Праект «Беларусь -- Літва» быў задуманы невыпадкова. Менавіта дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з’яўляецца выразным увасабленнем эстэтычнага
Л.Гутаўскене. Макі. Змешаная тэхніка. |
мыслення чалавека -- прадстаўніка пэўнай культуры. Мы акаляем сябе рэчамі ўжытковага характару, карыстаемся імі, жывем сярод іх. Вандруючы па розных гарадах, заўсёды імкнемся прывезці сувенір -- часцінку і сведчанне своеасаблівасці народа.
Сёння творы ўжытковага мастацтва выходзяць за рамкі першапачатковага прызначэння -- ужытковага ці чыста дэкаратыўнага, яны набываюць адзнакі самастойнага віду мастацтва, што ствараецца на аснове і традыцый, і сучасных тэндэнцый, але захоўвае нешта адметнае, прыналежнае сваёй культуры. Назва выставы «Беларусь – Літва» -- напамін пра тое, што народы дзвюх краін блізкія адзін аднаму тэрытарыяльна, генеалагічна і духоўна.
Гэты праект, разлічаны на працяглы час, прадугледжвае правядзенне серыі персанальных і групавых выстаў як у сценах галерэі, так і на тэрыторыях музейных комплексаў. Тэматычныя экспазіцыі пад адкрытым небам з мэтай стварэння культурна-эстэтычнага асяроддзя былі прапанаваны літоўскімі ўдзельнікамі, і гэты досвед быў цалкам новы для нас.
Першая выстава, якая адкрылася 17 жніўня ў залах галерэі, задумвалася як выстава-сустрэча. На яе былі запрошаны сябры секцыі мастацкага тэкстылю Беларускага і Літоўскага саюзаў мастакоў. Прыбалтыйскае мастацтва тэкстылю і раней выклікала асаблівую цікавасць у нашых творцаў, якія стараліся не прапусціць ніводнай выставы суседзяў, ды і цяпер прызнаюцца, што лідэрства ў галіне эксперымента звычайна застаецца за прыбалтамі. Тое, што робіцца сёння гільдыяй літоўскіх мастачак-тэкстыльшчыц, можна разглядаць як пошук самастойнага шляху гэтага віду мастацтва, якое вызваляецца ад паняцця «ўжытковае». Іх работы выйшлі за сцены галерэй, мастакі ствараюць тэматычныя праекты ў прыродным асяроддзі, запрашаючы скульптараў, дызайнераў, творцаў сумежных відаў мастацтва. Некалі выдатная выстава гільдыі літоўскіх тэкстыльшчыкаў пад назвай «Чорнае святло», што праходзіла ў каўнаскім Старым замку, зацікавіла мяне магчымасцямі тэкстылю як мастацтва, якое выкарыстоўвае сучасныя тэхналагічныя матэрыялы -- такія, як гарачы клей, фотаэмульсія, пап’е-машэ, эфекты святла пры падачы тэкстыльных аб’ектаў (больш падрабязна з гэтай экспазіцыяй можна пазнаёміцца на сайце www.tdg.lt). Яна і з’явілася пэўным штуршком да ідэі стварыць умовы для знаёмства беларускіх і літоўскіх мастакоў у Беларусі, дакладней, у Полацку. К адкрыццю міжнароднай выставы «Беларусь – Літва» гэтая экспазіцыя павінна была прыехаць у Полацк, але затрымалася ў Чэхіі. Экспанаванне выставы ў Полацкай галерэі перанеслі на май. Таму літоўцы пры першай сустрэчы прапанавалі паказаць калекцыю прац у тэхніцы роспісу па шоўку, а таксама правесці майстар-клас. Традыцыйнае мастацтва роспісу па шоўку прываблівала сваёй непаўторнай інтанацыяй і арыгінальнасцю падачы. На адкрыццё выставы прыехалі вядомыя мастачкі Ліна Гутаўскене і Ліна Йоніке. Дырэктар гільдыі мастакоў-тэкстыльшчыкаў Літвы Іаланта Шмідцыене правяла майстар-клас з мэтай паказаць асновы і тэхнічныя магчымасці гэтага віду мастацтва, пазнаёміць з глыбокімі традыцыямі, з магчымасцямі пранікнення ў сучаснасць. Пад уздзеянне гэтага мастацтва трапілі і шараговыя гледачы, і беларускія мастачкі С.Каткова, М.Голубева, Т.Козік, якія пакінулі створаныя імі работы галерэі.
Л.Густава. Азёрны край. Гладкае ткацтва. |
Нашы мастачкі, члены секцыі мастацкага тэкстылю на чале са старшынёй Ларысай Густавай, апошнія гады праводзілі свае справаздачныя выставы менавіта ў Полацку, збіраючыся ў поўным складзе на адкрыцці і абмяркоўваючы перспектыўныя планы. Яны ахвотна адгукнуліся на ідэю сумеснага паказу. Праўда, беларуская частка экспазіцыі абмежавалася габеленамі, выкананымі цягам апошняга дзесяцігоддзя. Манументальныя інтэр’ерныя работы А.Лукіной («Дыялог», «Сум»), Н.Пілюзінай («Прарыў») вярталі ў тэматычную вобразнасць пачатку 90-х. Для большасці работ характэрныя прыёмы станковай карціны, праз якія вырашаюцца графічныя ці жывапісныя задачы, фармальныя кампазіцыйныя рашэнні, што ствараюць атмасферу лірычнасці, перадаюць духоўнае жыццё аўтара. У цэлым экспазіцыя засведчыла сталае імкненне да традыцый ручнога ткацтва. Але ж з традыцый часта і нараджаецца пачуццё сучаснасці. Выклікала шкадаванне адсутнасць тэкстыльшчыц маладога пакалення. Выстава атрымалася рэтраспектыўнай, але не па часе стварэння работ, а па прыёмах у творчым падыходзе.
Полацкае знаёмства беларускіх і літоўскіх мастакоў будзе мець працяг у штогадовых сустрэчах у рамках гэтага праекта. У знак сяброўства Полацкай мастацкай галерэі былі падараваны аўтарская праца І.Шмідцыене «Літоўскі мак» і габелен Л.Густавай «Вясновы матыў». І мне падаецца, што менавіта такія мастацкія міжнародныя праекты, як і пастаяннае папаўненне нашых калекцый беларускага і замежнага мастацтва, будуць ствараць уяўленне пра культурную і мастацкую прастору краіны.
Ларыса ЛЫСЕНКА