігоддзе карціны Родзіна, можна лёгка заблытацца ў астранамічных лічбах. Але... адзначым адразу: гэта зусім не тыя лічбы, якія, шляхам пэўных мудрагелістых пературбацый, паспяхова канвертуюцца ў грашовыя знакі. Такім механізмам не валодае ні сам мастак, ні кіраўніцтва кунстхаўза.

«Тахелес» трывала ўваходзіць у рэйтынг галоўных берлінскіх адметнасцей. Адпаведна, ён аброс цэлай інфраструктурай, якая ўключае не толькі кавярні ды гатэлі, але нават драгдылераў з прастытуткамі. Кіраўніцтва клуба, што адваявала ў кунстхаўза частку яго плошчаў, даўно зразумела, што «альтэрнатыўнасць» — гэта бізнес. На «Тахелесе» зарабляюць і жук і жаба — за выключэннем хіба самога «Тахелеса», які ледзьве падтрымлівае ўласныя порткі.

У офісе кунстхаўза — ніякага намёку на еўрарамонт. Седзячы на сваім рыпучым крэсле, яго стваральнік і дырэктар Марцін Райтэр інтэлігентна пасміхаецца пры слове «грошы».

«Мы неаднаразова чулі прапановы паціху перарабіць “Тахелес” у нешта камерцыйнае — гатэль або клуб з такой самай назвай, — кажа яго намесніца Лінда Чэрна. — Але перакананы, што ён павінен заставацца менавіта цэнтрам мастацтваў. Такім, якім і ёсць».

Працэс пераўтварэння былой сталіцы ГДР у сучасны капіталістычны горад адбываецца надзіва павольна, але... ён няўхільны і незваротны. Яшчэ не так даўно «Тахелес» атачалі зарослая бур’яном пустка ды закінутыя будынкі. Сёння яму «падпірае бок» фешэнебельны гатэль. А сам кунстхаўз балансуе на мяжы закрыцця.

Пакуль у адной з паралельных рэальнасцей цэлымі суткамі гучала вар’яцкая музыка і праходзілі выставы, у іншай адбываліся мудрагелістыя здзелкі з нерухомасцю і зямлёй. Цяпер гэтыя два вымярэнні рызыкуюць перакрыжавацца. Банк, які не так даўно стаў уласнікам будынка кунстхаўза, вырашыў знайсці для яго лепшага інвестара.

«Тахелес» адказаў шэрагам вулічных шэсцяў ды перформансаў і... выпрацаваў канцэпцыю свайго далейшага існавання. Галоўная ідэя — захаваць «фірмовую» атмасферу кунстхаўза, змяніўшы яго статус-кво (ці, дакладней, статус сквота). Вечныя фінансавыя праблемы «Тахелеса» можна вырашыць толькі праз дзяржаўную падтрымку. Яна з’яўляецца свайго кшталту амартызатарам паміж мастаком і няўмольным рынкам, у ліберальнасць якога ў нас многія вераць.

У фармаце «тут і цяпер»

Адзін з аргументаў на карысць існавання «Тахелеса» — са сферы турызму (на шчасце для кунстхаўза, унікальных адметнасцей у Берліне нягуста). А другі — уласна культуралагічны.

Прасцей за ўсё ўспрымаць «Тахелес» напаўсур’ёзна — як амбітны нефармальны праект, які з цягам часу стаў турыстычнай прынадай. У прынцыпе, гэтак і робяць многія куратары, крытыкі і галерысты. Яны ўпарта абыходзяць увагай той факт, што купка «нефармалаў» кінула сапраўдны выклік усёй арт-сістэме заходняга свету.

Атабарыўшыся ў напаўзруйнаваным будынку на Араненбургерштрасэ, завадатары гэтай ініцыятывы наўрад ці спадзяваліся здзейсніць глабальны культуралагічны праект. Але нейкім інтуітыўным чынам ім удалося знайсці свой варыянт вырашэння адной з найактуальнейшых праблемаў сучаснага арт-працэсу — наладжвання камунікацыі паміж мастаком і гледачом.

На Захадзе гэтую функцыю бярэ на сябе разгалінаваная інфраструктура: арт-цэнтры, куратары, галерэі, крытыкі, «табелі аб рангах»... Арт-рынак спараджае цэлыя тоны канвенцый, і нярэдка яго механізмы не спрашчаюць шлях камунікацыі паміж аўтарам і гледачом, але ўтвараюць нешта накшталт пакручастага лабірынта.

У замежных мастацкіх часопісах усё меней пішуць пра мастацтва. І ўсё болей аналізуюць «тэндэнцыі рынку», якія даўно ўжо сталі нагадваць ірацыянальныя крытэрыі высокай моды. «Шараговы аматар» накшталт мяне адчувае сябе «лішнім звяном» у гэтай добра адладжанай машыне прадукавання сэнсаў, якая функцыянуе згодна са сваёй унутранай логікай. Яна мае патрэбу ў кліентах, а не рэцыпіентах.

«Тахелес» пазбаўляе працы цэлыя натоўпы пасрэднікаў і стварае магчымасць самага наўпроставага кантакту — што называецца, твар у твар. Разжыўшыся пляшкай піва, турыст вандруе па майстэрнях кунстхаўза і аглядае творы, імёны аўтараў якіх ён чуе ўпершыню. Ніякай прадузятасці, ніякага піяру, ніякіх куратарскіх эксплікацый з «аўтарытэтнымі меркаваннямі», закліканых праграмаваць тваё індывідуальнае ўспрыманне. Толькі творы як яны ёсць — у фармаце «тут і цяпер». І ў такой сітуацыі — альбо пан, альбо прапаў...

«Тут ты нешта можаш давесці толькі праз сваё мастацтва», — кажа Алесь Родзін.

Здавалася б, у перанасычанай інфармацыйнай прасторы заходніх краін такая «донкіхоцкая» схема апрыёры асуджана на паразу. Але назіраючы колькі гадзінаў за наведвальнікамі выставы Родзіна, са здзіўленнем прыйшоў да высновы, што яна працуе! Прывабныя дзяўчаты з тату і паважныя барадатыя дзядзькі надоўга затрымліваліся каля поліфанічных карцін. Дыялог адбываўся.

Адпаведна, непасрэдная камунікацыя паміж аўтарам і рэцыпіентам не можа быць паўнацэнна заменена «спажываннем актуальных трэндаў». (Актуальных не таму, што яны выклікалі пэўны рэзананс у тваёй свядомасці, а дзякуючы меркаванню «кампетэнтнага журы» з арт-інстытуцыі.)

Задаю Ліндзе пытанне пра стаўленне да «Тахелеса» з боку «сур’ёзных» калегаў. Балазе, у пяці хвілінах хадзьбы адсюль — ажно два вялізныя цэнтры сучаснага мастацтва.

«Многія наракаюць на тое, што для дасягнення добрага выніку ім бракуе грошай, — кажа яна. — Гэта вельмі звыклая пазіцыя. Мы ж, у сваю чаргу, даводзім, што стварыць папулярны арт-цэнтр можна ўвогуле без істотных фінансавых укладанняў, чыста на энтузіязме. І паколькі ў нас гэта атрымліваецца, камусьці тое можа не падабацца».

Сілу энтузіязму засведчылі і два апошнія мінскія «Дахі». Менавіта ён быў ці не адзіным рэсурсам, які дазволіў фестывалям дасягнуць сваіх маштабаў і папулярнасці.

Галава з газетнай паперы

Галоўная фішка «Тахелеса» — эстэтызацыя самога выставачнага асяроддзя. У «арт-сквоце» яно перавышае свае звыклыя паўнамоцтвы — утылітарна-аздабленчага кантэксту да твораў, які не нясе ніякай семантычнай нагрузкі (накшталт белых сцен арт-цэнтраў і музеяў). Графіці, парэпаныя прыступкі, брудная падлога і нават спецыфічныя пахі, уласцівыя толькі старым і даўно не рамантаваным будынкам... Тут экспазіцыйная прастора становіцца татальнай і літаральна паглынае гледача.

Куратары «Даху» — той жа Родзін і Зміцер Юркевіч, які таксама правёў у «Тахелесе» не адзін месяц жыцця, набрыняўшы яго атмасферай і дапоўніўшы яе сваімі маштабнымі перформансамі, — здолелі бліскуча ўвасобіць гэты прынцып у сценах Палаца мастацтва. Яны патрацілі не адзін кілаграм дрэва і не адзін метр тканіны. А сапраўднае «ноу-хау» — публічны мантаж экспазіцыі пад жывыя выступы музыкаў. Мастаком тады мог адчуць сябе кожны ахвотны.

«Вось папера, а дрот ляжыць вунь на тым століку, — коратка патлумачыў мне Алесь Родзін, калі я спытаў, ці не магу яму чым дапамагчы. — З іх трэба рабіць нешта накшталт галоваў».

Зазвычай выставачная прастора ўтвараецца з асобных выспачак-твораў — прычым аўтар кожнага з іх нярэдка лічыць сябе адзіным і непаўторным Рабінзонам Круза. Але на «Даху» прага пераадолення яе дыскрэтнасці дасягнула апагею — на карысць куламесы татальнай «працэсуалізацыі».

Можна з прыемнасцю праводзіць аналогіі з хэпенінгамі 1950-х ды шматлікімі іншымі спробамі зраўнаваць статусы мастака і немастака і, урэшце, зруйнаваць мяжу паміж мастацтвам і жыццём. Але... Варта згадаць, што гэтая прыгожая ідэя на практыцы атрымала досыць сціплае ўвасабленне: не столькі на карысць жыцця, колькі на шкоду мастацтву. Да таго ж, дыялектычныя суадносіны паміж глыбокай інтэнцыяй і спантаннай імправізацыяй у сучасным мастацтве — гэта такая самая складаная праблема, як суадноснасць Боскага наканавання і вольнага выбару чалавека ў хрысціянскай тэалогіі.

Карацей, галава з газетнай паперы ў мяне атрымалася ніякая. На месцы куратара я б проста выкінуў яе ў сметніцу. Але... куратара як такога і не было.

Апошні мінскі «Дах» спалучыў неймаверную колькасць разнастайных артэфактаў. Выставачная зала нагадвала лаўку ўсходняга старызніка, дзе чароўная лямпа Аладзіна можа суседнічаць з пазбаўленым усялякага містычнага сэнсу ржавым рондалем. Неяк сістэматызаваць гэтае «начынне» арганізатары фэсту нават і не спрабавалі, таму адкрыцці і смелыя жэсты губляліся сярод баналу і «вучнёўства». Папраўдзе выкшталцоная для сучасных арт-выказванняў тэма — «Цёмныя таямніцы мозга» — па сутнасці, так і засталася «на ўзроўні заяўкі».

«Куратар — гэта не проста арганізатар, але сатворца, які не “цісне” на аўтара, а спрыяе яго максімальнай рэалізацыі», — перакананы адзін з самых уплывовых «прадстаўнікоў цэху» Усходняй Еўропы, дырэктар Цэнтра сучаснага мастацтва ў Вільні Кестуціс Куйзінас.

І відавочна, што гэты падыход прымяняльны і ў варунках «Тахелеса» альбо «Даху».

«“Тахелес” — гэта прыгожыя сцены, якія прыцягваюць перш за ўсё турыстаў, але не мяне. Бо ў гэтых сценах рэдка калі робіцца нешта цікавае», — так лічыць адзін мой прыяцель, італьянскі кампазітар, які надоўга асеў у Берліне.

Сегментаў, дзе творы важнейшыя за сам антураж, у «Тахелесе» сапраўды не так і багата — і перадусім гэта менавіта пяты паверх, які непадзельна належыць Родзіну. Што тычыцца астатніх закуткоў... Там карціны выступаюць хіба што дэталямі агульнай атмасферы «творчага вэрхалу». А куратар завітвае туды нават радзей за прыбіральшчыка.

Асобная тэма — камерцыялізацыя ў самым банальным яе вымярэнні. «Тахелес» унік спакусаў «вялікага» арт-рынку, але загразнуў у дробным, «блышыным». Там можна набыць маечкі, паштовачкі, пярсцёначкі ды ўсялякі іншы турыстычны «шырспажыў». Да гэтай катэгорыі варта аднесці і тыя карціны, якія пішуць зранку з намерам прадаць іх увечары за пару соцень еўра.

На жаль, для многіх наведвальнікаў «Тахелес» — гэта сапраўды ў першую чаргу сцены. Насыціць увесь іх аб’ём цікавымі праектамі кіраўніцтва кунстхаўза так і не здолела. Але... у перспектыве мае такія намеры: у тым выпадку, калі, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, давядзецца траціць час і сілы не на барацьбу за выжыванне, а менавіта на арганізацыю арыгінальных мастацкіх праектаў.

Alex from Belarus

Сёння персаналу і жыхарам «Тахелеса» не да гэтага: у будынку адключылі ваду. Але на побыце аднаго з мастадонтаў «Тахелеса» нязручнасці ніяк не адбіліся: Алесю Родзіну да спартанскіх умоваў не прывыкаць.

Удзень у «Тахелесе» адносна зацішна. Гэта значыць, што ў зале адначасова знаходзіцца не болей за дваццаць наведвальнікаў. Сапраўднае жыццё пачынае віраваць бліжэй да ночы, калі «традыцыйныя» выставачныя залы ўжо даўно зачыненыя.

За вечар перад мастаком праплываюць сотні розных твараў. Наведвальнікі ветлыя, яны задаюць пытанні. Найчасцейшае: «З якой вы краіны?» Часам адказваць на яго даводзілася і мне.

«З Беларусі», — тлумачу абаяльнай турыстцы Еве, якая нарадзілася ў Бразіліі, але правяла большую частку жыцця ў Грэцыі.

«Мабыць, вы жартуеце? — правакуе яна мае патрыятычныя пачуцці. — Я ніколі не чула пра яе».

Цяпер гэтая краіна будзе асацыявацца ў Евы выключна з «краявідамі падсвядомасці» Родзіна. Мастак далёкі ад якіх-кольвечы глабальных кантэкстаў і дыскурсаў, і абмяркоўваць з ім геапалітычныя актуаліі нашай часткі галактыкі не мае асаблівага сэнсу. Але ж ягоны метафізічны касмапалітызм — гэта толькі адзін бок медаля. Другі — нармальны чалавечы патрыятызм. У «Тахелесе» ён не проста Alexander Rodzin, але Rodzin from Belarus. І гэта ўсяляк падкрэслівае.

Рух па шарай падлозе «Блакітнага салона» прыпыняецца толькі глыбока ўначы. Алесь не адчувае сябе эмацыйна «высмактаным» і знясіленым бясконцымі камунікацыямі (ад якіх у мяне, па шчырасці, ужо «едзе дах»). Ён зачыняе дзверы (але і а трэцяй ночы пагрукае нейкі позні наведвальнік)... і, нарэшце, бярэцца за пэндзаль. На сценах выставачнай залы, спаміж яго старых твораў, што ўжо можна назваць класічнымі, — адразу некалькі незавершаных карцін.

Мастак працуе пераважна альбо вельмі рана, альбо вельмі позна, выкарыстоўваючы для сну толькі маленькі прамежак часу. Але нешта ўдаецца рабіць і пасярод заўсёднага гармідару. Родзіна мала бянтэжаць вонкавыя акалічнасці. Ён не звяртае на іх увагі, занурваючыся ў глыбіню ўласнай прасторы.

Шукаць метамову для апісання твораў Алеся Родзіна — занятак бадай што марны. Ды і ў самой неабходнасці іх вербальнай інтэрпрэтацыі ёсць усе падставы ўсумніцца. Шматвымерныя ландшафты, сатканыя з вычварнага палімпсесту вобразаў, выдзертых з каранямі культурных знакаў, з маніякальнай датклівасцю прапрацаваных дэталяў, могуць спасцігацца хіба што інтуітыўна — праз сузіранне. Творчая практыка Родзіна інтравертная і самадастатковая. Мала таго, што яна не дэтэрмінаваная ідэйнай кан’юнктурай і мітуснёй прафанных дыскурсаў, — яна імі сілкуецца, ператраўлівае іх, выкарыстоўвае ў якасці матэрыялу для тонкай метафізічнай гульні. Менавіта гэтым амплуа мастак надзяляе знаёмыя для ўсіх нас банальныя вобразы, якія раз-пораз сустракаюцца на ягоных карцінах.

Гэта род амбівалентнай мадэрнісцкай гульні, з усёй уласцівай ёй сур’ёзнасцю, адсутнасць якой пазбаўляе постмадэрнісцкія артэфакты «ўнутранага аб’ёму». Гульня дэманструе завершанасць вобразнай мовы, не засмечанай ніякімі «ідэйнымі пасыламі». Для Алеся Родзіна зусім непатрэбнае паразітаванне на тых актуальных тэматыках. Крыніца яго твораў — ён сам, а не тэлевізійныя навіны. Але... парадаксальным чынам яго інтравертныя карціны становяцца не сцяной паміж мастаком і гледачом, а прасторай для дыялога... Прычым ад сузіральніка патрабуецца актыўны ўдзел у ім.

Родзін здатны запэўніць знявераных у тым, што аўтар пакуль не памёр. Глыбокія аўтарскія практыкі яшчэ магчымыя — нават у тых базавых варунках, якія вызначае сучасная візуальная культура. Наадварот, яе навязлівыя вобразы, патрапіўшы на добры грунт, могуць даваць добрыя плады, становячыся своеасаблівым «будаўнічым матэрыялам».

Родзін заўсёды ўражваў сваім нонканфармізмам, выяўляючы самае важнае вымярэнне гэтай з’явы — унутранае.

Ілля СВІРЫН